Сейчас загружается

Сёння знойдзеш – заўтра згубіш

Водпуск… Няма, напэўна, таго чалавека, які б не марыў аб ім яшчэ задоўга да вызначанага дня і не будаваў планы, звязаныя з адпачынкам. Не цяжка ўявіць, хто чакае яго з асаблівым пачуццём – канешне, салдат абавязковай службы. Мой сын, Артур, як і многія яго саслужыўцы, “набліжаў” адпускную пару, адзначаючы пражытыя дзянькі ў дэмбельскім календары, і адчуў, што, урэшце, дачакаўся яе толькі тады, калі апынуўся на парозе роднага дома. Першымі яго словамі былі: “Абдымі мяне, мама, тады я паверу, што на самай справе ты побач”.

… Прачнуўшыся ранкам, ён хадзіў па пакоях, дакранаўся да ўласных рэчаў, мэблі са словамі “мой дом”, “мой стол”, “мая канапа”… Мы доўга не маглі з сынам нагаварыцца, ён расказваў пра службу (Артур выконвае свой воінскі абавязак у Віцебскай паветрана-дэсантнай дывізіі), аб падрыхтоўцы і ўдзеле ў парадзе, прысвечаным 65-гадавіне Вялікай Перамогі, аб вучэннях, першым прыжку з парашутам і ўсё гэта падмацоўваў здымкамі, што захоўваліся на мабільным тэлефоне. А ўжо вечарам Артур дзяліўся “вайсковымі” ўражаннямі са сваімі сябрамі. Калі сын вярнуўся пасля сустрэчы з хлопцамі дадому, высветлілася, што ён згубіў тэлефон (было гэта ў раёне “стокватэрнага” дома па вуліцы Перамогі). Нельга апісаць словамі той настрой, з якім сын правёў наступныя дні водпуску: ён шкадаваў не столькі згубленага тэлефона, колькі флэш-карты, на якой змяшчаліся ўсе армейскія здымкі і відэазапісы за год службы. Супакойваючы Артура, я не раз паўтарала: “Не сумуй, сынок, калі згубіў, і не радуйся, калі знайшоў” і, разам з тым, спадзеючыся на людскую душэўнасць, параіла павесіць аб’яву на доме, каля якога ён згубіў тэлефон. На жаль, на просьбу вярнуць знаходку ніхто не адгукнуўся. Так што ад’яз­джаць на службу давялося Артуру без настрою. Да таго ж, у той дзень безупынку ліў дождж. Я, у сваю чаргу, як мама адшукала станоўчае і ў гэтым моманце: пацалавала і са словамі “ў народзе кажуць, што дождж у дарогу – добрая прыкмета” адправіла сыночка на службу.

Праз дзень Артур патэлефанаваў і паведаміў, што яму прысвоілі званне малодшага сяржанта і назначылі памочнікам камандзіра і загадчыкам “капцёркі”. “Цяпер, – з гумарам канстатаваў сынок,  – у мяне свае кабінет, стол і крэсла!”.

Артур па-ранейшаму што­дня звоніць да мяне, толькі ўжо з тэлефона свайго сябра. Пытае, ці часам не знайшоўся яго ўласны, расказвае аб вайсковых буднях.

Майму сыну засталося служыць крыху больш за два месяцы. Яны праляцяць вельмі хутка, і яму давядзецца працаўладкоўвацца і жыць паўнапраўным самастойным жыццём. Мне, як маме, вельмі хочацца, каб вакол яго былі толькі добрыя і чулыя людзі, бо гэта, бясспрэчна, адно з асноўных складаемых поспехаў любога чалавека. І што б там ні казалі, асабіста я ўпэўнена, што добрых людзей значна больш на Зямлі. У адпаведнасці з гэтымі ўяўленнямі я выхоўвала і сына. Магчыма, з-за гэтага яму давядзецца нялёгка прыстасоўвацца да сучаснасці, затое, пераканана, не прыйдзецца шукаць кампраміс з сумленнем. Напэўна, той хто знайшоў Артураў тэлефон, выхаваны не ў хрысціянскіх традыцыях, але, нават нягледзячы на гэта,  думаю, калі б бачыў, як перажывае хлопец страту, вярнуў бы яго абавязкова. А, можа, ён проста сам пакуль яшчэ нічога не губляў?

Ганна Бейзерава.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили