Напэўна, няма больш маляўнічага месца ў Клецкім раёне, чым лясное ўгоддзе “Бабін мох” у Колкаўскім лясніцтве. Сюды, за паўсотню кіламетраў ад шумнага райцэнтра, за дзве сотні ад сталічнага мегаполіса, вядзе звычайная лясная гравійная дарога. Едзеш па ёй, крыху заснежанай і слізкай, зусім на невялікай хуткасці, заплюшчваеш на хвіліну размораныя цяплом аўтамабільнага абагравальніка вочы і ўяўляеш, як сапраўдны Дзед Мароз на казачных санях імчыць паміж стромкіх сосен і разгалістых елак у сваю рэзідэнцыю або адтуль – да клецкіх рабят з поўнымі падарункаў традыцыйна чырвонымі мяхамі. Яшчэ некалькі хвілін у думках атрымліваеш асалоду ад прадстаўленага відовішча і ўжо спыняешся ля шлагбаўма. Адтуль насустрач выходзіць мясцовы гаспадар – адміністратар “рэзідэнцыі” “Бабін мох” Аляксандр Іванавіч Жукоўскі. Гэта ён запраўляе тут усёй гаспадаркай, ён правёў нам экскурсію па колкаўскіх лясных мясцінах, ён сустракае пастаяльцаў паляўнічага доміка, арганізуе ім адпачынак. Ён сёння ў гэтых уладаннях – сапраўдны Дзед Мароз. Самы сапраўдны – беларускі – бо гутарку з усімі вядзе толькі на роднай мове. І ад гэтага каларыт яго праяўляецца яшчэ больш.
Домік паляўнічага ў Колкаўскім лясніцтве з’явіўся невыпадкова.
– Я – сапраўдны вясковец, выгадаваўся і жыў у Арэшніцы, населеным пункце, акружаным лясамі, але столькі грыбоў, колькі тут гэтай восенню, не бачыў ніколі, – расказвае Аляксандр Іванавіч. – Мінчане і салігарчане так і цягнуліся сюды ўвесь сезон за ягадамі і грыбамі, дзе столькі многа дароў лесу! Безліч!
Побач з сядзібаю – метраў за 150 – цудоўнейшае возера, якое мясцовыя рыбакі і звычайныя аматары “воднага” паляўніцтва лічаць у раёне самым багатым на рыбу. Цяпер тут ужо распачаты сезон зімовай рыбалкі. І хоць лёд яшчэ як след не ўсталяваўся, рызыкоўцы ўжо акупіравалі вадаём і раз-пораз выцягваюць шчупачкоў, а то і добрых шчупакоў! За іх бяспекаю пастаянна назірае ўладар гэтай мясціны А.І.Жукоўскі і спадзяецца, што зможа перадаць гэтую важную функцыю сапраўднаму гаспадару – клецкаму Дзеду Марозу, які ўпаўне можа тут пасяліцца.
Сустрэць Новы год у такім маляўнічым месцы – мара многіх. Пакуль што здзейсніцца яна толькі для адной кампаніі – чалавек да дзесяці з Салігорска, якія аказаліся першымі сярод чатырох, выказаўшых жаданне тут правесці самую казачную ноч года, кампаній, што загадзя забраніравалі базу адпачынку.
Для камфортнага святкавання на “Бабіным моху” створаны ўсе ўмовы. Драўляны дыхтоўны дом на два паверхі (з двума гаражамі для аўтамабіляў) размесціць да дзясятка чалавек. Шыкоўныя пакоі дыхаюць свежай драўнінай, арыгінальнымі элементамі інтэр’еру, дзе спалучаецца сучасны стыль з вясковым. Падлога першага паверха, утульных душавых, санпакояў укладзена керамічнай пліткай для працяглай эксплуатацыі і простага догляду, але аздоблена з густам і прадумана. Невялічкая кухня змяшчае ўсе неабходныя бытавыя прыборы, посуд, тэхніку. Пакуль што рыхтаваць сняданкі, абеды і вячэры пастаяльцам трэба самім, але ў перспектыве будзе наладжана або прыгатаванне страў па меню на месцы, або заказ іх праз установы грамадскага харчавання з дастаўкаю на базу. Ідэальны варыянт, безумоўна – асабісты повар. Для прыёму ежы і міні-банкетаў, чалавек, скажам, максімум на 30, ёсць утульная сталовая з дыхтоўнымі шырокімі сталамі і моцнымі крэсламі, зробленымі, дарэчы, народнымі ўмельцамі. Такія ж – ложкі і шафы: яны адслужаць не адно дзесяцігоддзе. Эксклюзіўныя ў доме, бра і свяцільнікі – таксама з дрэва, дэкарыраваныя сплеценымі ніткамі, у якасці плафонаў – керамічныя гаршкі для кветак: проста, арыгінальна і з густам.
Разам са спальнымі пакоямі на другім паверсе ў фае арганізавана зона адпачынку з мяккімі канапамі, тэлевізарам, зусім хутка іх дапоўніць кальянная зона. Разлічана абсталяваць піўбар, а вось для аматараў здаровага ладу жыцця прапануюцца два трэнажоры: бегавая дарожка і веласіпед. І гэта яшчэ не ўсё!
Адна з адметнасцей турыстычнага аб’екта – лазня з парылкаю, таксама з дрэва. Да яе ад дома вядзе “тратуар”, выкладзены распілаванымі чуркамі – недорага, проста, але ў тэму. Лазня тут класная – з неабходнымі для яе наведвання атрыбутамі, рэчамі, усё таксама з дрэва і нават тэрмометр у парылцы ручной работы. Аматарам лёгкага пару неабходна толькі зрабіць яго заказ па тэлефоне і да назначанага часу тэмпература ў парылцы за гадзіну будзе дасягаць 100 градусаў. Пасля аздараўленчай працэдуры магчымасць адпачыць, пасядзець кампаніяй ёсць як у фае лазні, так і на яе другім паверсе. Тут няма лішніх рэчаў, мэблі, усё даволі проста – першай неабходнасці.
“Бабін мох” хоць і не так даўно размяшчае ў сваіх уладаннях гасцей, але ўжо становіцца папулярным. Пабывалі тут і расіяне, і італьянцы, якія засталіся пад велізарным уражаннем ад убачанага, а зробленыя імі фотаздымкі, спадзяюся, выканаюць сваю рэкламную функцыю, і сюды паедуць… адусюль. Гэта разумеюць і гаспадары турыстычнага аб’екта – ТАА “Біярапспрадукт”, таму на перспектыву разлічваюць пабудаваць яшчэ пяць падобных домікаў. Для гэтага маюцца ўсе ўмовы: свае кацельная, артсвідравіна, асабісты дрэваапрацоўчы цэх у Іскрах, напрацоўкі, кантакты з народнымі ўмельцамі, якія прыклалі сваё майстэрства да абсталявання базы, а галоўнае – жаданне. Аб гэтым гаворыць і Генадзій Міхайлавіч Мацукевіч, дырэктар ТАА “Біярапспрадукт”:
– Планаў яшчэ шмат. Напрадвесні пачнём добраўпарадкоўваць тэрыторыю, напаўняць яе, так сказаць, інфраструктурай: задуманы басейны, кветнікі, дзіцячая пляцоўка з арэлямі, зоны барбекю з мангалам, Ямелева печ, розныя альтанкі і нават лодачная станцыя.
На адпачынак у “Бабін мох” можна ехаць сем’ямі, маладзёжнымі кампаніямі, гуртоўкамі рыбакоў або паляўнічых. Тут усім знойдзецца занятак і адпачынак для душы. Адзіная ўмова – любіць прыроду! А як жа яе можна не любіць?! На яе ўлонні і дыхаецца, і думаецца па-іншаму. Заязджаеш у лес і расслабляешся, яловы водар напаўняе жыватворным подыхам кожную клетачку цела, галава калі і кружыцца, дык толькі ад прыгажосці і чыстага паветра. А як цудоўна зімовы днямі тут прайсціся на лыжах, вясной любавацца росквітам зеляніны, летам спачыць ад гарачыні, паесці суніц або маліны прама з куста, а восенню назбіраць баравікоў! Кіруючы справамі сядзібы Аляксандр Іванавіч з замілаваннем і душэўна расказвае пра ўсе выгоды. Для нас гэта – каштоўнейшы адпачынак, а для яго – паўсядзённая праца. Вось дык пашчасціла, праўда, клецкі Дзед Мароз?!
Ірына Шаг.
Фота Аляксандра Абрагімовіча.
Отправить комментарий