Вось і перагарнуў лісткі календара новы, 2011-ы, год. Якім ён будзе – пакажа час. Але тыя пісьмы, што атрымала рэдакцыя раённай газеты летась, даюць падставу верыць у лепшае, жыць надзеямі і не губляць аптымізму, бо, як сведчыць надрукаваная на старонках раёнкі інфармацыя, на прадпрыемствах і ў арганізацыях зроблены добры задзел.
Пісьмы пішуць розныя
У мінулым годзе рэдакцыя атрымала 786 пісьмаў, прыкладна 90 працэнтаў з іх надрукаваны на старонках газеты. Мы шчыра ўдзячны ўсім нашым чытачам за слушныя парады і прапановы, за своечасовыя падказкі і падтрымку. Асаблівая ўдзячнасць – няштатным карэспандэнтам з розных працоўных калектываў і населеных пунктаў. Яны – наш надзейны інфармацыйны памочнік.
Розныя праблемы і пытанні хвалявалі чытачоў і пазаштатных карэспандэнтаў у мінулым годзе – пачынаючы ад расказаў пра шчырых і працавітых людзей, добраўпарадкаванне вуліц, вёсак, могілак і заканчваючы падзякамі: за вернутае здароўе, дабрыню, клопаты і міласэрнасць. За кожным пісьмом – нечый лёс. У кожным – часцінка душы чалавека, яго хваляванні, клопаты і спадзяванні. Некаторыя лісты задавалі тон журналісцкім выступленням. Так што нам ёсць чаму павучыцца адзін у другога.
І хаця не ўсе допісы, дасланыя ў рэдакцыю, надрукаваны, яны не пакінуты без увагі. З задавальненнем прыгадваю цёплыя, пранікнёныя словы з ліста пазаштатнага карэспандэнта раёнкі Леакадзіі Здановіч, адрасаваныя медыцынскім работнікам аддзялення фізіятэрапіі і рэабілітацыі цэнтральнай раённай бальніцы. Вельмі прыемна, што знаходзяць час, нягледзячы на вытворчую занятасць, каб напісаць у рэдакцыю, Людміла Цімавец, Кацярына Канановіч, Валерый Карабко, Андрэй Блінец, Іна Кулеш, Дзмітрый Гадун, Марыя Сушчэня, Іван Шухно, Вольга Падалянчук, Марына Радзюкова, Наталля Вараб’ёва, Дзмітрый Мацейка і іншыя, допісы якіх запомніліся чытачам сваёй актуальнасцю і надзённасцю, а таксама студэнты вышэйшых навучальных устаноў Раман Каражан і Вольга Наневіч. Як і раней, засталіся вернымі сяброўстве і супрацоўніцтву з раёнкай Алена Кульбіцкая з в.Урведзь, Алена Каражан і Павел Чудзіновіч з агр.Заастравечча, Наталля Мінец з в.Нагорнае; Лілія Мялешка, Леакадзія Здановіч, Вольга Лабажэвіч, Іван Здрок, Лілія Леўшык, Таісія Рыбакова і іншыя жыхары г.Клецка. У цесным кантакце з раёнкай работнікі праваахоўных органаў, медыцыны, культуры, ТЦСАН. Неаднаразова на старонках газеты распавядалася пра мерапрыемствы, добрыя справы і акцыі, праводзімыя тэрытарыяльным Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Часта дасылаюць пісьмы, эсе, невялікія замалёўкі юныя карэспандэнты, слухачы школы юнкораў пры рэдакцыі раённай газеты Дзмітрый Васько, Дар’я Зімак, Марыя Глобаж, Юлія Дубіна, Анастасія Андрончык, Кацярына Хоміч, Яўгенія Чудук, Валерыя Раткевіч, Ксенія Мацейка, Наталля Рамашка, Анастасія Шумейка, Алеся Скрунда, Юлія Прыступа.
