Такімі эпітэтамі большасць пакупнікоў характарызавала прадукцыю Клецкага вытворча-харчовага завода на мінулым тыдні, абмяркоўваючы з вытворцамі смакавыя якасці кандытарскіх і хлебабулачных вырабаў падчас сустрэчы, што адбылася ў фірменным магазіне “Клецкія прысмакі”. Тэхнолагі і не збіраліся ў чарговы раз рэкламаваць харчовыя вырабы, што сыходзяць з завадскіх канвеераў – яны і без таго добра вядомы гараджанам і вяскоўцам. Аднак, каб крочыць у нагу з часам і задавальняць попыт нават самых патрабавальных пакупнікоў, кіраўніцтва прадпрыемства ўжо даўно практыкуе такую форму работы, як дэгустацыя. І як паказвае час, яна сябе апраўдвае.
З моманту правядзення апошняй, улічыўшы пажаданні і прапановы гараджан, на прамысловасці адбыліся пэўныя змены: укаранёна сістэма мэнэджмента якасці СТБ-966, праведзены глабальны рамонт у адпаведнасці з патрабаваннямі СанПіН, у прыватнасці, у кандытарскім цэху. Там устаноўлена сучаснае высокатэхналагічнае абсталяванне, якое дазволіла палепшыць якасць аўсянага пячэння, пернікаў, здобных вырабаў з начынкай, а таксама выпечкі са слаёнага цеста. Усё гэта паспрыяла росту попыту на прадукцыю і павелічэнню аб’ёмаў продажу.
Сёння прадпрыемства супрацоўнічае з многімі гандлёвымі кропкамі райспажыўтаварыстваў сталічнай вобласці і горада Мінска, з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Але, як прыкмецілі арганізатары нядаўна прайшоўшай выставы-дэгустацыі, найбольш важнымі пакупнікамі для прадпрыемства па-ранейшаму з’яўляюцца землякі. Для таго, каб атрымаць ад іх станоўчую адзнаку, вытворчы працэс на заводзе пастаянна ўдасканальваецца, расце прафесіяналізм прамыслоўцаў. І ў большасці, менавіта дзякуючы адказнасці і працавітасці завадчан, строгаму захаванню тэхналагічнага працэсу, прадукцыя атрымліваецца смачнай і якаснай, – пераканана начальнік аддзела стандартызацыі і якасці Жанна Віктараўна Жумацій, якая пад час дэгустацыі ветліва запрашала наведвальнікаў пакаштаваць і ацаніць новую прадукцыю.
Ва ўсе часы адной з задач, што акрэсліваюць прамыслоўцы як найбольш прыярытэтную, з’яўляецца павышэнне якасці выпускаемай прадукцыі. Здаецца, завадчане з ёй спраўляюцца. Прынамсі, так лічаць пакупнікі, якія выказалі прадстаўнікам адміністрацыі прадпрыемства добрыя водгукі як у бок прадукцыі, якая там выпускаецца, і яе рацыянальнага кошту, так і ў адрас ветлівых прадаўцоў фірменнага магазіна “Клецкія прысмакі”. Адзінага, чаго не стае клецкім спажыўцам, дык гэта асартыменту для дыябетыкаў: не толькі хлеба, але і кандытарскіх вырабаў і здобы. Ласункі для тых, чый рацыён па ўрачэбных паказаннях абмежаваны на прысмакі, ім хочацца бачыць на сваім стале.
Святлана Орпель.
Фота Яўгеніі Семянчук.
Отправить комментарий