Вядомы пісьменнік, публіцыст Бруно Ясенскі лічыў, што найбольш спрыяюць адкрытай, шчырай размове тры месцы, сярод якіх называў цягнік. Ніколькі не падвяргаючы сумненню справядлівасць гэтага сцвярджэння, я ўсё ж такі асмелюся далучыць сюды яшчэ і паездку ў рэйсавым аўтобусе. Тэма размовы з землякамі, якую я нядаўна намеціў, даволі сур’ёзная – маючы адбыцца IV Усебеларускі народны сход. Так што рэйсавы аўтобус, калі ён не перапоўнены, – цалкам апраўданы і рэальны варыянт высвятлення пазіцыі, меркавання людзей, палічыў я і адправіўся па адным з маршрутаў.
– А што тут гаварыць, Усебеларускі народны сход – неабходны, важны форум у жыцці рэспублікі, – адразу ж адклікаецца на пастаўленае пытанне жыхарка горада, колішні будаўнік ПМК-191, Ніна Андрэеўна Магілевіч. – Кожнаму думаючаму чалавеку зразумела, што выступаць супраць правядзення такога мерапрыемства, – гэта значыць, пазбаўляць нас магчымасці самім вырашаць дзяржаўныя праблемы. Вельмі добра, лічу, што Прэзідэнт краіны не ігнаруе думку народа, не прымае аўтарытарных рашэнняў, а па ўсіх асабліва важных пытаннях жыцця краіны звяртаецца да ўсенароднага абмеркавання. Нагадаю, што менавіта Кіраўнік дзяржавы стаў ініцыятарам першага Усебеларускага народнага сходу ў 1996 годзе, вырашыўшы параіцца з людзьмі напярэдадні рэферэндуму па важнейшых праблемах жыцця краіны, вызначыцца з галоўнымі напрамкамі развіцця нашага грамадства. У выніку рэспубліка была абаронена ад разрабавання і разбазарвання, дзікунскай прыватызацыі, заводы і зямля, калгасы не аказаліся прададзенымі за бясцэнак, не пайшлі, як кажуць, з малатка, а паступова пачалі ажываць, набіраць моц, дзякуючы выпрацаванай канкрэтнай сацыяльна-эканамічнай праграме, жыццядзейнасць якой поўнасцю пацвердзілася ў будучым.
– Я добра памятаю той час,– уключаецца ў размову механізатар СВК “Грыцэвічы” Міхаіл Бурак. – Калі калгасы знаходзіліся на мяжы выжывання, не сціхалі галасы “псеўдадэмакратаў” аб іх роспуску, падзеле зямлі. А ўсеагульная нестабільнасць кошту рэсурсаў, без якіх не можа абысціся сельская гаспадарка, цэнавы дызбаланс прыводзілі да сумных вынікаў – падрываўся інтарэс вяскоўцаў да расшырэння вытворчасці. Да таго ж, катастрафічна не хапала запасных вузлоў, дэталей, мы пастаянна знаходзіліся, што называецца, на галодным паліўным пайку: запасы саляркі мізэрныя, а бензін разбіраўся амаль што з колаў. А між тым, не пакінеш на полі незавершаную справу або рэзка не скароціш аб’ёмы работ. Я ўжо не кажу пра сяўбу, догляд за пасевамі, уборку ўраджаю, дзе кожная гадзіна прастою дорага каштуе. Не менш складаным было працаваць і ў жывёлагадоўлі, бо і тут калгас быў пастаўлены ў такія ўмовы, што стала нявыгадным займацца вытворчасцю малака і мяса. А ўсё ад таго, што цэны на іх, якія вызначалі міністэрства, урад, не пакрывалі затраты.
Словам, нехта добра “грэў” рукі на праблемах вяскоўцаў, заганяючы сельскую гаспадарку ў вугал. І толькі пачутыя на ўсенародным форуме галасы ў яе абарону, распрацаваная праграма аб прыярытэтным развіцці вёскі, катэгарычная заява, папярэджанне Прэзідэнта: “Загубім вёску – загубім краіну” дазволілі сельгасвытворцам уздыхнуць лягчэй, надаць калектыўнай гаспадарцы, як кажуць, другое дыханне. Сёння наш СВК – эканамічна моцная гаспадарка раёна з перспектывай на будучае. Таму я адназначна “за” Усебеларускі народны сход. Упэўнены, што і на гэты раз у яго дэлегатаў будуць усе магчымасці для таго, каб глыбока і адкрыта прааналізаваць дасягнутае, дэталёва абмеркаваць асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2015 года.
– Ведаеце, здзіўляемся, калі іншы раз даводзіцца чуць “намёкі” некаторых “крытыкаў”, якія і ў гады сваёй маладосці, і цяпер, стаўшы амаль дзядулямі, вышукваюць ва ўсім толькі негатыў, – эмацыянальна, амаль ва ўнісон, нечакана для дарослых падключаюцца ў размову старшакласніцы Заастравецкай школы Наташа і Галя. – Крыўдна, калі такія вось "аналітыкі жыцця” выказваюцца аб немэтазгоднасці ўсенароднага абмеркавання асноўных пытанняў развіцця краіны, катэгарычна што-небудзь вызначаюць за нас, маладых. Мы ўпэўнены ў сваім будучым, заўтрашнім дні. Кожны з нас можа пасля школы паступіць вучыцца ў любую вышэйшую навучальную установу, былі б толькі здольнасці! Дзяржава забяспечвае справядлівы конкурсны прыём на вучобу, а студэнцкія стыпендыі ў два разы вышэй, чым у суседніх краінах. Нашы студэнты паспяхова выступаюць у розных міжнародных конкурсах, а лепшыя з лепшых юныя дараванні знаходзяцца пад апекай дзяржавы, прэзідэнцкага фонду па падтрымцы маладых талентаў. Мы ведаем, што ў апошні час адроджаны статус маладога спецыяліста, удасканальваецца сістэма размеркавання, пры якой дзяржава гарантуе работу па спецыяльнасці, прадстаўляе бясплатнае жыллё… Як толькі ў кагосьці хапае сумлення падобнае асмейваць?!
Цікава было б пачуць на ўсё гэта адказ тых самых апанентаў, якіх мелі на ўвазе дзяўчаты, але сярод пасажыраў такіх не знайшлося. Наадварот, людзі працягвалі станоўча адклікацца аб маючым адбыцца чарговым усенародным форуме, засяроджваючы ўвагу на тых ці іншых жыццёвых пытаннях, якія, на іх погляд, варта было б абмеркаваць дэлегатам сходу. І, паверце, кола іх было надзвычай шырокае, аб’ёмнае: ад стану і перспектыў беларуска-расійскіх адносін, далейшага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва да развіцця аграгарадкоў, росту пенсій і заработнай платы. І гэта асабліва радавала, выклікала шчырую прыхільнасць да маіх суразмоўцаў, сярод якіх не было раўнадушных. У іх словах, меркаваннях, адносінах да будучай падзеі бачылася гарачая зацікаўленасць у паляпшэнні спраў у сваім працоўным калектыве, горадзе, вёсцы, у павелічэнні нашых матэрыяльных і духоўных багаццяў. Таму і меркаванне маладых спадарожніц не пакінулі без увагі, але, як прадстаўнікі больш сталага пакалення, аднесліся спакойна, разважліва. Пенсіянер, аднавясковец дзяўчат Міхаіл Макаравіч Цалей справядліва зазначыў, што “крытыканаў усяго наўкола” сёння адзінкі, і не яны вырашаюць агульны настрой у грамадстве. І дадаў, падагульніўшы ўсе выказаныя да гэтага думкі: “Раіцца з народам – гэта мудра”.
Так, мае суразмоўцы цвёрда перакананы ў неабходнасці, жыццядзейнасці Усебеларускага народнага сходу, яго шырокіх магчымасцях плённага ўплыву на далейшае развіццё краіны. І, думаецца, выбраныя ад Клеччыны дэлегаты, як і ўсе ўдзельнікі гэтага форуму, цалкам апраўдаюць іх надзеі і спадзяванні.
Іван Здрок.
Отправить комментарий