Сейчас загружается

Некаторыя кандыдаты ў прэзідэнты адмаўляюцца ад удзелу ў выбарах

Некаторыя патэнцыяльныя кандыдаты адмаўляюцца ад далейшага ўдзелу ў перадвыбарнай барацьбе, не атрымаўшы чаканай падтрымкі выбаршчыкаў. Такое меркаванне выказаў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік, каменціруючы заявы ў СМІ асобных прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду аб зняцці сваёй кандыдатуры з перадвыбарнай гонкі.

Мікалай Лазавік лічыць, што некаторыя людзі, вырашыўшы балаціравацца, крыху пераацанілі свае магчымасці: «Для таго, каб стаць кандыдатам у прэзідэнты, недастаткова аднаго толькі жадання. Трэба мець значны арганізацыйны і кадравы рэсурс, па­трэбна моцная каманда аднадумцаў, здольная эфектыўна працаваць і збіраць подпісы». На яго думку, як мінімум палова з тых, хто заявіў аб намеры балаціравацца і зарэгістраваў ініцыятыўную групу, такой каманды не маюць. «Ёсць група людзей, якія падтрымліваюць іх, але яе патэнцыял вельмі невысокі. Тым больш, што і самі патэнцыяльныя кандыдаты асобы малавядомыя не толькі ў рэспубліцы, але нават па месцы жыхарства», – сказаў М.Лазавік. Таму разлічваць на тое, што за іх масава будуць падпісвацца выбаршчыкі і яны змогуць сабраць 100 тыс. подпісаў, не даводзіцца. «Рэальна ацаніўшы свае магчымасці, некаторыя ўдзельнікі выбарчай кампаніі паціху адыхо­дзяць убок, хтосьці больш ціха, хтосьці больш галосна заявіўшы аб сваім адыходзе», – адзначыў сакратар ЦВК. Ён растлумачыў, што па закону прэтэндэнты не абавязаны паведамляць ЦВК аб прынятым рашэнні. Любы з удзельнікаў выбарчай кампаніі мае права на любым этапе добраахвотна «сысці з дыстанцыі», не тлумачачы прычын. Нават пасля вусных публічных заяў аб адмове ад далейшага ўдзелу ў выбарах патэнцыяльныя кандыдаты могуць прадаўжаць збор подпісаў і прадстаўляць падпісныя лісты ў тэрытарыяльныя камісіі. Аднак калі яны пададуць афіцыйную заяву ў ЦВК, то камісіі на месцах не стануць правяраць і падлічваць подпісы выбаршчыкаў у іх пад­трымку. Пакуль з 17 прэтэндэнтаў толькі адзін афіцыйна інфармаваў ЦВК аб адмове ад удзелу ў выбарах, яшчэ двое зрабілі вусныя заявы, якія растыражавалі СМІ.

Пакуль адны патэнцыяльныя кандыдаты выбываюць з перадвыбарнай гонкі, другія заяўляюць аб пераадоленні запаветнай мяжы ў 100 тыс. подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты. Хоць у Цэнтрвыбаркаме нагадваюць, што назваць дакладную колькасць подпісаў, са­браных у падтрымку таго ці іншага патэнцыяльнага кандыдата, можна будзе пасля таго, як ЦВК атрымае афіцыйныя даныя з абласцей і Мінска. Апошні дзень для прадастаўлення падпісных лістоў у тэрытарыяльныя камісіі – 29 кастрычніка. Адразу пасля гэтага (з 30 кастрычніка па 13 лістапада) патэнцыяльныя кандыдаты павінны прадаставіць у ЦВК пісьмовую заяву аб згодзе балаціравацца кандыдатам у прэзідэнты, анкету з біяграфічнымі данымі і дэкларацыю аб даходах і маёмасці (асобы, вылучанай кандыдатам, яго жонкі, паўналетніх блізкіх сваякоў, якія пражываюць разам з ім і вядуць агульную гаспадарку).

Цэнтрвыбаркам будзе імкнуцца да таго, каб зарэгістраваць кандыдатаў за месяц да выбараў (гэта значыць да 19 лістапада), каб у іх засталося дастаткова часу на правя­дзенне агітацыйнай кампаніі. Пры гэтым галоўным патрабаваннем для рэгістрацыі бу­дзе наяўнасць 100 тыс. подпісаў выбаршчыкаў. Мікалай Лазавік запэўніў, што ЦВК не будзе «ствараць дадатковыя бюракратычныя перашкоды або абмежаванні» пры рэ­гістрацыі кандыдатаў. «Для ўсіх жадаючых вылучыцца былі створаны найбольш спрыяльныя, лаяльныя ўмовы, і мы маем намер далей працаваць у гэтым жа ключы», – падкрэсліў ён.

БелТА.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили