Сейчас загружается

Разам – за моцную і квітнеючую Беларусь

БЕЛАРУСЬ МАЕ НАМЕР УВАЙСЦІ Ў ЛІК 50 КРАІН З НАЙВЫШЭЙШЫМ ІНДЭКСАМ РАЗВІЦЦЯ ЧАЛАВЕЧАГА ПАТЭНЦЫЯЛУ

Беларусь у 2011-2015 гадах павінна ўвайсці ў лік 50 краін з найвышэйшым індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу. Аб гэтым паведаміў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на IV Усебеларускім народным сходзе. Прэзідэнт адзначыў, што праводзімая ў краіне работа ў мінулым па сваіх маштабах і складанасці не ідзе ў параўнанне з тым, што трэба будзе зрабіць. Наступная пяцігодка стане перыядам абнаўлення, нацэленым на якасна новае развіццё Беларусі. Высокі жыццёвы ўзровень беларускіх грамадзян - не проста мэта, гэта сэнс праводзімай дзяржаўнай палітыкі. Узровень і якасць жыцця чалавека, вызначаюць пяць важнейшых складальнікаў: паўнацэнная сям'я, здароўе, адукацыя, рэальныя даходы, камфортнасць жыцця. «Менавіта праз іх праламленне варта разглядаць усю праграму на чарговую пяцігодку», - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

ІПАТЭКУ - Ў ПЕРШЫМ ПАЎГОДДЗІ 2011 ГОДА

Прэзідэнт Беларусі даручыў ураду і Нацыянальнаму банку ўвесці іпатэку ў поўным аб'ёме ў першым паўгоддзі 2011 года."Трэба аператыўна дапрацаваць сістэму іпатэчнага крэдытавання, якая дае магчымасць задзейнічаць у жыллёвым будаўніцтве фінансавыя сродкі прыватных інвестараў, - сказаў беларускі лідар. - Трэба стварыць прывабныя ўмовы, каб стымуляваць грамадзян шырэй выкарыстоўваць гэты прагрэсіўны фінансавы інструмент". Пры гэтым павінны быць улічаны ўсе памылкі замежнага вопыту, прадугледжаны рычагі бяспекі як для банкаў, так і для забудоўшчыкаў, падкрэсліў Прэзідэнт.

ДАПАМОГА ПА ДОГЛЯДУ ДЗІЦЯЦІ ПАВІННА БЫЦЬ РОЎНАЯ СЯРЭДНЯЙ ЗАРПЛАЦЕ МАЦІ ДА ДЭКРЭТА

"Добрым стымулам павелічэння нараджальнасці будзе павышэнне дапамогі па догляду дзіцяці. Цяпер яна выведзена на ўзровень бюджэту пражытачнага мінімуму. Але гэтага ўжо недастаткова. Прывязка павінна быць да сярэдняй зарплаты маці да дэкрэтнага водпуску", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Тое ж самае датычыцца аднаразовай дапамогі пры нараджэнні першага дзіцяці. Сёння яе памеры складаюць $450, другога і наступнага - $650. "Гэтыя выплаты неабходна падвоіць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт перакананы, што паўнацэнная сям'я - гэта сям'я, у якой нараджаюцца і растуць дзеці. "Беларускіх грамадзян павінна станавіцца больш. Для Беларусі мінімальна неабходная колькасць - 20 млн. чалавек, а аптымальная - 30 млн.", - перакананы ён.

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што меры дзяржаўнай падтрымкі будуць садзейнічаць росту нараджальнасці ў краіне. У будучай пяцігодцы, паводле яго слоў, "трэба на поўную магутнасць уключыць сацыяльны пакет і эканамічныя стымулы для сем'яў з трыма і больш дзецьмі". На гэтыя мэты накіравана і жыллёвая праграма. "Ёсць трое дзяцей - сям'я пры будаўніцтве аплачвае не больш за чвэрць кошту кватэры або жылога дома. Калі ў сям'і чацвёра-пяцёра дзяцей - гарантавана бясплатная кватэра", - сказаў кіраўнік дзяржавы. "Мы яшчэ падумаем аб дадатковых ільготах для шматдзетных сем'яў. Трэба зрабіць усё, каб прэстыжна было мець дзяцей", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

БЕЛАРУСЬ УКЛАЛА Ў ЭКАНОМІКУ Ў БЯГУЧАЙ ПЯЦІГОДЦЫ $72 МЛРД.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за апошнія паўтара дзесяцігоддзі краіна даказала сваю палітычную і эканамічную самастойнасць. Пацвярджэнне таго - пастаянны эканамічны рост, абнаўленне асноўных вытворчых фондаў, павышэнне дабрабыту народа. Сярэднегадавы тэмп эканамічнага развіцця Беларусі ў мінулай пяцігодцы склаў каля 8 працэнтаў. Вышэйшы ён толькі у 12 краін свету.

"Вы толькі ўдумайцеся: за бягучую пяцігодку ў эканоміку будзе ўкладзена $72 млрд. у параўнанні з $20 млрд. у мінулай, - падкрэсліў Прэзідэнт. - У гэтым адна з характэрных рыс беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі: усё, што зарабілі, накіравалі на развіццё, уклалі ва ўласную эканоміку, а не вывезлі за мяжу, не расцягнулі ў выглядзе дывідэндаў".

За пяць гадоў у Беларусі створана 185 новых прадпрыемстваў, больш як 320 кардынальна мадэрнізаваны. У цэлым краіна выйшла на аб'ёмы экспарту тавараў і паслуг звыш $25 млрд. у год. Выпуск інавацыйнай прадукцыі павялічыўся больш як у 4 разы. Па сутнасці, за пяцігодку абноўлены, а на некаторых прадпрыемствах шматразова, увесь мадэльны рад. Гэта вялікая праца інжынераў, канструктараў, вучоных, рабочых і служачых.

ЗДАРОВЫ ЛАД ЖЫЦЦЯ -

залог таго, што дзеці не будуць аддадзены вуліцы, не стануць хваравітымі і кволымі, а вырастуць моцнымі людзьмі і дастойнымі грамадзянамі нашай краіны, упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

"Калі вы сапраўды любіце сваіх дзяцей, то з маленства вядзіце іх у басейн, на лёд, на футбольнае поле, у спартзалу, проста на прыроду. Няхай займаюцца спортам", - звярнуўся Прэзідэнт да бацькоў. Бо менавіта дзеля гэтага, паводле яго слоў, дзяржава ўкладвае вялікія сродкі ў паўсюднае будаўніцтва разнастайных спартыўных аб'ектаў, робіць іх даступнымі для людзей усіх узростаў.

"Такім чынам, здаровы лад жыцця плюс развітая айчынная медыцына і бяспечныя ўмовы жыцця ў сукупнасці будуць садзейнічаць фарміраванню здаровай нацыі. А пажадана яшчэ і нацыі доўгажыхароў", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

"Спартыўныя збудаванні павінны стаць масавымі. Тады будзе і вялікі спорт, і здароўе, і настрой людзей", - перакананы Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, у мікрараёнах жылой забудовы неабходна пашыраць будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчых комплексаў з максімальным наборам фізкультурна-спартыўных паслуг.

БЕСКАМПРАМІСНАЯ БАРАЦЬБА З КАРУПЦЫЯЙ -НЯГЛЕДЗЯЧЫ НА АСОБЫ І ЗВАННІ

Фармалізм і бяздушнасць у адносінах да простага чалавека будуць і ў далейшым вельмі жорстка выкараняцца. Камфортнасць жыцця не будзе дасягнута без глыбіннай дэбюракратызацыі і выкаранення карупцыі. "Усе гэтыя гады мы бязлітасна змагаемся з гэтым злом, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Мы ўжо многае зрабілі, каб павярнуць дзяржаўныя органы як у цэнтры, так і на месцах тварам да чалавека. Але работа яшчэ не завершана".

Нягледзячы на ўкаранёны прынцып аднаго акна, яшчэ не зжыты выпадкі, калі чалавек, прыходзячы ў дзяржструктуру адчувае сябе прасіцелем. Людзі вымушаны звяртацца да Прэзідэнта з самымі элементарнымі просьбамі - урэгуляваць бытавую зямельную спрэчку, дапамагчы ўбраць прысядзібны ўчастак, пусціць аўтобусны маршрут і гэтак далей. "Мяне тут больш за ўсё хвалюе тое, што чалавек не можа вырашыць на мясцовым узроўні нават такія дробязныя пытанні, якіх і ўзнікаць не павінна, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Работа з людзьмі, уважлівае стаўленне да іх патрэб нават больш важныя, чым выкананне эканамічных паказчыкаў. Не павінна быць сітуацый, калі на месцах гадамі не вырашаюцца элементарныя пытанні. Чакаюць указанняў зверху і толькі тады пачынаюць варушыцца. Валакіта будзе каштаваць нядбайным работнікам іх пасад". Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў: дэбюракратызацыя - не разавая кампанія. Яна ажыццяўляецца на сістэмнай аснове і знаходзіцца пад пастаянным кантролем. Кожнаму факту злоўжывання службовым становішчам, праяўленню карупцыі будзе давацца самая прынцыповая ацэнка. Бескампрамісная барацьба з гэтым злом будзе весціся паўсюдна, нягледзячы на асобы і званні, запэўніў кіраўнік дзяржавы. "Клопат аб людзях, сацыяльная арыентаванасць, сумленнасць і справядлівасць дзяржаўнай палітыкі - краевугольныя камяні і напрамкі для ўсёй сістэмы ўлады і для мяне як Прэзідэнта", - падкрэсліў беларускі лідар.

БОЛЬШАСЦЬ ПРАГНОЗНЫХ ПАКАЗЧЫКАЎ ВЫКАНАНЫ

У Беларусі па трох пазіцыях (росту ВУП, сельскагаспадарчай вытворчасці, зніжэнню адмоўнага знешнегандлёвага сальда) не ўдалося выканаць у бягучай пяцігодцы прагнозныя паказчыкі. Кіраўнік дзяржавы шчыра прызнаў, што "на жаль, не па ўсіх пазіцыях нам удалося выйсці на запланаваныя рубяжы". Не выкананы абавязацельствы па росту валавога ўнутранага прадукту. "І няхай з 45-50 працэнтаў плана мы не выканалі 3,5-4 працэнты. Але мы не выканалі", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі таксама не дасягнулі запланаванага ўзроўню. І па зніжэнню адмоўнага сальда знешняга гандлю краіна не выйшла на той ўзровень, які быў намечаны. "І гэтыя тры паказчыкі, тым не менш, на будучую пяцігодку нам давядзецца навёрстваць, чаго б нам гэта ні каштавала", - падкрэсліў Прэзідэнт.

З аднаго боку, на тое ёсць аб'ектыўныя прычыны, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. У першую чаргу гэта фінансавы крызіс, які ўдарыў па нашаму экспарту. Негатыўным фактарам з'явілася і рэзкае павышэнне цэн на энерганосьбіты. За пяць гадоў цана на прыродны газ для Беларусі вырасла ў 4 разы, на нафту - у 2 разы. І ўмовы надвор'я мінулага года, вядома, моцна ўдарылі па эканоміцы нашай краіны, "што апусціла на ступень ніжэй па вытворчасці сельскую гаспадарку".

Але з другога боку, лічыць кіраўнік дзяржавы, нельга скідаць з рахунку і суб'ектыўны фактар. "Што, скажаце, у нас няма расхлябанасці, непаваротлівасці, маруднасці ў прыняцці кіраўніцкіх рашэнняў? А колькі відавочнай безгаспадарчасці!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Асобныя міністэрствы і канцэрны бачаць сваю ролю ў рабоце з падпарадкаванымі прадпрыемствамі толькі ў тым, каб любымі спосабамі выбіваць выкананне прагнозных параметраў, замест таго, каб садзейнічаць абнаўленню асноўных сродкаў, пашырэнню асартыменту запатрабаваных тавараў, пошуку новых рынкаў збыту. "Гэтым трэба займацца, а не падмяняць сабой Белстат", - падкрэсліў ён. Адсюль і няздольнасць шэрага прадпрыемстваў вырвацца з замкнёнага кола: выпуск неканкурэнтаздольнай прадукцыі - склад - амярцвенне абаротных сродкаў і, як вынік, - адсутнасць магчымасцей па мадэрнізацыі вытворчасці.

"Нам яшчэ трэба будзе публічна папрацаваць, каб увайсці ў клуб тэхналагічных лідараў, дасягнуць найвышэйшага сусветнага стандарту", - адзначыў Прэзідэнт. Але і зроблена ўжо нямала, асабліва калі ўлічыць, што "нам давялося самім, уласнымі сіламі, у вельмі няпростых умовах, без падтрымкі збоку выходзіць з разрухі і ствараць новае аблічча беларускай эканомікі". Таму сёння можна канстатаваць, што большасць прагнозных паказчыкаў пяцігодкі ў Беларусі выкананы, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

ПЕНСІЙНЫ ЎЗРОСТ ПАВЫШАНЫ НЕ БУДЗЕ

У Беларусі не маюць намеру павялічваць пенсійны ўзрост, ламаць існуючую сістэму. "Вядома, будзем яе ўдасканальваць, каб забяспечыць пастаяннае паляпшэнне матэрыяльнага становішча пажылых людзей", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца размоў аб пераходзе на альтэрнатыўныя сістэмы накаплення пенсій, то за гэтым часта тояцца спробы ўвесці людзей у зман. "Яшчэ свежыя ўспаміны аб тых пенсійных фондах на зары 90-х, якія ператварыліся ў фінансавыя піраміды і абагацілі іх стваральнікаў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Да гэтай тэмы трэба падыходзіць вельмі асцярожна і ўзважана, каб не дапусціць падману нашых грамадзян".

Дзяржава выканала сваё абяцанне, забяспечыўшы рост пенсій у сярэднім у паўтара раза. Удзельная вага тых, хто атрымлівае пенсію, ніжэйшую за бюджэт пражытачнага мінімуму пенсіянера, за пяцігодку скарацілася больш як у чатыры разы і цяпер складае менш за 3 працэнты.

У наступныя пяць гадоў, запэўніў Прэзідэнт, мінімальная пенсія будзе жорстка прывязана да пражытачнага мінімуму пенсіянера і расці такімі ж тэмпамі, як і зарплата.

БЕЛАРУСЬ ВЫТРЫМАЛА ЦЭНАВЫЯ ШОКІ

"Мы не толькі поўнасцю забяспечылі ўнутраныя патрэбнасці ў цяпле, электраэнергіі, паліве, але і пастараліся максімальна змякчыць наступствы для нашых людзей", - адзначыў Прэзідэнт. У гэтым годзе насельніцтва аплачвала газ і электраэнергію ўсяго толькі на 40 працэнтаў, астатняе кампенсаваў дзяржаўны бюджэт. "За гэтыя пяць гадоў мы многае зведалі і пераадолелі, многаму навучыліся. Нам удалося мінімізаваць эканамічныя пагрозы і ўтаймаваць інфляцыю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь не загінула. "Скажам шчыра: наш чалавек не вельмі і адчуў гэты глабальны крызіс. Мы забяспечылі хоць і не такі, як планавалі, але невялікі рух наперад нават у крызісны год, калі па валавому ўнутранаму прадукту практычна ўсе дзяржавы мінусавалі, - хоць каля 2 працэнтаў, але прырост мы атрымалі", - падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта і ёсць праяўленне таго, што называецца надзейным запасам трываласці эканамічнай сістэмы. "Мы ўжо навучыліся вырашаць любыя задачы і здольны паспяхова працаваць ва ўмовах сусветнай канкурэнцыі. Нам цяпер нельга спыняцца, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Дасягнутае стала магчымым дзякуючы, без перабольшання, гераічнай працы нашага народа. Людзі - галоўнае багацце Беларусі, у іх залог поспехаў дзяржавы ў цэлым". Таму ў Беларусі ключавым прыярытэтам палітыкі заўсёды быў, ёсць і будзе чалавек, яго патрэбнасці, узровень і якасць жыцця.

СЯРЭДНІ КЛАС ГРАМАДСТВА СФАРМІРАВАЎСЯ

Сёння тых, хто лічыць сябе чалавекам з сярэднім дастаткам, - амаль дзве трэці, у той час як пяцігодку таму такіх было напалову менш. І гэта пры тым, што эканамічны крызіс яшчэ толькі заканчваецца. "Людзей, якія дастаткова зарабляюць на сябе і свае сем'і, ды яшчэ ствараюць рабочыя месцы, павінна быць як мага больш. І чым хутчэй, тым лепш", - лічыць Прэзідэнт. Ёсць і багатыя людзі. Але пры гэтым вельмі важна, што няма моцнага сацыяльнага расслаення. Беларусь уваходзіць у дзясятку краін з найменшай сацыяльнай няроўнасцю. Розніца ў даходах у Беларусі за апошнія гады складае прыблізна 5 разоў (прыкладна як у Германіі, Аўстрыі і Швецыі). У Расіі яна - амаль 20 разоў.

"На еўрапейскі ўзровень мы будзем арыентавацца і ў будучым, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта зусім не азначае, што будуць стрымлівацца высокія даходы. Наадварот, дзяржаўная палітыка нацэлена на тое, каб заможных людзей станавілася больш. Але пры гэтым каб прапарцыянальна падцягваліся і астанія слаі грамадства".

"Калі палавіна жабракоў боўтаецца на дне грамадства, а 1-2 працэнты складаюць алігархі або тыя, хто добра сябе адчувае, - гэта не дзяржава, і яе рана ці позна чакае крах. Мы гэтага не павінны дапусціць у нашай краіне", - падкрэсліў беларускі лідар.

АБ ПРАГРАМЕ РАЗВІЦЦЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІЦТВА Ў МАЛАДЗЁЖНЫМ АСЯРОДДЗІ

Праграму развіцця прадпрымальніцтва ў маладзёжным асяроддзі трэба выпрацаваць у Беларусі. Такое даручэнне ўраду, Нацыянальнаму банку і БРСМ даў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава будзе ўсяляк падтрымліваць маладую навуковую думку і маладзёжныя ініцыятывы ў цэлым, бо моладзь - самая дынамічная і прадпрымальная частка насельніцтва, у якой ёсць жаданне рызыкаваць, ствараць новае, шукаць найбольш паспяховыя рашэнні. Стане проста адкрыць уласную справу, асабліва для маладых, хоць і цяпер асаблівых цяжкасцей не ўзнікае.

"Беларусь павінна быць краінай вялікіх магчымасцей", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што функцыя дзяржавы - даць моладзі жыццёвы "трамплін" і базавыя гарантыі ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Паводле яго слоў, у рэспубліцы створаны ўсе ўмовы, каб кожны чалавек мог рэалізаваць сябе ў роднай краіне: на вытворчасці, у бізнесе, навуцы, мастацтве. Асаблівая ўвага ўдзяляецца талентам. Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі спынена ўцечка мазгоў з краіны. Больш таго, многія вучоныя, якія раней выехалі за мяжу, вярнуліся ў Беларусь, таму што яны запатрабаваны і могуць рэалізаваць сябе на радзіме. Прэзідэнт лічыць: для таго, каб іншыя дзяржавы не пераманьвалі да сябе самых таленавітых і здольных беларусаў, трэба не прыдумваць нейкія загараджальныя меры, а проціпаставіць замежным спакусам свае ўласныя прывабныя магчымасці і цікавыя перспектывы.

"Але тут важна і іншае. Што б мы ні рабілі, якія б умовы мы ні стваралі, але калі не зможам з дзяцінства прывіць любоў да сваёй Радзімы, нічога ў нас не атрымаецца. Бо ў свеце заўсёды будуць такія месцы і краіны, дзе жыццё багацейшае, дзе вучоным або артыстам будуць плаціць больш. Патрыятызм, упэўненасць у будучым сваёй краіны і жаданне зрабіць яе лепш - вось галоўнае, што павінна быць у сённяшняй моладзі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

БЕЛАРУСЬ ДА 2016 ГОДА ПА ДОЛІ ВУП НА ДУШУ НАСЕЛЬНІЦТВА ПАВІННА ВЫЙСЦІ НА СЯРЭДНЕЕЎРАПЕЙСКІ ПАКАЗЧЫК

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў асноўных палажэннях праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступную пяцігодку закладзены вельмі напружаныя паказчыкі, прызначаныя забяспечыць істотнае павышэнне дабрабыту беларусаў. "Рост валавога ўнутранага прадукту за пяцігодку павінен скласці 162-168 працэнтаў, гэта значыць па долі ВУП на душу насельніцтва да 2016 года мы павінны выйсці фактычна на сярэднееўрапейскія паказчыкі", - падкрэсліў ён. Гэта максімальныя тэмпы росту за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Пры гэтым забяспечваць іх давядзецца адносна ўжо дасягнутай даволі высокай базы, дадаў Прэзідэнт.

У ліку прыярытэтных задач у эканоміцы Аляксандр Лукашэнка назваў энергетычную бяспеку, імпартазамяшчэнне, лекавую бяспеку, збалансаванасць знешняга гандлю і нарошчванне экспарту. "Для Беларусі энергабяспека - паняцце не статыстычнае, а стратэгічнае, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Гэта пытанне нашай незалежнасці як дзяржавы і гарантыя стабільнасці нашай эканомікі". Паводле яго слоў, работа ўрада павінна быць накіравана на тое, каб да 2015 года забяспечыць атрыманне больш як 30 працэнтаў першаснай энергіі з уласных крыніц, а астатнія 70 працэнтаў дыверсіфікаваць як па пастаўшчыках, так і па відах.

Пры гэтым нельга забываць і аб энергазберажэнні, адзначыў кіраўнік дзяржавы. "За пяць гадоў энергаёмістасць валавога ўнутранага прадукту ўжо скарочана на чвэрць. Гэтага катэгарычна недастаткова, - падкрэсліў ён. - У наступнай пяцігодцы па энергаэфектыўнасці эканомікі мы павінны ўвайсці ў клуб еўрапейскіх краін".

УСЕ ПРЭТЭНЗІІ ПА ЯКАСЦІ ЎВЕДЗЕНАГА Ў СТРОЙ ЖЫЛЛЯ ПАВІННЫ БЫЦЬ ЗАДАВОЛЕНЫ

Паводле слоў беларускага лідара, "ніякія мільёны квадратных метраў паўнацэнна не вырашаць праблему, калі не будзе забяспечана якасць жыллёвага будаўніцтва". "Гэта тэма ўжо нагнала аскому , - прызнаў ён. - І для яе вырашэння ж не патрэбны ні дадатковыя грошы, ні працоўныя рэсурсы. Прычына ў адным - наплявацельскія адносіны да сваёй работы і людзей. Да канца года ўсе прэтэнзіі грамадзян па якасці ўведзенага ў строй жылля павінны быць задаволены. За гэта асабіста адказвае міністр архітэктуры і будаўніцтва". Калі ў далейшым будуць паступаць такія скаргі, усе члены камісіі, якая прымала дом у эксплуатацыю, павінны прыцягвацца да строгай адказнасці, дадаў Аляксандр Лукашэнка.

На думку кіраўніка дзяржавы, трэба ў цэлым змяніць падыходы да жыллёвага будаўніцтва. "Ужо недастаткова толькі ўзводзіць жылыя дамы. Будаваць трэба комплексы - каб чалавек, засяліўшыся ў кватэру, не ездзіў за край свету ў магазін, дзіцячы сад або школу, - сказаў ён. - Старшыні абласных і Мінскага гарадскога выканкамаў павінны нацэліць на гэта ўсіх забудоўшчыкаў незалежна ад формы ўласнасці.

У БУДУЧАЙ ПЯЦІГОДЦЫ БУДУЦЬ КАНЧАТКОВА ВЫРАШАНЫ ПЫТАННІ ДАСТУПНАСЦІ І ЯКАСЦІ ЖЫЛЛЯ

У рэспубліцы да 2015 года павінна быць уведзена 42 млн. кв.м жылля, што ў 1,6 раза больш, чым у бягучай пяцігодцы, сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што жыллёвае будаўніцтва застанецца прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі. Шмат зроблена ў гэтай сферы. На працягу некалькіх гадоў па колькасці пабудаваных кватэр на 10 тыс. насельніцтва Беларусь лідзіруе сярод усіх краін СНД і ўваходзіць у групу дзяржаў свету з высокімі паказчыкамі. Запланаванае павелічэнне рэальных грашовых даходаў павінна да 2016 года зрабіць для асноўнай масы насельніцтва даступным будаўніцтва жылля за кошт уласных і пазыковых сродкаў. "Для грамадзян, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне, будзе пабудавана з дзяржаўнай падтрымкай не менш як 50 працэнтаў жылля. Акрамя таго, пашырыцца інстытут ільготнага крэдытавання, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Нядаўна я падпісаў указ аб зніжэнні ў гарадах з колькасцю да 50 тыс. жыхароў стаўкі па льготных крэдытах на жыллё да 1 працэнта гадавых. Гэта ўнікальныя ўмовы - такіх у свеце няма".

Сёння няма ніякіх праблем атрымаць зямельны ўчастак пад будаўніцтва жылля. "За грошы або бясплатна - у залежнасці ад прававых падстаў набыцця ўчастка, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Бяры і будуй свой уласны дом".

СТВОРАНЫ ЎСЕ ЎМОВЫ ДЛЯ ЗАБЕСПЯЧЭННЯ ПОЎНАЙ ЗАНЯТАСЦІ

Узровень беспрацоўя ў Беларусі складае менш як 1 працэнт - гэта значна ніжэй, чым у многіх развітых краінах свету. Для параўнання: у Германіі гэты паказчык складае 7,5 працэнта, у Вялікабрытаніі - больш за 5 працэнтаў, у Японіі - 4 працэнты, у ЗША даходзіць да 10 працэнтаў, а ў Іспаніі - больш як 20 працэнтаў.

"Без беспадстаўнай сціпласці мы можам ганарыцца тым, што нават у самы складаны крызісны перыяд, калі ў свеце без работы засталіся сотні мільёнаў людзей, у Беларусі не дапусцілі масавых скарачэнняў. І калі нават недзе скарачалі, то значна больш было рабочых месц у тым рэгіёне, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - У цяжкі крызісны 2009 год у эканоміцы краіны былі заняты нават на 0,7 працэнта больш, чым ў спрыяльны 2008 год".

Аляксандр Лукашэнка задаў рытарычнае пытанне: дык хто ж больш клапоціцца аб захаванні найважнейшых правоў чалавека, - тыя, хто гаворыць, ці тыя, хто робіць? І якое з правоў больш прыярытэтнае - права мітынгаваць або права на працу? Для разумных людзей адказ абсалютна відавочны.

У Беларусі створаны ўсе ўмовы для таго, каб была забяспечана поўная занятасць. Сёння дастаткова прапаноў па працаўладкаванню. Усё астатняе залежыць ад жадання і патэнцыялу самога чалавека. І ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасці ў будучай пяцігодцы ўсе пытанні па заработнай плаце будуць зняты. "Той, хто будзе працаваць больш старанна і шмат, - і атрымае значна больш. Не горш, чым за мяжой. Гэта я вам цвёрда абяцаю, - сказаў беларускі лідар. - Добра што работы ў нас хоць адбаўляй. Вакансій у тры разы больш, чым беспрацоўных. Але абы-каго на вытворчасць не возьмуць - трэба імкнуцца адпавядаць узроўню той работы, на якую ты прэтэндуеш. Такія рэаліі жыцця".

СУР'ЁЗНУЮ ЎВАГУ НЕАБХОДНА ЎДЗЯЛІЦЬ ЯКАСЦІ АДУКАЦЫІ

"Трэба добра ўсвядоміць: для такой краіны, як Беларусь, чый дабрабыт залежыць ад тэхналогій і знешніх рынкаў, адукацыя - стратэгічны рэсурс. Колькасныя паказчыкі ў нас ўжо найвышэйшага ўзроўню. Пара максімальна сур'ёзна брацца за якасны бок адукацыі, напрыклад, у такіх матэрыях, як сучасны менеджмент, фінансы, маркетынг. Тут нам яшчэ ісці і ісці, а мы ўжо адстаём у гэтай справе ад патрэбнасцей эканомікі і задач на знешніх рынках", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт перакананы, што ў Беларусі неабходна мяняць структуру падрыхтоўкі спецыялістаў, арыентуючыся на запыты і патрэбы нашай эканомікі. Рыхтаваць у першую чаргу праграмістаў, інжынерна-тэхнічных і іншых запатрабаваных на рынку працы работнікаў.

Нагадаем, што адукацыя - трэці складальнік, які вызначае якасць жыцця, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што па гэтаму паказчыку Беларусь займае 23-ю пазіцыю ў індэксе сусветнага рэйтынгу дабрабыту насельніцтва. "Гэта вельмі высокі паказчык", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Бадай, ніколі за ўсю сучасную гісторыю ў Беларусі не было такой вялікай колькасці людзей, якія навучаюцца ў ВНУ, і якія маюць вышэйшую адукацыю", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым важнейшым поспехам рэспублікі ў гэтай сферы ён назваў той факт, што ў Беларусі атрымалася забяспечыць роўнадаступнасць вышэйшай адукацыі і справядлівасць пры паступленні для ўсіх абітурыентаў - і гарадскіх, і сельскіх.

Таксама да поспехаў сферы адукацыі рэспублікі ён аднёс развіццё сярэдняй прафесійнай адукацыі. "У адрозненне ад іншых постсавецкіх краін нам удалося не толькі захаваць сярэднюю прафесійную адукацыю, але і ўзняць яе на якасна новы ўзровень. Такая воля часу. Сучасны рабочы - не проста рабочы, гэта па сутнасці інжынер", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Істотна абнавілі ў Беларусі сістэму сярэдняй адукацыі, узяўшы за аснову лепшыя традыцыі савецкай школы, дапаўняючы яе пазітыўным замежным вопытам. Паводле слоў Прэзідэнта, рэфармаванне ў цэлым завершана, таму без эксперыментаў і ломак будзе ўдасканальвацца створанае. Акрамя таго, больш увагі плануецца ўдзяляць далейшаму ўзмацненню матэрыяльнай падтрымкі навучэнцаў і студэнтаў, вырашэнню пытанняў забяспечанасці інтэрнатамі і паляпшэнню ўмоў пражывання ў іх, іншых надзённых праблем навучэнскай моладзі.

ПАМЕР ЗАРАБОТНАЙ ПЛАТЫ Ў БЕЛАРУСІ ДА 2015 ГОДА НАБЛІЗІЦЦА ДА $1 ТЫС.

Памер заработнай платы ў Беларусі да 2015 года павінен наблізіцца да $1 тыс. у эквіваленце. "Калі ў час крызісу ў багатых еўрапейскіх і іншых развітых краінах людзей тысячамі выкідвалі на вуліцу, я катэгарычна забараніў кіраўнікам прадпрыемстваў рабіць гэта ў нас, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Я ўжо тады вам гаварыў: крызіс рана ці позна скончыцца, што і адбываецца цяпер. Попыт у тым ліку на нашу прадукцыю будзе расці. Але калі мы звольнім работнікаў, развалім працоўныя калектывы, хто потым будзе вырабляць гэту прадукцыю? Больш таго, страцім кваліфікаваную рабочую сілу. Ну, а галоўнае: куды ж пойдуць гэтыя людзі, нашы людзі?"

Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Калі ва ўмовах крызісу попыт на тавары падае, а пры неабходнай колькасці пяцьсот чалавек на вытворчасці мы трымаем тысячу, то і зарплата будзе ў два разы меншая. У нас было два варыянты: або мільёны людзей на вуліцу, або больш-менш прыстойная зарплата для гэтых мільёнаў. З двух ліх выбралі меншае. Тады мільёны людзей стаялі перад фактам страціць работу".

Аднак і ў гэтых умовах да канца 2010 года сярэдняя заработная плата дасягне $500 у цэлым па краіне. "Вядома, сярэдняе - не значыць ва ўсіх. Аднак рэальныя даходы на душу насельніцтва ў параўнанні з 2005 годам павысіліся амаль у 2 разы, значна выраслі даходы найменш забяспечаных грамадзян, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Фактычна за пяць гадоў па мінімальнаму ўзроўню аплаты працы мы ўзняліся да максімальных задач мінулай пяцігодкі".

Зарплата $500 або нават $1000 - меншая за еўрапейскі ўзровень. Але гэта калі лічыць толькі яе намінальнае значэнне. Аднак нельга не ўлічваць, што дзяржава добраахвотна ўзяла на сябе значную частку расходаў, звязаных з сацыяльным забеспячэннем грамадзян.

Прэзідэнт прывёў даныя Сусветнага банка, Міжнароднага валютнага фонду і іншых міжнародных агенцтваў. Так, насельніцтва аплачвае менш як 30 працэнтаў рэальнага кошту жыллёва-камунальных паслуг, 40 працэнтаў кошту праезду ў грамадскім транспарце, толькі 10 працэнтаў затрат на ўтрыманне кожнага дзіцяці ў дзіцячым садзе і толькі 0,5 працэнта расходаў на навучанне аднаго вучня ў школе. Астатняе кампенсуе дзяржава. Сюды ж трэба дадаць тыя вялікія сродкі, якія затрачвае дзяржава на медыцынскае абслугоўванне, адукацыю ў ВНУ, харчаванне ў школах, не гаворачы ўжо аб датацыях вёсцы на вытворчасць прадуктаў харчавання. І калі падсумаваць усё гэта, то ўзровень даходаў насельніцтва будзе цалкам супастаўны з еўрапейскім, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён заявіў таксама аб неабходнасці ўстанавіць дастойны ўзровень мінімальнай заработнай платы, ніжэй за якую не павінен атрымліваць ні адзін рабочы, - яна будзе складаць не менш як трэць ад сярэдняй зарплаты. Усе намаганні дзяржавы былі і будуць накіраваны на няўхільны рост дабрабыту нашых грамадзян, запэўніў Прэзідэнт.

ДОЛЯ ІНАВАЦЫЙНАЙ ПРАДУКЦЫІ Ў БУДУЧАЙ ПЯЦІГОДЦЫ ПАВІННА СКЛАСЦІ НЕ МЕНШ ЯК 20 ПРАЦЭНТАЎ

"Паслядоўнае змяненне аблічча беларускай эканомікі будзе забяспечана праз мадэрнізацыю дзеючых вытворчасцей і стварэнне яе новых навукаёмістых сектараў і прадпрыемстваў, каб у новай пяцігодцы мы ўстойліва мелі ў агульным аб'ёме прамысловай вытворчасці не менш як 20 працэнтаў інавацыйнай, высокарэнтабельнай прадукцыі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У кожнай вобласці і Мінску павінна быць рэалізавана не менш як 25-30 знакавых дзяржаўных інвестыцыйных і інавацыйных праектаў. Персанальная адказнасць за гэта ляжыць на губернатарах і галіновых міністрах, нагадаў Аляксандр Лукашэнка. Такія праекты дадуць новыя рабочыя месцы, сусветны ўзровень канкурэнтаздольнасці і эфектыўнасці, а значыць, і высокую аплату працы, дадаў ён. Паводле слоў Прэзідэнта, "Беларусь стаіць на парозе новай эканамічнай палітыкі, змяняецца структура эканомікі". "Трэба адысці ад арыентаванасці на ўвоз вельмі вялікіх аб'ёмаў сыравіны і энергіі для вытворчасці невялікай дабаўленай вартасці, - сказаў ён. - Эканоміка павінна прырастаць за кошт прынцыпова новых галін і прадпрыемстваў, якія даюць прадукт з высокай дабаўленай вартасцю". Перавагу павінны атрымаць прадпрыемствы, заснаваныя на ўласнай сыравіне і рэсурсах. "Менавіта такія прадпрыемствы будзем будаваць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у Беларусі пакуль яшчэ не навучыліся па-гаспадарску ставіцца да мясцовых рэсурсаў. У якасці прыкладу ён прывёў гарбарную сыравіну. "Наша краіна з развітой жывёлагадоўляй у год вырабляе больш як мільён штук шкур, аднак айчынныя прадпрыемствы лёгкай прамысловасці закупляюць сыравіну за мяжой, а нашы рынкі забіты імпартнымі таварамі са скуры: кажухі, курткі, абутак - сцягнулі амаль з усяго свету на мільёны долараў, - абурыўся Прэзідэнт. - Чаму мы не развіваем у сябе вытворчасці на сваёй жа сыравіне, а экспартуем яе, каб потым у выглядзе гатовай прадукцыі імпартаваць?"

У новай пяцігодцы Беларусь сканцэнтруе намаганні на рэалізацыі некалькіх нацыянальных праектаў тэхналагічнага прарыву, якія павінны вырашыць важнейшыя дзяржаўна значныя задачы і заснаваны на ўласных прыродных і інтэлектуальных рэсурсах, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

АБ ІЛЬГОТНЫМ ПРАЕЗДЗЕ ДЛЯ ШКОЛЬНІКАЎ, НАВУЧЭНЦАЎ І СТУДЭНТАЎ

Прэзідэнт Беларусі даручыў ураду прапрацаваць пытанне аб ільготным праездзе для школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў. "Аб гэтым гаварылі давераныя асобы пасля сустрэч з насельніцтвам, з гэтым да мяне звярталіся і парламентарыі, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Таму даручаю ўраду ў тыднёвы тэрмін прапрацаваць гэта пытанне, пралічыць і ўнесці канкрэтныя прапановы". Ён таксама перасцярог транспартнікаў ад неабгрунтаванага павышэння затрат на гэтыя мэты.

Па зразумелых прычынах цяпер, у ходзе выбараў, вакол тэмы льгот шмат спекуляцый. Абяцаюць усе, каму толькі хочацца, і ўсё што хочаце, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён лічыць, што сітуацыя, якая склалася ў краіне (і ў Расіі, і ва Украіне пасля распаду Савецкага Саюза) з ільготамі да іх упарадкавання, была анамальнай. Тры чвэрці насельніцтва карысталіся тымі або іншымі льготамі. Прычым больш як палавіна з іх не з-за сваёй хваробы або заслуг, а толькі таму, што яны члены сям'і льготніка. "Такой раскошы раздаваць ільготы направа і налева не дазваляюць сабе нават вельмі багатыя краіны. Гэта ненармальна і, галоўнае, несправядліва", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Неабмежаваныя льготы - глеба для злоўжыванняў і карупцыі, лічыць Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што захавана вялікая колькасць ільгот для ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых краін, інвалідаў, асоб, якія пацярпелі ад катастроф, і іншых катэгорый, якім сапраўды патрэбна сацыяльная абарона. Штогод устанаўліваецца для ўсіх пенсіянераў на дачны перыяд 50-працэнтная скідка на праезд у прыгарадным транспарце. Гэта практыка будзе прадоўжана, запэўніў Прэзідэнт.

Дзяржава прадоўжыць аказваць дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу. Але толькі там, дзе чалавек сам справіцца не можа. Ва ўсіх астатніх сферах задача дзяржавы - стварыць умовы для таго, каб людзі маглі самастойна і пад сваю адказнасць вырашаць свае праблемы.

КРЫЗІСАЎ У БЕЛАРУСІ НЕ БУДЗЕ

"Хачу з гэтай трыбуны запэўніць усіх грамадзян Беларусі: крызісаў не будзе. Крызіс у галовах тых, хто свядома разгойдвае сітуацыю і прыдумвае розныя страшылкі", - сказаў ён.

"На жаль, нас пастаянна "прашчупваюць" на трываласць. Падкідваюць спекуляцыі і адкрытую ману аб фінансавай сітуацыі ў краіне. Задам простае пытанне: як краіна, якая ўсю пяцігодку паслядоўна прыбаўляла ў эканамічным развіцці, можа аказацца неплацежаздольнай? І наўрад ці ўкладвалі б у нашу краіну шматмільённыя інвестыцыі кітайскія, еўрапейскія і іншыя кампаніі, калі б Беларусь была ненадзейным фінансавым партнёрам", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, цяперашні патэнцыял банкаўскай сістэмы Беларусі дае магчымасць ставіць маштабныя задачы. Толькі за апошнія 15 гадоў яе актывы ў рэальным грашовым выражэнні выраслі амаль у 10 разоў. Аўтарытэт беларускіх банкаў пацвярджаецца гатоўнасцю насельніцтва захоўваць у іх свае зберажэнні, што забяспечвае прыцягненне ў эканамічны абарот значнага аб'ёму грашовых рэсурсаў. Прыняты пакет заканадаўчых мер, якія гарантуюць абароненасць банкаўскіх укладаў. "Знешні доўг, якім нашы нядобразычліўцы спрабуюць пужаць беларускі народ, у нас адзін з самых нізкіх сярод усіх развітых дзяржаў свету", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Мы выконвалі і будзем выконваць свае абавязацельствы. Дзяржава гарантавала захаванасць усіх укладаў у банках і ў далейшым будзе цалкам садзейнічаць умацаванню даверу да нацыянальнай банкаўскай сістэмы", - дадаў беларускі лідар.

А.ЛУКАШЭНКА ЗАПАТРАБАВАЎ ВЫРАШЫЦЬ ПРАБЛЕМУ АДМОЎНАГА САЛЬДА ЗНЕШНЯГА ГАНДЛЮ

"У бліжэйшыя гады мы павінны выйсці на дадатнае сальда за кошт імпартазамяшчэння і павелічэння аб'ёмаў экспарту, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - За пяць гадоў аб'ём экспарту павялічыўся амаль у тры разы. Неабходна значна больш! Па сутнасці, кожную другую адзінку вырабленай прадукцыі трэба прадаць на знешнія рынкі. Вядома, гэта няпроста: рынкі ўжо даўно падзелены і нам даводзіцца канкурыраваць з сусветнымі лідарамі". Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўрад ужо ў бягучым годзе абяцаў забяспечыць збалансаванасць знешняга гандлю, але так і не змог сістэмна выбудаваць работу для рэалізацыі гэтай мэты. "З году ў год ставім адны і тыя ж задачы, якія пераходзяць з адной праграмы ў другую. А аб'ёмы імпарту па-ранейшаму пераважаюць над экспартам", - сказаў ён. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у гэтай сітуацыі "не трэба наракаць на рост цэн на энерганосьбіты або расказваць аб тым, што дысбаланс у знешнім гандлі звычайная рэч і ён мае месца ў многіх краінах".

Прэзідэнт дадаў, што адмоўнае сальда - гэта люстэрка праблем эканомікі краіны, вынік недастатковай канкурэнтаздольнасці таваравытворцаў, высокай матэрыяла- і энергаёмістасці вытворчасці, няпоўнага развіцця сферы паслуг. Вырашэнне гэтай праблемы - паказчык эфектыўнасці народнай гаспадаркі і пытанне нацыянальнай бяспекі.

Аналізуючы структуру імпартных закупак, Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што халадзільнікаў і тэлевізараў у Беларусь увозіцца на $50 млн., сінтэтычных мыйных сродкаў - на $100 млн., абутку - больш як на $200 млн., а аўтамабіляў - на $1 млрд. "Усяго спажывецкіх тавараў - больш як на $4,5 млрд. за год, - адзначыў Прэзідэнт. - Шмат з таго, што сёння завозіцца з-за мяжы, мы можам вырабляць самі. Калі пастараемся, то не горш і нават лепш, чым імпартнае. Прытым значна танней для нашых людзей".

Для гэтага не абавязкова што-небудзь вынаходзіць самім. "Можна і трэба ісці па шляху стварэння прадпрыемстваў з удзелам вядомых замежных вытворцаў, якія выпускаюць тыя тавары, якія мы імпартуем, - сказаў беларускі лідар. - Трэба дабіцца таго, каб тавары, што вырабляюцца ў Беларусі, былі такой якасці, што будзе больш выгадна гандляваць імі, чым імпартам". Прэзідэнт адзначыў, што Савет Міністраў павінен неадкладна сфарміраваць своеасаблівы дзяржаўны заказ на адкрыццё такіх прадпрыемстваў і мэтанакіравана пад яго прыцягваць замежных інвестараў.

Кіраўнік дзяржавы асаблівую ўвагу звярнуў на неабходнасць камерцыялізацыі існуючых у Беларусі ведаў. "Замест імпарту рэсурсаў - экспарт ведаў. Хіба мы не можам гэтага зрабіць? - запытаў ён, звяртаючыся да ўдзельнікаў сходу. - Можам, і ў нас ёсць добрыя прыклады". Адзін з іх - ААТ "Белгархімпрам", кое выйграла буйнейшы тэндар на права стварэння пад ключ у Туркменістане горна-абагачальнага комплексу па здабычы і абагачэнню калійнай солі. Экспартны кантракт склаў $1 млрд.

БАНКАЎСКІ КАПІТАЛ У ПЕРШУЮ ЧАРГУ ПАВІНЕН ПРАЦАВАЦЬ У ІНВЕСТЫЦЫЙНАЙ СФЕРЫ

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у мэтах далейшага ўдасканалення банкаўскага сектара ў 2011-2015 гадах неабходна рэалізаваць наступныя стратэгічныя напрамкі яго развіцця. Па-першае, сукупныя актывы банкаўскай сістэмы краіны павінны скласці не менш як 75 працэнтаў ВУП. Банкаўскі капітал у першую чаргу павінен працаваць у інвестыцыйнай сферы, забяспечваць расшыранае ўзнаўленне ў прамысловасці і ў сферы паслуг. Крэдытаванне рэальнага сектара эканомікі павінна садзейнічаць развіццю нацыянальнай эканомікі і нарошчванню экспартнага патэнцыялу, што прывядзе да павышэння фінансавай устойлівасці і надзейнасці банкаўскай сістэмы краіны.

Па-другое, укараненне сучасных міжнародных стандартаў дзейнасці банкаўскага бізнесу дасць магчымасць зрабіць нашу банкаўскую сістэму зразумелай і празрыстай для замежных інвестараў.

Па-трэцяе, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, развіццё інвестыцыйнага банкінгу дапаможа вывесці беларускія прадпрыемствы на нацыянальныя і міжнародныя фондавыя рынкі для размяшчэння там акцый з мэтай прыцягнення рэсурсаў для свайго развіцця.

ДЫРЭКТЫВА НУМАР 4 БУДЗЕ ПРЫНЯТА Ў БЕЛАРУСІ ДА КАНЦА ГОДА

Дырэктыва накіравана на стымуляванне ініцыятывы і сацыяльнай адказнасці суб'ектаў гаспадарання, ліквідацыю лішніх бар'ераў. "Сутнасць нашай стратэгіі лібералізацыі простая: канкурэнцыя - усюды, дзе магчыма, дзяржаўнае рэгуляванне - там, дзе неабходна", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, стварэнне спрыяльных умоў для развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці, фарміравання інвестыцыйнага клімату з'яўляецца адным з важных фактараў росту эканомікі краіны.

У выніку мэтанакіраванай работы па спрашчэнню ўмоў вядзення бізнесу і павышэнню інвестыцыйнай прывабнасці эканомікі Беларусь за два апошнія гады значна ўзнялася ў рэйтынгу Сусветнага банка "Вядзенне бізнесу" - са 115-га месца ў 2008 годзе да 68-га - у 2010 годзе. Напрыклад, Расія займае ў гэтым рэйтынгу 123-е месца, Украіна - 145-е.

Беларусь увайшла ў пяцёрку краін - сусветных лідараў па колькасці праведзеных рэформ у сферы рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці і іх эфектыўнасці. У перспектыве Беларусь павінна быць сярод трыццаці краін з найбольш спрыяльным бізнес-кліматам, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

ПРА НАБЫЦЦЁ НОВЫХ ТЭХНАЛОГІЙ

Беларусь бярэ пазыкі не на праяданне, а на тое, каб купіць новыя тэхналогіі і пабудаваць вытворчасці, якія будуць глядзець у новае стагоддзе. Паводле слоў Прэзідэнта, свет развіваецца хутка, і таму краіне патрэбны новыя тэхналогіі, арыентаваныя ў новае стагоддзе. "І не трэба думаць, што мы ўсё самі вынайдзем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Мы мадэрнізавалі прадпрыемствы, выкарыстоўваючы тэхналогіі і станкі заходніх краін, сусветных прадпрыемстваў. Прадаюць гэтыя станкі і тэхналогіі танней, чым было. А ў нас не хапае грошай, каб іх купіць. Вось таму я пазычаў, пазычаў і пазычаў. Прасіў грошай у Расіі, Кітая, але не на праяданне, а на тое, каб купіць новыя тэхналогіі і пабудаваць новыя вытворчасці, якія будуць глядзець у новае стагоддзе".

БЕЛАРУСЬ ЗНОЙДЗЕ АЛЬТЭРНАТЫЎНЫХ ПАСТАЎШЧЫКОЎ ГАЗУ

"Калі мы едзем у Венесуэлу, гэта не таму, каб укалоць Расію. Калі пампуем нафту па нафтаправоду Адэса - Броды, гэта не таму, каб неяк яе ўнізіць. У нас выхаду іншага няма", - сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка дадаў, што "мы б з задавальненнем па існуючых трубах пампавалі гэту нафту, разам з расіянамі перапрацоўвалі б і прадавалі". "Навошта гэты "Норд-стрым", калі мы пабудавалі побач газаправод Ямал - Еўропа і побач паклалі фундамент для другой ніткі", - сказаў ён.

"Не, праз Беларусь не будзем класці, ненадзейны партнёр. Давайце праз Балтыку, там больш надзейна. Ну што ж, гэта права тых, хто вырабляе гэты газ. Але мы таксама маем права шукаць альтэрнатыву, і мы яе знойдзем. Знайшлі па нафце, знойдзем і па прыроднаму газу", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусі не трэба чакаць дапамогі збоку, а трэба разлічваць толькі на свае сілы і "будаваць эканоміку зыходзячы з уласных рэсурсаў, якіх у нас дастаткова".

Закранаючы тэму беларуска-расійскіх адносін, Прэзідэнт прызнаўся, што пра іх "сорамна гаварыць", таму што расійскі лідар апошнім часам робіць выгляд, быццам не заўважае існавання Саюзнай дзяржавы. "Усё, на чым мы сёння "целяпаемся", інакш не скажаш, у Мытным саюзе, ужо даўно створана ў рамках Беларусі і Расіі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, усе напрацоўкі Саюзнай дзяржавы можна было б эфектыўна выкарыстоўваць у Мытным саюзе, але гэтага не адбываецца. У той жа час нам "падкідваюць" ідэю Еўразійскага саюза - новага ўтварэння, хоць яшчэ да канца не завершана фарміраванне такіх структур, як ЕўрАзЭС, АДКБ, СНД.

НЕАБХОДНА ЎСТАНАВІЦЬ ПРОСТЫЯ І ЗРУЧНЫЯ СПОСАБЫ ВЫПЛАТЫ ПАДАТКАЎ

"Мы завершым кардынальнае спрашчэнне падатковай сістэмы, у выніку чаго па складу падаткаў і збораў, перыядычнасці іх выплаты яна не будзе адрознівацца ад еўрапейскіх", - сказаў ён.

Ужо з наступнага года плацельшчыкі пры ажыццяўленні звычайнай дзейнасці стануць выплачваць толькі 7 асноўных падаткаў, уносіць на працягу года ў бюджэт 20 падатковых плацяжоў замест 104 і падаваць 11 падатковых дэкларацый замест 30, як гэта існуе сёння.

"І ўсё ж мы вельмі марудна ідзём па гэтым шляху. Нягледзячы на мае неаднаразовыя даручэнні, урад патраціў амаль усю пяцігодку на работу па спрашчэнню падатковай сістэмы, хоць усё гэта можна было зрабіць больш аператыўна", - адзначыў Прэзідэнт. "Год-два - і скаргаў на неапраўданую падатковую нагрузку і забюракратызаванае падатковае адміністраванне быць не павінна. Гэта сфера адказнасці Савета Міністраў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт запатрабаваў, каб усе формы дакументаў у бухгалтарскім і падатковым уліку былі максімальна спрошчаны і скарочаны. Неабходна ўстанавіць простыя і зручныя спосабы выплаты падаткаў, адмяніць усе залішнія патрабаванні па рэгламентацыі затрат на вядзенне бізнесу. "Дайце, нарэшце, людзям спакойна працаваць і зарабляць", - падкрэсліў ён. Змяненні ў практыцы дзелавога абароту павінны стаць магутным стымулам для айчыннага і замежнага інвесціравання. Тым інвестарам, якія хочуць сур'ёзна і надоўга прыйсці ў Беларусь, трэба прапанаваць унікальныя ўмовы.

БУДАЎНІЦТВА АЭС УЗНІМЕ ЭКАНОМІКУ НА БОЛЬШ ВЫСОКІ ЎЗРОВЕНЬ

Будаўніцтва атамнай электрастанцыі - адзін з ключавых праектаў не толькі для энергабяспекі, але і для развіцця ўсёй інавацыйнай сістэмы Беларусі. Праект з'яўляецца высокарэнтабельным, вельмі навукаёмістым і выгадным для краіны. Ужо выкананы неабходныя падрыхтоўчыя работы і вядуцца перагаворы з рознымі патэнцыяльнымі партнёрамі. "Не хачу паглыбляцца ў тыя выдумкі, якіх празмерна ў СМІ, асабліва, на жаль, у расійскіх. Скажу толькі адно: для нас пры выбары партнёраў значэнне маюць два фактары - гарантыі абсалютнай бяспекі аб'екта (я маю на ўвазе АЭС) для людзей і захаванне інтарэсаў нашай краіны", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

ПРЫВАТЫЗАЦЫЮ - НА ВЫГАДНЫХ УМОВАХ

"Мы гатовы да прыватызацыі, але на выгадных для краіны ўмовах. Падыход такі: там, дзе інвестар абяцае быць больш эфектыўным, чым дзяржава, мэтазгодна прыватызацыя, але за грошы, і за грошы немалыя", - сказаў Прэзідэнт. "У тыя прадпрыемствы, на якія сёння прэтэндуюць замежныя інвестары, мы ўклалі нямала. Гэта горадаўтваральныя, вельмі дарагія прадпрыемствы. І калі б яны былі ў Германіі, то іх хутка ацанілі б у дзясяткі мільярдаў еўра. А ў нас хочуць узяць за бясплатна", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Калі ты немец, англічанін, паляк, расіянін, украінец, беларус або прыбалт, прыязджаеш да нас і зацікаўлены ў прыватызацыі прадпрыемстваў, то садзіся за стол і будзем на прынцыпах, якія мы вызначылі, па прыватызацыі весці перагаворы. А інакш быць не можа", - дадаў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, калі будуць выкананы ўмовы, а іх 20, то калі ласка. "Удзельнічайце. Але гэтыя прадпрыемствы павінны працаваць яшчэ лепш, чым сёння. Калі так, то прыходзьце", - сказаў ён.

Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што той, хто хоча ў нас працаваць, той, хто прыйшоў да нас працаваць, не просіць нічога дадатковага.

ПА ВЫТВОРЧАСЦІ ПРАДУКТАЎ ХАРЧАВАННЯ - ПЕРШАЕ МЕСЦА Ў СНД

Беларусь па вытворчасці прадуктаў харчавання на душу насельніцтва займае першае месца сярод краін СНД і ўваходзіць у лік сусветных лідараў па вытворчасці малака, бульбы, лёну. "Наша дальнабачная палітыка дала магчымасць зрабіць вельмі магутны рывок у развіцці сельскай гаспадаркі краіны", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. "Павінен прызнацца, што, прымаючы праграму адраджэння вёскі, я думаў не толькі аб харчовай бяспецы, хоць у той час гэта было вельмі важна. Больш за ўсё мною кіравала імкненне выратаваць аснову нашай краіны, яе душу - вёску, у якой вытокі працавітасці, мудрасці беларускага народа, карані яго культуры і нацыянальнай самабытнасці. Без яе не можа быць нашай славянскай дзяржавы", - сказаў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, Беларусь паступова, без рэвалюцый, крок за крокам ішла па шляху адраджэння вёскі. У 1996-2000 гадах былі вырашаны задачы харчовай бяспекі. У 2001-2005 гадах рэспубліка нарасціла вытворчасць і выйшла на замежныя рынкі. У бягучай пяцігодцы ажыццёўлена далейшае інавацыйнае развіццё вытворчай і сацыяльнай сфер вёскі. На гэтых этапах праведзена вялікая работа па ўдасканаленню структурнай арганізацыі аграрнай галіны. Ствараюцца буйныя інтэграваныя аб'яднанні, якія ўключаюць у сябе ўвесь тэхналагічны цыкл: ад вытворчасці сыравіны да выпуску гатовай прадукцыі.

Забяспечана тэхнічная і тэхналагічная незалежнасць сельскай гаспадаркі. Больш як 80 працэнтаў відаў тэхнікі, якія складаюць парк сельгасмашын, выпускаюцца ў Беларусі. На ўзроўні лепшых замежных аналагаў працуюць айчынныя збожжа- і кормаўборачныя камбайны, адрозніваючыся ад іх больш нізкай цаной. Ураджайнасць збожжавых за апошнія 5 гадоў вырасла на 17,5 працэнта. Такія гаспадаркі, як агракамбінаты "Сноў", "Холмеч", саўгас-камбінат "Зара", цалкам могуць быць прыняты за сусветныя эталоны высокаінтэнсіўнага гаспадарання. Ёсць цэлыя раёны - Гродзенскі, Бераставіцкі, Нясвіжскі, якія па культуры земляробства і жывёлагадоўлі нічым не ўступаюць высокаразвітым краінам Еўропы, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

ЖЫЦЦЁ Ў ВЁСЦЫ ПАВІННА БЫЦЬ НЕ МЕНШ КАМФОРТНАЕ, ЧЫМ У БУЙНЫХ ГАРАДАХ І СТАЛІЦЫ

Беларусь - унітарная дзяржава. Але гэта не значыць, што ўсё залежыць ад цэнтра. Ініцыятыва на месцах павінна быць асновай сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. У бягучай пяцігодцы рэгіёны Беларусі, многія населеныя пункты абнавіліся. Паводле даных сацыялагічных даследаванняў, матэрыяльнае становішча вяскоўцаў з 2000 года па 2010 год палепшылася амаль у 7 разоў. Вёска перастала ўспрымацца як дэпрэсіўны і бесперспектыўны сектар эканомікі. "Мы ў многім навялі парадак на зямлі, стварылі ў рэгіёнах больш як 120 тыс. рабочых месц. Гэта ў разы больш, чым у мінулай пяцігодцы, але гэтага катэгарычна недастаткова. Дзве трэці новых рабочых месц павінны быць у малых і сярэдніх гарадах", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, трэба арыентавацца на новую якасць рэгіянальнага развіцця: перадавыя тэхналогіі, новую, ХХІ стагоддзя культуру вытворчасці і быту, а галоўнае - эканамічную эфектыўнасць, якая забяспечвае расшыранае ўзнаўленне і канкурэнтаздольнасць. Праграма стварэння сельскіх паселішчаў новага тыпу - аграгарадкоў - будзе прадоўжана. У гэтай пяцігодцы амаль 1,5 тыс. буйных вёсак пераўтвораны ў аграгарадкі з усім комплексам сацыяльных паслуг, блізкім да гарадскіх нарматываў. Для сельскіх жыхароў пабудавана больш як 68 тыс. добраўпарадкаваных дамоў і кватэр. Аднак, паводле слоў Прэзідэнта, "не ўсе аграгарадкі адпавядаюць тым стандартам, якія прыняты за аснову". Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што за два-тры гады новай пяцігодкі ўсе аграгарадкі павінны быць даведзены да патрабуемых стандартаў.

Ён таксама адзначыў, што ўмовы будаўніцтва жылля ў малых і сярэдніх гарадах, асабліва для моладзі, будуць самыя лепшыя. Працоўная мабільнасць будзе стымулявацца максімальна. "Нядаўна мы прынялі рашэнне аб павышэнні надбавак да заработнай платы для маладых спецыялістаў у сельскіх населеных пунктах. Гэта ж увядзём і для малых гарадоў", - удакладніў Прэзідэнт.

У малых і сярэдніх гарадах будзе прадоўжана развіццё бізнесу. Выхад на якасна новы ўзровень рэгіянальнага развіцця магчымы толькі на базе многаўкладнай эканомікі, лічыць кіраўнік дзяржавы. Таму неабходна развіццё малых прадпрыемстваў, гібкіх прыватных фірм, індывідуальнага прадпрымальніцтва. Ужо сёння для гэтага дзейнічаюць беспрэцэдэнтныя прэферэнцыі. "Мы павінны адысці ад памылковага стэрэатыпу, што зарабіць можна, толькі калі жывеш і працуеш у сталіцы", - лічыць Аляксандр Лукашэнка. Галоўным крытэрыем ацэнкі работы кадраў на месцах будзе колькасць створаных рабочых месц і іх эфектыўнасць, падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што ў рэгіянальнай палітыцы ўпор будзе зроблены на ўкараненне сучасных сацыяльных тэхналогій. У якасці прыкладу ён прывёў развіццё такога напрамку, як тэлемедыцына. Амаль палавіна мінскіх клінік сёння падключана да гэтай сістэмы. Праект трэба ў найкарацейшыя тэрміны распаўсюдзіць на рэгіёны, лічыць Прэзідэнт. "Любы чалавек, нават з глыбінкі, павінен мець магчымасць атрымаць тэлекансультацыю ў сталічных свяцілаў медыцыны. Гэты напрамак трэба развіваць і ў сферах перападрыхтоўкі, бізнес-кансультавання, развіцця камунікацыі і кіравання дарожным рухам. Гэта задача на пяцігодку", - адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што жыццё малых гарадоў зменіцца з плануемым асваеннем нетраў. Практычна ва ўсіх абласцях атрымаюць развіццё існуючыя і новыя магутнасці цэментнай прамысловасці і будматэрыялаў. Хуткая і якасная прамысловая перапрацоўка сельскагаспадарчых і лясных рэсурсаў, сучасныя харчовыя вытворчасці - гэта рэнтабельна, бо ўсё вырабляецца на мясцовых рэсурсах, без імпарту.

Сусветны вопыт сведчыць аб эфектыўнасці стварэння на рэгіянальным узроўні тэхналагічна інтэграваных вытворчых аб'яднанняў (кластараў). Добрым прыкладам такога падыходу, лічыць Прэзідэнт, з'яўляюцца прадпрыемствы, аб'яднаныя вакол гандлёвай маркі "Савушкін прадукт". Развіццё малых гарадоў будзе больш паспяховым, калі ў іх ствараць філіяльныя сеткі і даччыныя прадпрыемствы буйной індустрыі.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў рабоце па рэгіянальнаму развіццю неабходна ўсяляк стымуляваць адказнае стаўленне да справы і творчую ініцыятыву. "Калі кіраўнікі на месцах будуць толькі чакаць чарговых указанняў і распараджэнняў зверху, то ніякія праграмы не змогуць зняць праблему", - перакананы ён. На месцах патрэбны новыя падыходы і людзі з эфектыўнымі ідэямі, накіраванымі ў будучыню, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

ПРАДПРЫЕМСТВЫ НЕ ПАВІННЫ ЗАДЫХАЦЦА АД ПРАВЕРАК

У новай пяцігодцы ў Беларусі неабходна канчаткова удасканаліць кантрольную дзейнасць. "Прадпрыемствы не павінны задыхацца ад праверак, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Кантралюючым органам варта так перабудаваць сваю работу, каб не быць тормазам для дзелавой ініцыятывы - зразумела, той, якая ў рамках закона. Не скоўваць дзейнасць прадпрыемстваў, асабліва тых, хто спраўна выконвае свае падатковыя і іншыя абавязацельствы і функцыянуе прыбыткова".

У гэтай сферы, лічыць Прэзідэнт, Беларусі будзе карысны вопыт стратэгічнага партнёра нашай краіны - Кітая. "Я пакуль не гатовы канкрэтна сказаць, што будзе зроблена ў бліжэйшыя год-два па кантрольнай дзейнасці, але я гарантую вам кардынальныя змены", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што нядаўна ў Беларусі было прынята рашэнне аб упарадкаванні кантрольнай дзейнасці. "Мне дакладваюць, што колькасць праверак скарацілася ў разы, але асобныя людзі гавораць, што гэта не так, праверкі як былі, так і ёсць, - заўважыў кіраўнік дзяржавы і дадаў: "У бліжэйшыя год-два мы ўсялякія праверкі і маніторынгі прывядзём да адной роўніцы". Звяртаючыся да прадстаўнікоў кантрольных органаў Беларусі, Прэзідэнт падкрэсліў: "Ісці з праверкамі трэба толькі туды, дзе ты ўпэўнены, што там у цябе ёсць работа, а не прыходзіць і шукаць яе".

"Трэба прынцыпова паглядзець на сістэму кантролю. Рашэнне мы прымем у пачатку наступнага года", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

ЭКСПАРТ СЕЛЬГАСПРАДУКЦЫІ Ў БУДУЧАЙ ПЯЦІГОДЦЫ ПАВІНЕН ПАВЯЛІЧЫЦЦА ДА $7 МЛРД.

Для параўнання: гэта столькі, колькі нам даюць калійныя ўгнаенні, і нават больш, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт адзначыў, што ў гэтым годзе завяршаецца выкананне Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі. "Галоўным яе вынікам стала тое, што мы не толькі забяспечылі сваё насельніцтва амаль усімі відамі харчовых прадуктаў айчыннай вытворчасці, але і надзейна замацаваліся на сусветных аграрных рынках", - сказаў ён.

"Сёння нашы харчовыя тавары прысутнічаюць на рынках 63 краін. Мы ў гэтым годзе ад экспарту сельгаспрадукцыі атрымаем $2 млрд. Створаную намі сістэму гаспадарання на зямлі не пахіснулі ні сусветны эканамічны крызіс, ні экстрэмальнае надвор'е", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Напружаная, сапраўды гераічная праца вяскоўцаў заслугоўвае захаплення. Усё гэта дало магчымасць стварыць трывалы фундамент для ператварэння сельскай гаспадаркі ў высокаразвіты і экспартаарыентаваны сектар эканомікі", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт вызначыў задачы на наступную пяцігодку ў галіне АПК. "Задача ўрада ў тым, каб новая сельскагаспадарчая праграма на 2011-2015 гады была накіравана на ўмацаванне аграрнай эканомікі, павышэнне яе эфектыўнасці, узмацненне экспартнага патэнцыялу", - адзначыў беларускі лідар. Паводле яго слоў, праграма завершыць працэс фарміравання беларускай мадэлі аграпрамысловага комплексу. Яе поўная рэалізацыя дасць магчымасць ператварыць сельгасвытворчасць у высокаразвіты і экспартаарыентаваны сектар эканомікі з узроўнем эфектыўнасці, не ніжэйшым за еўрапейскі.

Рэнтабельнасць сельгасвытворчасці павінна дасягнуць 25-30 працэнтаў. Будзе значна ўмацавана сацыяльная сфера ў вёсцы, а даходы сельскага насельніцтва даведзены да сярэднерэспубліканскіх паказчыкаў. "Гэта істотна павысіць прывабнасць сельскай працы і ладу жыцця", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

МАЛА ПРОСТА МАРЫЦЬ АБ ШЧАСЛІВЫМ БУДУЧЫМ - ЯГО ТРЭБА СТВАРАЦЬ САМІМ

"Мы не збіраемся асляпляць людзей феерверкам ідэй і невыканальных абяцанняў", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "Наша мэта - рэальная, зямная: каб заўтра беларускі народ жыў крыху лепш, чым сёння. Шлях вызначаны: ад захавання таго, што створана, зроблена, здабыта сумеснай працай, - да шматразовага прымнажэння дабрабыту беларускага народа і краіны. Наша сіла ў тым, што мы адзіныя. Разам мы - Беларусь, разам мы даб'ёмся большага", - сказаў ён.

Уся навейшая гісторыя Беларусі была звязана з глыбокімі пераменамі, і гэта патрабуе ад нацыі неймаверных намаганняў, настойлівасці, мудрасці і прадбачання, адзначыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, беларускі народ з годнасцю праходзіць гэты нялёгкі шлях: закладзены магутны эканамічны фундамент, пастаўлены моцныя ідэйныя апоры грамадства, створана надзейная сістэма нацыянальнай бяспекі. "Цяпер наша асноўная задача - уладкаваць яго, абараніць, зберагчы яго", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што сёння кожны павінен засвоіць: "мала проста марыць і гаварыць аб шчаслівым будучым - яго трэба ствараць самім, закасаўшы рукавы, пачынаючы з сённяшняга дня". "Больш таго, створанае працай народа трэба ўсяляк абараняць! І мы гэта зробім! Той, хто марыць аб рэвалюцыі, павінен супакоіцца: мы ліміт рэвалюцый вычарпалі ў мінулым стагоддзі!" - сказаў Прэзідэнт.

БЕЛАРУСЬ ШЧЫРА ЗАЦІКАЎЛЕНА ВА ЎСТАНАЎЛЕННІ ДРУЖАЛЮБНЫХ І ЎЗАЕМАВЫГАДНЫХ АДНОСІН З ЗША

"У спісе партнёраў Беларусі хацелася б бачыць Злучаныя Штаты Амерыкі - і зусім не на апошнім месцы. Хіба ў беларусаў і амерыканцаў розныя інтарэсы ў кантэксце сучасных глабальных выклікаў і пагроз? Не. Але мы практычна не задзейнічаем магчымасці нашага эканамічнага супрацоўніцтва, хоць патэнцыял для гэтага ёсць немалы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, бізнесмены ЗША гатовы інвесціраваць у Беларусь, што з усёй відавочнасцю паказалі вынікі візіту ў Мінск амерыканскіх дзелавых колаў. У бліжэйшы час Беларусь павінны зноў наведаць прадстаўнікі дзелавых колаў з ЗША.

"Мы шчыра зацікаўлены ва ўстанаўленні дружалюбных і ўзаемавыгадных адносін з ЗША і гатовы зрабіць са свайго боку ўсе неабходныя крокі, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Але аднабаковыя эканамічныя санкцыі - гэта няправільны інструмент, які дае і няправільны вынік. Ён павінен адысці ў мінулае".

У якасці пазітыўнага прыкладу супрацоўніцтва Прэзідэнт Беларусі згадаў дамоўленасці, дасягнутыя ў Астане ў ходзе сустрэчы міністра замежных спраў Сяргей Мартынава з дзяржсакратаром ЗША Хілары Клінтан. Было заяўлена аб падтрымцы дзейнасці Беларусі ў сферы мірнага атама і пацверджаны гарантыі бяспекі, зафіксаваныя ў Будапешцкім мемарандуме ад 5 снежня 1994 года. "Беларусь адкажа дабром на гэту пазіцыю", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У БЕЛАРУСІ НАРМАЛЬНЫЯ ЎМОВЫ ДЛЯ РЭГІСТРАЦЫІ І ДЗЕЙНАСЦІ ПРАДПРЫЕМСТВАЎ

"Скажу вам так: сапраўдныя бізнесмены на ходзяць па структурах улады і тым больш па плошчах, не ныюць і не скардзяцца, што, маўляў, усе ім перашкаджаюць, нечага не даюць. У нас нармальныя ўмовы для рэгістрацыі і дзейнасці прадпрымальнікаў. Ідзіце і працуйце!" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Я не памятаю, каб хоць адзін бізнесмен прыйшоў да мяне і сказаў: нечага не хапае, дайце льготы. Я ўсё больш і больш чую ад іх: а мы можам пашырыць сваю кампанію? А можна мы вось гэтыя прадпрыемствы возьмем на прычэп і пацягнем у Расію, Заходнюю Еўропу і гэтак далей, таму што мы дасягнулі пэўнага ўзроўню. Толькі гэта просяць. Вы нам не чужыя. Вы ўжо дзясяткі гадоў працуеце на нашым рынку. Вы корміце наш народ. Бярыце ўсё, што можаце падняць, што яшчэ ў нас стратнае. Дзейнічайце, не пытайцеся ні ў каго ніякіх дазволаў. На гэта ёсць законы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Калі камусьці складана і цяжка пачаць працаваць, мы вам дапаможам. Але калі вы будзеце мышкаваць, каб абысці дзяржаву і не падзяліцца з бедачынамі, а ў нас іх нямала, у нас з вамі размова не атрымаецца", - падкрэсліў ён. Пры гэтым Прэзідэнт дадаў, што дзяржава будзе падтрымліваць тых, хто сёння займаецца вытворчасцю. Але і ім у сваю чаргу трэба падтрымліваць дзяржаву. "Мы зацікаўлены ў тым, каб бізнес яшчэ больш актыўна ішоў у вытворчы сектар, сферу паслуг, каб атрымала шырокае развіццё інавацыйнае прадпрымальніцтва. Дзяржава тут акажа першачарговую падтрымку, - сказаў Прэзідэнт. - Думаю, што такія сферы, як грамадскае харчаванне, гасцінічная справа ў малых і сярэдніх гарадах, агратурызм, шырокі спектр бытавых паслуг, павінны быць у пераважнай кампетэнцыі прыватнага бізнесу".

Малы і сярэдні бізнес як найбольш гібкія, крэатыўныя формы, якія прыстасоўваюцца да запатрабаванняў рынку, павінны паступова стаць паўнацэннымі партнёрамі буйнога бізнесу, надзейным складальнікам экспартнага патэнцыялу краіны - так, як у Германіі, Італіі, іншых перадавых краінах. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, кожны грамадзянін Беларусі павінен мець магчымасць адкрыць сваю справу. Тым самым будзе пашырана прастора для дзелавой актыўнасці і ініцыятывы людзей, створаны новыя матывацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, што забяспечыць дадатковы рост беларускай эканомікі.

Прэзідэнт адзначыў, што ў наступнай пяцігодцы краіна бярэ курс на прыватна-дзяржаўнае партнёрства. Яго сутнасць - сацыяльная адказнасць бізнесу пры ініцыятыўнай падтрымцы эфектыўных прыватных уласнікаў з боку дзяржавы. Дастаткова высокі ўзровень развіцця прыватнага сектара дае магчымасць ставіць пытанне аб яго ўключэнні ў генеральнае пагадненне паміж урадам, наймальнікамі і прафсаюзамі.

ПАРТЫІ ПАВІННЫ АБ'ЯДНОЎВАЦЬ ГРАМАДСТВА, А НЕ ПРАЦАВАЦЬ НА РАСКОЛ

Прэзідэнт адзначыў, што не збіраецца ўступаць у якую-небудзь партыю. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ніколі не выступаў супраць партый, плюралізму меркаванняў, па-добраму дзяржаўнай дыскусіі, што датычацца развіцця Беларусі. Кіраўнік дзяржавы выступае менавіта супраць стварэння партый зверху. Аляксандр Лукашэнка гатовы падтрымліваць партыйнае будаўніцтва, калі партыя будзе канструктыўна настроена на супрацоўніцтва, любіць свой народ і берагчы сваю краіну. Магутныя, дзяржаўна настроеныя палітычныя партыі, на думку Прэзідэнта, не перашкода, а апора дзяржаўнага ладу.

"Захочуць людзі аб'ядноўвацца ў партыі - калі ласка, але толькі ў строгай адпаведнасці з нашым заканадаўствам", - сказаў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка выказаў недаўменне наконт тых партый, якія выступаюць за разбурэнне ўсяго, што дасягнута беларускім народам за гады незалежнасці і дзейнічаюць па прынцыпу "чым горш, тым лепш". У любой цывілізаванай дзяржаве такія палітыкі былі б прызнаны маргінальнымі. Партыі павінны кансалідаваць грамадства, а не расколваць, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Беларуская нацыя традыцыйна лічыцца бесканфліктнай. Талерантнасць - яе найвышэйшы здабытак. У Беларусі няма разладу на культурнай, этнічнай ці рэлігійнай глебе. Прэзідэнт адзначыў, што дзяржава яго ніколі не дапусціць, якія б правакацыі не рабіліся збоку. "Усе, хто жыве на нашай зямлі - беларусы, рускія, палякі, яўрэі, украінцы, людзі іншых нацыянальнасцей, - гэта нашы людзі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка і дадаў, што ў Беларусі нікому не забараняюць будаваць як цэрквы і касцёлы, так і іншыя культавыя будынкі. Беларусь - міралюбная дзяржава, і гэта закладзена ў менталітэце нацыі і Канстытуцыі, дадаў Прэзідэнт.

БЕЛАРУСЬ БЫЛА, ЁСЦЬ І БУДЗЕ НАДЗЕЙНЫМ І ПРАДКАЗАЛЬНЫМ МІЖНАРОДНЫМ ПАРТНЁРАМ

"Наша краіна была, ёсць і будзе надзейным і прадказальным міжнародным партнёрам. Мы маем намер і далей уносіць свой уклад у вырашэнне сусветных праблем. Беларусь адкрыта да ўзаемадзеяння з усімі, хто гэтак жа шчыра, як мы, гэтага жадае". Паводле слоў Прэзідэнта, не ўсім падабаецца тое, што ў цэнтры Еўропы сцвярджаецца, ламаючы прывычныя стэрэатыпы, сапраўды незалежная дзяржава, здольная эфектыўна пашыраць і адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы на міжнароднай арэне. "Дзяржава, якая дзейнічае не па чужой указцы, а займае ўласную пазіцыю па пытаннях міжнароднага парадку дня", - падкрэсліў ён.

"Успрымаючы меркаванне нашых замежных партнёраў, мы ў той жа час не можам слепа кіравацца рэкамендацыямі з Захаду або Усходу. Мы зыходзілі і будзем зыходзіць выключна з рэальных патрэбнасцей і магчымасцей нашага беларускага грамадства, але не на шкоду нашым суседзям і партнёрам. Толькі паважаючы свой народ, мы зможам захаваць дастойнае месца ў міжнароднай супольнасці", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым статус "скрыжавання", якім геапалітычна надзелена Беларусь, разумеецца як сувязнае звяно, артэрыя паміж захадам і усходам, поўднем і поўначчу. "Але не як бар'ер, буфер або санітарны кардон. І ні ў якім разе не прахадны двор", - дадаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

РАШУЧЫЯ МЕРЫ ПА НАВЯДЗЕННЮ ПАРАДКУ Ў ПРАВААХОЎНАЙ СІСТЭМЕ БУДУЦЬ ПРЫНЯТЫ Ў 2011 ГОДЗЕ

У першым паўгоддзі 2011 года будуць прыняты прынцыповыя і рашучыя меры па навядзенню парадку ў праваахоўнай сістэме, устараненню вострых праблем, якія выклікаюць заклапочанасць людзей. "Перадвыбарная кампанія і сустрэчы з людзьмі паказалі незадаволенасць з боку грамадзян, што мяне здзівіла, дзейнасцю судоў і праваахоўных органаў у цэлым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што гэта другая пасля жыллёва-камунальнай гаспадаркі рэзанансная праблема, прынамсі, для Мінска. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы запэўніў, што не будзе ніякай люстрацыі і разгону спецслужбаў: "Мінулі тыя часы, калі людзей пужалі тройкамі і турмамі". Прэзідэнт адзначыў, што ў органах унутраных спраў сапраўды ёсць нявырашаныя пытанні, але ў той жа час дзеці ў беларускай сталіцы, у адрозненне ад Масквы, могуць гуляць да позняга вечара. Гэтага ўдалося дабіцца ў тым ліку і намаганнямі МУС.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што агульны для Беларусі прыярытэт - забеспячэнне міру, спакою і бяспекі, надзейная абарона грамадзян ад злачынных замахаў і пагроз іх жыццю і дабрабыту. Паводле слоў Прэзідэнта, сёння краіна можа надзейна процістаяць знешнім і ўнутраным пагрозам і поўнасцю забяспечвае сваю бяспеку, аддаючы прыярытэт неваенным сродкам. Прынятая нядаўна новая Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі дакладна вызначыла арыенціры і задачы ў гэтай галіне. У такой сферы галоўныя патрабаванні - папярэджанне негатыўных тэндэнцый, адаптацыя сілавых структур да зменлівых умоў, хуткае рэагаванне на ўзнікаючыя знешнія і ўнутраныя пагрозы.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили