Да таго, пакуль сустрэцца з Тамарай Аляксандраўнай, я ўжо мела магчымасць неаднаразова пераканацца, калі па нейкіх справах заходзіла ў ААТ «Белаграпрамбанк» г.Клецка, што яна – дружалюбны, добразычлівы і камунікабельны чалавек. Сканцэнтраванай і ўважлівай бачыла яе ў час работы, ветлівай і заўсёды гатовай аказаць дапамогу чалавеку – у час зносін са шматлікімі кліентамі. І адразу склалася ўражанне, што Тамара Аляксандраўна літаральна «створана» для банкаўскай справы. Увогуле, так і аказалася.
Дзень, калі мы завіталі ў банкаўскую ўстанову, быў для Т.А.Апанасевіч такім жа напружаным, як і ўсе астатнія. Амаль каля ўсіх акенцаў аддзела рознічных паслуг былі людзі. Каля таго, дзе працавала Тамара Аляксандраўна, у чарзе стаялі некалькі чалавек. Адзін прасіў дапамагчы зарыентавацца ва ўкладах і параіць, на які лепш пакласці грошы. Другі хацеў даведацца, ці паступіў на картку аванс, трэці – аплаціць камунальныя паслугі, чацвёрты цікавіўся замежнай валютай… Падыходзіў да канца яшчэ адзін працоўны год, і людзі спяшаліся завяршыць усе неадкладныя справы. Цэлы «воз» работы быў і ў банкаўскіх супрацоўнікаў. Тым не менш, Тамара Аляксандраўна знайшла некалькі хвілін для нашай размовы.
– Для таго, каб бесканфліктна працаваць з кліентамі, умець даваць ім грунтоўныя адказы і слушныя парады, трэба шмат ведаць, быць ураўнаважаным, вытрыманым чалавекам, – сцвярджае мая суразмоўца. – Многае прыходзіць з гадамі, з вопытам, а штосьці закладваецца ў характары з маленства. Так і ў мяне, і ў кожнага іншага работніка нашага аддзялення. А разам мы робім усё магчымае, каб наведвальнікі пакідалі наш банк непакрыўджанымі і задаволенымі. Бо неаднаразова пераконваліся, што толькі цесны кантакт з людзьмі прыносіць станоўчы вынік.
Мне хацелася паспрачацца з Тамарай Аляксандраўнай, што, мабыць, не толькі гэта. Неад’емная падмога ў рабоце спецыяліста першай катэгорыі па аперацыйна-касавай рабоце Т.А. Апанасевіч – граматнасць і стараннасць, настойлівасць і ўменне пераадольваць цяжкасці.
Але пакуль стаць кампетэнтным спецыялістам у сваёй справе, Тамары Аляксандраўне давялося тры гады папрацаваць на Мінскім гадзіннікавым заводзе. Перспектывы на жыллё ў сталіцы былі неакрэсленыя, і таму без асаблівага шкадавання яна вырашыла развітацца з Мінскам і паспрабаваць сябе на новым працоўным полі дзейнасці на сваёй малой радзіме – у Клецкім раёне.
– У той, 1974, год адкрыліся механічны завод і дзяржбанк (цяпер – аграпрамбанк), – прыгадвае Тамара Аляксандраўна. – Ну, я і вырашыла завітаць у банкаўскую ўстанову і адразу ўладкавалася на работу. Спачатку абслугоўвала юрыдычных асоб у бухгалтэрыі, апошнія 12 гадоў працую ў аддзеле рознічных паслуг. Калі адчула, што не хапае ведаў у новай справе, стала студэнткай завочнага аддзялення Пінскага ўлікова-крэдытнага тэхнікума.
Нібыта пялёсткі рамонкаў, час упарта адлічваў гады з уласнага жыццёвага календара. Не павярнуць назад, ні на хвіліну не ўтрымаць імклівую плынь жыцця. Амаль кожны год з 36 адпрацаваных аказаўся для Т.А.Апанасевіч чымсьці адметным. Працуючы ў банку, выйшла замуж, без адрыву ад справы атрымала сярэдне-спецыяльную адукацыю, разам з мужам выгадавала дачку і сына, неаднаразова як адзін з лепшых работнікаў была дэлегіравана на раённае Свята працы… А самым шчаслівым Тамара Аляксандраўна лічыць 1979-ы, калі ад банка атрымала кватэру і ўжо больш не трэба было ездзіць на работу з Бабаевіч, дзе жыла свякроў. Шчодрымі на памятныя падзеі аказаліся і апошнія гады. У 2008-ым яе фотаздымак быў занесены на Дошку Гонару ААТ «Белаграпрамбанк». А ў наступным Т.А.Апанасевіч стала пераможцам конкурсу «Лепшы спецыяліст па абслугоўванні прыватных кліентаў» свайго банка, прымала ўдзел у абласным, адзначыла ўласны юбілей, з нагоды якога былі бясконцыя віншаванні: ад сям’і, кіраўніцтва і тых шматлікіх маладых калег, якіх скрупулёзна вучыла справе, растлумачвала складанасці аперацый. Разам з прафесійнымі сакрэтамі аддавала і часцінку багатай на дабрыню душы. А для сваёй дачушкі Тамара Аляксандраўна стала адначасова і першым настаўнікам, і кансультантам, і памочнікам. Алена закончыла той жа тэхнікум, што і яе маці, і працуе ў той жа, што і Тамара Аляксандраўна, банкаўскай установе. Да Т.А. Апанасевіч на працу ўжо прыходзіць унучка, 12-гадовая Волечка, і гэтак жа, як і калісьці дачка Алена, пытаецца ў бабулі, чым можа дапамагчы.
… Наша размова працягвалася нядоўга, але за гэты час у мяне склалася ўражанне, што я ведаю Тамару Аляксандраўну даўно. Ад яе слоў цяплела на душу, хацелася верыць у лепшае, спадзявацца, што здзейсніцца ў новым годзе ўсё задуманае. Няхай так будзе і ў дружнай сям’і Т.А.Апанасевіч, і ў кляччан.
Ірына Уласень.
Фота Яўгеніі Семянчук.
Отправить комментарий