Сейчас загружается

Победители “Властелина села” живут в Клецком районе

Калі б сучасную моладзь запыталі, якой ім уяўляецца ідэальная сям’я, – упэўнена, пачулі б нешта кшталтам: «Жонка, муж, адно – максімум два дзіцяці, кватэра ў горадзе, дарагое аўто, дача ў прыгарадзе, уласны бізнес». Што і казаць, калі пра каханне ніхто і не ўспомніў – банальна, але факт. Чалавеку дасведчанаму ў сямейных справах – дзіўнай, калі не дзікунскай, падасца такая далёка не першаступенная характарыстыка сям’і. Аднак для сённяшняга пакалення – гэта нармальная з’ява, найбольш прываблівы варыянт існавання.

Тлумачэнняў таму шмат. Асноўнай жа прычынай лічу тое, што маё пакаленне – гэта пакаленне ліхіх 90-ых, калі, і сапраўды, для большасці галоўным было хоць як-небудзь звесці “канцы з канцамі”, пракарміць сям’ю, не кажучы ўжо пра адзенне, абутак і тым больш пра далучэнне да духоўных здабыткаў грамадства. Але мінулі тыя часы. Зараз амаль кожны пры жаданні можа зарабляць столькі, колькі хоча. У гандлёвых кропках усяго хапае. У нас ёсць магчымасць наведваць тэатры, кіно, розныя выставы, падарожнічаць. Аднак сучасныя сем’і ад гэтага мацнейшымі не сталі, наадварот, яны распадаюцца з такой хуткасцю, што нават самыя чэрствыя людзі бяруцца за галаву. І па-ранейшаму большасць маладых людзей лічыць, што галоўнае ў сям’і – матэрыяльны дастатак, здабыты, пажадана, не сваімі рукамі.
Можа, і я б пагадзілася з існуючым стэрэатыпам, калі б не пазнаёмілася з сям’ёй Валерыя і Валянціны Кірык з в.Заельня. Той, хто ўважліва сочыць за навінамі перыядычнага друку, ведае іх як удзельнікаў раённага конкурсу і пераможцаў абласнога этапа сямейнага сельскагаспадарчага праекта ГА “БРСМ” “Уладар вёскі”. Клецкая сям’я ў чарговы раз прадэманстравала і журы, і гледачам незвычайнага шоу разгорнутае на цэнтральнай плошчы Капыля 9 верасня, якой павінна быць сапраўдная вясковая маладая сям’я. Конкурсныя этапы, здавалася б, разлічаны былі на выяўленне прафесійнага майстэрства ўдзельнікаў, але гэта толькі на першы погляд: запрагаць і распрагаць каня, пілаваць, калоць і кастрыць дровы, чысціць бульбу, вязаць венікі, насіць ваду карамыслам, дэманстраваць свае захапленні і расказваць пра сваю сям’ю на сцэне парам даводзілася разам. Самі разумееце, калі ў сям’і няма элементарнай узаемапавагі адзін да аднаго, то якім бы ты ні быў прафесіяналам – у лідары, наўрад ці трапіш.
Ужо з першых этапаў конкурсу Кірыкаў прыкмецілі не толькі ў журы, але і гледачы: разважлівы, памяркоўны ў гутарцы Валера, як сапраўдны стратэг сямейных адносін, адчуваючы дух саперніцтва, з байцоўскім запалам і мужчынскай заўзятасцю ненавязліва і без лішніх слоў нацэліў усю сваю каманду – Валянціну, дачку Дашу і сына Максіма – на перамогу. А інакш быць і не магло, таму што дэвіз Кірыкаў па жыцці: «Або першыя, або ніякія».
«Калі бярэшся за справу – давядзі яе да толку, паабяцаў – выканай, як бы цяжка ні было. Не атрымліваецца – паспрабуй яшчэ раз. «Не рабі людзям кепскага, а ў астатнім – Бог дапаможа», – па такім прынцыпе жывуць Кірыкі. Усё, што яны маюць, – здабыта іх уласнымі рукамі. Уявіце, у свае 28 гадоў Валерый, акрамя жонкі і двух дзяцей, мае незвычайна вялікую па сучасных мерках гаспадарку: дзве каровы, бычка, уласнага каня, пасеку на 30 сем’яў пчол, больш за 20 парасят і некалькі свінаматак. Пра плошчу, засаджаную бульбай, буракамі, капустай і іншымі культурамі агарода, я ўжо і не кажу! Сям’я збудавала дом у Клецку (усё ж бліжэй да цывілізацыі), але пераязджаць Кірыкі не спяшаюцца.
– А куды ж мы? Гаспадарку не кінеш, ды і што горад? Тлум, мітусня, машыны туды-сюды, чатыры сцяны ў душных кватэрах. Каналізацыя, кажаце? Дык у нас і ў Заельні хата з каналізацыяй, гарачая і халодная вада ёсць – адным словам “все удобства”. Я ж не ўломак, рукі маю. Дом у Клецку збудавалі для дзяцей – хочам, каб адукацыю лепшую атрымалі, кожны дзень адвожу дачку ў 2-гі гарадскі садок, а Максіма, сына, – у трэцюю школу. Вырастуць, ужо хоць які-небудзь ды будзе свой куток у дзяцей, а мы з Валянцінай назад у Заельню вернемся. Ведаеце, якое там смачнае паветра? А сонца бачылі, як узыходзіць над лесам? Ды і як кідаць тую зямлю, дзе жылі мае дзяды, прадзеды? – дзеліцца сваімі развагамі гаспадар.
Нясмела пытаюся:
– А як жа адпачынак? Можа на курорт які б з’ездзілі, адпачылі?
На што Валера, без кроплі шкадавання, адказвае:
– Эээ, што вы! Наша Заельня дасць фору ўсялякім замежным курортам. Ну, а калі нам Заельні стане мала, то ў Беларусі хапае месцаў, куды можна з’ездіць, ды на што паглядзець. Вось мая Валянціна нядаўна закамандавала купіць яшчэ адну карову, і як я не хацеў, але ж куды дзенешся – жонка папрасіла, трэба паслухаць. Купіў. І цяжка – цалюткі дзень з чатырох гадзін раніцы да дванаццаці ночы на нагах, – але ж і прыбытак затое маем. Усё самі, усё сваімі рукамі. Адпачываць няма калі.
У кругаверці гаспадарчых і сямейных спраў Валянціна знаходзіць час, каб здзівіць дамашніх усялякімі прысмакамі ўласнага прыгатавання (па прафесіі яна – кандытар). Дарэчы і на конкурсе журы круціла галовамі ад захаплення – гэта ж трэба так умець: і зайчыкаў шакаладных, і вожыкаў напячы, грыбочкаў, блінчыкаў, рагалікаў, каўбаску скруціць, мяска, сальца свайго парэзаць, масла па-даўнейшаму збіць і сыр клінковы зрабіць. Шчыра кажучы, пасля дэманстрацыі сямейнай выставы капыляне і сем’і-ўдзельніцы конкурсу з іншых раёнаў, наперабой прапаноўваючы сваю цану, гатовы былі оптам выкупіць усе прысмакі Кірыкаў. “Згаладаліся” людзі па-свойскіх, простых харчах. Адна жанчына напрамілы Бог прасіла гаспадароў прадаць ёй клінковы сыр:
– Дзеці сёння з Мінску прыязджаюць. А некалі мая маці такі сыр рабіла і дзяцей на канікулах частавала. Ды як збяромся разам, усё ўспамінаем, як даўней добра было.
Зіхаціць сядзіба Кірыкаў, патанае ў кветках. Удала дапаўняюць вясковы пейзаж арэлі з колаў, самаробны конік з вазком, вуллі ў выглядзе царквы і млына-ветрака, яркая альтанка. Лагодная цішыня наўкол дадае непаўторнае хараство і казачную чароўнасць уладанням незвычайнай сям’і. Хораша, спакойна тут. А пераступаеш парог сядзібы і аўтаматычна трапляеш у вір гаспадарчых спраў: пакуль Валера вырашае пытанні, якія тычацца мужчыны-гаспадара, спраўляецца з абавязкамі пчаляра ў ААТ “Лазавічы” і “Грыцэвічы”, старасты вёскі Заельня, дэпутата Грыцэвіцкага сельскага Савета, Валянціна “кіруе” і дома, і ў агародзе, каб усюды было чыста і прыгожа, і каб кожны член сям’і сапраўды адчуваў клопат, павагу і любоў да сябе, ведаў, што тут яго заўсёды выслухаюць і падтрымаюць.
Няма ў жыцці Кірыкаў месца ні гультайству, ні марнай траце часу. Жывуць Валерый і Валянціна, нягледзячы на свой такі малады ўзрост, не для сябе, а для дзяцей, выхоўваючы іх у лепшых беларускіх традыцыях: дапытлівы і цікаўны гаспадар сям’і ведае гісторыю свайго роду да …наццатага калена. З ахвотаю дзеліцца ёю з падрастаючым пакаленнем, бо свята верыць у тое, што трэба памятаць мінулае, каб упэўнена рухацца ў будучыню. Добразычлівая, па-жаноцку мяккая і ўсмешлівая, Валянціна непрыкметна для чужога вока ўмее згладзіць вострыя вуглы ў сямейных адносінах, дзе трэба – падхваліць і мужа, і дзяцей, а дзесьці – і нахмурыць бровы, бо менавіта на ёй, жанчыне, трымаецца, што б ні казалі, лад і дабрабыт (найперш, душэўны) усёй сям’і.
Узаемная павага, любоў, спагада і памяркоўнае стаўленне адзін да аднаго – вось аснова сям’і Кірык. Таму ў іх усё ладзіцца, таму іх мары становяцца рэальнасцю.
Перамога на абласным этапе “Уладара вёскі” – за плячыма, наперадзе – удзел у рэспубліканскім, заключным, які пройдзе праз тыдзень у рамках свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2011” у Маладзечне. У шчыльным працоўным графіку сям’я Кірык усё ж знаходзіць хвілінку на падрыхтоўку. І як бы ні склаліся абставіны, які б вынік конкурсу ні быў, ужо сёння можна сказаць, што гэтая сям’я лепшая не толькі таму, што яна наша, клецкая, але і таму, што гэта – сапраўдная, моцная сям’я, дзе «адзін за ўсіх і ўсе за аднаго». А нам застаецца пажадаць Кірыкам удалага выступлення і пераможнага ветру ў парусы іх дружнага сямейнага карабля.

Кацярына Канановіч, 
першы сакратар РК ГА “БРСМ”.
Фота з архіва сям”і Кірык.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили