Сейчас загружается

Аляксандр Лукашэнка папрасіў беларусаў прыйсці на выбары

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка папрасіў беларусаў прыйсці на выбары. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 7 снежня ў заключным выступленні на IV Усебеларускім народным сходзе. "Вельмі вас прашу - не расслабляйцеся, не складана ж кожнаму з нас прыйсці на выбары, 19-га гэта ці 18-га, датэрмінова, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Кажуць, не трэба датэрмінова, а мы вас і не штурхаем да гэтага, галоўнае, каб вы прыйшлі на выбары і сказалі сваё слова". Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта вельмі важна, каб абараніць краіну. "Гэта галоўная мая функцыя, але без вас я абсалютна бяссільны, - дадаў ён, звяртаючыся да ўдзельнікаў сходу. - Не было б вашай падтрымкі, не было б мяне. Я гэта памятаю, я гэта ведаю, таму галоўнае ў маёй палітыцы - гэта вы".

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ён фактычна не вядзе прэзідэнцкую кампанію. "Калі мне людзі пачынаюць гаварыць, куды б я ні прыязджаў, аб прэзідэнцкай кампаніі, аб падтрымцы, я іх адразу прашу спыніць усялякія размовы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - У Магілёве я сказаў публічна ўжо тое, што думаю: гэта не мая прэзідэнцкая кампанія, я пяць гадоў вёў сваю прэзідэнцкую кампанію, да канца лістапада. Цяпер гэта ваша кампанія, гэта вы павінны сказаць сваё слова разам з народам, і самае галоўнае - абараніць тое, што вы зрабілі". А абараняць ёсць што, падкрэсліў Прэзідэнт. "Самае страшнае, што мы заспакоены, самазаспакоены - усё добра, усё і далей будзе добра, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - Будзьце пільныя, усё не так проста, палітычная барацьба - гэта самая цяжкая, часам брудная і няўдзячная, непрадказальная работа. Таму глядзіце, каб праз растапыраныя пальцы не выцекла ўсё тое, што мы з вамі зрабілі за апошнія гады".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь не так доўга рухалася наперад - усяго 9-10 гадоў. "Усе астатнія гады мы з вамі куляліся, спрабуючы выратаваць краіну, і толькі на мяжы тысячагоддзя мы неяк адчулі цвёрдую глебу пад нагамі і пачалі рухацца наперад, - дадаў Прэзідэнт. - Таму не 20 гадоў сваёй незалежнасці, як тут некаторыя гавораць, мы нешта робім, мы ўсяго 10 гадоў рухаемся патрошку наперад, і наперадзе ў нас вельмі шмат работы".

БелТА.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили