Расходы на ахову здароўя ў Беларусі самыя высокія сярод краін СНД. Так у 2009 годзе яны склалі 3,9% ад УВП (у Расіі – 3,3, Украіне – 3,8, Казахстане – 2%). Бягучыя расходы кансалідаванага бюджэту Рэспублікі Беларусь на ахову здароўя за 2009 год саставілі 5,4 трлн. рублёў і ўзраслі ў параўнанні з 2005 годам у 1,8 раза. Гэта звязана з тым, што ахова здароўя насельніцтва і развіццё сістэмы здароўя – прыярытэтны накірунак дзяржаўнай палітыкі нашай краіны. Доля асігнаванняў, выдаткоўваемых на гэтыя мэты з рэспубліканскага, абласнога і раённага бюджэтаў, штогод павялічваецца, а значыць, з’яўляецца магчымасць за гэтыя сродкі пашыраць спектр аказваемых насельніцтву паслуг, весці рамонт і рэканструкцыю старых будынкаў, набываць сучаснае высокатэхналагічнае абсталяванне. Канешне, аб паліклініцы, накшталт той, што наведаў Прэзідэнт у час рабочай паездкі на Брэстчыну, нам, правінцыялам, нават марыць не даводзіцца, ды, па праўдзе кажучы, і не трэба (гэта прывілея абласных цэнтраў), аднак пэўныя прыкметныя крокі па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы будаўніцтва і рэканструкцыі раённых медустаноў, аб якой таксама вёў гаворку падчас свайго візіту ў Брэсцкую вобласць Аляксандр Лукашэнка, зроблены і на Клеччыне.
Сёлета на цякучае ўтрыманне аховы здароўя раёна выдзелена 11,7 млрд.руб., што на аднаго жыхара складае 377 тыс.руб. З гэтай сумы, па словах галоўнага ўрача ЦРБ Людмілы Васільеўны Квецень, 1 млрд.руб. затрачаны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы медустаноў.
– За гэты год, – працягвае гаворку мая суразмоўца, – адрамантавана ў адпаведнасці з санітарна-тэхнічнымі нормамі памяшканне, у якое перанесены супрацьтуберкулезны кабінет, аснашчаны новым медыцынскім абсталяваннем. На гэтыя мэты зрасходавана больш за 100 млн.руб. Акрамя таго, праведзены касметычныя рамонты медустаноў у аграгарадках. Так, у прыватнасці, у Сіняўцы належны стан нададзены тром кабінетам, фасаду будынка бальніцы, атынкавана 19 вокнаў; у Грыцэвічах адрамантаваны плот, пакой для медперсаналу, атынкаваны фасад і 19 вокнаў у Янавіцкай урачэбнай амбулаторыі. Разам з тым працягваецца пачаты яшчэ летась рамонт паліклінікі у ЦРБ. На сучасным узроўні пераабсталяваны другі паверх паліклінікі, адрамантаваны ўсе кабінеты. На першым паверсе завершаны рамонт двух кабінетаў хірургічнага профілю, пачаты – у кабінетах траўматолага і анколага. Не застаюцца па-за ўвагай і другія аддзяленні. Так адрамантаваны чатыры кабінеты з аднаўленнем водазабеспячэння – у рэабілітацыі, пераварана сістэма водазабеспячэння, заменена ўся сантэхніка ў жаночай кансультацыі. Больш таго, у адпаведнасці з праграмай дадатковай пазыкі для мадэрнізацыі ў сацыяльнай сферы да канца года плануецца змяніць вокны і дзвярныя блокі на энергазберагальныя пакеты ў лячэбных карпусах ЦРБ, на што будзе зрасходавана 634 млн.руб. За сродкі Сусветнага банка, дагавор, з якім заключаны дзякуючы раённаму выканаўчаму камітэту, будуць зменены 30 уваходных дзвярэй і 521 акно, з іх 180 вокнаў ужо ўстаноўлены. Аднак на гэтым мы спыняцца не збіраемся, бо добра ўсведамляем, што паліклініка – гэта твар ЦРБ, і ён павінен мець годны выгляд, каб не псаваць настрой і не прыгнечваць стан хворых, якія найчасцей трапляюць да ўрача менавіта праз яе.
Па-ранейшаму прыярытэтным для кіраўніцтва ЦРБ застаецца пытанне набыцця бытавога і медыцынскага абсталявання. І хаця практычна цяжка вырашаць адначасова некалькі глабальных праблем, паралельна з рамонтам бальнічных палат і калідораў размерана вядзецца і перааснашчэнне медустановы, вышукваюцца грашовыя сродкі на гэтыя мэты. Сёлета закуплены і ўстаноўлены стэрэлізатар коштам 48 млн.руб., ЭКГ- апараты на суму 21 млн.руб. У рамках праграмы Дэмаграфічнай бяспекі здзяйсняецца комплекс мерапрыемстваў па прафілактыцы і дыягностыцы лячэння артэрыяльнай гіпертэнзіі. Для гэтага набыта патрэбная колькасць рэагентаў для вызначэння ўзроўня рызыкі развіцця гэтага захворвання. Набыта выцяжная шафа для работы ў лабараторных умовах.
Як бачна, за 10 месяцаў 2010 года ў Клецкай ЦРБ зроблена нямала, і ўсё гэта, зразумела, пацягнула значныя фінансавыя ўкладанні. Але асноўны праект, які запатрабаваў найбольш грашовых сродкаў (больш за 700 млн.руб. за ўвесь перыяд рэканструкцыі) – інфекцыйнае аддзяленне. Менавіта на ім і рабіла асноўны акцэнт у час нашага чарговага рабочага візіту ва ўстанову аховы здароўя яе галоўны ўрач. І гэта зразумела. Цяпер рэканструяваны будынак адразу кідаецца ў вочы ўсім, каму даводзіцца бываць на тэрыторыі бальніцы. Не абмінулі яго бокам і мы. Каб уласнымі вачыма пераканацца ва ўтульнасці адноўленых палат і пагаварыць аб створаных зручнасцях з людзьмі, якія там працуюць, а таксама з пацыентамі, для якіх непасрэдна ўсё гэта і рабілася, у адзін з восеньскіх дзён рэдакцыйная група наведалася ў аддзяленне. І адразу стала зразумелым, што для калектыву, які там працуе, яго адкрыццё стала сапраўдным святам. Па-першае, таму, як зазначыла загадчыца кабінета інфекцыйных захворванняў ЦРБ Наталля Васільеўна Русакова, што гэта падзея доўгачаканая, бо “інфекцыйнае аддзяленне знаходзілася ў адным з самых старых будынкаў бальніцы, мела зношаную вентыляцыйную сістэму, цепла- і водазабеспячэння і ўжо даўно патрабавала капітальнага рамонту”. Па-другое, адназначна, пасля рэканструкцыі як у саміх работнікаў, так і пацыентаў з’явілася мноства неаспрэчных пераваг. Гэта і добраўпарадкаваны прыёмны пакой (яго раней ўвогуле не было), і абсталяваныя працэдурны кабінет, санітарны бокс для хворых на сухоты, дзе знаходзяцца пацыенты да адпраўкі іх у спецыялізаваныя медустановы, і палата інтэнсіўнай тэрапіі, у якой аказваецца дапамога цяжка хворым да іх пераводу ў рэанімацыйнае аддзяленне. Непасрэдна ў лячэбных палатах і боксах – асобныя санітарныя вузлы, часткова заменена мэбля: устаноўлены новыя ложкі і стулы, набыта бялізна. Карацей кажучы, ад былога аддзялення застаўся хіба што толькі план размяшчэння памяшканняў, самі ж яны зменены да непазнавальнасці: светлыя прыгожыя палаты і калідор, з упэўненасцю можна сказаць, цяпер не будуць прыгнятаць сваімі змрочнымі адценнямі сцен і без таго пануры настрой хворых. Галоўнае, каб усё гэта цанілася пацыентамі.
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка даручыў Ураду на працягу двух гадоў завяршыць пачатыя будаўніцтва і рэканструкцыю медустаноў Беларусі. Па яго словах, практычна ўсе раённыя бальніцы, асабліва іх рэанімацыйныя і хірургічныя аддзяленні, аснашчаны неабходным абсталяваннем, далей будзе весціся “кропкавае фінансаванне” на развіццё аховы здароўя па найбольш важных напрамках, такіх як сардэчна-сасудзістыя захворванні, анкалагічныя, траўматалогія. “Бальніца павінна быць тым месцам, дзе лечаць людзей,” – неаднойчы падкрэсліваў Прэзідэнт. А для гэтага, не трэба быць філосафам, каб зразумець, што ў іх павінны працаваць высокапрафесійныя медыцынскія кадры. Праблема забяспечанасці імі, як зазначае Л.В.Квецень, востра стаіць перад адміністрацыяй ЦРБ ужо на працягу многіх гадоў. Чаму ж маладыя спецыялісты не затрымліваюцца на Клеччыне? На гэта маецца мноства прычын, адна з самых асноўных – вялікая нагрузка на аднаго работніка. І, напэўна, той, каму даводзіцца час ад часу бываць у сталічных клініках, прыкмячаў, што прыём пацыентаў у многіх з іх вядзецца строга па запісу, і больш, чым трэба, доктар не прыме. Нашы ўрачы (пераважная частка іх) вядуць прыём хворых да апошняга чалавека, ну, хіба, за выключэннем выпадкаў, калі трэба ехаць на выклік. Аднак гаворка не пра гэта. У любым выпадку, нягледзячы ні на якія акалічнасці, усе мы павінны выконваць сваю місію на зямлі. І калі з боку кіраўніцтва будуць прымацца ўсе магчымыя крокі для стварэння належных умоў работы калектыву і іх паляпшэння ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу, калі кожны пацыент і медработнік будзе ставіцца да сваіх абавязкаў сумленна і адказна, тады і бальніца будзе тым месцам, дзе лечаць.
Святлана Орпель.
Фота Яўгеніі Семянчук.
Отправить комментарий