Сейчас загружается

На Клецком ППЗ выпускают хлеб, который бережет рубль

Хлеб, бадай, – самы галоўны прадукт харчавання, які штодня займае пачэснае месца на стале ў кожным доме, незалежна ад фінансавага дастатку сям’і. І не толькі з тае прычыны, што ў параўнанні з іншымі таварамі, якія разам з ім кладуцца ў пакупніцкі кошык, ён – адносна танны з фінансавага пункту гледжання. Верагодна, больш за ўсё спажыўцы цэняць яго за энергетычную і вітамінную каштоўнасць. А яшчэ за тое, што ўпрыкуску з хлебам, як вядома, хутчэй прыходзіць насычэнне. Ва ўсялякім выпадку, гэта найболей распаўсюджанае меркаванне. Аднак сёння хлеб любяць яшчэ і таму, што яго можна абгрунтавана прылічыць да прадукту, гатовага да ўжытку ў якасці самастойнай стравы. Доказ таму – шырокі асартымент, які здольны задаволіць густ нават далікатных гурманаў. Пшанічны, іржаны, злакавы, з бульбяным пюрэ і яблычным павідлам, з семкамі, вотруб’ем, чарнаслівам, курагою, салам… Хутчэй за ўсё, нават спецыялісты не пералічаць усіх напаўняльнікаў, якія ўваходзяць у склад подавых гатункаў, што карыстаюцца асаблівым попытам у пакупнікоў.
У “арсенале” толькі клецкіх пекараў на сённяшні дзень больш за трыццаць найменняў хлеба. Як адзначае начальнік цэха хлебапячэння вытворча-харчовага завода Ч.В.Рулінская, відавая разнастайнасць гэтага прадукту прызначана для розных катэгорый спажыўцоў. Па словах Чаславы Валянцінаўны, фармавы – лепей купляюць прыхільнікі класічных густаў, подавыя гатункі выбірае больш маладое пакаленне (гэты хлеб даражэйшы, далікатэсны), ёсць на прадпрыемстве і серыя для людзей, хворых на цукровы дыябет і з праблемамі страўнікава-кішэчнага тракту. Увогуле за дзень клецкія пекары выпускаюць 5-6 тон хлеба і хлебабулачных вырабаў. За адну змену, у якой працуе 9 чалавек – 1,5-2 тоны, з іх подавыя гатункі робяцца выключна ўручную. Можа, таму ён і атрымліваецца такім духмяным і смачным.
Высокая якасць хлеба ад ПУП “Клецкі ВХЗ” дае зялёнае святло на рэалізацыю яго не толькі ў гандлёвых кропках Клецкага раёна, але і ў другіх рэгіёнах сталічнай вобласці, а таксама ў Мінску. Мяркуючы па аб’ёмах продажу (у другім паўгоддзі 2010 г. Еўраторгу было рэалізавана 17 т хлебабулачных вырабаў, за 6 месяцаў сёлета – 44 т), можна сказаць, што клецкі хлеб прыйшоўся даспадобы мінчанам як па якасці, так і цане. Дарэчы, улічваючы, што ў параўнанні са студзенем 2011 г. кошт мукі абдзірнай вырас на 12%, клейкавіны – на 65%, разынак – на 59%, клятчаткі – на 67%, сухога бульбянага пюрэ – у два разы, прадпрыемству ўдаецца “трымаць” цану ў рамках разумнай: у сярэднім кошт на хлебабулачныя вырабы ўзрос толькі на 23%. Галоўны эканаміст прадпрыемства В.А.Паўленка аргументуе гэта тым, што клопат пра пакупнікоў – першачарговая задача для прамыслоўцаў. Вольга Адамаўна пераканана, што прывабная для спажыўца цана, нягледзячы на некаторыя фінансавыя выдаткі, дапамагае заводу не толькі захоўваць “армію” пастаянных кліентаў, але спрыяе наладжванню новых сувязей з эканамічнымі партнёрамі. Па словах фінансавага стратэга ВХЗ, дзякуючы гэтаму фактару нядаўна былі заключаны дагаворы яшчэ з трыма арганізацыямі Мінска. Стаўка на сталічнага пакупніка, па словах Вольгі Паўленкі, раскрывае перад прадпрыемствам вялікія магчымасці. Мяркуйце самі: калі за 6 месяцаў летась тэмп росту ў цэлым склаў 96%, то толькі ад рэалізацыі хлеба і хлебабулачных вырабаў сталіцы за 7 дзён ліпеня – 100%. “Акрамя гэтага, – гаворыць суразмоўца, – ёсць спадзяванні, што ўдасца выйграць тэндар на пастаўку прадукцыі “гарачага” цэху ў вайсковую частку “Клецк-2” Расійскай Федэрацыі, а гэта яшчэ прыкладна 5 тон прадукцыі ў месяц”.
Як бачна, эканамічная нестабільнасць, якая склалася сёлета ў нашай краіне, ніколькі не спалохала клецкіх вытворцаў. Яны не скардзяцца на фінансавыя цяжкасці і эканамічныя катаклізмы, а кіруюцца словамі-арыенцірамі Прэзідэнта краіны – “вучацца берагчы і зарабляць грошы”. Прычым, улічваючы не толькі свае ўласныя інтарэсы, а, як ужо адзначалася, найперш – спажыўцоў прадукцыі, для якіх, прынамсі, і развіваецца прадпрыемства.
Тут не чакаюць манны нябеснай, а працягваюць працаваць, свята захоўваючы свае лепшыя традыцыі, як кажуць, – на сумленне. Менавіта гэты фактар суправаджае ўвесь тэхналагічны працэс выпечкі хлеба і хлебабулачных вырабаў – ад закладкі інгрыдыентаў да якаснага замесу і захавання тэмпературных нормаў у пячах. Самакантроль кожнага члена калектыву і жаданне атрымаць асалоду ад таго, што зроблена ўласнымі рукамі, спрыяе забеспячэнню высокай якасці клецкага хлеба і робіць яго канкурэнтаздольным не толькі на фоне прадукцыі рэгіянальных прадпрыемстваў. Пульхныя боханы «эканом-класа» ад клецкіх вытворцаў працягваюць “абжываць” усё новыя паліцы на спажывецкім рынку. А значыць, наш хлеб любяць у Беларусі.
Святлана Орпель.
Фота Яўгеніі Семянчук.
На здымках:
У цэху хлебапячэння ВХЗ: кантралёр якасці Ірына Кунцэвіч (на здымку 1 справа) і цеставод Яніна Заяц; пекар Ірына Мінец (на здымку 2).

Отправить комментарий