Сейчас загружается

Клецкім вучням уручылі пашпарты

Усебеларуская акцыя “Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь” стартавала ў краіне 14 сакавіка па ініцыятыве БРСМ і была прысвечана Дню Канстытуцыі. Мерапрыемствы, у ходзе якіх прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай улады, ганаровыя грамадзяне, ветэраны вайны і працы ўручалі юным беларусам, дасягнуўшым 16-гадовага ўзросту, пашпарты грамадзян Рэспублікі Беларусь, праходзілі да 17 сакавіка ва ўсіх рэгіёнах краіны.
Стартам гэтай акцыі стала ўрачыстая цэрымонія ўручэння нацыянальных пашпартоў 14 сакавіка ў рэспубліканскім Доме моладзі ў Мінску, дзе віншаванні ў адрас рабят прагучалі ад першага сакратара ЦК БРСМ Ігара Бузоўскага і намесніка старшыні РГА “Белая Русь” Сяргея Пігарава, а таксама ад грамадска-палітычных дзеячаў, знакамітых спартсменаў і папулярных артыстаў. У Мінскім абласным выканаўчым камітэце былі ўручаны пашпарты лепшым юным прадстаўнікам раёнаў сталічнай вобласці, і сярод іх быў вучань Шчэпіцкай ДАСШ Уладзіслаў Забэла.
Па традыцыі ў Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь раённым камітэтам грамадскага аб’яднання «БРСМ» у КРАЛе былі ўручаны пашпарты 16-гадовым юнакам і дзяўчатам устаноў адукацыі Клеччыны. Як зазначыў у прывітальным слове начальнік аддзялення па грамадзянству і міграцыі РАУС А.А.Навакоўскі, пашпарт – гэта асноўны дакумент грамадзяніна, які мае даўнюю гісторыю і да якога трэба ставіцца з павагаю.
І сапраўды, не мае значэння колькі табе гадоў: 18, 40 ці 80. Пашпарт патрэбен ва ўсякім узросце, а з асаблівым гонарам можа сказаць аб сваім грамадзянстве толькі той, хто ў свой час змагаўся за свабоду і незалежнасць сваёй краіны, так як ветэран Вялікай Айчыннай Вайны Х.І.Абрамовіч.
Урачыста і ганарова было атрымаць свой першы і асноўны дакумент юнакам і дзяўчатам з рук старшыні раённага Савета дэпутатаў С.У.Чакун. Святлана Уладзіміраўна зазначыла, што з гэтага моманту рабяты становяцца паўнапраўнымі грамадзянамі сваёй краіны і маюць як правы, так і абавязкі перад дзяржавай.
З хваляваннем жадалі рабятам поспехаў у самастойным жыцці настаўнік Клецкай ДАСШ №2 Т.С.Цыган і першы сакратар райкама БРСМ К.В.Канановіч. І нельга не назваць прозвішчы рабят, якія ў гістарычна значны дзень, 15 сакавіка, атрымалі пашпарты ў такой урачыстай абстаноўцы: Насця Вараненка, Валерыя Магілевіч, Крысціна Палішчук, Віка Новік, Насця Абцэжка, Дзіма Васько, Паша Есман, Алёша Каско, Улад Макарэвіч, Саша Рэзнік, Воля Папок, Ганна Шлапакова, Насця Рамашка і Алена Мінец.
У падарунак юнакі і дзяўчаты атрымалі маляўнічыя выданні “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. Кніга складаецца з сямі частак, дзе ў даступнай і папулярнай форме выкладаюцца артыкулы з Канстытуцыі нашай краіны. У набор уваходзяць таксама тры дыскі з інфармацыяй аб заканадаўчых актах, музычнымі творамі беларускіх аўтараў і шэдэўрамі мастацтва Беларусі.
Ад гаспадароў, навучэнцаў КРАЛа, юныя грамадзяне краіны атрымалі ў падарунак пастаноўку тэатра “ЛІМАТ” – п’есу Ларысы Баравіковай “Барбара Радзівіл”, якая ў чарговы раз выклікала ў гледачоў шмат гарачых апладысментаў…

Валянціна Сенкевіч.

Фота аўтара.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили