Сейчас загружается

Ключы ад выбараў у Беларусі знаходзяцца ў кішэні беларускага народа

Ключы ад выбараў у Беларусі знаходзяцца ў кішэні беларускага народа. Аб гэтым 25 верасня ў Лідзе, адказваючы на пытанні журналістаў, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У прыватнасці, увага кіраўніка дзяржавы была звернута на тое, што многія кандыдаты ў прэзідэнты ў цяперашнюю кампанію, у тым ліку і тыя, каго прывыклі называць «заходнікамі», сёння ўзмоцнена разы­грываюць расійскую карту, выступаюць у расійскіх СМІ, разважаюць аб тым, як канструктыўна яны будуць выбудоўваць адносі­ны з Расіяй, будучы ўпэўненымі, што ключы ад беларускіх выбараў знахо­дзяцца ў Маскве.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Ключы ад выбараў у Беларусі знаходзяцца сёння ў вас (беларускага народа) у кішэні. Нават не ў мяне, яны ў вас. Мая справа як Прэзідэнта, нягледзячы на тое, што я ўдзельнічаю ў гэтых выбарах, забяспечыць абсалютную празрыстасць і сумленнасць на выбарах. Вы разумееце, чаму я больш за ўсё ў гэтым зацікаўлены. І справа не ў тым, прызнаюць – не прызнаюць, легітымны – нелегітымны. Мне ж трэба, каб вы сапраўды, рэальна падтрымлівалі прэзідэнта, а не з пункту гле­джання фальсіфікацыі. Ну, і навошта, каб пяць гадоў потым папракалі, што мы фальсіфікавалі гэтыя выбары. Самы зацікаўлены чалавек, каб гэтыя выбары прайшлі адкрыта і сумленна, – гэта я. Вы гэта павінны ведаць. А ключы сёння не ў Крамлі, а ў Мінску, Гродне, Лідзе, маленькіх вёсачках, сёлах, у кішэнях нашых ветэранаў, пенсіянераў, студэнтаў, моладзі, ваенных людзей. Вось там гэтыя ключы».

На думку Прэзідэнта, «ніякага ўплыву Крэмль на гэтыя выбары не акажа». «Але, калі і акажа, як было да гэтага часу, то толькі ў плане станоўчага, з пункту гледжання цяперашняй улады. Вы ведаеце, што ўвесь гэты бруд аказаўся на руку не ім, а нам. Дай Бог, каб яны і далей вялі гэту кампанію», - сказаў беларускі лідар. Заўвагу журналіста аб рэзка змененых палітычных схільнасцях многіх кандыдатаў, Аляксандр Лукашэнка назваў правільнай. «Дзеючыя асобы адны і тыя ж. Учора яны ігралі на заходняй скрыпцы, сёння іграюць на балалайцы ў Маскве. І гэтым яны сабе поўнасцю знішчаць», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Ну, няўжо вы не разумееце, што гэта людзі, якія наогул не маюць не тое што стрыжня, яны мазгоў не маюць. У мяне складваецца ўражанне: ці хацелі яны наогул прыйсці да ўлады ў Беларусі? Напэўна, не», - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Ён таксама дадаў: «Гэта іх бізнес. Я ж вам казаў: плацілі на Захадзе, бралі грошы там, яны едуць не толькі на «агледзіны» туды, яны едуць туды для таго, каб атрымаць добрыя грошы. Ёсць людзі, якія ім гэтыя грошы плацяць. Мы ведаем, хто плаціць». «На здароўе. Гэта таксама інвестыцыі ў наша грамадства. Выбары скончацца, грошы ў іх за­стануцца, можа нехта што-небудзь купіць на нашым рынку, заплаціць грошы», - адзначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што «нам трэба супакоіцца і менш гля­дзець па баках». «Яшчэ раз кажу, нікому мы ключы ад выбараў не аддадзім. Яны будуць у беларускага народа», - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.

Журналісты таксама спыталі Прэзідэнта наколькі, на яго думку, сур’ёзным будзе ўмяшанне збоку ў маючыя адбыцца ў Беларусі прэзідэнцкія выбары, і наколькі такое ўмяшанне здольна дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне.

«Ніякага знешняга ўмяшання ў сітуацыю ў краіне не будзе, з Расіі гэта, як сёння нас палохаюць, ці з Захаду, Амерыкі і гэтак далей, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Яны што, не ведаюць сітуацыі, якая сёння склалася ў Беларусі? Ну, калі нават яны паспрабавалі б нас укалоць 1-2 разы, мы гэта не вы­ключаем. Але мы гэта перажывём, і мы да гэтага рыхтуемся».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што «выбары мы як пачалі, так і правядзём транспарэнтна, абсалютна адкрыта». «Ідзіце, глядзіце, ідзіце прама да стала, лічыце бюлетэні», - сказаў ён. «Я зраблю ўсё для таго, каб выбары прайшлі спакойна і каб лёс нашай краіны сёння і заўтра вырашалі вы (беларускі народ). Гэта той дзень, калі толькі вы вырашаеце, што будзе і як бу­дзе, і ніхто не мае права забраць гэта права», – запэўніў беларускі лідар. Ён яшчэ раз падкрэсліў, што «ніякага ўмяшання збоку мы не дапусцім, ды яго і не будзе».

Журналісты спыталі Кіраўніка дзяржавы, ці не ўзнікне ў Беларусі дэфіцыту прадуктаў харчавання ў выніку іх вывазу ў суседнія краіны, дзе ў гэтым годзе з-за засухі быў неўраджай. Прэзідэнт запэўніў, што дэфіцыту прадуктаў харчавання ў рэспубліцы не будзе. «Калі вакол пачынае штарміць, то гэта не значыць, што ў нас будзе цішыня і спакой. Вядома, зачэпіць і нас. Але я вас запэўніваю, што без кавалка хлеба, без круп, мяса і малака наша Беларусь ніколі не за­станецца», - падкрэсліў ён. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі «існуюць нармальныя запасы, у нас ёсць, адкуль гэта ўзяць». Ён растлумачыў, што ў краіне не выразана пагалоўе жывёлы, ёсць значная прыбаўка мясных парод, а значыць, Беларусь будзе з малаком і мясам. «Гэты запас сёння знаходзіцца на фермах, і яго ніхто нікуды не вывезе», - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Калі ўжо на тое пайшло, калі будзе цяжка, то мы знойдзем схемы, як па прымальнай цане сваю прадукцыю давесці да спажыўцоў Беларусі». «Так, мы краіна з адкрытай эканомікай. І тое, што нам трэба яшчэ забяспечыць плацежны баланс, каб у нас было дастаткова валюты, гэта таксама факт. Таму мы сёння не губляемся. Наколькі гэта магчыма ў розныя канцы свету прадаём усё, што сёння падлягае рэалізацыі на экспарт, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Купляюць сёння ўсё, пачынаючы ад саломы і сена. Хто б мог падумаць, што з Беларусі будуць кудысьці ў Расію або ў іншыя месцы вазіць салому. Сёння ў нас просяць: вы нам, калі ласка, у рулоны скруціце, мы забяром па нармальнай цане. Сёння просяць: дайце бульбу, агародніну, моркву, буракі, дайце круп, муку, дайце жывёлу чым-небудзь падтрымаць. Усім, чым мы можам, мы падтрымліваем, і нашых суседзяў, перш за ўсё, і тых, хто плаціць нармальныя грошы. Таму нам не замыкацца трэба ў гэты момант, а трэба, калі ёсць добрая цана, больш прадаць».

«Таму хвалявацца наконт таго, што мы будзем галадаць, ні ў якім разе нельга», - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У сувязі з гэтым ён сказаў, што апошнім часам прымушае і ўрад, і губернатараў захаваць усё тое, што выра­шчана. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што менавіта захаванасць вырашчанай прадукцыі з’яўляецца сёння галоўным. «Застануцца лішкі - вясной гэта будзе ў два разы даражэй, і мы прададзім. І мы гэта не скрываем», - сказаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што, нягледзячы на спякоту і ліўні, Беларусь у гэтым годзе атрымала нядрэнны ўраджай. «Таму перажываць не даводзіцца», – падкрэсліў Прэзідэнт.

Потым прадстаўнікі СМІ па­прасілі Кіраўніка дзяржавы пракаменціраваць заяву некаторых так званых экспертаў ад апазіцыі, якія сцвярджаюць, што павышэнне зарплат, пенсій і стыпендый у гэтым годзе звязана з падрыхтоўкай улады да прэзідэнцкіх выбараў, а пасля выбараў сітуацыя быццам бы зменіцца ў горшы бок.

У адказ на гэта Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Ці тое яшчэ будзе: да 19 снежня (дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі) вам столькі напішуць і столькі раскажуць, што вы самі здзівіцеся». «Нас палохалі ўжо шмат-шмат разоў і дэвальвацыяй, і ростам цэн, і абвалам, і знішчэннем, і «свіным», і «птушыным» грыпам. Я заўсёды сумленна і адкрыта казаў: супакойцеся, беларусы. Калі заўтра будзе цяжка, я сам вам пра гэта скажу, я ў гэтым буду зацікаўлены, каб людзі падрыхтаваліся. Сёння няма ніякай крытычнай сітуацыі», - адзначыў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Нашым апанентам, так званым, я іх называю ворагамі народа, яны, праўда, не вельмі згодныя, але я яшчэ раз паўтару: нашым ворагам народа выгадна дэстабілізаваць абстаноўку, на фінансавым рынку гэта, у сферы цэн, палітыкі, эканомікі, ці ў сферы бяспекі для таго, каб нават не выйграць гэтыя выбары, а паказаць, што Лукашэнка не здольны. Усё гэта палітыка. Про­й­­­дзе Новы год, паглядзіце - пра гэта перастануць пісаць».

«Але я хачу папярэдзіць, што час у нас складаны. Вы бачыце гэты націск жудасны з усіх бакоў. І яны думаюць, што могуць неяк мяне нахіліць і краіну разваліць. Я чарговы раз гавару: я ненахіляемы, я ўмею слухаць, рабіць вы­сновы, улічваць чужое меркаванне, ісці на кампрамісы, але нахіляць мяне дарэмна таму, што ёсць вы, ёсць Беларусь і ёсць вось гэта прыгажосць, якую мы не можам нікому аддаць. І наогул навошта? Калі хто-небудзь хоча, каб мы некаму гэта зрабілі, калі ласка, плаціце грошы - мы вам зробім. Але націскаць на нас бесперспектыўна», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. «Палохаць будуць, але нам трэба супакоіцца і займацца сваёй справай. Яшчэ на палях шмат бульбы, лён убралі - трэба яго перапрацаваць, каб было сваё адзенне, сёння на палях добры ўраджай агародніны - яго трэба сабраць і захаваць. Увогуле, усё ў нас ёсць для таго, каб абуцца, апрануцца і паесці. Таму выжывем, як бы нас ні палохалі, як бы нам ні раілі МВФ, Расія, Еўропа. У нас ёсць свае мазгі. Мы будзем зыходзіць з таго, што ёсць», - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Адказваючы на наступнае пытанне, Кіраўнік дзяржавы развеяў чуткі пра будучую дэвальвацыю беларускага рубля. «Сёння не толькі ў нас гавораць пра дэвальвацыю, яшчэ нейкую нацыяналізацыю, прыватызацыю і іншае. У Расіі ўжо загаварылі пра дэвальвацыю амаль не ў 20 працэнтаў расійскага рубля. Блеф поўны! Што ў Расіі, што ў Беларусі!» - сказаў Прэзідэнт. «Яшчэ раз падкрэсліваю: вось гэта ўжо дакладна залежыць ад нас», - дадаў ён. На думку Прэзідэнта, такія заявы аб дэвальвацыі робяцца для таго, каб дэстабілізаваць абстаноўку і парадзіць пані­ку ў насельніцтва. «Самы просты варыянт, каб у фінансава-эканамічнай сферы дэстабілізаваць абстаноўку, - гэта парадзіць пані­ку ў насельніцтва. Ай, заўтра вось з рублём нешта будзе і гэтак далей. Людзі, бяжыце ў абменнікі, мяняйце на долары. Гэтак жа? Гэта ж мы не першы раз перажываем, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Зусім нядаўна гэта было. Я папярэдзіў людзей: не бяжыце, нармальна будзе. Той, хто пабег, вярнуўся назад. Абваліліся? Не абваліліся. І сёння мы не збіраемся абвальвацца, калі гэтага не захочуць людзі, калі яны не пачнуць панікаваць».

Аляксандр Лукашэнка сказаў: «У нас у краіне дастаткова золатавалютных рэзерваў, каб разлічыцца за адзін раз з людзьмі, калі яны захочуць забраць свае ўклады. Калі ласка, забірайце. Але я яшчэ раз гавару: мы павінны бачыць перспектыву, мы павінны дбаць і балець за сваю дзяржаву. Не трэба слухаць гэтых шарлатанаў». Ён пацвердзіў, што дзяржава поўнасцю выканае абавязацельствы, узятыя ў гэтым годзе па ўтрыманню ваганняў курсу беларускага рубля ў рамках заяўленага валютнага калідора. Ён заўважыў, што апошнім часам рубель наадварот узмацняўся.

У той жа час, на думку Кіраўні­ка дзяржавы, гэта не вельмі добра для нашых экспарцёраў. «Мы не збіраемся нацыянальную валюту на карысць каму-небудзь дэвальваваць, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Трэба будзе, як і ў мінулыя часы, загадзя мы скажам аб гэтым. І наогул мы калідор вызначаем на цэлы год і на будучы мы таксама яго аб’явім, калі мы бу­дзем дэвальваваць або ўмацоў­ваць рубель». «Таму ўсё гэта балбатня. Балбатня з аднаго і таго ж кабінета. Звязана гэта з тым, каб дэстабілізаваць абстаноўку ў нашай краіне», - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Рыхтуйцеся да таго, каб спакойна жыць і карміць свае сем’і. Вось гэта я вам пэўна гавару», - дадаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

БелТА.

Previous post

Старадаўнія прафесіі: гарбары і гарбарні

Next post

Решение Клецкого районного исполнительного комитета №1299 от 01.10.2010 г. Об определении мест на территории Клецкого района, запрещенных для проведения пикетирования с целью сбора подписей избирателей по выдвижению кандидатов в президенты Республики Беларусь

Отправить комментарий