Ёсць выказванне, што ідэальнай можна лічыць сям’ю, якая мае траіх дзяцей. На жаль, у наш час не многія бацькі на такое рашаюцца. Часцей абмяжоўваюцца адным-двума. Жыццёвая практыка сведчыць і аб тым, што не кожная бяздзетная сям’я рызыкне ўзяць на выхаванне чужое дзіця, а калі маюць уласных – тым больш. Яшчэ некалькі гадоў назад у раёне сем’і, у якіх былі свае дзеці, і ўзяўшыя на выхаванне чужых, можна было, вобразна кажучы, пералічыць па пальцах. Сёння з 22 прыёмных сем’яў толькі дзве – не маюць уласных дзяцей. І калі апекуны выхоўваюць у асноўным непаўналетніх, якія даводзяцца ім сваякамі, то прыёмныя бацькі ўзялі на сябе клопат аб дзецях «чужых». Даверлівыя і добразычлівыя адносіны паміж усімі членамі сям’і спрыяюць таму, што падапечныя называюць іх мамай і татам, а іх уласных дзяцей лічаць братамі і сястрычкамі.
Самы каштоўны скарб для жаночай душы – цёплы дом, дзе чакаюць дарагія сэрцу людзі. У дружнай сям’і ўсе праблемы вырашаюцца прасцей. «Шчасце маці – у дзецях», – аксіёма, якая не патрабуе доказу. Дзеці Алены Уладзіміраўны Уласевіч, Алены Іванаўны Лісевіч, Валянціны Уладзіміраўны Майсейчык, Алены Аркадзьеўны Гвозд, Валянціны Уладзіміраўны Вінаградавай, Надзеі Мікалаеўны Ільюкевіч, Ганны Іванаўны Кішко выраслі і разляцеліся хто куды. Аднак у сэрцах гэтых жанчын знайшлося месца і для тых, каго пакрыўдзіў лёс, адабраўшы ў іх сям’ю. Сёння Святлана і Міхаіл, Уладзіслаў і Алена, Надзея, Кацярына і Аляксандра адчуваюць сябе ўтульна. Клопат прыёмных бацькоў адагрэў іх дзіцячыя сэрцы, даў ім надзею на будучае.
Сем’і Валянціны Іосіфаўны Славінскай, Наталлі Іванаўны Янушка, Наталлі Валер’еўны Магілевіч, Святланы Мікалаеўны Аляхновіч, Таццяны Васільеўны Кішко, Алены Яўгенаўны Медушэўскай, Алены Яраславаўны Белазаровіч з’яўляюцца шматдзетнымі. У іх дамах – дабрабыт і ўзаемаразуменне. Маючы шчодрае сэрца, яны сталі сапраўднымі мамамі не толькі для сваіх сыноў і дачок, але і для прыёмных. У гэтым годзе зрабілі першы крок у самастойнае жыццё Алена і Уладзімір з прыёмнай сям’і Славінскіх. Аднак, змяніўшы іх, у доме Валянціны Іосіфаўны і Вячаслава Раманавіча знайшлі прытулак Ілля і Карына – выхаванцы дзіцячага дома, якія ўжо каля года праводзілі тут выхадныя дні і канікулы.
Двое прыёмных дзяцей, сястрычкі Ірына і Кацярына, выхоўваюцца ў шматдзетнай сям’і Янушка. Станоўчы ўплыў сямейнага выхавання не мог не адбіцца на дзецях: яны сталі больш спакойнымі і ўпэўненымі ў сабе.
Вера Дзмітрыеўна Малайчук і Марына Іванаўна Гайцюкевіч даўно марылі, каб у іх дамах гучаў вясёлы дзіцячы смех. Зараз у гэтых сем’ях выхоўваецца трое непаўналетніх дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Яны ўжо поўнасцю акліматызаваліся ў новых дамах і паступова засвойваюць вопыт прыстойных сямейных адносін, а новыя бацькі з радасцю заўважаюць, як цяплеюць позіркі іх дзяцей. Утульна і зусім па-свойску адчуваюць сябе прыёмныя дзеці Наталлі Іванаўны Гаўрук, Алены Пятроўны Уласік, Валянціны Леанідаўны Кораб, Таццяны Анатольеўны Вайцяхоўскай, Тамары Расціславаўны Карповіч, Ірыны Аляксееўны Лукашук.
Акрамя 29 дзяцей, якія выхоўваюцца ў прыёмных сем’ях, ёсць яшчэ 21, клопат аб якім узялі на сябе апекуны. Дзве сям’і раёна ў 2010 годзе ўсынавілі непаўналетніх.
Вялікі дзякуй гэтым людзям за тое, што яны ёсць, за тое, што дзеткі, лёс якіх мог скласціся па-іншаму, пазналі словы «мама» і «тата», а бацькам хочацца пажадаць насіць гэта званне дастойна, дарыць дзецям часцінку сямейнай утульнасці і выхаваць іх добрымі людзьмі.
Іна Кулеш,
вядучы спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама.
Отправить комментарий