Сейчас загружается

СПК «Морочь»: Хто людзей шануе, той аддачу чуе

Сёлетні Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці для  СВК “Морач” – гэта не проста прафесійнае свята, бо разам з ім марачакі будуць адзначаць 60-гадовы юбілей утварэння прадпрыемства. А яшчэ, акрамя гэтага - споўнілася роўна пяць год, як на чале калектыву стаў малады, энергічны, мэтанакіраваны і таленавіты кіраўнік, душэўны, спагадлівы, чулы чалавек – А. У. Філіпчанка.

Калі Аляксандр Уладзіміравіч  прыйшоў у гаспадарку, яна перажывала не самыя лепшыя моманты свайго развіцця, таму людзі глядзелі на яго, як на чараўніка, і спадзяваліся, што ўрэшце іх жыццё зменіцца да лепшага. Як паказаў час, народ не памыліўся. Нястача кармоў, зніжэнне надояў і прывагаў, затрымкі па выплаце і без таго невысокай заработнай платы, бясконцыя запазычанасці – гэтыя пытанні ўжо даўно страцілі сваю актуальнасць і перасталі вярэдзіць думкі старшыні. Сёння СВК “Морач” – гаспадарка са стабільна развітай эканомікай і высокапрафесійнай арміяй работнікаў. Безумоўна, папярэднічала гэтаму карпатлівая работа. Кожны прадпрымаемы кіраўніком крок быў скурпулёзна прадуманым і вывераным, бо разумелася: нават самая дробязная памылка можа абярнуцца недаверам, заваяваць па-новаму які амаль што немагчыма.

У сувязі з тым, што спецыялізацыяй сельгаспрадпрыемства з’яўляецца жывёлагадоўля, у першую чаргу стаўка была зроблена на кармавую базу. Пашырылі плошчы пад кукурузу, што паспрыяла павелічэнню запасаў: на сённяшні дзень нарыхтавана 20 ц.к.адз. травяністых кармоў на адну ўмоўную галаву (у 2005 годзе – 13,2 ц.к.адз.). Умацаванне кармавой базы станоўча адлюстравалася на вытворчых паказчыках. Калі пяць гадоў назад надой на адну карову складаў 4191 кг малака, то цяпер за год чакаецца 6950 кг. Добрыя вынікі дасягнуты на вытворчасці мяса: сярэднясутачныя прывагі БРЖ  на адкорме  адпавядалі 441 г, цяпер плануецца атрымаць 680 г. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі тады складала 1306 млн.руб., цяпер – 10195 млн.руб. Росту атрыманых рэзультатаў пасадзейнічала таксама праведзеная рэканструкцыя будынкаў, абнаўленне машынна-трактарнага парку, стварэнне належных умоў працы, забяспечанасць работнікаў індывідуальнымі сродкамі абароны, арганізацыя іх адпачынку, матэрыяльнае стымуляванне і, што самае галоўнае – адказныя і добрасумленныя адносіны кожнага асобнага чалавека на давераным яму вытворчым участку. Усе прадпрынятыя крокі прамым чынам адгукнуліся на зарплаце працаўнікоў (сярэднямесячны заробак за 2005 год па гаспадарцы складаў 173 тыс. руб., сёлета – 840000), а значыць, і на іх дабрабыце.

– Сёння, – заўважае старшыня сельгаскааператыва, – ля машынна-трактарнага парка стаяць не дзве-тры ўласныя машыны, як было некалькі гадоў назад. Выбар прадуктаў харчавання на сталах  вяскоўцаў таксама стаў больш разнастайны, чым тады, калі да зарплаты ледзь-ледзь канцы з канцамі зводзілі. Канешне, усё гэта вельмі добра, і я шчыра радуюся, што чорныя дні марачакоў закончы­ліся. Сёння ў іх ёсць тое, што заслужылі.

Палешукі – народ адкрыты і працавіты. Яны – галоўны скарб гаспадаркі, патэнцыяльны рэсурс развіцця галіны, асноўная дзеючая асоба тэхналагічнага працэсу. У гэтым  шчыра перакананы старшыня сельгаскааператыва А.У.Філіпчанка, які заўжды ставіцца да кожнага свайго работніка па-людску: калі патрэбна словам добрым дапаможа, рублём ці справай рэальнай. Ён ведае: адзін з самых важных фактараў росту вытворчасці – спакойныя абставіны ў калектыве і поўнае ўзаемаразуменне. Тады, перакананы старшыня,  і справы ладзяцца.

...Дзеля агульнай справы

У радзільнае аддзяленне МТФ “Морач” нас пусцілі толькі ў суправаджэнні старшыні сельгаспрадпрыемства і галоўнага заатэхніка: такі тут парадак, бо знаходзяцца ў радзілцы самыя маленькія жыхары велізарнага рагатага морацкага статка.

На сённяшні дзень разам з мамамі іх там 200 галоў, а даглядаюць за жывёлай усяго тры сціплыя працавітыя жанчыны. Найбольш важкі багаж вопыту ў Соф’і Міхайлаўны Антановіч. 20 гадоў ужо ў прамым сэнсе гэтага слова яна выпешчвае сваіх малых гадаванцаў і дапамагае ў час расцёлу каровам.

– А як інакш? – з лагоднай і цёплай, нібы сонейка, усмешкай на твары пачынае дзяліцца прафесійнымі тонкасцямі жанчына. – Усё жывое на зямлі любіць клопат і ласку, тым больш, яны. Я сама –  жанчына і ведаю, як важна, каб у такі момант побач быў хтосьці, гатовы падсабіць.

І дапамагае: дзе словам суцешыць, дзе пагладзіць альбо, нібыта па-сяброўску, паляпае  па чорна-белых цёплых баках са словамі “Ну давай, Маруська (Зорка, Малышка...), пацярпі...”. І так амаль штодня. Колькі расцёлаў выпала на долю С.М.Антановіч за ўвесь час яе працоўнай дзейнасці, падлічыць цяжка. У самы пік  (люты, сакавік, красавік) - каля 150, у астатнія месяцы – у тры-чатыра разы менш, памножыць на працоўны стаж жанчыны, і ў выніку лічба атрымаецца досыць вялікая. Бясспрэчна, нельга запісаць усе толькі на рахунак Соф’і Міхайлаўны: яна працуе ў суполцы з калегамі і як прафесіянал у сваёй справе перадае набыты за многія гады работы ў жывёлагадоўлі вопыт маладзешым работніцам, яны ж, у сваю чаргу, дапамагаюць ёй.

– Расцёлы – гэта не ўсё, чым займаюцца дзяўчаткі, – быццам прачытаўшы па маіх вачах здзіўленне ад рэзультатаў арыфметычных падлікаў, уключаецца ў размову загадчыца фермы Галіна Мікалаеўна Бурдзейка. – Акрамя гэтага, яны даглядаюць цялят і прымаюць першы “ўдар” па раздоі першацёлак, якія ў дзень даюць каля 25 кг малака.

Рэзультатыўна працуюць морацкія жывёлаводы на адкорме цялят (сярэднясутачныя прывагі дасягаюць 700г), вядуць мэтанакіраваную работу па захаванасці маладняку і дабіваюцца добрых вынікаў ( 98%). Усё гэта, па словах галоўнага заатэхніка П.І.Даўбнюка, стала магчымым дзякуючы паляпшэнню ўмоў утрымання жывёлы. Летась за сродкі гаспадаркі (30 млн.руб.) рэканструявана памяшканне на 100 галоў маладняку да 3-месячнага ўзросту. Сёлета – два будынкі для цёлак, адзін – для бяспрывязнага ўтрымання на 200 кароў з даільнай залай на 12 месцаў, якія абышліся сельгаспрадпрыемству ў 1 млрд.руб. Некаторыя рамонтныя работы праведзены і на комплексе, затраты на рэканструкцыю якога таксама склалі 1 млрд.руб., з іх на 1млрд.300 млн.руб. адкрыта крэдытная лінія.

Нядзіўна, што пры такіх фінансавых укладаннях калектыў проста не мае права падвесці кіраўніцтва гаспадаркі. І калі нават надараецца так, што па нейкіх аб’ектыўных прычынах на пэўным вытворчым ўчастку атрымліваецца штосьці не гэтак, як планавалася, прымаюцца ўсе магчымыя меры для стабілізацыі абстаноўкі і забеспячэння важкіх вынікаў працы. Па-іншаму быць не можа, бо атрыманне і захаванне прыплоду – не проста асноўная мэта жывёлаводаў, але і залог трывалага фінансава-эканамічнага становішча сельгаспрадпрыемства.

На здымку: злева направа: галоўны заатэхнік П.І.Даўбнюк, загадчыца МТФ “Морач” Г.М.Бурдзейка, аператары радзільнага аддзялення В.І.Савасцюк і С.М.Антановіч.

З клопатам да зямлі – з дастаткам у хаце

Перш чым стаць сваім сярод работнікаў сельгаспрадпрыемства,  А.М.Рамашка паспрабаваў сябе ў розных сферах: працаваў трактарыстам-машыністам у колішнім калгасе “Прагрэс”, райаграпрамзабеспячэнні, мясцовай ЖКГ. Але работа, чамусьці, не прыносіла задавальнення. Як прызнаецца сам Анатолій Міхайлавіч, нечага не ставала яму, здавалася, што займаецца не сваёй справай. А так хацелася быць неабходным і запатрабаваным. Тады перакрэсліў усё былое і прыняў рашэнне вярнуцца да таго, з чаго пачынаў – назад падаўся ў сельскую гаспадарку. З 2008 года тут, на зямлі, дзе нарадзіўся, энергіяй якой падсілкоўваўся з дзяцінства, і пачаўся адлік чарговага перыяду яго жыцця.

Праца механізатара не з лёгкіх, але ў бясконцай віхуры сезонных сельгасработ ён нават не прыкмячае стомы, бо, урэшце, адчувае сябе на патрэбным месцы. І няхай сабе даводзіцца па некалькі разоў на год перасаджвацца на новую тэхніку (у залежнасці ад таго, чым займаецца: падрыхтоўкай глебы да севу, ворывам, касьбой ці работай у жывёлагадоўчай галіне ў асенне-зімовы перыяд), ён ніколі не скардзіцца на цяжкасці, а моўчкі, з усёй адказнасцю да даручанай справы, выконвае свае службовыя абавязкі. А па-іншаму Анатолій Мікалаевіч Рамашка працаваць не можа, бо лічыць, што зямля-карміцелька памылак не даруе.

– Калі да яе (зямліцы) адносіцца па-гаспадарску, – прыкмячае ўжо вопытны механізатар, – аддаваць ёй усе свае сілы, яна абавязкова аддзячыць за клопат духмяным хлебам на стале і дастаткам у хаце.

А яшчэ, дадала б асабіста я, – павагай у калектыве. Нездарма ж старшыня сельгаскааператыва назваў А.М. Рамашку ў ліку лепшых работнікаў прадпрыемства.

Каб давер заслужыць, трэба справу любіць

Выключным значэннем у стварэнні належных умоў працы работнікаў сельгасгаліны ва ўсе часы лічылася забяспечанасць сучаснай высокаэфектыўнай тэхнікай. Моцны машынна-трактарны парк сённяшняга СВК “Морач” – гонар калектыву. І хоць за апошнія гады закуплена ўжо дастаткова многа тэхнікі, пытанне яе абнаўлення па-ранейшаму ў полі зроку старшыні. Сёлета на мехдвары прадпрыемства з’явіўся яшчэ адзін велікан – «Джон-Дзір». Праблем з тым, каму даверыць магутную сельгасмашыну, нават не ўзнікала. Выбар гаспадара для новай тэхнікі адразу выпаў на чалавека, які за 23 гады працы ў гаспадарцы зарэкамендаваў сябе толькі са станоўчага боку, – У.І.Цішкевіча.

Кормаўборачны камбайн апошняга пакалення – тэхніка даволі складаная, але асвоіўся са сваім новым “сябрам” вопытны механізатар літаральна за паўдня. Цяпер, ведаючы ўсе магчымасці імпартнай машыны, Уладзімір Іванавіч з лёгкасцю манеўрыруе нават на самых складаных участках палёў, дзе спачатку сее, а затым і ўбірае “каралеву” палеткаў.

Многія калегі У.І.Цішкевіча нават не ўтойваюць, што крыху зайздросцяць яму, маўляў, чаму б не рабіць пры такой аўтаматызацыі. Сапраўды, за штурвалам сельгасагрэгата і самому механізатару камфортна, і грошай зарабіць больш можна.

– Але ці можна даверыць дарагую тэхніку работніку, які ходзіць на працу толькі дзеля зарплаты, баўлення часу і высвятлення сваіх правоў, не задумваючыся аб абавязках і не аддаючы нічога ўзамен? – услед на злыя выказванні пярэчыць старшыня прадпрыемства.

Працавітасць, адказнасць і добрасумленныя адносіны да таго, чым займаешся, былі, ёсць і будуць лепшымі рысамі характару чалавека, нягледзячы ні на якія новыя прыдуманыя веянні сучаснасці. Выдумляць усякія глупствы – козыр гультаёў. А людзі, якія адносяцца да справы з душой, заўсёды ў пашане і “на кані”. Не на клячы, а на новым, магутным і высокапрадуктыўным. Такім, як у Цішкевіча.

Святлана Орпель.

Фота Яўгеніі Семянчук.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили