Сейчас загружается

Мы наблізіліся да галоўнай мэты – высокага ўзроўню і якасці жыцця народа

Беларусь павінна стаць па-сапраўднаму моцнай. Аб гэтым 6 снежня ва ўступным слове на IV Усебеларускім народным сходзе заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. "Праграма, з якой мы выходзім на гэты сход, – гэта беспрэцэдэнт­ныя тэмпы росту эканомікі і дабрабыту народа. Інакш нельга, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – У сучасным свеце паважаюць моцных і лічацца толькі з моцнымі. Беларусь павінна стаць па-сапраўднаму моцнай!"

Звяртаючыся да ўдзельнікаў IV Усебеларускага народнага сходу, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Вы – паўнамоцныя прадстаўнікі народа, выбраныя ад усіх рэгіёнаў Беларусі, усіх сацыяльных груп і большасці працоўных калектываў, грама­дзянскай супольнасці і галін улады. Вы ведаеце ўсё – ад макраэканомікі да праблем канкрэтнага чалавека. Вы прывезлі на з'езд наказы і клопаты людзей, якія вас выбралі, уключаючы прапановы ў Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на наступнае пяцігоддзе, якая была вынесена на ўсенароднае абмеркаванне".

Зыходзячы з гэтага, Прэзідэнт Беларусі выказаў упэўненасць, што на сходзе будуць прыняты ўсебакова вывераныя, узважаныя рашэнні, што ідуць ад жыцця, якія правільна вызначаць далейшую стратэгію краіны. "Але дасягненне намечаных мэт будзе залежаць ад таго, наколькі яны стануць праграмнай устаноўкай для кожнага працоўнага калектыву, для кожнага грамадзяніна Беларусі", – адзначыў ён.

"Наша будучыня ствараецца не на плошчах, а на прамысловых і аграрных прадпрыемствах, у навуковых лабараторыях і навучальных установах. Усе мы будзем працаваць над тымі задачамі, якія вызначым у якасці мэтавых на нашым форуме. Мы ў адказе ўсе з вамі за іх рэалізацыю", – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Галоўнае – быць сумленнымі перад народам, цвёрда трымаць слова. Паабяцалі – абавязкова трэба зрабіць!" – дадаў беларускі лідар.

Беларусь наблізілася да галоўнай мэты – высокага ўзроўню і якасці жыцця народа. "У Беларусі гэтыя прадстаўнічыя форумы (Усебеларускі народны сход. – заўвага БелТА) маюць важкі аўтарытэт і прызнанне. Дастаткова ўспомніць іх храналогію", – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што першы сход праходзіў у крытычны перыяд жыцця краіны. Паводле яго слоў, менавіта тады, параіўшыся з народам, быў зроблены выбар эвалюцыйнага шляху стварэння, а не шокавая тэрапія з рабаваннем людзей і абагачэннем асобнай кучкі асоб. Другі з'езд увайшоў у гісторыю тым, што на ім была прынята сучасная беларуская мадэль развіцця і вылучана ідэя, якая змагла кансалідаваць грамадства, – пабудова моцнай і працвітаючай краіны.

Трэці сход, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка, замацаваў існуючую высокую дынаміку сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і вызначыў новую стратэгічную задачу – стварэнне дзяржавы для народа, тым самым павярнуўшы ўсю палітыку ўлады тварам да чалавека.

"Словам, рашэнні папярэдніх з'ездаў далі магчымасць Беларусі адбыцца як незалежнай дзяржаве, значна нарасціць эканамічны патэнцыял, забяспечыць прагрэсіўнае сацыяльнае развіццё, – адзначыў Прэзідэнт Беларусі. – За кароткі гістарычны тэрмін мы прайшлі вялізны шлях. Адвялі краіну ад той прорвы, на краі якой яна апынулася ў пачатку 90-х, і наблізіліся да галоўнай мэты – высокага ўзроўню і якасці жыцця нашага народа".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, цяперашні з'езд – заключны акорд усенароднага агляду спраў у краіне і вызначэння перспектыў яе развіцця. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што мінулыя пяць гадоў пасля трэцяга Усебеларускага народнага сходу сталі часам выпрабавання на трываласць беларускай сацыяльна-эканамічнай і палітычнай мадэлі развіцця. "За гэты перыяд было ўсё: эканамічныя санкцыі і палітычныя дэмаршы супраць нашай краіны, спробы дэстабілізацыі абстаноўкі з прымяненнем метадаў "каляровых рэвалюцый" і правакацый, "гандлёвыя войны" і сусветны фінансава-эканамічны крызіс, – сказаў Прэзідэнт. – Але мы не дазволілі ўцягнуць сябе ў якія-небудзь палітычныя авантуры, а напружана працавалі ў імя дабра, шчасця, дабрабыту і працвітання нашай Айчыны".

Беларусь даказала сваю здольнасць забяспечыць устойлівае развіццё і нацыянальную бяспеку нават у самых жорсткіх знешніх умовах. Сусветны фінансава-эканамічны крызіс, на жаль, не абышоў бокам Беларусь, але краіна змагла вытрымаць гэта вельмі сур'ёзнае выпрабаванне, канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. "Краіна не прагнулася, нягледзячы на неймаверны націск і масіраваны шантаж з усіх бакоў. Мы не далі загубіць створаную палітычную і сацыяльную стабільнасць. Захавалі народны здабытак, які ў іншых краінах пайшоў за бясцэнак", – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У Беларусі дзякуючы ўласнай мадэлі развіцця ўдалося прадухіліць наступствы крызісу, якія давялося зведаць большасці краін свету. "Наш сацыяльна-палітычны курс не на словах, а на справе даказаў сваю эфектыўнасць", – падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле слоў беларускага лідара, за мінулыя пяць гадоў краіна зрабіла каласальны рывок у сацыяльна-эканаміч­ным развіцці. Нягледзячы на цяжкасці, усе абяцанні, дадзеныя народу на ІІІ Усебеларускім сходзе, былі выкананы.

Гаворачы аб дасягненнях Беларусі за апошнія гады, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што "гэта не падарунак ад Госпада Бога і не вынік сыравіннага экспарту", а вынік напружанай працы. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў цэннасць рэальнага суверэнітэту краіны, калі народ мае права самастойна выбіраць стратэгію сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця.

"Ніхто не будзе за нас вырашаць нашы праблемы і задачы – ні Масква, ні Вашынг­тон, ні Брусель! Мы павінны рашуча па­збавіцца ад непаўнацэннай лакейскай псіхалогіі залежнасці ад некага больш моцнага і недаацэнкі ўласных магчымасцей, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Толькі ад нас залежыць сучаснае і будучае Беларусі".

БелТА.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили