Сейчас загружается

Паклон за працу ад світанку да заходу

Дабрабыт кожнага з нас так або інакш залежыць ад вынікаў працы хлебаробаў, жывёлаводаў, механізатараў і ўсіх, хто з ранку да позняга вечара, дні навылёт пад спякотным сонцам або ў сцюжу і праліўны дождж шчыруе на зямлі: вырошчвае хлеб, забяспечвае нас мясам і малаком. На стале ў кожным доме – вынікі працы работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. У перадапошнюю нядзелю восені работнікі вёскі і перапрацоўшчыкі адзначаюць сваё прафесійнае свята. Сёлета яно – асаблівае, бо завяршае год чарговай пяцігодкі. Напярэдадні мы пацікавіліся ў першага намесніка старшыні Клецкага райвыканкама начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандра Іванавіча ПЛЯШЭВІЧА тым, з якімі вынікамі аграрыі раёна наблізіліся да свята.

Аляксандр Іванавіч, адыходзячы апошні год пяцігодкі выдаўся складаным для шматлікіх галін вытворчасці. Перажыла пэўныя хібы і сельская гаспадарка. Аднак, насуперак цяжкасцям, у хлебаробаў і жывёлаводаў ёсць вынікі, якімі можна ганарыцца

– Так, сапраўды. Сёлета ўсе сельскагаспадарчыя работы  – ад сяўбы да ўборкі ўра­джаю – для нас праходзілі ў напружаных эканамічных умовах. Нягледзячы на гэта, працаўнікі вёскі разам і кожны паасобку імкнулі­ся выканаць увесь планавы аб’ём сельгасработ. Вытворчасць валавой прадукцыі ў супастаўляльных цэнах за 10 месяцаў склала 165,1 млрд.рублёў. Такім чынам тэмп росту да аналагічнага перыяду мінулага года дасягнуў 105,4%. Узровень рэнтабельнасці ад усёй нашай дзейнасці – 6,9%.

– Значныя карэктывы ў работу цэха пад адкрытым небам уносіць надвор’е. Аднак укаранёныя ў практыку тэхналагічныя працэсы і ўменне працавітых і старанных хлебаробаў Клеччыны даюць свой плён?

– Нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я (калі першыя бясснежныя замаразкі папсавалі пасевы рапсу, а спякотнае летняе надвор’е – выспеўшае на полі калоссе), клецкім хлебаробам усё ж удалося ўнесці свой значны ўклад ў агульны каравай – 85,8 тыс.тон зерня. Скажу шчыра, што мы чакалі большага ўраджаю, і ў наступным годзе зробім усё магчымае, каб пераўзысці рэкордны ўраджай-2008 – 100 тысяч тон. З кожнага гектара сабрана па 44,9 цэнтнера збожжавых і зернебабовых культур, у прыватнасці, да жніва-2005 прыбаўка склала 103%. Найбольш шчодрыя на ўраджай палеткі сёлета былі ў СВК «Кухчыцы» – 54,5 ц/га, дзяржаўным прадпрыемстве «Племянны завод «Чырвоная зорка» – 54,7. Спрыяльным адыходзячы год стаў для вырошчвання «другога хлеба», якога накапана больш за 20 тыс.тон, а з круга – па 247 ц/га. Сярод бульбаводаў у лідарах значацца ЗП «Налібокі-Нёман» – 388 ц/га, СВК «Кухчыцы» – 296 ц/га. Апошні  адроз­ніўся і па атрыманні самага высокага ўраджаю цукровых караняплодаў – 37,8 тыс.тон пры ўраджайнасці 469 ц/га. Усяго ж з раённых палеткаў накапана 153 тыс.тон салодкіх каранёў. Парадавала нас і гародніна, якой вырашчана 1855 тон. У гэтай «скарбонцы» ўклад марачанцаў, якія ўжо не першы год займаюцца цыбуляю, складае 352 тоны. Агароднікам СВК «Морач» удалось зарабіць ад гэтай культуры 3,7 млн.руб. з аднаго гектара, а яе рэнтабельнасць –  31%.

– Якія поспехі дасягнуты ў жывёлагадоўчай галіне раёна? Як поўняцца малочныя рэкі сырадоем і наколькі прыбыткова сёння займацца свінагадоўляй?

– Малочная галіна дазваляе забяспечваць штодзённае паступленне грашовых сродкаў на рахункі гаспадарак. Таму асноўная ўвага надаецца рэканструкцыі і тэхнічнаму пераабсталяванню фермаў, стварэнню камфортных умоў для ўтрымання пагалоўя, а гэта галоўнае для працуючых там людзей. Завершаны гэтыя работы ў СВК «Грыцэвічы», «Кухчыцы», «Агракамбінат «Клецкі», дзяржаўным прадпрыемстве «Племянны завод «Чырвоная зорка», што можна лічыць галоўнымі будоўлямі пяцігодкі ў жывёлагадоўлі раёна. Усё гэта дало магчымасць нам атрымаць з пачатку года 63,1 тыс.т малака, 10,8 – мяса. Удалося ўжо перайсці пяцітысячны рубеж надою малака ад каровы, а такія гаспадаркі як СВК «Лазавічы» і СВФ «Туча» РУП «Мінск Крышталь» узялі больш за 6000 кг. Яшчэ пяць гадоў таму гэты паказчык па раёне складаў 4554 кг. Такім чынам, прыбаўка дасягнута на 766 кг або 17%. На сучасным этапе галоўнае не проста выгадаваць прадукцыю, а атрымаць яе высокаякаснай і выгадна рэалізаваць. Сапраўдным дасягненнем пяцігодкі стаў продаж малочнай сыравіны    экстра-класам – 7,5% ад усяго атрыманага.

Свінагадоўлю мы лічым хуткаспелай галіной і радуемся такім жа прыбыткам. За апошнія пяць гадоў грамадскі статак свіней ў раёне павялічыўся на 30%, адпаведна за 10 месяцаў бягучага года ўжо выгадавана 4,5 тыс.т свініны. Дасягнута гэта за кошт удасканалення тэхналогіі вырошчвання і адкорму свінапагалоўя, што выклікала павелічэнне сярэднясутачных прываг з 399 г у 2005 годзе да цяперашніх 467 (+68 г).

– У чым вы бачыце складаемыя атрыманых важкіх вынікаў і бліжэйшай перспектывы?

– Свой пэўны ўплыў на развіццё аграпрамысловага комплекса аказвае  яго пастаянная мадэрнізацыя. Набываюцца энерганасычаныя трактары, высокавытворчыя збожжа- і кормаўборачныя камбайны, камбініраваныя глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты, грузавыя машыны і іншая тэхніка. Пабудаваны і ўве­дзены ў эксплуатацыю два новыя сучасныя зернесушыльныя комплексы – у СВК «Грыцэвічы» і «Морач». Аднак аснова – гэта кваліфікаваныя і накіраваныя на высокія вынікі кадры, на каго мы спадзяёмся ў значнай ступені, з кім разам павышаем эфектыўнасць працы, мацуем дабрабыт асабісты і раёна ўцэлым, удасканальваем і множым вопыт, каб радаваць сваіх землякоў багатымі ўраджаямі, разнастайнасцю тавараў у магазінах. А для гэтага, шаноўныя працаўнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, моцнага вам здароўя, дабрабыту, новых працоўных дасягненняў і асабістага шчасця.

– Дзякую за гутарку. Са святам Вас!

Ірына Шаг.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили