Кандыдату ў прэзідэнты Беларусі Віталю Рымашэўскаму 24 лістапада ўручана афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства і недапушчальнасці дзейнасці, звязанай з арганізацыяй правядзення масавага мерапрыемства на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. Аб гэтым паведаміў 24 лістапада журналістам начальнік упраўлення па нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Генпракуратуры Павел Радзівонаў. Афіцыйнае папярэджанне таксама аформлена на кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча. Раней Мікалай Статкевіч быў папярэджаны Генпракуратурай аб магчымых мерах адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правіл правядзення масавых мерапрыемстваў. Паводле слоў начальніка ўпраўлення, кандыдат у прэзідэнты ў час прамога эфіру на рэспубліканскім тэлеканале заклікаў выбаршчыкаў з’явіцца на несанкцыянаваны мітынг. «Правядзенне і арганізацыя гэтага мітынгу парушаюць патрабаванне беларускага заканадаўства», – сказаў Павел Радзівонаў. Найбольш жорсткім пакараннем для кандыдатаў у прэзідэнты могуць стаць меры, якія можа прыняць Цэнтрвыбаркам. «Яны звязаны з пазбаўленнем статусу кандыдата ў прэзідэнты», – растлумачыў прадстаўнік Генпракуратуры.
Экзіт-полы даюць дакладную тэндэнцыю выбараў, але не іх вынікі
Такі пункт гледжання выказала ў час оnline канферэнцыі на сайце БелТА старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына. «Апытанні экзіт-полаў даюць толькі дакладную і выразную тэндэнцыю, яны не могуць даваць вынікі, бо вынік – толькі падлік галасоў», – падкрэсліла старшыня ЦВК.
Адказваючы на пытанне, ці будуць у маючыя адбыцца прэзідэнцкія выбары праводзіцца экзіт-полы, Лідзія Ярмошына адказала сцвярджальна. «Усе арганізацыі, якія акрэдытаваны ў спецыяльнай камісіі пры Нацыянальнай акадэміі навук, маюць права гэта рабіць. Звычайна працуюць тры-чатыры», – сказала яна. У ЦВК ужо звярнулася арганізацыя, якая апошнія некалькі гадоў пастаянна супрацоўнічае з Цэнтральнай выбарчай камісіяй. Гэта цэнтр EcooM, які з’яўляецца афіцыйным партнёрам ЦВК. Плануецца, што ліцэнзію на правядзенне экзіт-полаў атрымае сацыялагічная група ад Беларускага патрыятычнага саюза моладзі. Чакаецца таксама, што будуць працаваць расійскія сацыялагічныя групы, спецыялісты з Украіны. «Таму экзіт-полы будуць ажыццяўляць не менш як пяць арганізацый – нашых і замежных», – рэзюмавала Лідзія Ярмошына.
Прадстаўнікі кандыдатаў на пасаду прэзідэнта ўпершыню будуць працаваць у ЦВК
Прадстаўнікі кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Беларусі ўпершыню будуць працаваць у ЦВК у якасці членаў камісіі з правам дарадчага голасу. Аб гэтым паведаміла 23 лістапада ў час оnline канферэнцыі на сайце БелТА старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына. Яна адзначыла, што прадстаўнікі змогуць актыўна ўплываць на ўсё, што абмяркоўваецца ў ЦВК. Інстытут членаў з правам дарадчага голасу, якія прадстаўлялі палітычныя партыі, выкарыстоўваўся з 2000 года на парламенцкіх выбарах. Вопыт паказвае: прадстаўнікі вельмі актыўна паводзяць сябе на пасяджэннях Цэнтрвыбаркама. Лідзія Ярмошына дадала, што пяць кандыдатаў ужо назначылі сваіх прадстаўнікоў у склад ЦВК. Яны прымуць удзел у рабоце камісіі на пасяджэнні 30 лістапада.
БелТА.
Отправить комментарий