Сейчас загружается

Выкладчык Клецкай гімназіі

Васіль Быкаў у адной са сваіх кніг заўважыў: “Вельмі гэта важная і небяспечная справа – беларускае настаўніцтва. Калі, канешне, быць ёй верным…”. Усю важнасць і, разам з тым, небяспеку сваёй дзейнасці добра разумелі выкладчыкі Клецкай беларускай гімназіі – адной з нешматлікіх навучальных устаноў, дзе ў часы польскага панавання вучням адкрыта прышчаплялі беларускі патрыятызм. Кожны з гэтых людзей варты асобнага аповеду. Але пакуль спынімся на постаці настаўніка Міколы Чарнецкага. Ён адпрацаваў у гімназіі ўсяго толькі год (зрэшты, уся яе гісторыя налічвае сем гадоў), але нават за такі кароткі час здолеў пакінуць аб сабе добрую памяць.

М.Чарнецкі нарадзіўся ў 1899г. у вёсцы Малыя Азяраны Гродзенскага павета (цяпер на тэрыторыі Польшчы). Тут жа скончыў пачатковую школу, а пасля паступіў у Свіслацкую настаўніцкую семінарыю. Першая сусветная вайна перапыніла навуку і назаўсёды ада­рвала яго ад сям’і. Семінарыю эвакуіравалі ў Калужскую губернію, а бацькі пасля доўгіх блуканняў аселі ў Мінску. У 1918 г. юнак скончыў вучобу і вярнуўся на Радзіму, дзе далучыўся да беларускага руху: збіраў фальклор, друкаваўся на старонках мясцовых газет. А ў 1921 г. нелегальна перайшоў польска-чэхаславацкую мяжу.

У гэты час урад Чэхаславакіі выдзеліў некалькі дзесяткаў стыпендый для ўраджэнцаў Заходняй Беларусі, якія, з-за перашкод польскіх улад, не маглі атрымаць вышэйшую адукацыю на Радзіме. Скарыстаўшы мажлівасць, М.Чарнецкі паступіў на філасофскі факультэт Пражскага ўніверсітэта. Вучобу спалучаў з актыўным удзелам у беларускіх студэнцкіх арганізацыях, што не перашкаджала яму па­спяхова здаваць экзамены. У гэты ж час канчаткова аформілі­ся і яго палітычныя перакананні – патрабаванне поўнай дзяржаўнай незалежнасці сваёй краіны. Да гэтага перыяду адносяцца і першыя дыскусіі з прадстаўнікамі рускіх эміграцыйных арганізацый, многія з якіх упарта не жадалі бачыць ніякай Беларусі на месцы Паўночна-Заходняга краю.

Летам 1929 г. Чарнецкі скончыў універсітэт са ступенню доктара філасофіі. Вышэйшая асвета і прыродныя здольнасці да навукі давалі магчымасць неяблага ўладкавацца ў спакойнай сталіцы багатай еўрапейскай краіны. Але Мікола вырашыў вярнуцца на радзіму. Ён ведаў, што там не хапае настаўнікаў нават для нешматлікіх дазволеных беларускіх школ. Зноў нелегальны пераход мяжы і вяртанне ў Малыя Азяраны. Тут яму прапанавалі пасаду ў адміністрацыі, але з умовай – назаўсёды адмовіцца ад беларускай культурна-асветніцкай і палітычнай дзейнасці. На гэта Чарнецкі не пагадзіўся і ў 1930 г. накіраваўся на працу ў Клецкую гімназію.

1930/31 навучальны год стаў апошнім у гісторыі гэтай установы. Вядома, едучы ў Клецк, Мікола Чарнецкі не мог такога прадбачыць. Але ён выдатна ўсведамляў, што распачаўся “крыжовы паход” супраць усяго беларускага. Школы першымі трапілі пад удар. Невыпадкова віленскі ваявода на адной з нарад найбольшай небяспекай называў імкненне беларусаў да нацыянальнай школы. Клецкая гімназія, дзе ў лістападзе 1929 г. адбыўся вучнёўскі бунт, які прыняў выразна антыўрадавую афарбоўку і скончыўся выключэннем 22 вучняў, была бяльмом на воку для польскіх асімілятараў. Яе лічылі асяродкам нацыянал-культурнага жыцця і “гняздом камунізма”. Невыпадкова даклады службы бяспекі аб становішчы ў гімназіі рэгулярна паступалі Міністру ўнутраных спраў Польшчы. У такіх умовах Чарнецкаму давялося пачаць настаўніцкую дзейнасць.

Мікалай Антонавіч выкладаў гісторыю і геаграфію Беларусі. За свае шырокія веды хутка здабыў ад вучняў паважную мянушку “Пан прафесар”.  Ён не толькі дасканала ведаў свае прадметы, але быў знаўцам літаратуры і філасофіі. Акрамя польскай і беларускай мовы, вольна валодаў чэшскаю, ведаў латынь. Не застаўся незаўважаны і яго патрыятызм. Паміж сабою гімназісты  не раз гаварылі: “Пан прафесар цалкам закаханы ў Беларусь”. Гэта былі словы ўдзячнасці і пахвалы. Акрамя штодзённых заняткаў, М.Чарнецкі кіраваў пасяджэннямі літаратурнага гуртка. На жаль, яго педага­гічны талент не паспеў раскрыцца ў поўнай меры. У 1931 г. улады закрылі Клецкую гімназію. Праз год была ліквідавана настаўніцкая семінарыя ў Вільні, а яшчэ пазней – гімназія ў Навагрудку.

У тых умовах Мікола Чарнецкі пераехаў у Вільню. Быў сябрам Беларускага Навуковага Таварыст­ва, разам з аднадумцамі выдаваў грамадска-палітычны часопіс “Золак”. Толькі пасля верасня 1939 г. зноў змог вярнуцца да настаўніцтва. Працаваў дырэктарам школы ў Крынках, на Беласточчыне, а потым узначаліў раённы аддзел народнай асветы. Але і на гэты раз перыяд настаўніцтва аказаўся нядоўгім. Нямецкая акупацыя перакрэсліла ўсе планы. Чарнецкі адмовіўся супрацоўнічаць з гітлераўцамі, хаця прапановы ў гэтым накірунку і паступалі. Але найбольш небяспечнымі аказаліся дзеянні польскага падполля, якое скарысталася сітуацыяй для вынішчэння беларускай інтэлігенцыі, развязаўшы супраць яе сапраўдны тэрор. На пачатку студзеня 1944 г. узброеная група напала на дом сястры Міколы Чарнецкага і забрала настаўніка з сабой. Толькі праз некалькі тыдняў яго цела, са слядамі жорсткіх катаванняў, было знойдзена ў адной з вёсак. Беларускага настаўніка пахавалі на праваслаўных могіл­ках у Беластоку. На табліч­цы ўказана дата смерці: 19 студзеня 1944 г.  Так загінуў адзін з найбольш таленавітых выкладчыкаў Клецкай беларускай гімназіі. Чалавек, пра якога сябры казалі: “Гэта быў камень, крышталь, цвёрды і непахісны ідэаліст, гатовы на ўсё, акрамя здрады дзеля кавалка хлеба”.

На фота: настаўнікі Клецкай беларускай гімназіі: дырэктар Рыгор Якубёнак, Мікола Чарнецкі, выкладчык хіміі і біялогіі Вячаслаў Арэнь, матэматык Мікалай Рудакевіч. Клецк, ліпень 1931 г.

Андрэй Блінец,

краязнаўца, пазаштатны аўтар газеты.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили