Есць напрацягу года такія святы, не прывязаныя да пэўнай даты і не масава адзначаемыя, але дарагія кожнаму простаму беларусу. На Клеччыне яго адсвяткавалі ў сераду на гасціннай і ўрадлівай лазавіцкай зямлі. У раёне ўжо пачалося чаканае жніво, першыя камбайны намалацілі запаветныя дзесяткі тон, наперадзе – масавая ўборка, і віталі яе пачатак гаспадарнікі з поўнай урачыстасцю.
Нібы па заказу над лазавіцкімі палеткамі супакоіўся наравісты дождж, разышліся хмары, уступіўшы дарогу ліпеньскаму сонейку, пад промнямі якога золатам пералівалася хлебная ніва, даючы магчымасць сабраўшымся на свята першага снапа даць афіцыйны старт жніву-2012. Штогод у першы дзень збору па палетках адбываюцца сапраўдныя рытуальныя дзеі. Выспеўшыя, зжатыя ўручную каласы па традыцыі завязваюць у сноп, выконваюць песні і нават малітву. Усё робіцца з адзінаю мэтаю – каб густа каласіліся нівы і нішто не перашкодзіла ўборцы збожжа. Цяпер уся надзея, як адзначыў старшыня райвыканкама А.С.Бойка, на добрае надвор’е, уборачную тэхніку і старанную работу вяскоўцаў:
– Сёння сапраўды хвалюючая падзея – важная справа зажаць з гонарам першы сноп, каб потым усё жніво ішло зладжана, без страт і якасна. А для гэтага мы маем усе рэзервы: 102 збожжаўборачныя камбайны, абсталяваныя пры неабходнасці сцеблапад’ёмнікамі, 29 гатовых для дапрацоўкі збажыны зернесушыльных комплексаў, створаныя медыцынскія, бытавыя, гандлёвыя ўмовы, ідэалагічная забяспечанасць, добрыя маральныя і матэрыяльныя стымулы, закладзеныя ў традыцыйных спаборніцтвах і ва ўмовах аплаты працы, а галоўнае – механізатарскі корпус. Вашы мудрасць, працавітасць, арганізаванасць, уменне і майстэрства ў дадатак да высокай дысцыпліны, – звярнуўся Анатолій Сцяпанавіч непасрэдна да камбайнераў, – вось складаемыя, якія забяспечаць поспех нашай агульнай справы. Па-сапраўднаму любіце сваю зямлю-карміцельку, шчыруйце аддана на ёй, і яна аддзячыць вам багатым ураджаем.
Пра тое, што лазавічане на самой справе падзячна адносяцца і шануюць землю, сведчыць іх адданасць хлебаробскай справе. Восем камбайнаў, шаснаццаць пар мазалістых далоней камбайнераў і іх памочнікаў будуць убіраць сёлета тут 1235 гектараў збажыны. Гэтыя людзі на свяце – гаспадары і госці адначасова. Гэта яны будуць карміць нас, яны клапоцяцца пра агульны дабрабыт, не даспяць начамі і не дагуляюць выхадны, бо поле кліча… Гэта ім старшыня райвыканкама першым моцна паціснуў рукі (на здымку на 1-й стар.), сапраўдна па-мужыцкі абняў за плечы і падзякаваў, пажадаўшы поспехаў. Гэта ў іх гонар падымалі сцяг лепшыя хлеборобы-2011 іх калегі Валерый Аляксандравіч Рулінскі і Віктар Мікалаевіч Давыдчык, ім уручалі дзяўчаты-беларусачкі кветкавыя вянкі і іх асвячаў святою вадою настаяцель Свята-Уваскрасенскай царквы пратаіерэй Матвей Белавус, які Благаславіў на добрую справу ўсіх хлебаробаў Клеччыны.
Густой сцяной калосіцца хлебная ніва, долу хіляцца налітыя каласы, а таму і трывалым атрымаўся першы сноп, важкім першы каравай, якія ўручылі гасцям гаспадары поля, а таксама пачаставалі ўсіх гасцей свята, якія з задавальненнем пакаштавалі духмянага бохана.
Эстафету выступлення ансамбль «Дзянніца» і харэаграфічны калектыў Раённага цэнтра культуры перадалі зводнаму духавому аркестру РАНС і РЦК, які маршам Славянкі абвясціў старт камбайнам да выхаду ў поле, безумоўна, пасля дазволу старшыні райвыканкама А.С.Бойкі і каманды кіраўніка ААТ «Лазавічы» М.П.Аскеркі: «Па машынах!».
Ірына Шаг.
Фота Яўгеніі Семянчук.
Отправить комментарий