Хочацца спадзявацца, што няштатныя карэспандэнты і пачынаючыя аўтары і ў далейшым працягнуць сваё супрацоўніцтва з раёнкай і яшчэ не раз парадуюць чытачоў змястоўнымі і цікавымі весткамі.
Наогул, недаацэньваць уплыў дапамогі чытацкай аўдыторыі немагчыма. А калі ведаеш, што твайго слова чакаюць, што ў цябе ёсць аднадумцы – гэта падштурхоўвае да выканання, здавалася б, самых грандыёзных планаў. І таму няхай сувязь з чытачамі не абрываецца, а становіцца яшчэ больш надзейнай і прадуктыўнай.
Рэагаванне - толькі дзейснае
У 2010 годзе на старонках газеты было надрукавана 22 крытычныя матэрыялы. Супрацоўнікі рэдакцыі і чытачы ўзнімалі тыя праблемы, якія ствараюць нязручнасці, не задавальняюць іх патрэбы. Рэдакцыя сумесна з іншымі службамі раёна правяла некалькі рэйдаў, аператыўна выязджала на месцы, адкуль паступалі крытычныя заўвагі. Сітуацыі асвятляліся ў падрыхтаваных да друку матэрыялах, якія змяшчаліся пад рубрыкамі «Праблема і яе вырашэнне», «Аб’ектыўны аб’ектыў», «Фотаабвінавачванне». Чытачы звязваюць з работай прэсы надзеі на лепшае, вырашэнне нейкіх сваіх асабістых пытанняў і праблем.
Копіі крытычных допісаў накіроўваюцца на рэагаванне ў розныя інстанцыі са спадзяваннем, што там праявяць заклапочанасць аб патрэбах людзей. Увогуле, так яно і бывае. Адказы з арганізацый, прадпрыемстваў, СВК раёна ў мінулым годзе прыходзілі своечасова і ў асноўным не выклікалі сумненняў. Пратэрмінавалі адказы на крытычныя матэрыялы МАУ ППП «Зубкі» («Сравнить и сделать выводы»), ААТ «Клецкі камбікормавы завод» («У чаканні зімы»).
Нагадваем, што Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь абавязвае кожнага кіраўніка рэагаваць на крытычныя выступленні газеты своечасова і дзейсна, і не займацца адпіскамі.
«Дапамажы, рэдакцыя, уся надзея на цябе…»
У 2010 годзе рэдакцыя атрымала 23 тэлефонныя званкі па гарачай лініі.
У большасці гэта даволі эмацыянальныя тэлефанаванні нашых чытачоў адносна тых ці іншых аспектаў жыцця. Некаторыя прасілі, каб іх выслухалі і далі параду або адказ па таму ці іншаму пытанню, бо не дачакаліся яго ад іншага нейкага аўтарытэтнага органа. У асобных выпадках заяўнікі па месцы жыхарства, не прыклаўшы ніякіх уласных намаганняў для вырашэння той ці іншай асабістай праблемы, першым чынам тэлефанавалі ў рэдакцыю і пачыналі высвятляць свае пытанні праз газету, не патурбаваўшы раней дэпутата той акругі, дзе жывуць, непасрэднага кіраўніка ўстановы ці прадпрыемства, дзе працуюць, сельвыканкама, дзе абавязаны зварот аператыўна разгледзець і даць канкрэтны, вычарпальны адказ. Большая частка зваротаў насіла прыватны характар, раёнка ж разлічана на масавага чытача і прызначана асвятляць больш маштабныя з’явы і падзеі нашага жыцця. Сёлета праз газету людзі цікавіліся: колькі каштуе адна сотка пасадкі бульбы ў сельгаспрадпрыемствах раёна, чаму ў былым магазіне вытворча-харчовага завода на працягу двух дзён падаражаў хлеб «Вязынскі», і чаму павышаецца кошт на праезд у грамадскім транспарце, дзе можна адрамантаваць пральную машыну-аўтамат, ці нельга ўстанавіць банкамат у раёне магазіна «Алёнка», прасілі, каб тэрмінова пачысцілі ад снегу вуліцу Міра ў агр.Заастравечча і вуліцу Клецкую ў в.Панкратавічы, каб запалілі святло ў вячэрні і начны час у Панкратавічах і Рассветнай, патрабавалі, каб аўтобус Мінск-Пінск спыняўся каля возера Меляўня… Былі нараканні, звязаныя з ацяпленнем і гарачым водазабеспячэннем. Атрыманыя ад кіраўнікоў адказы ці змясціліся на старонках газеты, ці паведамляліся аўтарам тэлефонных зваротаў. А аднойчы у адным з іх пыталі: «Чым можна і ў колькі даехаць да Мінска?» Прабачце, шаноўныя, але рэдакцыя – гэта не даведачнае бюро. Ці не прасцей было б самім набраць нумар дыспетчарскай аўтастанцыі і высветліць невядомае пытанне. Калі не паважаеце сябе, паважайце працу і час іншых людзей.
Знаходзяцца людзі, якія не згодны з пэўнымі заканадаўчымі актамі. Ні адмяніць іх, ні, тым больш, паўплываць на вырашэнне праблемы канкрэтнага чалавека ў абход закона рэдакцыя не можа. Практыка сведчыць, што пэўную долю атрыманых пытанняў па гарачай лініі можна аператыўна вырашыць на ўзроўні мясцовых органаў улады – дастаткова туды толькі патэлефанаваць, схадзіць, напісаць адпаведную заяву ці скаргу. Магчыма, для некаторых нашых чытачоў «адкрыю сакрэт»: добрая палова супрацоўнікаў рэдакцыі таксама карыстаецца грамадскім транспартам, час ад часу праводзіць рамонт у сваіх жылых памяшканнях, ачышчае ўласны двор ад снегу, турбуе камунальную службу наконт недастатковага ацяпляння і гарачага водазабеспячэння і інш., не спадзеючыся на добрага дзядзьку, які прыйдзе і адным узмахам чароўнай палачкі вырашыць усе набалелыя пытанні. Такое яно, жыццё. І калі самі не паклапоцімся пра сябе, ніхто іншы гэтага не зробіць.
Слова да чытачоў раёнкі
Рэдакцыя газеты ў мінулым годзе правяла 27 прамых ліній, у ходзе якіх паступіла 274 пытанні, арганізавалі некалькі сустрэч з чытачамі, конкурсы. Новы год стане годам ажыццяўлення шматлікіх задум, прапаноў і пажаданняў чытачоў «Да новых перамог». Убачаць свет тэматычныя старонкі, ранейшыя спецвыпускі і дадаткі да асноўнай газеты. А каб яны былі цікавейшымі, чакаем ад вас, паважаныя чытачы і нашы надзейныя памочнікі, допісаў аб працавітых людзях, каханні, адпачынку, выхаванні і вучобе, мужнасці і адвазе, марах і спадзяваннях, аб любві да роднага краю і да прыроды, аб тым, што перашкаджае чалавеку быць шчаслівым і заможным. Калі ласка, пішыце аб тым, што вас хвалюе, радуе, узнімайце праблемы, сігналізуйце аб недахопах, задавайце пытанні, прапаноўвайце тое, аб чым вы б хацелі пачытаць у газеце. І яшчэ адна просьба: падпісвайце свае лісты прозвішчамі, імёнамі і імёнамі па бацьку. Бо, як высвятляецца, ананімныя часцей за ўсё бываюць неабгрунтаванымі і неканкрэтнымі.
Калі вы прэтэндуеце на ганарар за змешчаны на старонках газеты свой матэрыял, не забывайце указваць дакладны дамашні адрас, месца работы.
Да сустрэчы на старонках раёнкі, шаноўчыя чытачы і пазаштатныя карэспандэнты. Хочацца спадзявацца, што сёлета колькасць аўтараў павялічыцца і «адкрыюцца» чытачам новыя прозвішчы.
Ірына Уласень.
Отправить комментарий