Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што праблема аб’ектыўнага інфармавання расіян аб сітуацыі ў Беларусі застаецца актуальнай. Аб гэтым ён заявіў 7 кастрычніка на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў СМІ рэгіёнаў Расіі, паведамілі ў прэс-службе Кіраўніка дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, «гады ідуць, але праблема аб’ектыўнага інфармавання расіян аб сітуацыі ў Беларусі яшчэ застаецца».
«Я рэгулярна гляджу асноўныя тэлевізійныя каналы, чытаю газеты, інтэрнэт-выданні і не магу не здзіўляцца, калі бачу часам рэпартажы з Беларусі, як можна ўсё сказіць, а самае галоўнае – навошта гэта патрэбна», – сказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт падкрэсліў важнасць гэтага візіту журналістаў расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, паколькі яны змогуць «на свае вочы пераканацца ў дружалюбнасці беларуса да расіяніна, імкненні да супрацоўніцтва».
«Галоўная мэта ў тым, каб у дэфіцыце, на жаль, інфармацыі, які назіраецца ў расійскіх СМІ ў адносінах да нашай краіны, вы ўбачылі і даведаліся пра Беларусь такую, якая яна ёсць на самай справе, і расказалі аб гэтым расіянам. Патрэбнасць у гэтай праўдзе велізарная», – лічыць Аляксандр Лукашэнка. «Шчыра скажу: для сустрэчы з вамі мы не прыхарошвалі рэчаіснасць, не будавалі нейкія пацёмкінскія вёскі. У Беларусі ўвогуле гэта не прынята, як бы пра нас недзе нешта ні пісалі ў адваротным плане. У гэтай паездцы па Беларусі вы ўбачылі рэальную краіну, рэальных людзей і рэальнае жыццё», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што ў Беларусі ёсць праблемы, таксама як і ў іншых краінах. Паводле яго слоў, «такіх праблем у рэгіёнах Расіі таксама хапае». «Але паўтараю, мы іх не скрывалі і не скрываем. Мы іх вырашаем», – падкрэсліў Прэзідэнт. «Асноўная праблема, аб якой так многа пісалі, – дэфіцыт валюты, гэта была праўда. У нас заўсёды была валюта ў дэфіцыце. Яна ёсць і цяпер», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У той жа час ён падкрэсліў, што сітуацыя ў краіне стабілізавалася. «Я думаю, да канца года мы забудзем аб той праблеме, якая ў нас была», – сказаў Прэзідэнт. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, яму «цяпер значна прасцей аб гэтым гаварыць, таму што якраз такі ж перыяд перажывае Расійская Федэрацыя, калі расійскі рубель пачаў абясцэньвацца, калі амаль $2 млрд. за суткі Расія траціць на падтрыманне курсу нацыянальнай валюты». «На жаль, мы не маем такіх магчымасцей, каб траціць вялікія золатавалютныя рэзервы на падтрыманне нацыянальнай валюты. І нам даводзілася ў свой час выбіраць: патраціць гэтыя золатавалютныя рэзервы або ж сэканоміць», – адзначыў Прэзідэнт.
«Як бы пра нас ні пісалі, як аб краіне, дзе жывуць дрэнна, дрэнныя людзі, вы бачыце, што мы абсалютна нармальныя людзі, нармальна жывём, не без праблем», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. «Гэта журналісцкае жыццёвае крэда – глядзець, аналізаваць, параўноўваць і рабіць вывады», – дадаў кіраўнік дзяржавы. «Мы вельмі высока цэнім вашу ўвагу да інтэграцыйных працэсаў і іх падтрымку, – сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да журналістаў. – Спадзяюся, што ва ўсіх вас застануцца самыя лепшыя ўспаміны аб наведванні нашай краіны». За час больш як чатырохгадзіннай размовы Прэзідэнта з журналістамі былі зададзены пытанні, якія ахопліваюць усе сферы жыццядзейнасці беларускай дзяржавы. Прадстаўнікі СМІ таксама цікавіліся інтэграцыйнымі працэсамі Расіі і Беларусі, прыярытэтамі Беларусі ў знешняй палітыцы, асабістым стаўленнем Прэзідэнта Беларусі да кіраўніцтва Расіі. Шмат гаварылася і аб эканамічнай сітуацыі ў краіне.
У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатова разам з Расіяй пераадолець новую хвалю крызісу. «Самая галоўная праблема крызісу – не будзе куды прадаць прадукцыю. Усё астатняе нас менш за ўсё хвалюе. Будзем неяк выкарабквацца, калі хваля крызісу нас накрые. Але разам з Расіяй. І нам будзе лягчэй, і вам», – сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, беларусам ёсць што прапанаваць расіянам, а ў расіян ёсць тое, што трэба беларусам. «Разам мы крызіс пераадолеем. І гэта не так будзе балюча. Таму тут мы таксама разлічваем на Расію, і вы таксама можаце на нас разлічваць», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Разам з тым ён перакананы, што ў такіх сітуацыях не трэба баяцца ўключаць і дзяржаўнае рэгуляванне. «Размовы аб тым, што рынак адрэгулюе... Якія бізнесмены ў вас і ў нас, вы ведаеце: схапілі сваё і добра. Вось яны і будуць вам рынкам кіраваць», – заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Таму, лічыць Прэзідэнт, трэба быць гатовым да таго, што дзяржаве давядзецца ўмешвацца, як гэта зрабілі ў Еўрасаюзе і Амерыцы. «Як крызіс грымнуў, усе загаварылі аб дзяржаўным рэгуляванні і пачалі паказваць у бок Беларусі: а вось Лукашэнка захаваў рэгуляванне. Так, дзе трэба, мы рэгулюем. Калі не трэба, мы адступаем, адыходзім убок, каб не перашкаджаць. Але гэтыя рычагі павінны быць у арсенале», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заявіў аб адсутнасці міжасобасных праблем у адносінах з кіраўніцтвам Расіі. «Бывалі моманты, калі неадназначна складваліся нашы адносіны, – прызнаў беларускі лідар. – Але, паверце, гэта не таму, што ў Лукашэнкі дрэнны характар. Не, не таму. Лукашэнка – Прэзідэнт, ён адказвае за канкрэтную краіну, за мільёны людзей, якія тут жывуць, і за расійскіх нашых братоў, якім неабыякава Беларусь».
«Калі я бачу, што нешта складваецца не так, як абяцана, я на гэта рэагую, – дадаў Прэзідэнт. – Можа, я дзесьці памыляўся, я ж таксама чалавек. Але час паказвае, што я ўсё ж такі меў рацыю».
«Калі і былі нейкія непаразуменні нашай палітыкі, то яны на сённяшні дзень зняты», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. «Мы павінны паважаць адзін аднаго, ні ў якім разе не павінны адзін на аднаго наскокваць, збіваць і да таго падобнае, – лічыць Аляксандр Лукашэнка. – Асаблівасць нашых адносін з расійскім кіраўніцтвам у тым, што мы як ніхто іншы адкрыта, сумленна і прама крытыкуем адзін аднаго, выказваем сваё меркаванне, не хаваем за дыпламатычныя фармулёўкі нашы настроі, вывады і гэтак далей. Гэта дарагога каштуе». «Мы прайшлі вельмі вялікі шлях і змаглі захаваць усё тое добрае, што засталося нам ад Савецкага Саюза, – падкрэсліў беларускі лідар. – Гэта сведчыць аб адкрытасці і блізкасці партнёраў».
Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў сваё меркаванне аб публікацыі расійскага прэм’ер-міністра ў газеце «Известия».
Ён падкрэсліў, што вітае пазіцыю Уладзіміра Пуціна па АЭП. «Відаць, што Расія адназначна вызначылася, у якім напрамку ёй рухацца. Мы гэта вітаем і гатовы ў гэтым удзельнічаць», – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Сёння ўжо практычна мы прыйшлі да Адзінай эканамічнай прасторы, але вось так канцэптуальна, як Пуцін у гэтым артыкуле піша, гэта ўпершыню».
Прэзідэнт лічыць, што выказванні Уладзіміра Пуціна не трэба разумець у тым ключы, што Беларусь або Казахстан страцяць незалежнасць. «Ды глупства, ён нідзе аб гэтым там не піша, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – І потым, гэта наша права: мы можам згаджацца, можам не згаджацца, можам ісці на гэта, можам не ісці».
Ён падкрэсліў, што для ўдзельнікаў АЭП патрэбны роўныя ўмовы гаспадарання, а не паніжаючыя інтэграцыйныя каэфіцыенты. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хацеў бы таксама праз газетную публікацыю паказаць сваё бачанне далейшых працэсаў у АЭП.
Кіраўнік дзяржавы рэзюмаваў, што «Беларусь аддана адзінству і інтэграцыі – гэта палітыка захоўваецца на працягу ўсёй навейшай гісторыі краіны». У гэтым, дзявятым па ліку, прэс-туры, які праходзіць з 4 па 7 кастрычніка, прынялі ўдзел 86 журналістаў з чатырох дзясяткаў суб’ектаў Расійскай Федэрацыі. Яны прадстаўляюць 74 СМІ (53 – рэгіянальныя, 17 – федэральных, 4 – саюзныя). Журналісты наведалі аб’екты прамысловасці, сельскай гаспадаркі, сацыяльнай сферы, абароны ў Гомельскай і Мінскай абласцях.
Фінальным мерапрыемствам для ўдзельнікаў прэс-тура стала прэс-канферэнцыя Прэзідэнта Беларусі. Яе тэлеверсія была паказана ў вячэрнім тэлеэфіры Першага нацыянальнага тэлеканала, а таксама каналаў АНТ і СТБ. Прамая трансляцыя вялася Першым каналам беларускага радыё.
БелТА.
Отправить комментарий