Сейчас загружается

Год кнігі дапаможа прыцягнуць увагу моладзі да чытання

Такое меркаванне выказаў міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі. Ён адзначыў, што інтарэс да кнігі ў краіне застаецца стабільным. «Мы былі і застаёмся на постсавецкай прасторы і ў Еўропе адной з самых чытаючых нацый. У краіне на кожнага жыхара выдаецца ў сярэднім 4-4,5 кнігі (для параўнання: ва Украіне гэты паказчык складае толькі адно выданне на чалавека). Год кнігі дапаможа прыцягнуць інтарэс маладых людзей да чытання. Хацелася б, каб маладое пакаленне адносілася да кнігі гэтак жа паважліва, як адносіцца старэйшае», – сказаў міністр.
У Год кнігі запланавана правесці шэраг мерапрыемстваў па прапагандзе кнігі, папулярызацыі чытання, нацыянальнай культуры і літаратуры. Сярод іх – мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня дзіцячай кнігі (2 красавіка), Сусветнага дня кнігі (23 красавіка), Дня славянскага пісьменства і культуры (24 мая). Пройдуць тэматычныя навукова-практычныя канферэнцыі і чытанні, літаратурна-музычныя вечары з удзелам знакамітых пісьменнікаў і выканаўцаў песень, мабільная выстаўка-продаж кніг «Кніжны магазін на колах», акцыя «Падары дзецям кнігу!», сацыялагічнае апытанне «Што чытаюць беларусы?», чытанні і іншыя літаратурныя мерапрыемствы ў дзіцячых дамах і бальніцах. Запланавана таксама правядзенне Тыдня дзіцячай кнігі ў час выстаўкі «Свет дзяцінства».
Апошнім часам Мінінфармам шмат зроблена для падтрымкі нацыянальнага кнігавыдання. Распрацаваны праект закона «Аб выдавецкай справе», зацверджаны мінімальныя стаўкі аўтарскай узнагароды пісьменнікам, складальнікам, перакладчыкам, мастакам, фатографам – тым, хто непасрэдна займаецца стварэннем кнігі. Падрыхтаваны праект указа «Аб дзяржаўнай падтрымцы кнігавыдання ў Рэспубліцы Беларусь».
Беларусы – не толькі чытаючая нацыя, але таксама творчая: выпушчаныя ў нас кнігі займаюць вядучыя месцы на міжнародных кніжных выстаўках-кірмашах. У 2012 годзе традыцыя ўдзелу ў міжнародных форумах прадоўжыцца: айчынныя выданні будуць прадстаўлены на выстаўках у Маскве, Кіеве, Кішынёве, Ашхабадзе, Санкт-Пецярбургу, Вільнюсе, Варшаве, Франкфурце-на-Майне, Лейпцыгу і іншых гарадах.

БелТА. 

Отправить комментарий

Возможно, пропустили