Сейчас загружается

Человек и его дело

На дварэ снежань. Холадна, шэра і змрочна. А так хочацца цяпла і сонца. Кажуць, калі душа адчувае сябе няўтульна і бязрадасна, як гэта часта бывае ўвосень і ўзімку, патрэбны станоўчыя эмоцыі. Толькі вось загадка, дзе знайсці тую крыніцу, з якой можна наталіцца бадзёрасцю і аптымізмам?
– Усё вельмі проста: самыя лепшыя лекі ад самоты і стомы – творчасць і мастацтва, – раіць наша зямлячка, кіраўнік гуртка “Залатая саломка” Морацкага раённага Цэнтра рамёстваў Алена Іванаўна Абабурка.
У свой час Алена закончыла Салігорскае педвучылішча. Як і многія яе аднакурсніцы, магла б, канешне, застацца ў горадзе, але… Колькі сябе памятае, увесь час ганарыцца тым краем, дзе нарадзілася і вырасла.
– Морач – гэта найпрыгажэйшы куточак Клеччыны, край з цудоўнымі краявідамі, жыватворнымі крыніцамі і вялікай духоўнай спадчынай, – з замілаваннем расказвае аб сваёй малой радзіме мая суразмоўца. – У нас жывуць таленавітыя людзі, якія чэрпаюць творчае натхненне ў адной з такіх крыніц – народных промыслах і рамёствах.
У гэтым знайшла сваё прызначэнне і сама Алена. Шые, вышывае, пляце разнастайныя вырабы з лазы, але больш да яе душы работа з “жывым золатам” – цёплым, сонечным, ззяючым усімі адценнямі охры. Колькі саламяных птушак, кветак, капелюшоў, вазаў і іншых рэчаў выраблена яе ўмелымі рукамі, сёння падлічыць цяжка. Але дакладна вядома, што ва ўсе вырабы А.І.Абабурка ўкладвае часцінку сваёй душэўнай цеплыні, бо сваю справу яна любіць.
– Толькі калі з душой адносіцца да таго, чым займаешся, можна атрымаць асалоду і аддачу, – зазначае вопытная майстрыха. – Калі здарыцца, што натхненне ідзе на спачын (творчым людзям знаёмы такі стан), да саломкі лепей не дакранацца. Яна – прыродны матэрыял, унутры якога энергія сонца і жыцця. Для таго, каб выраб з яе не толькі песціў вока, але і выпраменьваў добрую энергетыку, яго неабходна станоўча падзарадзіць. А таму за справу трэба брацца выключна з жаданнем, настроем і прыемнымі думкамі.
Гэта, бадай, галоўны прафесійны сакрэт Алены Іванаўны. Дарэчы, такім прынцыпам у рабоце яна раіць карыстацца і пачынаючым рамеснікам – напрацягу дзесяці гадоў свой вопыт саломапляцення педагог перадае дзецям. На занятках гурткоўцы знаёмяцца з тэхналогіяй апрацоўкі саломкі і ўласцівасцямі матэрыялу, тым самым пашыраючы свой кругагляд. Акрамя гэтага, юныя майстры ствараюць маленькія саламяныя дзяівосы – конікаў, птушак, павучкоў. Напрыклад, адзін сувенірны званочак дзяўчаткі вырабляюць за хвілін 30-40. Вунь іх ужо колькі ляжыць перад імі на стале (на фота)! А, між іншым, імі лёгка можна ўпрыгожыць навагоднюю ёлку – танна, прыгожа і крэатыўна. Дзяўчаты зробяць яшчэ анёлкаў, наплятуць банцікаў – і галоўны атрыбут зімовых святаў у іхнім доме ператворыцца ў сапраўдны эксклюзіў.
Прынамсі, часта напярэдадні святаў у морацкіх народных ўмельцаў безліч заказаў. І нават з-за мяжы: самаробныя рэчы там – на вагу золата.
– Кожны заказчык жадае бачыць у сувеніры нейкую адметную рысу, якая б адрознівала яго ад іншых, – тлумачыць Алена Іванаўна, – а таму ўвесь час даводзіцца фантазіраваць. Бывае, што макет будучай работы пашчасціць убачыць у сне, але часцей – імправізую.
Работамі вопытнага майстра саломапляцення неаднойчы мелі магчымасць захапляцца госці і ўдзельнікі шматлікіх конкурсаў і фестываляў народнай творчасці, а на V абласным свяце-конкурсе “Саламяныя дзівосы” А.І.Абабурка стала дыпламантам у намінацыі “За лепшае саламянае пудзіла”. Сёлета яе, а таксама вырабы іншых морацкіх рамеснікаў, былі прадстаўлены на абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі 2011” ў Маладзечне і атрымалі мноства самых найлепшых водгукаў. Наперадзе ў Алены Іванаўны і яе вучняў – новыя планы і творчыя праекты. У іх шэрагу і даўняя мара майстрыхі – зімовая тройка. Работа вельмі карпатлівая і працаёмкая. Але, хто ведае, можа менавіта яна ўпрыгожыць першую старонку нашага навагодняга нумара праз некалькі гадоў? (Конь стане галоўным сімвалам свята ў 2014 годзе.)

Святлана Орпель.
Фота Яўгеніі Семянчук.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили