Сейчас загружается

Прыярытэт – павышэнню дабрабыту людзей

У сераду адбылася прэс­­­с-канферэнцыя старшыні Мінаблвыканкама Барыса Васільевіча Батуры журналістам вобласці. Такія сустрэчы ўжо сталі традыцыйнымі, а ў лістападаўскай удзел прымалі 56 прадстаўнікоў дзяржаўных і недзяржаўных СМІ Міншчыны. І хоць кожны “прывёз” пытанне ад падпісчыкаў свайго раёна, адказ на першае, зададзенае галоўным рэдактарам абласной газеты “Мінская праўда” Мікалаем Літвінавым адносна вынікаў работы за адыходзячую пяцігодку, планаў на будучую і тых прапаноў, з якімі ўдзельнікі IV Усебеларускага народнага сходу ад цэнтральнага рэгіёна выйдуць на яго трыбуну, выклікаў асаблівую зацікаўленасць.

Кіраўнік сталічнай вобласці падрабязна расказаў аб рэзультатах, якія яна мае на канец пяцігодкі. Барыс Васільевіч зазначыў, што па выніках 2010 года чакаецца невыкананне толькі аднаго паказчыка прагноза сацыяльна-эканамічнага развіцця па сельскай гаспадарцы. Так, планавалася павялічыць вытворчасць сельгаспрадукцыі на 43-45%, але атрымалася толькі на 23-25%. Аднак і тут па асобных пазіцыях ёсць станоўчая дынаміка, у прыватнасці, валавы надой малака вырас у 1,6 раза. Рэалізацыя ў 2007-2010 гадах дзяржпраграмы развіцця малых і сярэдніх гарадоў і пасёлкаў (усяго каля 50) прынесла шмат станоўчых змяненняў у невялікіх населеных пунктах, аднак пакуль не назіраецца раўнамернага развіцця тэрыторый – паказчыкі адрозніваюцца ў разы.

Увогуле ж губернатар лічыць, што за прайшоўшыя гады на Міншчыне напрацаваны добры задзел для далейшага інтэнсіўнага руху наперад. Згодна з праектам Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011- 2015 гады перад вобласцю ставяцца   сур’ёзныя задачы. Прыярытэтам, як і раней, будзе павышэнне дабрабыту людзей, рост экспарту, будаўніцтва жылля, развіццё сельскай гаспадаркі, малых населеных пунктаў. Акрамя таго, больш увагі будзе нададзена сацыяльнай абароне насельніцтва, прадпрымальніцтву, укараненню інвестыцый. Вялікія прадпрыемствы будуць прыцягнуты для інавацыйнай дзейнасці. Аб’ём інвестыцый у эканоміку Мінскай вобласці плануецца павялічыць амаль удвая. Цяпер праводзіцца работа па стварэнні ў Смалявічах абласнога тэхнапарка, прапрацоўваецца пытанне з кітайскімі партнёрамі аб размяшчэнні ў рэгіёне кітайска-беларускага індустрыяльнага парка. Старшыня аблвыканкама падрабязна спыніўся на пытанні падтрымкі прадпрымальніцтва. Да 2015 года доля малога і сярэдняга бізнесу ў ВУП вобласці павінна скласці 50% супраць цяперашніх 20%.

– Галоўная сфера, дзе патрэбна і куды мае сэнс ісці прыватніку, – сфера паслуг, – падкрэсліў Б.В.Батура.

На прадстаячым Усебеларускім сходзе Мінская вобласць выступіць з шэрагам ініцыятыў. Прапануецца ўнесці змяненні ў нарматывы размеркавання даходаў паміж рэспубліканскімі і мясцовымі бюджэтамі, гэта значыць падатковыя паступленні звыш запланаванага пакідаць у рэгіёнах. Акрамя таго, дынамічнаму развіццю тэрыторый садзейнічала б перадача прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні міністэрстваў, у камунальную ўласнасць, за выключэннем стратэгічна важных для краіны, а таксама прыватызацыя стратных невялікіх арганізацый.

Кіраўнік вобласці, адказваючы на пытанне аб уражаннях ад удзелу Міншчыны ў нядаўнім Беларускім інвестыцыйным форуме, што прайшоў ва Франкфурце-на-Майне, выказаў сваё задавальненне:

– Ад нашай вобласці адбылася прэзентацыя праектаў па будаўніцтву транспартна-ла­гістычнага цэнтра ў Валожынскім раёне і завода па перапрацоўцы кісла-малочнай сыроваткі ў Нясвіжы. З 18 заключаных інвестыцыйных пагадненняў 4 тычацца менавіта сталічнай вобласці.

Так, пры Мінскай абласной клінічнай бальніцы ў Бараўлянах плануецца пабудаваць “пад ключ” кансультатыўную паліклі­ніку з кардыялагічным цэнтрам на 900 наведванняў у змену, стварыць ветрапарк у Лагойскім раёне, арганізаваць зборку бульбаўборачных камбайнаў, стварыць у Слуцку прадпрыемства па выпуску малочнай прадукцыі, 90% якой будзе экспарт.

Прыцягненню інвестыцый і ў бягучым годзе надавалася вялікае значэнне, што станоўча адбілася на выніках работы – цяпер сталічны рэгіён займае другое месца пасля Мінска па ўдзельнай вазе ў агульнарэспубліканскім аб’ёме інвестыцый у асноўны капітал. Усяго ў вобласці маецца 116 інвест­праектаў, а найбольш буйнымі інвестарамі выступаюць такія краіны, як Расія, Кіпр, Швейцарыя, Латвія, Германія, Вялікабрытанія. Асаблівая цікавасць замежных бізнесменаў скіравана на  развіццё лёгкай і харчовай прамысловасці, транспартнай інфраструктуры, будаўніцтва гандлёвых, забаўляльных, спартыўных, транспартна-ла­гістычных цэнтраў.

Калег – прадстаўнікоў Маладзечаншчыны – хвалявала, на якім этапе знаходзяцца работы па падрыхтоўцы да рэспубліканскіх “Дажынак-2011”. І зноў жа, гэта пытанне ў шэрагу тых, цікавасць да якіх выказалі ўсе прысутныя.

– Мы загадзя пачалі рыхтавацца да гэтай значнай падзеі і правільна зрабілі. Усе праекты рэалізуюцца ў адпаведнасці з планам мерапрыемстваў і аб’ёмамі фінансавання, на 90 аб’ектах пачата работа: распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя, праводзяцца конкурсы на вызначэнне генпадрадчыкаў. Штотыднёва ў Маладзечна працуе штаб па падрыхтоўцы да рэспубліканскага свята хлебаробаў, – пачаў свой адказ Барыс Васільевіч.

Галоўным аб’ектам, дзе плануецца правядзенне самога мерапрыемства, стане спартыўна-забаўляльны комплекс з лядовай арэнай на 2 тысячы месцаў. Ён будзе шматфункцыянальны, разлічаны на розныя масавыя мерапрыемствы спартыўнага і культурнага напрамку. Акрамя таго, Маладзечна зменіць архітэктурны план некаторых сваіх куточкаў, у горадзе з’явяцца новыя скульптурныя кампазіцыі, будзе добраўпарадкавана тэрыторыя, адрамантаваны дарогі.

Нібы ў працяг тэмы журна­лісты пацікавіліся, як кіраўнік вобласці ацэньвае работу яе будаўнічага комплекса? Б.В.Батура не таіў таго, што ён не зусім задаволены. Разам з тым ім было адзначана, што ўзровень жыллёвага будаўніцтва на Міншчыне застаецца адным з самых высокіх у Беларусі. У будучай пяцігодцы плануецца павялічыць аб’ёмы амаль у два разы – пабудаваць 7 млн.275 тыс.кв.м. жылля. Асноўны акцэнт будзе зроблены на зніжэнне кошту і належную якасць будаўніцтва. Гэта галіна будзе развівацца і знаходзіцца пад самым пільным кантролем, таму што напрамую ўплывае на ўзровень жыцця беларусаў.

За гадзіну прамога дыялогу з прэсай Барыс Васільевіч па­спеў адказаць і на тыя пытанні, якія былі звязаны непасрэдна з праблематыкай асобных рэгіёнаў. Пры гэтым ён не аднойчы падкрэсліў, што ў будучым па­трэбна павысіць ролю органаў мясцовага самакіравання, каб кожны раён вобласці стаў самадастатковым.

– Істотнага руху наперад не адбудзецца без ініцыятывы, зацікаўленасці на месцах, – звярнуў увагу прысутных губернатар і дадаў: – На вынік патрэбна працаваць усім, а пачынаць кожнаму неабходна з добраўпарадкавання, умелага гаспадарання на тэрыторыі, дзе ён жыве і працуе.

Запісала Жанна Гардзіевіч.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили