СВК “Грыцэвічы” заўсёды быў у ліку эканамічна моцных прадпрыемстваў раёна, славіўся высокімі дасягненнямі і працавітымі людзьмі. Як сёлета складваюцца справы ў сельгаскааператыве, расказвае яго старшыня Мікалай Міхайлавіч Галубовіч:
– Хачу зазначыць, што атрыманыя за 10 месяцаў працоўныя здабыткі для нас не зусім характэрныя. Калі ў раслінаводстве дасягнулі добрых вынікаў, то ад жывёлагадоўчай галіны, прызнаюся, чакалі большага. А тыя напрацоўкі, якія сёлета маем, забяспечаны зладжанай працай усяго калектыву. У кожным вытворчым падраздзяленні ёсць нямала дбайных і старанных працаўнікоў, для якіх дасягнутае – не мяжа. Гэта дае ўпэўненасць, што заўтрашні дзень сельгаскааператыва будзе больш багатым на хлебны каравай, на тлустае малако і сытае мяса.
Рост вытворчасці валавой прадукцыі да мінулагодняга адпаведнага перыяду за 10 месяцаў склаў 108%, у тым ліку ў раслінаводстве – 117%. Сёлета атрымана 7982 т збожжа. З зерневых культур асабліва шчодра ўрадзіла трыцікале, якое дало на круг па 56,4 цэнтнера з гектара. Ураджайнасць ячменю склала 40 ц/га. Дасягнуты багаты ўраджай бульбы, вырошчваннем якой займаліся некалькі паляводчых брыгад. З аднаго гектара гэтай культуры атрымана па 226 цэнтнераў. А ўсяго накапана 3391 тона. На нашу бульбу быў высокі попыт. Згодна заключаных дагавораў яна рэалізоўвалася ў Татарстан, адгружалася стабілізацыйнаму фонду г.Мінска. Поспеху ў бульбаводстве садзейнічалі ўкаранёныя сучасныя высокаэфектыўныя тэхналогіі вырошчвання гэтай культуры, выкарыстанне такіх элітных сартоў, як «Бриз», «Живица», «Дельфин», «Скарб», «Джелли», дэталёвае выкананне ўсіх агратэхнічных патрабаванняў. Нядрэнна ўрадзілі і кармавыя буракі. У прыватнасці, валавы збор караняплодаў склаў 2725 тон.
У жывёлагадоўлі таксама ёсць нядрэнныя напрацоўкі. За дзесяць месяцаў сёлетняга года надой малака ад кожнай каровы дасягнуў 4851 кг. Рэалізавана 559 тон мяса. Адчувальны ўклад унеслі жывёлаводы ўсіх 8 фермаў.
Як вядома, прадукцыйнасць статка залежыць ад тэхналогіі кармлення, таму пастараліся нарыхтаваць на стойлавы перыяд дастаткова сена, сенажу, сіласу, кармавых караняплодаў.
Шмат зроблена па ўмацаванні машынна-трактарнага парку. Набыта некалькі тэхнічных адзінак, якія ўжо знайшлі прымяненне: 2 бульбаўборачныя камбайны, велікагрузныя аўтамабілі і плугі, пасяўны глебаапрацоўчы агрэгат, валкаўтваральнік «STAR», пагрузчык з тэлескапічнай стралой «Амкадор», аўтобус «ПАЗ». Трактар «МТЗ-3022» атрымаў адзін з вопытных механізатараў – С.І.Берташ (на здымку), які цяпер выпрабоўвае яго тэхнічныя магутнасці на палетках першай паляводчай брыгады «Грыцэвічы».
Не забываем пра вытворчую і сацыяльную сферы. Кожны год вясковыя вуліцы «прырастаюць» на 10 новых дамоў. Не стаў выключэннем і 2010-ы. У пабудаваных філіялам КУП “Мінскаблдарбуд” – “ДРБУ №212” катэджах наваселлі справілі лепшыя працаўнікі сельгаскааператыва. Каля мільярда рублёў укладзена ў будаўніцтва збожжавага комплексу.
За ўсімі лічбамі і вытворчымі штрыхамі – нястомная праца людзей. Менавіта яны вызначаюць поспех у развіцці раслінаводства, забяспечваюць паступовае нарошчванне жывёлагадоўчай прадукцыі.
Гаспадарам зямля дзячыць багатым ураджаем
З году ў год паляводчая брыгада «Грыцэвічы» па вытворчых паказчыках займае лідзіруючае месца сярод аднатыпных
вытворчых падраздзяленняў сельгаскааператыва. Тут дасягаецца найвышэйшая ўраджайнасць усіх прапашных культур. Вось
і сёлетнія дасягненні
прымусілі іншыя брыгады падцягвацца да ўзроўню перадавікоў.
Хлебная ніва 2010 года шчодра аддзячыла паляводаў за руплівую працу. На круг атрымана 52,9 ц/га зерневых. Парадавалі ўраджаем цукровыя і кармавыя буракі, даўшы адпаведна 362 і 943 цэнтнера з гектара.
Важкі ўклад у атрыманне высокіх паказчыкаў брыгады ўнёс механізатар А.М. Каржак (на здымку). Аляксандр Міхайлавіч ведае як свае пяць пальцаў асаблівасці і магчымасці кожнага гектара, дзе лепш родзіць жыта і пшаніца, а дзе – цукровыя буракі і караняплоды. Увогуле, для сумленнага і стараннага працаўніка ў любую пару года хапае работы. Напярэдадні пасяўной ён на сваім трактары «Фендт-930» рыхтуе глебу, сее зерневыя, затым ўбірае травы, а калі пачынаецца жніво, перасаджваецца за штурвал збожжаўборачнага камбайна і не адстае ад перадавых экіпажаў. Не траціць марна час Аляксандр Міхайлавіч і цяпер: на сваім «Фендце» гектар за гектарам заворвае глебу. Дзякуючы умелым рукам механізатара, рэгулярнаму тэхнічнаму догляду, агрэгат не прастойвае. У сельгаскааператыве не памятаюць, каб А.М.Каржак зрабіў штосьці няякасна.
Разам з брыгадзірам паляводчай брыгады Іванам Паўлавічам Галубовічам – добрым арганізатарам, дбайным гаспадаром і адказным работнікам – яны да драбніц прадумваюць усе сельскагаспадарчыя працэсы, перш чым пачынаць палявыя работы на 1200 гектарах зямлі, улічваюць нюансы хлебаробскай справы. І абавязкова прыходзяць да адной высновы. Інакш і быць не можа: зямля не даруе абыякавасці, шчодра дзячыць багатым ураджаем сапраўдным гаспадарам.
Маладое папаўненне
Кожны год працавітая сям’я сельгаскааператыва папаўняецца новымі кадрамі – выпускнікамі вышэйшых і сярэдне-спецыяльных устаноў. Сёлета пасаду загадчыка рамонтных майстэрань заняў выпускнік Клічаўскага сельгастэхнікума А.Жданко. Атрыманай адукацыяй Аляксандр не задаволіўся і таму вырашыў прадоўжыць вучобу завочна ў БарДУ. Другі год працуе інжынерам-механікам пасля заканчэння БАТУ Д.Шэйка. У мінулым годзе маладая сям’я Дзмітрыя атрымала ключы ад новага дома. «Прыжыўся» ў гаспадарцы і Аляксандр Кіслач, нядаўні студэнт Ляхавіцкага сельгастэхнікума, а цяпер загадчык Грыцэвіцкай МТФ. Да паступлення ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт набываў веды ў той жа сярэдне-спецыяльнай установе Андрэй Табала – аграхімік.
У СВК «Грыцэвічы» маладых спецыялістаў сустракаюць гасцінна, кіраўніцтва і прафсаюзны камітэт ствараюць для іх працы належныя ўмовы. А тыя, у сваю чаргу, дзячаць за аказаны ім давер стараннай працай. І, магчыма, хтосьці з іх пасля адпрацоўкі ўстаноўленага тэрміну застанецца тут назаўсёды, як муж і жонка Цімчанкі: Міхаіл працуе галоўным заатэхнікам, а Наталля – селекцыянерам.
Курс на лідарства
МТФ “Арэшніца» – адна з лепшых у СВК “Грыцэвічы”. Тут утрымліваецца 426 галоў, у тым ліку – 170 дойных кароў. Сёлета за дзесяць месяцаў надой малака на карову склаў 5813 кг. Дзяржаве рэалізавана 853,7 тоны, 77% – вышэйшым сортам, 22 – экстра-класам. Не падвяла і таварнасць прадукцыі, якая склала 90,3%.
У любой справе многае залежыць ад арганізатарскіх здольнасцей кіраўніка, яго магчымасцей і жадання наладзіць справу ў калектыве. У М.М.Каржака (на здымку з даяркай Н.М.Корань) гэта атрымліваецца на вышэйшым узроўні. Не лічачыся з асабістым часам, Міхаіл Міхайлавіч знаходзіцца на ферме ад цямна да цямна, хварэе душой і за калектыў, і за жывёлу. Да вырашэння праблем падыходзіць сур’ёзна, па-гаспадарску. На думку загадчыка, поспеху жывёлаводаў фермы «Арэшніца» спрыяюць некалькі фактараў. Па-першае, гэта збалансаваны рацыён кармлення жывёлы. “Меню” рагуль утрымлівае ў дастатковай колькасці ўсе неабходныя кампаненты. Па-другое, вельмі важна прытрымлівацца строгага распарадку: пачынаць даенне ў адзін і той жа час. Усё даільнае абсталяванне заўсёды ўтрымліваецца ў чысціні.
І, вядома ж, як і ў любой іншай, у рабоце жывёлаводаў нельга дасягнуць высокіх вынікаў, не аддаючы справе сваё ўменне, вопыт і любоў. М.М.Каржак, увогуле, усім сваім работнікам дае станоўчыя характарыстыкі. Калектыў МТФ дружны, згуртаваны, працавіты, здольны дасягаць самых высокіх паказчыкаў. У ліку перадавых даярак Наталля Міхайлаўна Корань, якая за 10 месяцаў надаіла 6044 кг малака ад каровы. Не намнога адстаюць ад яе С.А.Лыганоўская, Н.В.Прышчэпа, на рахунку якіх адпаведна 5700 і 5910 кг. У стойлавы перыяд работнікі Арэшніцкай МТФ мяркуюць не зніжаць дасягнутых паказчыкаў, бо трымаюць цвёрды курс на лідарства.
А.І.Рудко і Т.І.Груша (на здымку) – адны з самых вопытных і рэзультатыўных працаўніц свінатаварнай фермы "Драбаўшчына”. За іх плячыма багаты вопыт, укараненне новых тэхналогій у вырошчванні свінапагалоўя, патрабавальныя адносіны да выканання сваіх абавязкаў. Працоўныя здабыткі жанчын за 10 месяцаў гэтага года толькі яскрава пацвярджаюць гэта. Валавыя прывагі ў групе Алены Іванаўны склалі 39,5 тоны. Таццяна Іванаўна, якая працуе на адкорме свіней і даглядае свінаматак, дасягнула яшчэ большага паказчыка – 54,6 т, а сярэднясутачныя прывагі на яе групе складаюць 494 грамы. У памяшканнях, дзе знаходзіцца пагалоўе, – чыста, суха. Для ўтрымання свіней па сістэме «шведскага стала» у групе Т.І.Груша створаны належныя ўмовы. Утрыманне свіней спрыяе ўмацаванню эканомікі сельгаскааператыва.
Ірына Уласень.
Фота Яўгеніі Семянчук.
Отправить комментарий