На працягу дзвюх з паловай гадзін 26 кастрычніка тры незвычайныя каманды на базе Клецкага СПЛ змагаліся за права называцца лепшымі сярод амаль што “роўных”. “Чаму “незвычайныя” і “амаль што роўныя” – спытаецеся вы. Ды таму, што не кожны дзень сустрэнеш на спартыўнай пляцоўцы супрацоўнікаў РАУС і грамадскіх выхавальнікаў з ліку выкладчыкаў ДУА “Клецкі СПЛ”, якія, забыўшыся на свае пасады і рангі, з хлапчуковай зацятасцю спрытна “валейболілі” б з камандай “цяжкіх” падлеткаў. Апошнія ж, у сваю чаргу, дзякуючы арганізаваным Клецкім райкамам і пярвічнай арганізацыяй ГА “БРСМ” Клецкага СПЛ спаборніцтвам, мелі выдатную магчымасць у дазволеным фармаце “адказаць” прадстаўнікам праваахоўных органаў і сваім выкладчыкам за ўсе прыемныя і не тое каб моманты ў жыцці.
Адным словам, настрой у каманд быў больш чым баявы, таму і спаборніцтвы па валейболе прайшлі сапраўды інтрыгуюча і захапляльна. Да апошняй хвіліны цяжка было здагадацца, хто ж атрымае перамогу. “Мініяцюрныя”, у параўнанні з супрацоўнікамі РАУС, падлеткі не зусім прыкладных паводзін годна трымаліся ў валейбольным паядынку, аднак настойлівасць, сіла і азарт ахоўнікаў грамадскага парадку прымусілі непаўналетніх саступіць. Але, нягледзячы на добрую стомленасць такой напружанай гульнёй, юнакі не збіраліся здавацца «без бою» камандзе грамадскіх выхавальнікаў, якія, усё ж, дастаткова ўпэўнена выйшлі ў фінал, дзе сустрэліся з камандай супрацоўнікаў РАУС. Упарта змагаліся каманды за першае месца – суддзі неаднаразова дадавалі час. Нарэшце, пасля доўгіх ваганняў фартуна аддала перавагу камандзе праваахоўных органаў. Як узнагарода за волю да перамогі – прыз ад Клецкай РАС ДГСААФ і ганаровыя граматы ад РК ГА “БРСМ”.
Падобныя спаборніцтвы праходзяць ужо не першы раз, і прыемна тое, што цікавасць да іх з кожнай гульнёй узрастае. Значыць, маладзёжны саюз робіць карысную справу, дае магчымасць “скінуць” з сябе негатыўную энергію і вызваліць месца для пазітыўнага і адэкватнага ўспрыняцця жыцця, якое і даецца чалавеку для таго, каб пражыць яго ярка і запамінальна.
Кацярына Канановіч,
I сакратар РК ГА “БРСМ”.
Отправить комментарий