Сейчас загружается

Замятае зіма, замятае…

Сёлета зіма паказала свой характар з першых дзён: затрашчала маразамі, панакідвала снежныя гурбы, пазамятала дарогі… Наколькі калектыў філіяла КУП «Мінскаблдарбуд» – «ДРБУ №212» аказаўся гатовым да сюрпрызаў самай халоднай пары года, мы паспрабавалі высветліць у галоўнага інжынера раённай дарожнай арганізацыі І.І.Давыдка.

– Грунтоўная падрыхтоўка да зімовага ўтрымання дарог вялася загадзя, – зазначыў Ігар Іванавіч. – Пры гэтым былі дэталёва ўлічаны ўсе негатыўныя леташнія нюансы, якіх сёлета належыць пазбягаць. Праводзімыя работы каардынуюць распрацаваныя мера­прыемствы з дакладнымі тэрмінамі іх выканання. Да забеспячэння бесперапыннага руху аўтатранспарту задзейнічаны ўсе службы філіяла. За кожным з чатырох участкаў замацавана звыш 100 кіламетраў дарожнага палатна.

Абслугоўваемая арганізацыяй гаспадарка немалая. Неадкладнага догляду патрабуюць 430 кіламетраў дарог. На ўсіх аўтамабільных трасах вызначаны праблемныя зоны, на якіх устаноўлены вешкі і снегаўтрымліваючыя шчыты. Уласнай асфальтава-бетоннай базай на зімовы перыяд нарыхтавана неабходная колькасць супрацьгалалёднага матэрыялу – больш за 6 тысяч тон пясчана-солевай сумесі.

У снегапады ўключаецца ў работу ўся загадзя адладжаная тэхніка: пагрузчыкі, грэйдэры, трактары. У першую чаргу ад заносаў вызваляюцца дарогі вышэйшай катэгорыі і тыя, па якіх рухаюцца аўтобусы. На пасыпцы шчыруюць МАЗы з пяскараскідвальнікамі. Людзі, за­дзейнічаныя на ачыстцы аўтамабільных трас, працуюць, не лічачыся са сваім асабістым часам, – да 24 гадзін, у 2-3 – ночы ўжо заступае чарговая вахта.

На кругласутачнае дзяжурства пераведзена і дыспетчарская служба.

Дарожнікі поўныя рашучасці і надалей павышаць эфектыўнасць сваёй работы: максімальна выкарыстоўваць магчымасці наяўнай тэхнікі, сачыць за прагнозамі надвор’я, аператыўна рэагаваць на снегапады і галалё­дзіцу. А галоўнае – не ствараць аўтааматарам і пешаходам дадатковыя праблемы, наладжваць бесперапынны рух аўтобусаў.

Ірына Уласень.

Фота Яўгеніі Семянчук.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили