Сейчас загружается

Годнасць

Аднойчы муж (царства яму нябеснае) сказаў: «Слухай, дзве жанчыны мне падабаюцца на нашай вуліцы». «А хто яны?». «Не ведаю. Паняцця не маю. Як убачу – пакажу». І праз некаторы час паказаў. Я засмяялася: «Ого! Дык у цябе, па-руску кажучы, «губа не дура». Мне яны і самой падабаюцца».

Адну з іх я даўно ведала. Гэта была Валянціна Васільеўна Майсейчык – чарнавалосая, смуглая, з вялізнымі вачыма, фантастычнай прыгажосці жанчына. І трэба ж было так пераплясціся сцяжынкам нашых лёсаў! Аказалася, што яе муж – мой былы аднакласнік з Даматканавіцкай школы. У маім класе – тым, дзе вучыліся Ала Казімірская, Жанна Антонава, Вова Рамашка, Таня Заяц, Сярожа Горбік, Андрэй Камінскі (вечная яму памяць) – была і яе дачка, Света, сціплая, разумная, выхаваная, ахайная дзяўчынка. У любое, самае дрэннае і слотнае надвор’е, у яе былі бездакорна чысценькія туфлікі і калготачкі. Нездарма гаворыцца: аб маме мяркуюць па чысціні кашулькі яе дзіцяці. Сёння Света жыве і працуе ва Уздзе. Яна – шэф-повар і вельмі паважаны чалавек.

Пазней, у наступным маім класе, апынуўся Юра – малодшы сын Валянціны, спакойны і мяккі хлопчык, надзейны, сур’ёзны, з выдатным пачуццём гумару. А праз некаторы час, дзесьці ўжо ў перадпенсійным узросце, я некаторы перыяд была настаўнікам  Жэні - сына Юры. І тут перада мной адкрылася яшчэ адна важная сутнасць Валянціны: высветлілася, што яна не толькі цудоўная жанчына, гаспадыня, маці, але яшчэ бабуля – проста ўнікальная. Тое, што яна зрабіла для ўнука, цяжка пераацаніць і нельга назваць інакш як самаахвярнасць. Хлопчык нарадзіўся слабым, з цэлым букетам захворванняў. Лекі, басейн, масаж, ЛФК, бальніца, санаторыі – усё гэта было яе клопатамі. І сама часта хварэла. Работа была сур’ёзная – працавала на механічным заводзе. Усё гэта належала спалучаць, і выкручвацца паміж працоўнымі гадамі і кароткімі водпускамі.

Яна ўсё вы­трымала і падняла-такі Жэніка на ногі – даглядзела, выхавала…

Цяпер, калі, як быццам бы, ўжо можна крышку адпачыць і пажыць для сябе, яе сям’ю напаткала новая бяда – інсульт мужа. Дыягназ, які патрабуе цярпення, працы, часу і любові. Вось і аддае яна свайму Анатолю ўсё гэта. А любові ў іх хапае з юнацтва – шчырай і вернай. Нездарма ж ён калісьці, ледзве адслужыўшы ў арміі, паімчаўся за ёю ў Расію і прывёз-такі назад, на радзі­му! І сёння яна, як тады, для ўсёй сям’і – прыгажуня, гаспадыня, маці…

…А другую жанчыну, якая падабалася майму Мікалаю, я доўга не ведала – проста ціха любавалася здалёк. Нават сёння, у свае амаль 60, яна выглядае, можа, лепш, чым хто-небудзь у 40: высокая, прыгожая, спраўная, спакойная, нетаропкая ў рухах, эканомная ў словах, з горда ўзнятай галавой, якую вянчае пышная цяжкая прычоска з густых хвалістых валасоў (як рашчэша, дык і зараз ніжэй за пояс!)  – яна прыцягвае ўвагу і прымушае запаволіць крок.

Наступным этапам нашых зносін сталі ўзаемныя прывітанні (я часта пачынаю вітацца з незнаёмымі людзьмі, якія мне падабаюцца). Потым я пару разоў бачыла яе ў Доме Саветаў. А калі сама перайшла туды працаваць – высветлілася, што Таісія Мікалаеўна Дылеўская працуе ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання, і часам бывала, што мы разам хадзілі на работу. Здаралася, што, выкочваючыся раніцай подбегам з завулка, чула ззаду спакойна-працяжнае: «Ну, от, неяк магла б і азірнуцца…». І мы са смехам  беглі ўдваіх па вуліцы – туманнай ці заснежанай, мокрай ад дажджу ці залатой ад восеньскай лістоты. Такія  хвіліны былі вельмі рэдкімі. Таму і вельмі каштоўнымі. І, здаецца, гэта было ўзаемна.

Цяпер мы абедзве на пенсіі, а бачымся яшчэ радзей, чым тады, хоць і жывём зусім блізка.

А нядаўна яна рыхтавалася да 40-годдзя выпуска сваёй Alma Mater –Смілавіц­­кага  сельскагаспадарчага тэхнікума. І я стала таму сведкай, бо крышку ёй дапамагала. Прызнаюся шчыра: не часта я бачыла такое сур’ёзнае стаўленне да, у прынцыпе, як быццам бы, не такой ужо і складанай справы. Часцей за ўсё бывае так: сазваніліся,  з’ехаліся, а там – як Бог на душу паложыць. У яе групе (так-так, па праўдзе ў яе групе, бо яна там па сённяшні дзень стараста!) найперш была створана ініцыятыўная суполка, і яна – у яе складзе, усім тэлефанавала, збірала дадзеныя для табліцы аж з сямі графаў, рыхтавала анкеты, жартоўныя асабістыя падарункі кожнаму былому аднакурсніку, рабіла нейкія фотамантажы, высвятляла найдрабнейшыя дэталькі сучаснага жыцця сваіх сяброў, каб потым усё гэта неяк «скруціць», скампанаваць, зрыфмаваць, аформіць у аптымальных спалучэннях. Яна ўзгадвала ўсялякія   кур’ёзныя выпадкі з іх вучобы, практыкі, інтэрнатаўскага жыцця – і ўсё гэта ўплятала ў сцэнарый. Яна адшукала і запрасіла  на свята сваю «класную». Ды ці ж толькі гэта?..

Я спецыяльна так шмат увагі ўдзяліла не самаму важнаму эпізоду яе жыцця, каб стала зразумела: як жа сур’ёзна яна ставіцца да важных спраў –  да кар’еры, работы, жыцця, сям’і. Дык вось: толькі пяць чалавек з іх групы скончылі сельгасакадэмію (з дзяўчат – яна адна!). Праз пару гадоў работы па спецыяльнасці яе запрасілі ў райкам партыі, і там яна працавала паспяхова (пры Алешку!). Яна цудоўная жонка і маці (і гэта па праўдзе агульнавядома!) Дарэчы, і тут – якое дзівоснае перапляценне з маім жыццём: як высветлілася, я ведала па школе яе дачку – талковую і разумную; яе будучага зяця – вясёлага і дасціпнага; па рабоце –  яе мужа Віктара Паўлавіча.

Як часта бывае так: калі хочуць пахваліць жанчыну як маці, то маюць на ўвазе маці мнагадзетную! Пэўна, 3-5 і болей дзяцей падняць – гэта сапраўды подзвіг. Але ж бываюць розныя абставіны… Напрыклад, Таісія Мікалаеўна хацела яшчэ дзяцей. Аднак другая цяжарнасць магла скончыцца трагічна як для маці, так і для дзіцяці. Яна ледзьве выжыла.

…Дзве жанчыны, дзве маці, два лёсы, два жыццёвыя шляхі. Два крыжы, якія даў ім Гасподзь, і якія яны нясуць як належыць. Прыгожа. Элегантна. Эфектна. З годнасцю.

Лілія Мялешка.

Отправить комментарий