Сейчас загружается

Хто дбае, той і мае

Якая справа – такая і слава", "Хто працуе, таму і шанцуе"... Колькі выслоўяў аб працы існуе ў  вуснай народнай творчасці, падлічыць цяжка. Літаральна з  дзяцінства да яе нас прывучаюць бацькі і ледзь не штодня пераконваюць: праца славіць чалавека, робіць яго фізічна здаровым, душэўна прыгожым, матэрыяльна багатым. І дэманструюць гэта, дарэчы, прыкладамі з жыцця (як уласнымі, так і блізкіх ці знаёмых людзей). Мала хто ў наш час жыве толькі на адну зарплату. Хтосьці кабанчыка выгадуе ды здасць, хто бульбу ці іншую гародніну, у некаторых жа камерцыйная жылка прымае больш вялікія маштабы. Падзарабляе хто як можа, бо добра жыць не забараняецца. Аднак кожны мацуе свой дабрабыт па-рознаму. Памятаеце казку пра Ямелю, які, амаль не злазячы з печы, разбагацеў у адзін момант, ажаніўшыся на прыгажуні-царэўне. Бясспрэчна, і ў рэальным жыцці бываюць выпадкі, калі грошы звальваюцца як снег на галаву. Толькі такое лёгкае багацце, акрамя ўласнага матэрыяльнага шчасця, яго ўладару нічога іншага не прыносіць, бо сапраўдным аўтарытэтам і павагай спакон веку карысталіся толькі тыя людзі, якія заслужылі іх менавіта сумленнай і шчырай працай. Такія, як Таццяна Васільеўна і Леанід Міхайлавіч Масько з вёскі Рассветная (здымак 1), Дзмітрый Канстанцінавіч і Людміла Генадзьеўна Лабажэвічы з Жыліч, заняўшыя трэцяе месца па выніках абласнога конкурсу па выкананні задання па закупках з уласных пад­вор’яў грамадзян сельгаспрадукцыі ў 2009 годзе.

– Кожны дзень мы падымаемся ў чатыры гадзіны раніцы: па-другому нельга – гаспадарка вя­лікая. Васьмёра свіней трымаем, у дадатак – дамашнюю птушку,  – дзеліцца Т.В.Масько. – Нядаўна здалі карову, бо ўжо сіл не стае – узрост выяўляецца. Амаль 39 год працавала даяркай. І тады цяжкасцей хапала – даілі ўручную, а прыйдзеш дадому, ізноў працуеш, не шкадуючы сябе. Хацелася капейку якую «лішнюю» зарабіць, бо трое дзяцей падрастала ў сям’і – вось і стараліся з мужам. А цяпер мы чацвёра ўнукаў маем. Сёння ім хочацца дапамагчы. Таму і трымаем жыўнасць. Безумоўна, гэта цяжкая работа, затое не скрабе на душы, што чагосьці не дадалі дзецям. Чым можам, тым і дапамагаем.

Калі мы разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Святланай Ула­дзіміраўнай Чакун і старшынёй сельскага Савета Іванам Аляксеевічам Скаварадой завіталі да іх у дом, каб уручыць прэмію, гаспадар настолькі расчуліўся, што дзяліцца сакрэтамі іх па-сапраўднаму чалавечага шчасця давялося жонцы, кожнае слова якой –  сведка жыццёвай па­зіцыі: праца дзеля дабрабыту. У народзе кажуць: “Хто рана ўстае, таму Бог падае”. Вось і не спіцца Леаніду Міхайлавічу і Таццяне Васільеўне. І зайздросціць тут няма чаго, лепей проста браць прыклад з працавітых і руплівых гаспадароў. Якіх, на шчасце, можна сустрэць і ў асяроддзі маладых. Дзякуй Богу, не перавяліся і сярод іх людзі мэтанакіраваныя і, кажучы простай народнай мовай, ахвочыя да работы.

Дзмітрый Канстанцінавіч Лабажэвіч нарадзіўся і вырас у гора­дзе, але, як прызнаўся пад час гутаркі, ніводных выхадных і канікулаў не правёў дома, ехаў да бабулі ў вёску. З цяжкай сялянскай працай быў знаёмы амаль з маленства, але не цураўся яе і не марыў хутчэй падрасці і вырвацца ў сталіцу. Наадварот, ужо тады рашыў: асядзе тут і зоймецца развядзеннем дамашняй жывёлы. І не памыліўся. Сёння ва ўласнай гаспадарцы Лабажэвічаў (здымак 2) колькі думаеце кароў? Трынаццаць! Плюс свінні, незлічоная колькасць курэй, гусей і іншага птаства. Больш таго, разам з жонкай і двума сынамі яны дояць кароў рукамі. Самастойна нарыхтоўваюць і кармы. І гэта пры тым, што сам гаспадар працуе яшчэ на ферме даглядчыкам, Людміла Генадзьеўна –  малаказборшчыцай. Цяжка? Бясспрэчна. Затое сям’я ні ў чым сабе не адмаўляе, з гонарам зазначае ў размове Дзмітрый Канстанцінавіч. Не будзем раскрываць сямейныя тайны і называць канкрэтную суму даходаў Лабажэвічаў у месяц – чужыя грошы лічыць непрыстойна, але яшчэ раз хочацца падкрэсліць: гэтыя маладыя людзі не шукаюць лёгкіх шляхоў у жыцці, а мацуюць свой дабрабыт працай.

Праз газетную старонку, шкада, нельга перадаць выраз твару і бляск вачэй гэтага простага душэўнага чалавека пры ўпамінанні аднаго толькі слова «праца». Ён жыве і гарыць ёю. І няхай сёння працавітасць сілком выціскаюць ліслівасць, махлярства і ашуканства, верыцца, што ў такіх сем’ях, дзе бацькі не ўяўляюць сябе без яе і множаць сямейны бюджэт, менавіта дзякуючы ёй, дзеці таксама вырастуць працавітымі, чэснымі і мэтанакіраванымі.

Леанід Міхайлавіч Масько рэа­лізаваў дзяржаве 804 кг мяса жывой вагой, Дзмітрый Канстанцінавіч Лабажэвіч здаў 60300 кг малака.

Святлана Орпель. Фота аўтара.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили