Сейчас загружается

Надаць імпульс для развіцця канкурэнтназдольнай эканомікі

Алена  Аляксандраўна Новік,  дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: “Праекты законаў прызначаны надаць імпульс для развіцця канкурэнтназдольнай эканомікі і павышэння ўзроўню якасці жыцця”

14 верасня 2010 года закончыла работу пятая пазачарговая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Правядзенне пазачарговай сесіі прадыктавана неабходнасцю аператыўна разгледзець і прыняць пакет важнейшых законапраектаў у бюджэтна-фінансавай і падатковай сферах, якія маюць вызначальнае значэнне для забеспячэння ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. У першую чаргу гэта праекты законаў “Аб рэспубліканскім бю­джэце на 2011 год”, аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Бюджэтны і Падатковы кодэксы, «Аб бю­джэце дзяржаўнага пазабю­джэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь на 2011 год».

Навацыйны характар законапраектаў – гэта рэзультат дзейнасці па ўдасканаленню заканадаўства, накіраванай на нейтралізацыю негатыўных наступстваў глабальнага фінансава-эканамічнага крызісу, мадэрнізацыю нацыянальнай эканомікі, стымуляванне інвестыцыйнай і дзелавой актыўнасці ў краіне.

Напрыклад, карэктывы, якія ўнесены ў Падатковы кодэкс, накіраваны не толькі на далейшае спрашчэнне падатковай сістэмы, але і на змяншэнне падатковай нагрузкі на суб’екты гаспадарання. З 2011 года прапануецца зменшыць колькасць падаткаў і збораў у мэтах зніжэння падатковай нагрузкі на эканоміку, спрасціць парадак спагнання асноўных падаткаў і расшырыць інвестыцыйныя льготы, а таксама карэнным чынам палепшыць падатковае адміністраванне, уключаючы скарачэнне перыядычнасці выплаты падаткаў і колькасці падаваемых падатковых дэкларацый. Прапануецца па падатку на прыбытак перайсці на падачу падатковай дэкларацыі адзін раз у год са штоквартальнай яго выплатай. У выніку ў наступным годзе зніжэнне падатковай нагрузкі на эканоміку складзе 0,4 працэнты ў адносінах да ўнутранага валавага прадукту, што дазволіць пакінуць у распараджэнні прадпрыемстваў больш як 700 млрд. рублёў. Гэта дадатковыя інвестыцыі і абаротныя сродкі ў эканоміцы.

Плануемае расшырэнне інвестыцыйных льгот па падатку на прыбытак і падатку на дабаўлены кошт па экспертнай ацэнцы павялічыць інвестыцыйныя магчымасці айчынных прадпрыемстваў за кошт уласных крыніц на суму каля 1,5 трлн. рублёў.

Праект галоўнага фінансавага дакумента краіны рэалізуе дзве стратэгічныя задачы. Па-першае, забяспечвае пад­трымку рэальнага сектара эканомікі, перш за ўсё ў інавацыйнай сферы. Па-другое, за­хоўвае сацыяльную накіравансць бюджэту і дасягнуты ўзровень дзяржаўных сацыяльных стандартаў. Значную частку ў бю­джэце складуць расходы на аплату працы, пенсіі, стыпендыі, дапамогі, другія выплаты, сродкі на выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў. Атрымаюць далейшае развіццё сацыяльная сфера ў малых гарадах і на вёсцы, павы­сіцца адраснасць сацыяльнай падтрымкі насельніцтва. Павялічацца расходы кансалідаванага бюджэту на ахову здароўя (на 35,8%). У рэспубліканскім бюджэце расходы на ахову зда­роўя  ўлічаны ў суме 1 571,6 млрд. рублёў (з ростам 124,4 працэнты).  Пры фарміраванні рэспубліканскага бюджэту прадугле­джаны асігнаванні на фінансаванне мерапрыемстваў дзяржаўных праграм у вобласці аховы здароўя ў памеры 250,7 млрд.рублёў, з іх на выкананне мерапрыемстваў дзяржаўнай комплекснай праграмы прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння анкалагічных захворванняў – 154,1 млрд рублёў, дзяржаўнай праграмы “Туберкулёз” – 26,6 млрд. рублёў. Штогадовы рост расходаў на ахову здароўя павінен забяспечыць дасягненне канкрэтных рэзультатаў установамі аховы здароўя і павышэнне якасці прадастаўляемых паслуг насельніцтву шляхам укаранення прагрэсіўных методык і тэхналогій лячэння як на рэспубліканскім, так на абласным і раённым узроўнях, пераабсталяванне медыцынскіх арганізацый высокатэхналагічным сучасным абсталяваннем.

Расходы кансалідаванага бюджэту па раздзелу “Адукацыя” вызначаны на будучы год у аб’ёме 11 014,7 млрд. рублёў (з ростам супраць сёлетняга ўзроўню на 45,2 працэнты). У рэспубліканскім бюджэце гэтыя расходы запланаваны ў суме 2 142,6 млрд. рублёў (з ростам 144,4 працэнты). Акрамя расходаў на ўтрыманне ўстаноў адукацыі, значная частка бюджэтных сродкаў будзе выкарыстана на далейшае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы вучэбных устаноў, іх абсталяванне сучаснай тэхнікай, актыўнае ўкараненне электронных сродкаў навучання, забеспячэнне новымі вучэбнымі дапаможнікамі.

У мэтах рэалізацыі дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі ў рэспубліканскім бюджэце на 2011 год прадугледжаны асігнаванні на ажыццяўленне навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ў суме 865 млрд. рублёў, з ростам 163 працэнты, што складае 0,43 працэнты да УВП.

У 2011 годзе бюджэт забяспечыць актыўную сацыяльную падтрымку насельніцтва. Яна будзе рэалізавана праз субсідзіраванне паслуг жыллёва-камунальнай гаспадаркі і транспарту, дапамогі ў забеспячэнні жыллём, расходаў на капітальны рамонт жылых дамоў, падтрымкі насельніцтва, якое пражывае на забруджаных радыёнуклідамі тэрыторыях, адраснай сацыяльнай дапамогі. Сумарна гэтыя расходы ўзрастуць у наступным годзе на 45 працэнтаў. Затраты арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі па паслугах для насельніцтва будуць кампенсаваны бюджэтнымі сродкамі і ўласнымі даходамі гэтых арганізацый ад аказання другіх паслуг на 66 працэнтаў. Доля насельніцтва ў пакрыцці затрат на аказанне паслуг жыллёва-камунальнай гаспадаркі складзе 34 працэнты.

Значную падтрымку атрымае жыллёвае будаўніцтва. Бюджэтныя сродкі будуць накіраваны на кампенсацыю страт банкаў ад льготнага крэдытавання жыллёвага будаўніцтва. На гэтыя мэты будзе зрасходавана 1,9 трлн. рублёў, на будаўніцтва сацыяльнага жылля – 280 млрд. рублёў, на фінансавую дапамогу маладым і мнагадзетным сем’ям і аднаразовыя бязвыплатныя субсідыі – 448 млрд. рублёў.

Важную сацыяльную нагрузку нясуць расходы, накіраваныя на капітальны рамонт жыллёвага фонду. Асігнаванні на гэтыя мэты ў 2011 годзе прадугледжаны ў суме 540 млрд. рублёў з ростам у 1,4 разы. Асноўнымі прыярытэтнымі аб’ектамі будаўніцтва будуць: будаўніцтва жылля для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, аб’екты аховы здароўя, аб’екты праекта рэспубліканскай праграмы “Захаванне і выкарыстанне меліяраваных зямель на 2011-2015 гады”, рэканструкцыя тэатра імя Я.Купалы, дварцова-паркавы ансамбль “Нясвіж” і другія сацыяльна значныя аб’екты.

Захаваецца падтрымка рэальнага сектара, у тым ліку стымуляванне развіцця малога і сярэднягя бізнесу, накіраваная ў першую чаргу на рэалізацыю інавацыйнага шляху развіцця эканомікі. Дзяржаўная падтрымка малому і сярэдняму бізнесу будзе прадастаўляцца ў асноўным на конкурснай аснове і накіроўвацца на стварэнне, развіццё, пашырэнне вытворчасці тавараў і паслуг, развіццё вытворчасці экспартаарыентаванай прадукцыі, прадукцыі, накіраванай на энерга- і рэсурса­зберажэнне, укараненне новых тэхналогій.

Такім чынам, праекты законаў, якія разгледжаны на пятай сесіі, прызначаны надаць новы імпульс для інтэнсіўнага развіцця канкурэнтназдольнай эканомікі і павышэння ўзроўню якасці жыцця нашых людзей.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили