Сейчас загружается

Салаўі і людзі

З даўніх часоў захавалася паданне пра князя Ягайлу. Расказваюць, што гэты ўраджэнец Беларусі, пасля таго як стаў польскім каралём, не мог забыць сваю Радзіму і, калі бываў тут, стараўся адпачыць ад прыдворнага этыкету на ўлонні прыроды. Падчас свайго апошняга наведвання бацькаўшчыны Ягайла так захапіўся салаўінымі спевамі, што слухаў іх некалькі начэй запар. У выніку 82-гадовы манарх падхапіў нечаканую прастуду, ад якой неўзабаве памёр. Вядома, гэта толькі легенда, якая наўрад ці мае нешта агульнае з рэчаіснасцю. Але калі ўжо даваць волю фантазіі, то чаму б не дапусціць, што апошнія салаўіныя канцэрты кароль Польшчы слухаў у нас, на Клеччыне? Там, дзе потым узнікла вёска з назвай Салаўі, у наваколлях якой разліваліся трэлі гэтых птушак. Быў жа Ягайла ў Клецку ў 1415 г. (гэта дакументальна пацверджана), што замінала яму наведаць наш край у 1434 г.? Прыгожая легенда атрымліваецца.

Ну, а калі ад легенд і фантазій пераходзіць да фактаў, то трэба сказаць, што доўгі час гэта вёска называлася Новае Сяло. У 1578 г. яно належала Гераніму Макавецкаму, старасце Радзівілаў. За дзвесце гадоў паселішча паступова раздрабілася паміж шматлікімі ўладальнікамі-шляхцічамі,  якіх было нават больш, чым звычайных сялян. Так, у 1775 г. у Салаўях было 17 шляхецкіх двароў і толькі 6 сялянскіх. Сёння пра далёкую гісторыю нагадваюць два дзесяткі курганоў, размешчаных  недалёка ад дарогі Клецк-Сіняўка. У наро­дзе іх называюць “шведскімі магіламі” і расказваюць, што некалі насыпаў  было значна больш. Але ў сяр.50-х гг. мінулага стагоддзя бульдозерамі палову пахаванняў зраўнялі з зямлёй. Пры гэтым на паверхні апынуліся косткі, чарапы, рэшткі зброі, штыкі і г.д. Хучэй за ўсё, курганы захаваліся з часоў Вялікай Паўночнай вайны (1700-1721 гг.) У красавіку 1706 г. у Клецку шведы  разбілі рускі корпус ваяводы Няплюева. Пасля бітвы ў самім горадзе было пахавана звыш тысячы няплюеўскіх салдат. Яшчэ нейкая частка знайшла свой спачын у навакольных вёсках. Буйнейшым некропалем, відаць, і стаў салаўёўскі. Версію пра тое, што тут пахаваны жаўнеры Карла ХІІ адразу варта адкідаць, як беспадстаўную. Шведы страцілі пад Клецкам, па розных звестках, ад 7 да 15 чалавек. Пагадзіцеся, нават, калі над кожным насыпаць асобны курган, атрымліваецца нестыкоўка.

Яшчэ адным напамінам пра мінуўшчыну з’яўляюцца рэшткі каталіцкай капліцы на мясцовых могілках. Збудаваная ў XVIII ст., яна доўгі час дзейнічала як філіял клецкага касцёла Св.Троіцы. Каля яе праводзіліся кірмашы і царкоўныя фэсты. Пасля вайны капліцу зачынілі. Іконы, кнігі зніклі бясследна. Сёння ад гэтай святыні засталіся толькі сцены, якія зараслі кустоўем звонку і з сярэдзіны.

Зрэшты і самі Салаўі ўжо нічым не нагадваюць вёску 1-й пал.ХХ ст. Цяпер тут засталося менш за паўсотні жыхароў. А ў 20-ыя гг. было каля 80 двароў. Вёска падзялялася на тры часткі: Забелаўшчына, Астравок і Лінейка. Сярод жыхароў было нямала польскіх асаднікаў, якія валодалі значнымі зямельнымі надзеламі. На адной з пасад, у Забелаўшчыне, у 1926 г. нарадзіўся Леанард Дамашэвіч – будучы палкоўнік Войска Польскага, аўтар двух падручнікаў па радыёлакацыі. У сяр.30-х гг. польскія ўлады актыўна праводзілі зямельную рэформу – вясковых гаспадароў рассялялі на хутары. Не былі выключэннем і Салаўі. У 1947 г. тут налічвалася 86 хутароў.  Пасля вайны працэс па­йшоў у адваротным парадку. У 1950 г. 46 сем’яў салаўёўцаў аб’ядналіся ў калгас “Краіна Саветаў”. Першымі калгаснікамі сталі: На­дзея Чывель, Васіль Пілецкі, сям’я Трыбухоўскіх. Першым старшынёй – заможны селянін Напалеон Міладоўскі. Сярэдзіна мінулага стагоддзя – час перамен у вясковым жыцці. У 1954 г. была арганізавана хата-чытальня, а ў 1964 г. – бібліятэка. У 1955 г. праведзена лінія радыёперадач. У 1960 г. у прыватнай хаце быў адкрыты магазін, а ў 1967г. у Салаўях з’явілася электрычнасць і першы тэлевізар.

Шмат што пра мінулае можа расказаць Канстанцін Іванавіч Курак – былы старшыня Заляшан­скага сельскага Савета, а цяпер пенсіянер,  які даглядае мясцовыя могілкі. Амаль пра кожнае пахаванне ў яго ёсць цэлая гісторыя. Ён паказвае магілы Міхаіла Чывеля, расстралянага паліцаямі 21 лістапада 1941 г., і Зыгмунта Маневіча, забітага 5 ліпеня 1944 г. М.Чывель яшчэ перад вайной быў абраны дэпутатам Заляшанскага сельскага Савета, а З.Маневіча забілі за тое, што арганізаваў сустрэчу перадавых частак Чырвонай Арміі. Дарэчы, яго імя нават не ўнесена ў кнігу “Памяць”. А вось пахаванні ветэранаў: удзельнік савецка-фінскай вайны Мікалай Васюкевіч; кулямётчык Іосіф Вайцяхоўскі; тэлефаніст  Ілля Грыцук, які ў красавіку 1945 г. забяспечваў сувязь каля Брандэнбургскіх варот Берліна; пехацінец Вікенцій Круглік, адзначаны медалём “За адвагу”. Канстанцін Іванавіч шкадуе, што невядома дакладнае месца пахавання яўрэйскай сям’і Таўбэ, расстралянай летам 1941 г. у былой сядзібе польскага афіцэра Яцыніча; і тут жа дзеліцца сваімі планамі па ўсталяванні памятнага знака землякам – ахвярам войнаў ХХ ст.

Салаўі – толькі адна з невялікіх вёсак раёна. Але нават такія малыя, неперспектыўныя паселішчы маюць багатую і цікавую гісторыю. Пакуль яшчэ яе можна аднавіць і захаваць. Праз некалькі гадоў ужо будзе позна.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили