Сёлетні верасень радуе земляробаў пагодлівымі дзянькамі, шчодрымі на ласкавае сонейка ды чысты блакіт неба. Гэты дарунак, капрызлівай апошнімі гадамі паненкі Прыроды, спяшаюцца з максімальнай выгодай для сябе скарыстаць працаўнікі Клеччыны.
На выпеставаных сонцам, напоеных спорнымі дажджамі сенажацях усё яшчэ буяюць багатыя травастоі, якія як мага хутчэй – да зацяжных дажджоў, трэба скасіць, высушыць і звесці пад павеці, каб у зімовую сцюжу духмяны водар траў і іх высокая спажыўнасць дапамагалі жывёлаводам атрымліваць дастойныя прывагі і надоі малака.
Спяшаюцца завяршыць касавіцу ў племзаводзе “Чырвоная зорка”: з аднаго боку дарогі яшчэ шпарка ўвіхаецца касілка, а з другога – сухія рулоны сена загружаюць у прычэпы трактароў і адвозяць у сховішчы. Каралевай кармавых угоддзяў беларускія сельгасвытворцы па праву лічаць кукурузу. Добрым ураджаем яна сёлета дзячыць клецкіх земляробаў: па стану на 23 верасня сярэдняя па раёне ўраджайнасць зялёнай масы складае каля 375 ц/га. Чакаюць добрых намалотаў і бурштынавага зерня. Дарэчы, першымі прыступілі да яго абмалоту ў ЗП “Налібокі-Нёман”, ААТ “Грыцэвічы” і ДП “Племянны завод “Чырвоная зорка”. Залатыя зярняткі гэтай культуры – важкі дадатак да валавога збору збожжавых, да таго ж – з высокім утрыманнем энергіі, надзвычайна каштоўны.
Шырокім фронтам гэтымі днямі вядуцца работы на бульбяных плантацыях. Ужо справіліся з уборкай бульбы ў ПУП “Арда” і на палетках СВУ “Шчэпічы”, дзе адведзеныя пад яе плошчы не перавышалі 10 га. Значныя плантацыі “другога хлеба” ў ААТ “Грыцэвічы” – 204 га, “Кухчыцы” – 194 га, СВФ “Туча” – 99 га. Але і тут уборачныя работы “перавалілі” за экватар, а ў цэлым па раёне яны выкананы на 63% плошчаў. Адметным выдаўся сёлета і ўраджай – 252,6 ц/га. А самыя важкія клубні ў кухчыцкіх бульбаводаў (349,2 ц/га), грыцэвіцкіх (286,6) і карацкіх (282,3). Нагадаю, што летась у гэты час у сярэднім накопвалі каля 240 цэнтнераў на круг. Прыемна тое, што значныя работы ў гаспадарках праведзены па рэканструкцыі сховішчаў, як таго патрабуе рэспубліканская праграма развіцця агародніцтва і бульбаводства. У прыватнасці, у ААТ “Морач” мадэрнізавалі старое агароднінасховішча сваімі сіламі: укладзеныя ў гэта 50 млн. рублёў дазволяць замест 500 тон бульбы захоўваць 600, ды яшчэ больш за 150 тон сталовых буракоў. А “чырванашчокіх” бурачкоў тут пасеялі ў гэтым годзе 5 га, уборку ж вядуць ужо на апошнім. Хутчэй сабраць ураджай гаспадарцы дапамагаюць і школы, і пенсіянеры, таму работа спорыцца. Амаль справіліся тут і на 15-гектарным палетку цыбулі: Настачка Сасіновіч з ахвотай дапамагае дарослым выбіраць з зямлі і дачышчаць вялікія гладкія цыбуліны. А яны параслі – з добры кулак. Такога знатнага ўраджаю не памятае і сам дырэктар таварыства Аляксандр Філіпчанка:
– У першы год майго старшынства занялі мы цыбуляй 50 га, а накапалі усяго – 42 тоны. Летась добры быў ураджай – 230 ц/га, ну а сёлета – пад 400! Так што крышачку ўжо навучыліся працаваць з гэтай гароднінай. Калі ў мінулым годзе рэнтабельнасць склала 30%, то зараз – за ўсе 50. Яшчэ прывяду такія лічбы: са 100 га цукровых буракоў плануем атрымаць прыбытак каля 100 млн. рублёў, а з 13, занятых цыбуляй, – 500 млн. Дастойны рэзультат. І дзякуй за яго нашым працавітым марачанцам. Яны ж кожную цыбулінку рукамі ўбралі, пагрузілі, перабралі. Праўда, да такога ўраджаю мы яшчэ не гатовы. Калі будавалі сушылку, разлічвалі на ўраджайнасць 200 цэнтнераў, а тут – удвая больш! Таму даводзіцца частку ўраджаю рэалізоўваць, як кажуць, прама з палетка, без дапрацоўкі. Пры гэтым вар’іруем коштам: не дапрацаваная – па 1600 тыс. руб. за тону, высушаная і расфасаваная ў сеткі – 2 млн. 500 тыс. рублёў. І нам добра, і пакупніку – выгадна. Такую цыбулю дзесяткамі тон набываюць у нас і фермеры, і прадпрымальнікі, і нарыхтоўчыя канторы. А астатні ўраджай будзем паступова рэалізоўваць. Гэтыя высакаякасныя сарты здольны захоўвацца без праблем да мая.
З клецкіх палеткаў ужо мчаць па аўтамагістралях і вялікагрузы з салодкімі каранямі. Многія гаспадарнікі выкарысталі льготныя – з 20-працэнтнай надбаўкай – закупачныя цэны на цукровыя буракі, якія дзейнічалі да 20 верасня. Асабліва ўвішна тут папрацавалі буракаводы ААТ “Лазавічы”, якія па стану на 23 верасня на Слуцкі цукроварафінадны камбінат адправілі 5587 тон, сабраных з 37% занятых гэтай тэхнічнай культурай плошчаў. З 28% палеткаў сабраны ўраджай у ААТ “Клецкі”, з 27 – у ААТ “Грыцэвічы”, чвэрць плошчаў вызвалены ад ураджаю ў СВУ “Шчэпічы”, а сярэднераённы паказчык адпавядае 20%. Ёсць усе падставы з гордасцю гаварыць аб выніках на бурачных плантацыях у буракаводаў ААТ “Кухчыцы” і “Лазавічы”, дзе ўраджайнасць пераўзышла за 600 ц/га, па раёне яна складае 521,7 ц/га. Прыкладна столькі ж – і на палетках ДП “Чырвоная зорка”. Гэтымі днямі тут працуе буракаўборачны камбайн “Холмер” Слуцкага цукроварафінаднага камбіната, арганізавана вядзецца адгрузка на перапрацоўку.
Так, яшчэ поўным ходам ідуць уборачныя работы, а аратыя ды сейбіты ўжо дбаюць аб ураджаі наступнага года: вядзецца ворыва, перадпасяўная падрыхтоўка глебы, ды і сама сяўба азімых збожжавых. Па стану на 23 верасня яны пасеяны на плошчы 9328 га, а гэта – 72% да задання. Усё больш на палетках раёна выкарыстоўваецца магутная высокаэффектыўная тэхніка, такая, напрыклад, якой кіруе ўжо трэці год прафесіянал хлебаробскай справы Віталій Буйвіла. Штодня ён на сваім “New Holland” у агрэгаце з “Цэнтаўрам” адным “ходам” заворвае і выконвае перадпасяўную падрыхтоўку глебы на плошчы каля 40-50 га чырваназоркаўскіх урадлівых земляў. А калі што і здарыцца – літаральна за некалькі хвілін прыйдзе на дапамогу вадзіцель-зваршчык з 30-гадовым вопытам работы на гэтай адказнай пасадзе Анатолій Мікалаевіч Кісель:
– Мая “лятучка” са зварачным агрэгатам карбюратарным сёння толькі за абедзенны час на трох “выкліках” пабывала, – з лагоднай усмешкай на твары дзеліцца ветэран працы. – Ужо паспеў падшыпнік на бульбасарціровачным пункце ў Бабаевічах падварыць, дапамог сеялку запусціць у работу пасля таго, як яна арматуру “злавіла”, і Віталік праз некалькі хвілін зноў свой магутны агрэгат у поле вывядзе. А з раніцы… Тэлефонны званок, і я імчу на выручку прама ў поле.
Так, кожная хвілінка – на ўліку. Сяльчане спяшаюцца ўбраць усё вырашчанае без страт, у аптымальныя тэрміны. Яны ж разумеюць: у выйгрышы той, хто будзе з ураджаем.
Вольга Русіновіч.
Фота Юрыя Мысліцкага.
Отправить комментарий