Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад давераных асоб у час перадвыбарнай кампаніі пазбягаць перабораў у агітацыі. «Хацеў бы звярнуць увагу на адну ўласцівасць у нашай перадвыбарнай кампаніі: у прапагандзе, агітацыі, у нашым імкненні абараніць усё, што стварылі, не павінна быць перабораў, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Калі мы лішні раз пачнем хваліцца перад людзьмі і залішне падкрэсліваць тое, што зроблена, для нас гэта будзе негатывам. Перабору быць не павінна ні ў чым». Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў спіс яго давераных асоб у гэтай выбарчай кампаніі ўвайшлі прадстаўнікі розных прафесій, людзі, якія ўмеюць размаўляць з народам і здольныя данесці ідэі. «Галоўнае ў тым, што вы належыце да тых людзей, якія стаяць побач з Прэзідэнтам, ажыццяўляюць курс Прэзідэнта на справе, больш таго, вы прапагандуеце гэты курс, маеце дачыненне да стварэння ўсяго таго, што ў нас сёння ёсць у краіне», – сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да давераных асоб. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэтыя людзі павінны гаварыць аб тым, як многа зроблена ў Беларусі за апошні перыяд і што трэба будзе зрабіць у будучым. «Вы проста абавязаны абараняць створанае, вы павінны разам са мной несці ў масы тыя задумы, якія мы будзем рэалізоўваць, прынамсі, у бліжэйшыя 5 гадоў, калі на тое будзе воля беларускага народа», – сказаў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што яго перадвыбарная праграма ўжо апублікавана, і ў ёй вызначаны прыярытэты і галоўныя мэты, якіх трэба будзе дасягнуць у будучай пяцігодцы. Пры гэтым ён акцэнтаваў увагу на тым, што дасягнення ўсяго намечанага можна дабіцца толькі неймавернай працай.
А.Лукашэнка не бачыць ніякай розніцы паміж альтэрнатыўнымі кандыдатамі ў прэзідэнты
Аляксандр Лукашэнка прапануе стварыць ідэйны партрэт альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, каб паказаць, што ніякай розніцы паміж імі няма. «Трэба акрэсліць, вобразна намаляваць партрэт альтэрнатыўных кандыдатаў. Людзям трэба растлумачыць, што ніякай розніцы ў іх няма. Усё, што яны гавораць, – гэта хлусня», – сказаў Кіраўнік дзяржавы. «Я ведаю ўсю іх паднаготную. Усе яны выраслі з аднаго кораня», – дадаў ён. «Усе яны – гэта альтэрнатыва дзеючай уладзе, бел-чырвона-белыя, нацэленыя на насільную беларусізацыю, людзі выключна празаходняга вектара. І вось гэтыя ігры на расійскіх клавішах, на расійскім інструменце - гэта ўсё для таго, каб паказаць, што ў іх ёсць нейкая розніца, і максімум у гэтым плане адарваць галасоў у дзеючага Прэзідэнта», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. «Павінен быць на гэтых дзевяць чалавек пэўны ідэйны партрэт», – дадаў ён. Аляксандр Лукашэнка ў якасці прыкладу прывёў некалькі тэзісаў апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Так, у прыватнасці, адзін з іх прапануе змяніць грашова-крэдытную палітыку дзяржавы такім чынам, каб беларускі рубель адзін к аднаму прыраўнаваць да амерыканскага долара, аднак не гаворыць аб тым, якім чынам ён мае намер гэта ажыццявіць у сучасных умовах. Другі кандыдат абяцае ў выпадку сваёй перамогі бясплатна аддаць Расіі трубаправоды і беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. «Ушчэрбнасць і слабасць кожнага з іх відавочныя, – адзначыў Кіраўнік дзяржавы. – Але самае галоўнае: мы не павінны даць магчымасць падмануць людзей». «Яны патрабавалі прамога эфіру – ім яго прадаставілі. І сёння ўжо не яны, дык бліжэйшыя памочнікі і ідэолагі адкрыта заяўляюць аб тым, што лепш бы яны не выкарыстоўвалі гэты прамы эфір. Думалі, што выйдуць вялікія аратары на экран, два словы скажуць і народ пабяжыць ледзь не заўтра за іх аддаваць галасы. Аказалася, гэта не так проста», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. На думку Прэзідэнта, «народ усё бачыць». «Мы павінны гаварыць пра сябе, больш аб перспектывах», – дадаў ён.
За тыдзень рэйтынг А.Лукашэнкі павялічыўся на 0,9% да 71,3%
Калі б выбары адбыліся заўтра, за дзеючага Кіраўніка дзяржавы гатовы прагаласаваць 71,3% грамадзян Беларусі. За тыдзень рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі павялічыўся на 0,9 пункта. Аб гэтым сведчаць вынікі штотыднёвага маніторынгу грамадскай думкі, праведзенага 16-19 лістапада Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. Рэйтынгі астатніх кандыдатаў у прэзідэнты не перавышаюць 1%. Не хочуць або не могуць выказаць свае электаральныя перавагі 27% рэспандэнтаў. У прэзідэнцкіх выбарах збіраюцца прыняць удзел 92% грамадзян. 4% ўдзельнікаў маніторынгу яшчэ не вызначыліся з тым, ці прыйдуць яны на выбарчыя ўчасткі. Аб нежаданні ўдзельнічаць у выбарах заявілі 4% апытаных.
ЦВК вынес папярэджанні кандыдатам у прэзідэнты В.Рымашэўскаму і М.Статкевічу
за арганізацыю і правядзенне несанкцыянаванай акцыі ў цэнтры Мінска. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. "ЦВК мае дакументы, якія ўстанаўліваюць, што В.Рымашэўскі і М.Статкевіч арганізавалі і правялі на Кастрычніцкай плошчы 24 лістапада незаконнае мерапрыемства. Яны ведалі, што яно незаконнае, паколькі Генпракуратура загадзя вынесла папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння выбарчага заканадаўства", – растлумачыў на пасяджэнні сакратар ЦВК М.Лазавік. Паводле яго слоў, кандыдаты парушылі арт.45 прым. Выбарчага кодэкса аб правядзенні масавых мерапрыемстваў і праігнаравалі рашэнне Мінгарвыканкама, якое вызначае месцы для правядзення агітацыйных мерапрыемстваў. У гэтым рашэнні дазволена правядзенне агітацыі ў сталіцы практычна ўсюды, акрамя чатырох плошчаў, уключаючы Кастрычніцкую плошчу. Нягледзячы на незаконнасць правядзення, сход прайшоў без негатыўных наступстваў для яго ўдзельнікаў. Шмат у чым гэтаму садзейнічалі карэктныя і правільныя паводзіны праваахоўнікаў.
Памяшканні для галасавання – пад кругласутачную ахову
"Міліцыя возьме пад кругласутачную ахову памяшканні для галасавання на выбарах Прэзідэнта Беларусі пасля паступлення бюлетэняў" – паведаміў намеснік міністра ўнутраных спраў Я.Полудзень. Такі парадак існуе ў Беларусі ўжо не першы год. Намеснік кіраўніка МУС таксама нагадаў, што ў ходзе галасавання супрацоўнікам міліцыі нельга ўмешвацца ў гэты працэс, а займацца менавіта аховай правапарадку. Акрамя таго, у час дзяжурства на ўчастках у начны час супрацоўніка міліцыі маюць права кантраляваць начальнік органа ўнутраных спраў або старшыня выбаркама. На кожным участку ёсць спецыяльная кніга ўліку, у якой міліцыянер распісваецца, калі перадае дзяжурства іншаму супрацоўніку. Намеснік міністра нагадаў, што акрамя дзяжурства на ўчастках міліцыя пяройдзе і на ўзмоцнены варыянт службы на вуліцах.
БелТА.
Отправить комментарий