Сейчас загружается

Человек и его увлечение: талант, дарованный судьбой

На першы погляд, яна – звычайная жанчына. Клапатлівая дачка, пяшчотная матуля і жонка, прыемны субяседнік. Але той, хто аднойчы бачыў тварэнне яе рук, абавязкова дабавіць: неардынарная асоба, таленавіты мастак. І будзе мець рацыю. Шмат гадоў свайго жыцця Таццяна Іосіфаўна аддала любімай справе. За гэты час створаны шэраг незвычайных мастацкіх кампазіцый. І ў кожнай карціне – свая непаўторнасць, чароўнасць і хараство. Гледзячы на работы Т.І.Матусевіч, адкрываеш штосьці новае для сябе, незвычайнае, нечаканае. Мастачка дапамагае нам адчуць чароўнасць у рэальным, убачыць цуд, незвычайнае ў паўсядзённым. Не толькі партрэтная дакладнасць прыцягвае ўвагу да яе карцін, але стан спакою і роздуму. На трэцяй яе персанальнай выставе ўдзельнікі мерапрыемства “Душы і сэрца натхненне”, якое было наладжана работнікамі цэнтральнай раённай бібліятэкі ў літаратурна-музычнай гасцёўні «Субяседнік», убачылі апошнія работы Таццяны Іосіфаўны. Першая выстава нашай зямлячкі была арганізавана ў 2007 годзе і мела назву “Вернісаж. Выбраныя творы”. Праз тры гады мастачка вынесла на суд шматлікіх прыхільнікаў свайго таленту персанальную выставу графікі і жывапісу, якая таксама мела вялікі поспех.
Дарэчы, прозвішча Таццяны Іосіфаўны добра вядома за межамі Клецка. А яе творамі неаднойчы любаваліся, захапляліся і ацэньвалі іх па самаму вышэйшаму балу журы і гледачы шматлікіх конкурсаў – абласных, рэспубліканскіх, міжнародных.
Адкуль бярэ вытокі яе талент? Усё пачалося з маленства, калі вясковая дзяўчынка імкнулася занатаваць на паперы ўбачаную прыгажосць. А сюжэты для сваіх малюнкаў знайсці было нескладана: яны былі ў родных краявідах, зімовых узорах, навагодніх паштоўках… Перанатоўваючы нейкі сюжэт, Таццяна абавязкова ўносіла свой уласны штрых і адметнасць, і малюнак глядзеўся па-іншаму. У час вучобы ў Заастравецкай сярэдняй школе дзяўчынка з задавальненнем дэманстравала свае здольнасці ў мастацкім афармленні насценнай газеты і плакатаў.
Разам з гадамі расло жаданне ўдасканальвання свайго мастацкага ўзроўню, набыцця новых ведаў. А гэта было магчыма толькі ў спецыяльнай установе. Атрымаўшы атэстат сталасці, Таццяна паступіла ў Бабруйскае мастацкае вучылішча, якое закончыла з адзнакай, і набыла спецыяльнасць “жывапісец па фарфору”. Працоўную дзейнасць пачала ў эксперыментальнай майстэрні ручнога роспісу Добрушскага фарфоравага завода. Праца Таццяне вельмі падабалася, але ёй хацелася яшчэ больш ведаць пра жывапіс і ўдасканаліць сваё прафесійнае майстэрства. Наступнай прыступкай для гэтага быў выбраны мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта. Менавіта тут лёс звёў яе з творчымі асобамі і таленавітымі настаўнікамі, якія зрабілі ўплыў на ўсё далейшае жыццё. Адзін з іх – Алесь Мемус – быў не толькі кіраўніком дыпломнай работы Таццяны Іосіфаўны, але і яе творчым ідэалам.
Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, Таццяна Іосіфаўна пачала сваю педагагічную дзейнасць. У кожным сваім вучні яна імкнулася бачыць асобу, не шкадуючы сіл, нястомна сеяла разумнае, добрае, вечнае, заваёўваючы аўтарытэт і павагу ў сваіх калег.
Асабліва ярка раскрыліся творчыя здольнасці Таццяны Іосіфаўны на пасадзе кіраўніка мастацкага аддзялення Дзіцячай школы мастацтваў. У гэтай установе мастачка займела сваю невялікую творчую майстэрню, дзе з асалодай малюе, веды і майстэрства перадае выхаванцам, шчодра дзеліцца з імі іскрынкамі свайго таленту. А яны дзячаць апантанай творчасцю выкладчыцы заваяванымі на розных конкурсах дыпломамі, падзякамі і проста душэўнымі словамі.
…Дзве гадзіны, праведзеныя ў цёплай, сяброўскай абстаноўцы ў гасцёўні, для родных, сяброў, знаёмых і калег па працы Таццяны Іосіфаўны праляцелі як адно цудоўнае імгненне. Напрыканцы вечарыны вядучая мерапрыемства дырэктар ЦБС Л.У.Цімавец прадаставіла слова прысутным, якія мелі магчымасць выказаць удзячнасць і захопленасць творчасцю і талентам Т.І.Матусевіч, і пажадаць ёй далейшых поспехаў. А затым і сама віноўніца ўрачыстасці звярнулася да арганізатараў мерапрыемства і гасцей з падзячнымі словамі за ўвагу да сябе і сваёй творчасці.
Дасведчаныя людзі сцвярджаюць, што для артыста галоўнае – гэта яшчэ не створаная роля, для мастака – карціна, ненароджаная ім. Няма сумнення: наперадзе ў таленавітай мастачкі Таццяны Іосіфаўны Матусевіч іх будзе шмат, якія затым скампануюцца яшчэ не ў адну персанальную выставу.

Ірына Уласень. 
Фота Яўгеніі Семянчук.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили