Сейчас загружается

День открытых дверей прошел в Клецком общеобразовательном лицее

У Клецкім раённым агульнаадукацыйным ліцэі заўсёды рады гасцям, а калі гэта патэнцыяльныя ліцэісты – тым больш. Бо ўсе тут – і педагогі, і выхаванцы – зацікаўлены ў маладым папаўненні. Яны мараць пра вялікую і дружную сям’ю, адным з галоўных прынцыпаў якой з’яўляецца выхаванне асобы высокаразвітай, адукаванай і гарманічнай. А дасягаецца гэтая мэта тут выключна з дапамогай лепшых педагагічных традыцый і інавацыйных методык. Упэўніцца ў гэтым мелі магчымасць выпускнікі дзевятых класаў усіх адукацыйных устаноў раёна, якія сабраліся ў сценах ліцэя падчас правядзення Дня адчыненых дзвярэй.
Экскурсію па ліцэі правяла яго дырэктар Таццяна Феліксаўна Дудук. Яна ж расказала школьнікам аб дзейнасці ўстановы адукацыі новага тыпу, яе мэтах і задачах, а таксама аб дасягненнях выпускнікоў. З правіламі прыёму пазнаёміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Іна Уладзіміраўна Ждановіч. Затым рабяты наведалі адкрытыя ўрокі па матэматыцы, біялогіі, хіміі, англійскай і рускай мовах, гісторыі Беларусі, дзе змаглі пранікнуцца рабочай атмасферай, што тут пануе, і адчуць ноту, якая задае тон ва ўзаемаадносінах паміж педагогамі і вучнямі.
Яшчэ больш запамінальнай стала сустрэча дзякуючы канцэртнай праграме, што падрыхтавалі для сваіх новых сяброў самі рабяты, кожны нумар якой – цікавы, творчы, паэтычны расказ аб жыцці ліцэя і гасціннае запрашэнне далучыцца да яго сям’і. Дарэчы, асобныя школьнікі – Ірына Аляксейчык і Алена Анішчык (Грыцэвіцкая СШ), Іван Канявега і Надзея Рамашка (Морацкая СШ) – пераможцы раённых прадметных алімпіяд, атрымалі сертыфікаты, у адпаведнасці з якімі маюць права быць залічанымі ў ліцэй без уступных іспытаў. Ці скарыстаюць яны гэту магчымасць, і што найбольш уразіла іх у той дзень ва ўстанове новага тыпу? Аб гэтым гавораць самі рабяты.
Ірына Аляксейчык,
вучаніца Грыцэвіцкай СШ:
– Калі збіралася на дзень адчыненых дзвярэй, паставіла перад сабой мэту канчаткова вызначыцца ў тым, ці буду я тут вучыцца. Я ведала, што гэта адукацыйная ўстанова дае добрую падрыхтоўку да паступлення ў ВНУ, але, прызнацца, крыху вагалася: так не хацелася расставацца з роднай школай. У ліцэі больш за ўсё мяне ўразіў урок, які давала Таццяна Пятроўна Пузіна. Назіраючы за гэтым педагогам, захацелася стаць яе вучаніцай. Сёння я цвёрда магу сказаць, што 1 верасня прыйду менавіта ў ліцэй – тым больш, што маю афіцыйнае запрашэнне ад яго дырэктара.
Алена Анішчык,
вучаніца Грыцэвіцкай СШ:
– Нягледзячы на тое, што ў мяне засталіся толькі добрыя ўражанні ад сённяшняй паездкі, дакладна пакуль не ведаю, ці стану ліцэісткай – буду раіцца з бацькамі, пастараюся схіліць іх на мой бок. Мне спадабалася, як нас тут прынялі, захапілі ўрокі, якія наведалі, канцэрт, расказ дырэктара і яго намесніка. Па тварах ліцэістаў было відаць, што яны жывуць адной дружнай сям’ёй – разам авалодваюць новымі ведамі і разам адпачываюць. Адным словам, я задаволена, што нам прадставілі магчымасць пабываць у ліцэі і пазнаёміцца з тымі, хто складае вучнёўскую эліту Клеччыны.
Іван Канявега,
вучань Морацкай СШ:
– Асабіста мяне ўразіла наяўная тэхнічная база і магчымасці, якія яна адкрывае перад ліцэістамі. Акрамя таго, кранула сама атмасфера, што пануе ў кожным куточку гэтай адукацыйнай установы: утульнасць і камфорт, шчырыя ўзаемаадносіны паміж вучнямі і педагогамі. На мой погляд, менавіта гэтыя акалічнасці ў суполцы дазваляюць ліцэістам дасягаць тых мэт, якія яны ставяць перад сабой. Па праўдзе кажучы, мне таксама захацелася далучыцца да іх. Думаю, бацькі падтрымаюць маё жаданне.
Вучоба ў ліцэі – разумны выбар, хаця лёгкай дабычы ведаў тут ніхто не абяцае. Тым не менш, больш за 90% яго выпускнікоў становяцца студэнтамі самых прэстыжных ВНУ краіны. А значыць, ліцэй – гэта вывераны крок на шляху да дасягнення мэты.

Святлана Орпель.
Фота Яўгеніі Семянчук.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили