Звыклы малюнак, калі па вуліцы крочаць маладыя мамы з каляскамі ў руках. Магчыма, гэта і так, але я ў здзіўленні і замілаванні адарвалася ад работы ў кветніку і з усмешкай паглядзела ўслед за дзвюма маладзіцамі з каляскамі, у якіх мірна пасопвалі носікамі паўгадовыя дзеткі. Дапаўняла гэта відавочна тое, што дапамагалі ім везці каляскі хлопчыкі 2 і 4 гадоў. «Гэта ж Забароўскія, – з цеплынёй падумала я, – Таццяна і Кацюша са сваімі дзеткамі. Якая дружная сям’я!». Я паклікала Таццяну, маю былую вучаніцу, і бліжэй пазнаёмілася з малымі. У Таццяны – сынок Уладзік і дачушка Ульянка. Хлопчыку 1 чэрвеня, у Дзень абароны дзяцінства, споўніцца 2 годзікі, але ён ужо шмат што ўмее, добра размаўляе і дапамагае маме калыхаць паўгадовую Ульянку.
Кацярына – жонка Яўгена, Таццянінага брата. У іх сям’і два сыны: чатырохгадовы Ванюша і таксама паўгадовы Арсеній. Ульянку і Арсенія ў вялікай дружнай сям’і Забароўскіх называюць блізнятамі, бо нарадзіліся яны 3 і 5 лістапада адпаведна.
Я і раней з вакон свайго кабінета заглядалася на гэтых прыгожых маладзіц з дзеткамі, але ў той вечар, такі ціхі і цёплы, на вуліцы аграгарадка сярод цвітучых дрэў, вясновых кветак, яны глядзеліся асабліва.
З сям’ёй Забароўскіх я знаёма ўжо шмат гадоў. Ураджэнцы в.Туча, Аляксандр Уладзіміравіч і Святлана Васільеўна прыехалі ў в.Кухчыцы ў 1988 годзе. Хацелася вырашыць жыллёвыя праблемы, ды і зарплаты ў Кухчыцах былі значна большыя, чым у Тучы. Маладой сям’і адразу далі звычайны вясковы дом, а праз год, у 1988 г. – кватэру з усімі выгодамі. Гэта была радасць для іх усіх. Дзеці Жэня і Таня атрымалі ў карыстанне цэлы пакой! Для бацькоў была таксама прасторная спальня. А бабуля Святланы Васільеўны, якая пераехала ў Кухчыцы разам з унучкай і яе сям’ёй, жыла ў самым вялікім пакоі – зале. З якой любоўю ўсе разам уладкоўвалі свой быт, садзілі кветкі! І хаця часу заўсёды не хапала, бо гаспадар з ранку да вечара быў у полі: араў, баранаваў, сеяў, гаспадыня таксама шмат часу аддавала працы ў дзіцячым садку, вечарамі збіраліся за сямейным сталом, дзяліліся навінамі, планавалі будучае. Аляксандр Уладзіміравіч – сур’ёзны, стрыманы ў сваіх пачуццях, да гэтага часу, з любоўю і замілаваннем глядзіць на сваю жонку. І хаця пажаніліся яны маладымі (ёй – 19, яму – 23), ні разу за гэты час не пашкадавалі аб сваім рашэнні звязаць у адзін свае лёсы. Тады, у далёкім 1982 годзе, калі Саша раз за разам прапаноўваў ёй выйсці за яго замуж, Света шмат разоў аднеквалася, маўляў, вучыцца трэба. «Дык і замужам можна вучыцца, – настойваў ён. – Я дапамагаць буду, дзяцей выхоўваць, гаспадарку глядзець, а ты вучыся». Сціплая ўсмешка, дабрыня ў голасе, нейкая бязмерная надзейнасць зрабілі сваё: 6 жніўня 1982 года маладыя згулялі вяселле. І вось ужо хутка 30 гадоў разам: у горы і радасці, дзелячы клопаты і перамогі, радуючыся поспехам дзяцей, гадуючы ўнукаў. Не было ў іх жыцці бурнага рамана, спатканняў пад зорным небам, абяцанкаў адзець з ног да галавы ў золата і срэбра. Была ўпэўненасць, што разам яны пражывуць спакойна і шчасліва доўгае жыццё. Сваё абяцанне наконт вучобы жонкі Аляксандр стрымаў: ужо замужняй Святлана спачатку закончыла Пінскае педагагічнае вучылішча, затым – Брэсцкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. І больш за 20 гадоў выхоўвае дзетак, нельга сказаць, што чужых, бо за гады знаходжання ў садку яны становяцца сваімі, роднымі, і аб кожным з іх яна можа шмат чаго расказаць.
Аляксандр стаў не толькі добрым мужам, а і клапатлівым бацькам і дзедам. Ён прыняў у сваю сям’ю і ні разу нічым не папікнуў спачатку жончыну бабулю, якой не стала ў 1994 годзе, потым жончыну маці, сваю цешчу, якая з 1997 г. і па сённяшні дзень жыве разам з імі.
Радуюцца Забароўскія і поспехам сваіх дзяцей. Жэня пайшоў па слядах бацькі, звязаў сваё жыццё з тэхнікай. Спачатку вучыўся ў вучылішчы, пасля – у політэхнічным каледжы, а затым 6 гадоў на завочным аддзяленні ў БарДУ. Інжынер машынабудавання зараз працуе ў Жодзіна на БелАЗе. Ён таксама быў маім вучнем. І хаця не з майго класа, я заўсёды з задавальненнем брала яго ў летнія паходы. Надзейны і сур’ёзны, як і яго бацька, ён мог і палатку паставіць як трэба, падлажыўшы пад ніз лапніку, абкапаўшы з усіх бакоў, і вогнішча раскласці па правілах пажарнай бяспекі, і плот звязаць, каб налавіць рыбы для юшкі. Дзяўчынкі маглі спадзявацца, што ім не трэба будзе несці цяжкую палатку і нават рукзак, бо Жэня навальваў на свае плечы ўсё, што мог, і нёс.
Магчыма, і за гэта пакахала яго Каця і вырашыла звязаць з ім свой лёс, падарыўшы яму двух цудоўных сыноў.
Таццяна – малодшая ў сям’і Забароўскіх. Прыгажуня, сціплая і нейкая не па гадах сталая, яна добра вучылася ў школе, не дастаўляла клопату бацькам сваімі паводзінамі. У свае 26 гадоў яна ўжо мае вышэйшую адукацыю інжынера па тэлекамунікацыях і выхоўвае двух цудоўных дзетак. Муж Таццяны, Дзіма, займаецца грузаперавозкамі, ездзіць не толькі па Беларусі, але і за мяжу. Маладыя будуюць дом у Клецку, а Таццяна з малымі часова жывуць у бацькоў, чакаюць тату з далёкіх паездак. У трохпакаёвай кватэры хапае месца ўсім: маці Святланы Васільеўны, Яўгеніі Іосіфаўне, самой Святлане і Аляксандру, сем’ям Жэні і Каці, Тані і Дзімы.
Яны разам адпачываюць, ладзяць святы, дораць адзін другому невялічкія падарункі. Разам жа і працуюць: гатуюць ежу, саджаюць бульбу, сеюць грады, прыбіраюць у хаце. Узаемаразуменне, узаемапавага, любоў і дабрыня сталі неад’емнымі рысамі гэтай вялікай дружнай сям’і, цэнтрам якой з’яўляецца Святлана Васільеўна і Аляксандр Уладзіміравіч. Прыклад іх жыцця пераймаюць дзеці, а ў будучым, спадзяюцца, і ўнукі.
Зусім хутка юбілей сумеснага жыцця Святланы Васільеўны і Аляксандра Уладзіміравіча. Дзеці ўжо зараз думаюць, як будуць віншаваць іх. І я, карыстаючыся магчымасцю, віншую Святлану Васільеўну і Аляксандра Уладзіміравіча з 30-годдзем сумеснага жыцця і зычу ім дабрабыту, стабільнасці, каб дзіцячыя галасы ў іх хаце не змаўкалі ніколі, каб мацнела сувязь пакаленняў, а род Забароўскіх не перарываўся.
Людміла Іванейчык, агр.Кухчыцы.
Фота з сямейнага архіва.
Отправить комментарий