У народзе кажуць: «Пры сонейку цёпла, пры матульцы добра».Гэтыя словы кожны ў поўнай меры мог бы аднесці менавіта да сваёй маці, але я хацела б адрасаваць іх гераіні майго аповеду, маці трох сыноў Ірыне Мікалаеўне Закрута. Маладая, прывабная, модная, статная, імклівая, яна не можа не выклікаць сімпатыю. Яшчэ працуючы разам у СШ №2 г.Клецка, я заўсёды захаплялася ёю. Яе знешнасць, здаецца, непадуладна часу. Нягледзячы на тое, што ў натоўпе старшакласніц па постаці яе лёгка можна прыняць за іх равесніцу, Ірына Мікалаеўна – маці траіх сыноў, два з якіх ужо дарослыя. Ілля заканчвае БНТУ. Ён – будучы інжынер-праграміст. Валянцін – студэнт Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Малодшы, Паўлік, яшчэ вучыцца ў трэцім класе ДАСШ №3 г.Клецка.
У чым сакрэт яе маладосці? Думаю – у ветлівасці, добразычлівасці, у захопленасці сваёй працай і, безумоўна, у сямейным шчасці. Магчыма, што я пералічыла ўсё не ў тым парадку. І сямейнае шчасце трэба паставіць на першае месца. Менавіта ад таго, як складваецца сямейнае жыццё, у жанчыны залежыць і настрой, і знешні выгляд, і кар’ера, і ўсё астатняе.
Клеччына стала для Ірыны Мікалаеўны другой радзімай. Сама яна не тутэйшая, са Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыўшы ў 1985 годзе Навадворскую сярэднюю школу, яна атрымала накіраванне ў Мінскі дзяржаўны інстытут культуры. Вучыцца было цікава, але яна іншы раз задумвалася над тым, што, усё ж, трэба было лепш паступаць у педінстытут. У ВНУ сустрэла сваё шчасце: пазнаёмілася з прыгожым, высокім, статным і таленавітым хлопцам Мікалаем. Знаёмства перарасло ў рамантычнае каханне, і ў хуткім часе маладая пара вырашыла стварыць сям’ю. Так Мікалай Яўгенавіч Закрута стаў мужам адной з інстытуцкіх прыгажунь – Ірыны.
Мікалай паступіў у інстытут пазней за яе, таму што служыў у арміі. І хоць, калі жаніўся, быў першакурснікам, але па ўзросце даволі самастойным юнаком, здольным стаць не толькі выдатным мужам, але і бацькам.
Ірына Мікалаеўна ўсміхаецца:
– Пакуль Мікалай скончыў інстытут, то ў нас ужо было двое сыноў – Ілюша і Валік.
На працу маладая сям’я павінна была ехаць на Гродзеншчыну, але Мікалай быў вельмі прывязаны да роднай Клеччыны, таму і настояў на тым, каб праз некаторы час пераехаць сюды. У яго роднай вёсцы Загорнае работы па спецыяльнасці не знайшлося, і ім прапанавалі Зубкі. І хоць у мясцовай школе не было працы па спецыяльнасці Ірыны Мікалаеўны, яна бралася за ўсё, што прапаноўвалі: гурткі, факультатывы. Радавалася таму, што атрымалі жыллё. Побач былі школа і дзіцячы сад. Той перыяд свайго жыцця і працы жанчына ўспамінае з настальгіяй і замілаваннем.
– Вельмі рада, – гаворыць яна, – што трапіла ў такі цудоўны педагагічны калектыў, дзе прайшла загартоўку і як малады спецыяліст, і як чалавек, бо было ў каго браць прыклад. Ды і школа з творчым, мастацкім ухілам прыйшлася па душы. Тут здзейснілася мая мара аб працы педагога.
Неўпрыкмет прайшло 5 гадоў. Калі пабудавалі кватэру ў Клецку, у вёску стала дабірацца нязручна і Закруты вырашылі перайсці на працу ў райцэнтр. Тут яна стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №2 г.Клецка. Да новай пасады аднеслася з вялікай адказнасцю. Настаўнікі сустрэлі яе добразычліва, і Ірына Мікалаеўна вельмі хутка асвоілася ў новым калектыве, праявіла сябе як адказны і ініцыятыўны педагог. З задавальненнем яна ўзялася за выкладанне новага прадмета, уведзенага ў школьную праграму, – сусветнай мастацкай культуры.
У клецкай СШ №2 І.М.Закрута адпрацавала 10 гадоў. Менавіта ў гэты перыяд у яе з’явіўся трэці сынок.
– Я вельмі шчаслівая, што ў нас ёсць Паўлік, – працягвае размову яна. – Для нас з мужам маленькі сынок – адна пацеха. Я нават не ўяўляю, як бы цяпер былі без яго. Ілля і Валік вельмі любяць малога, заўсёды прывозяць гасцінцы, пачастункі, ды і Паўлік чакае старэйшых братоў з нецярпеннем. Вось ужо чацвёрты год Ірына Мікалаеўна працуе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Клецкага раённага агульнаадукацыйнага ліцэя. Маючы адказную пасаду, трох сыноў, мужа, яна вырашыла набыць другую вышэйшую адукацыю, і атрымала яе па спецыяльнасці педагог-псіхолаг.
У выхадныя дні і на святы Закрутаў можна ўбачыць на службе ў царкве, а некалькі гадоў запар Ірына Мікалаеўна нават вяла нядзельную школу пры Свята-Уваскрэсенскім храме г.Клецка. Сёлета прымае ўдзел у рабоце царкоўнага савета. Гараджане памятаюць цудоўны канцэрт на праваслаўную тэматыку «Дарога да храма» у РЦК, падрыхтаваны і праведзены па ініцыятыве Ірыны Мікалаеўны. Яна сама была яго вядучай. Наогул, вечары, канцэрты, сцэнарыі – усё гэта, вобразна кажучы,"канёк" І.М.Закруты.
– Мая дарога да храма пачалася яшчэ ў дзяцінстве, – успамінае Ірына Мікалаеўна. – Мама сама глыбока верыла ў Бога, і нас, чацвёра дзяцей, шматлікіх унукаў, выхоўвала ў веры. Пакуль матуля была жывая, усе збіраліся ў бацькоўскай хаце на Каляды, Вялікдзень. Святкаванне праводзілі па ўсіх народных традыцыях: на куццю абавязкова гатавалі 12 страў і г.д. Мама заўсёды кіравала ўсім. Яна і майму мужу замяніла маці (Мікалаева ўжо даўно пайшла з жыцця). Дарэчы, у Мікалая Яўгенавіча таксама тры браты. Мы ўсе жывём у вялікай згодзе, часта гасцюем адзін у другога. Наогул, у нашым родзе шматдзетнасць – з’ява не рэдкая: і ў бацькавай, і ў мамінай сем’ях было па 7 дзяцей. А на пахаванне адной з маіх бабуль, Еўдакіі, з’ехалася 18 унукаў і 20 праўнукаў. Старэнькі бацюшка, памаліўшыся, змахнуў слязу з вачэй і сказаў: «Дзеля гэтага роду варта было жыць».
Яна заўсёды – у віры грамадскай дзейнасці. На працягу двух гадоў кіравала клубам шматдзетных маці пры РЦК. Пасяджэнні праходзілі цікава, усім падабалася, але калі Ірына Мікалаеўна стала весці заняткі ў нядзельнай праваслаўнай школе, гэты клуб сам па сабе распаўся: не знайшлося іншага кіраўніка, а ў яе на ўсё не хапала часу.
На ўсё жыццё Закрутам запомніўся ўдзел у абласным конкурсе шматдзетных сем’яў. З Мінска яны вярнуліся пераможцамі.
На развітанне я не стрымалася, каб не пацікавіцца, чым Ірына Мікалаеўна любіць займацца ў вольны час. Яна ажывілася:
– Люблю пячы пірагі і частаваць імі гасцей. А больш за ўсё – вандраваць. Як толькі набылі сваю машыну, кожнае лета ўсёй сям’ёй вандруем па Беларусі. Дзеці ад такіх паездак у захапленні.
Развітаўшыся, я ішла ў прыўзнятым настроі, бо зносіны з такімі людзьмі, як І.М.Закрута, заўсёды прыносяць задавальненне. Міжволі падумалася: «Шчаслівыя тыя дзеці, у якіх такая слаўная матуля».
Вольга Лабажэвіч, г.Клецк.
Отправить комментарий