Гарбарства – апрацоўка скур жывёлы, з’яўляецца адным з найбольш старажытных рамёстваў, асвоеных чалавекам. Ужо ў каменным веку першабытныя людзі выкарыстоўвалі прымітыўна апрацаваныя скуры для вырабу адзення і абутку. З часам гэта рамяство ўсё больш удасканальвалася. Цалкам натуральным выглядае яго развіццё ў старажытнай Беларусі, якая ў ХІ-ХІІ ст. была адным з галоўных экспарцёраў футра ў Заходнюю Еўропу. Добра ведалі гарбарства і ў тагачасным Клецку. Аб выдзелцы скур і вырабе з іх рэчаў сведчаць знаходкі гладзільніка – яйкападобнага абточанага камяня, прызначанага для выглажвання ўнутранай і паліроўкі знешняй паверхні скуры; касцяных праколак і жалезнага шыла.
У пазнейшыя часы гарбарнае рамяство атрымала ў Клецку шырокае распаўсюджванне, а колькасць майстроў хутка расла. Так, у інвентары 1575 г. не згадваецца ні аднаго гарбара, у інвентары 1626 г. – 7, а ў інвентары 1641 г. – ужо 32 майстры. Акрамя таго, тут жа ўпамінаюцца 2 дубатоўкі і 3 саф’яннікі (гарбары, якія спецыялізаваліся на пэўных гатунках скуры). Такім чынам, амаль 15% усіх рамеснікаў тагачаснага горада былі звязаны з гарбарствам. А калі ўлічыць, што яны разам з шаўцамі, краўцамі, кушнерамі складалі больш за палову майстроў нашага горада, то стане зразумелым, якую важную ролю адыгрывала вытворчасць скур і скураных вырабаў у тагачасным жыцці. Пра гэта сведчыць і прывілей Яна Альбрыхта Радзівіла 1618 г., якім князь вызваляў месцічаў ад падатку з продажу і куплі ўсялякіх скур, якія вырабляліся ў горадзе і прывозіліся збоку. З дакументаў вынікае, што сакрэты прафесійнага майстэрства перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Так, гарбарствам займаліся сем’і Матыкоў, Сухановічаў, Прышыбейкаў. Некалькі пазней сярод гарбароў сустракаецца прозвішча Чарапавіцкіх.
У 1-й пал. XVII ст. у Клецку існаваў асобны шавецкі і гарбарскі цэх. У пазнейшых дакументах гэты цэх называецца ўжо выключна шавецкім, а колькасць гарбароў імкліва скарачаецца. Відавочна, многія з іх сталі сумяшчаць некалькі прафесій, будучы адначасова і краўцамі, і шаўцамі, і шорнікамі. Аднак асартымент скур, якія прадаваліся на гарадскім рынку, мог задаволіць самага пераборлівага пакупніка. У дакументах адзначаюцца скуры валовыя, барановыя, юхтавыя, казліныя, цялячыя, ялавічныя, пад’ялавыя, суровыя і выдзеланыя, і “дробныя іншыя”.
У 1757 і 1760 г.г. інвентары адзначаюць у горадзе татарына-гарбара, які “збудаваўся нядаўна”. З цягам часу гэты від рамяства на Клеччыне стаў спецыфічна татарскім. У першай палове ХХ ст. у горадзе жыло больш за 40 татарскіх сем’яў, амаль палова з якіх мелі ўласныя гарбарні. У гэтай справе існавала своеасаблівае “супрацоўніцтва” паміж татарамі і яўрэямі. Апошнія бралі на сябе функцыі пасрэднікаў: скуплялі скуры і перадавалі іх на апрацоўку, а потым збывалі гатовую прадукцыю. Частку скур розных гатункаў прадавалі вялікімі партыямі за межы Клеччыны. Астатняе рэалізоўвалася на месцы. Сталы попыт на гарбарную прадукцыю дэманстравалі яўрэі-шаўцы. З гатовых скур яны выраблялі якасны і прыгожы абутак, які потым прадавалі ў сваіх крамах. Частку скур куплялі яўрэі-шорнікі, якія выраблялі хамуты, лейцы, паскі, падсядзёлкі. Такія скуры апрацоўваць было асабліва цяжка. Недзе ў 1935-1936 г. у горадзе з’явіўся польскі інструктар, які пачаў вучыць татар шыць кажухі. Мужчыны асвойвалі новыя тэхналогіі апрацоўкі аўчын і пашыву вопраткі. Жанчыны ўпрыгожвалі адзенне вышыўкай, рабілі гузікі і петлі са скураных паскаў. Такія кажухі яшчэ і сёння можна бачыць у некаторых сем’ях, асабліва на вёсках.
Хаця на Беларусі яшчэ ў ХІХ ст. існавалі гарбарныя майстэрні фабрычна-заводскога тыпу, найбольш пераважалі невялікія саматужныя гарбарні, у якіх працавалі ад 3-5 да 10 чалавек: сам гаспадар з членамі сям’і або некалькімі наёмнымі рабочымі. Па звестках 1887 г. у Мінскай губерніі, куды ўваходзіў сучасны Клецкі раён, налічвалася 128 гарбарняў, якія канцэнтраваліся пераважна ў мястэчках і невялікіх гарадах. Вось як апісвае гарбарню 30-х г.г. мінулага стагоддзя ўраджэнец Клецка, прафесар хіміі Хасень Александровіч: “…Гэта была прыбудова да дома, плошчаю 30-40 м2 з бетоннай падлогай і вялікай печкай для абагрэву ў зімовых умовах. Ніякай каналізацыі і вентыляцыі ў ёй не было. Апрацоўка скур вялася ў вадкім водным асяродку, бесперапынна, круглы год, пры тэмпературы не ніжэй за 100 С. Для выканання галоўнай стадыі апрацоўкі скур – ачысткі ад валос і абястлушчвання, а таксама для далейшага іх дублення праводзілася папярэдняя іх апрацоўка хімічнымі прэпаратамі, а потым – ручная, механічная апрацоўка. Для гэтай мэты ў гарбарні былі 3-4 круглыя драўляныя чаны аб’ёмам 3-4м3 кожны, адзін або два з іх знаходзіліся на другім ярусе, дзе апрацоўку скуры можна было весці толькі ў паўсагнутым стане. Чаны запаўняліся вадой уручную са звычайнай студні з калаўротам, потым загружаліся скуры, дабаўлялася гашаная або не гашаная вапна, сода, шчолач, кіслата. Праз некалькі сутак скуры выцягваліся ўручную на цэментную падлогу і металічным скрабком ачышчаліся ад валосся, а потым уручную на спецыяльным прыстасаванні (кабылцы) выдалялі тлушч, які заставаўся на скуры. Гэтыя найскладанейшыя аперацыі праводзіліся ў атмасферы шкодных хіміка-біялагічных выпарэнняў без вентыляцыі і газаахоўнікаў. Далейшае дубленне ажыццяўлялася з выкарыстаннем дравеснай кары, папярэдне высушанай і ўручную здрабнёнай да парашкападобнага стану. Аўчыны пасля дублення ачышчаліся спецыяльнымі скрабкамі…
Усё гэта прыводзіла да таго, што татары, якія займаліся гарбарствам, хутка старыліся, мелі вельмі бледны і нездаровы выгляд і рана паміралі. Вытворчая атмасфера ў іх гарбарнях была прыкладна такой, якой яна была ў цэху хлорнай вапны Уральскага хімічнага камбіната, дзе нам паведамілі, што ў гэтым цэху могуць працаваць толькі татары, людзі іншых нацыянальнасцей больш за 2-3 тыдні не вытрымліваюць”.
У гарбарні і на падворку, куды сцякалі хімікаты, заўсёды стаяў спецыфічны пах. Нават знаходзіцца тут чалавеку нязвыкламу было цяжка. Адзін з майстроў прыгадвае такі выпадак: “…Прыехаў неяк да нас з Навагрудка польскі падатковы інспектар падлічыць, колькі скур мы вырабляем, каб разлічыць падатак. Зайшоў на двор, а мы якраз скуры з чанаў выцягвалі. Яму такі пах даў у нос, што ён схапіўся за клямку і кажа: “Я потым прыйду”. Прыйшоў пазней і гаворыць: “Нават не палезу лічыць вашы скуры. Колькі скажаце, столькі і запішу”. Цяпер смешна гэта ўспамінаць, а тады не да смеху было”.
Татарскія сем’і былі досыць вялікімі, таму гарбары амаль не выкарыстоўвалі наёмную працу, абыходзячыся ўласнымі сіламі. Толькі некаторыя майстры наймалі вясковых юнакоў у якасці памочнікаў. Яны жылі і харчаваліся разам з сям’ёй гаспадара, аднак платы не атрымлівалі. Лічылася, што дапамагаючы майстру, яны асвойваюць усе тонкасці гарбарнага штукарства і праз нейкі час могуць вярнуцца дадому ўжо спецыялістамі па апрацоўцы скур. Такое вытворчае навучанне магло працягвацца некалькі гадоў.
З усталяваннем у 1939 г. савецкай улады гарбарны промысел пачаў занепадаць. Яўрэі – галоўныя пастаўшчыкі сыравіны, былі пазбаўлены права скупляць скуры. Іх належала здымаць на бойні і здаваць дзяржаве. У перыяд акупацыі была спроба арганізаваць гарбарную арцель, якой кіравалі майстры Абрамовіч і Ясінскі, але яна скончылася безвынікова. Пасля вайны, з-за перамен у гаспадарчым і грамадска-палітычным жыцці Заходняй Беларусі, гарбарства на Клеччыне, як асобны від рамяства, амаль знікла.
Матэрыялы прадаставіў Андрэй Блінец,
краязнаўца, пазаштатны аўтар газеты.
Отправить комментарий