Ніхто не сумняваецца ў гасціннасці нашых землякоў, як сталых, так і зусім маладых, тым больш, што сведчанняў гэтай характэрнай кляччанам асаблівасці дастаткова. Вось і не так даўно пяцьдзесят галасоў запар сцвярджалі, што так ветліва, клапатліва і добразычліва, як у нашым горадзе, іх яшчэ нідзе на Беларусі не сустракалі. Менавіта такімі словамі адазваліся пра Клецк госці з Магілёўскага абласнога ліцэя. 46 адзінаццацікласнікаў і 4 выкладчыкі з гэтай навучальнай установы завіталі да нас пад час шэрагу экскурсій па гістарычных і памятных месцах Радзімы. Пасля паездкі па наваколлю, якая ахапіла Краснастаў, яўрэйскае гета, вал і іншыя славутасці горада, магіляўчане наведаліся ў наш агульнаадукацыйны ліцэй. КРАЛ уразіў гасцей багаццем і прыгажосцю зімовага саду, утульнымі рэкрэацыямі і навучальнымі пакоямі. Але асабліва запомнілася ўдзельнікам сустрэчы сумеснае выспупленне на сцэне актавай залы. Равеснікі з розных гарадоў абмяняліся тэатралізаванымі “візіткамі” сваіх устаноў адукацыі. КРАЛаўцы падарылі новым сябрам святочны канцэрт, спектакль “Салдаты” па п’есе Дударава і канчаткова пакарылі аднагодкаў сваім талентам і артыстызмам.
Два дні сустрэчы з Клецкам для пяцідзесяці аматараў гісторыі і адукацыі з Магілёва праляцелі імгненна. Але пры развітанні настрой уздымала думка аб тым, што наступнай вясною з візітам у адказ да іх у ліцэй завітаюць новыя сябры з КРАЛа.
Вера Кавалеўская.
Отправить комментарий