Сённяшняя газета вядзе адлік гісторыі ад 19 кастрычніка 1943 г., калі ў падпольнай друкарні ўбачыў свет першы нумар органа Клецкага райкама КП(б)Б – "За Совецкую Беларусь". Але цэлы шэраг фактаў прымушае паставіць пад сумненне афіцыйна прынятую "біяграфію раёнкі" і задацца пытаннем: калі ж трэба святкаваць яе "дзень нараджэння" і якім ён будзе па ліку?
Для пачатку прывяду сведчанне чалавека, які быў добра абазнаны ў рэаліях даваеннага жыцця. Павел Навумавіч Шаняк. Былы вучань Клецкай Беларускай Гімназіі, вязень польскіх турмаў, удзельнік усталявання савецкай улады на Клеччыне ў 1939-1941 гг., партызан, школьны настаўнік. Яго ўжо даўно няма сярод жывых, але ўспаміны ў свой час былі запісаны. І там можна знайсці шмат цікавага. Вось што расказваў Павел Навумавіч пра падзеі 1939 г.: "Калі 17 верасня 1939 г. прыйшла Чырвоная Армія, яўрэі першымі арганізавалі ўладу ў Клецку і нават выпусцілі ўласную газету на польскай мове "Czerwony sztandar" ("Чырвоны сцяг") фарматам у адзін аркуш. Я тады пайшоў да ўладальніка друкарні Кацава і гавару: "Як жа так? Палякаў адсюль пагналі, дык чаму ў Беларусі газета друкуецца не па-беларуску?". Ён пачаў апраўдвацца, маўляў, няма патрэбнага шрыфта. Кажу: "Таварыш Кацаў, вы інтэлігентны чалавек, навошта хлусіць? Я ведаю, што ў вас ёсць і рускі, і беларускі шрыфт". Сапраўды, шрыфты знайшліся, толькі не было "Ў". Вырашылі яго дапісваць алоўкам. Але самі зрабіць нічога не паспелі. Неўзабаве ўвесь шрыфт забралі ў Баранавічы, якія сталі абласным цэнтрам. І тым не менш, перад вайной у Клецку выйшла некалькі нумароў раённай газеты на беларускай мове".
Краязнавец Уладзімір Паўлавіч Сазановіч, які шмат зрабіў для вывучэння гісторыі Клеччыны, у адным з лістоў пісаў: "Працуючы над "Летапісам народнай славы", мне давялося гутарыць са старажыламі Клецка, і яны сцвярджаюць, што ў 1940 г. у горадзе выходзіла газета "Новае жыццё", рэдактарам быў нехта Гільчык, які прыехаў у Клецк з Копыля". Гэта было напісана ў 1980 г. Тады яшчэ жыло шмат людзей, якія памяталі "першыя саветы", непасрэдна ўдзельнічалі ў грамадскіх пераўтварэннях і шмат аб чым маглі расказаць. Але, чаго вартыя вусныя сведчанні, калі яны не падмацаваны дакументамі. Той жа У. Сазановіч прызнаваў: "Неаднаразовыя пошукі слядоў даваеннай газеты ў розных архівах краіны (гаворка ішла яшчэ пра СССР – А.Б.) не прынеслі станоўчых вынікаў".
Каб лепш зразумець сэнс пошукаў, варта ўзгадаць дзве даваенныя падзеі.
15 студзеня 1940 г. на тэрыторыі Заходняй Беларусі ўведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. Арганізаваны 101 раён, у тым ліку Клецкі – у складзе Баранавіцкай вобласці.
23 красавіка 1940 г. прынята пастанова ЦК КП(б)Б аб утварэнні раённых газет ва ўсіх абласцях Заходняй Беларусі.
Той, хто застаў часы Савецкага Саюза, памятае, як шмат увагі надавалася там друкаванаму слову. Былі газеты агульнасаюзныя, рэспубліканскія, абласныя, раённыя, гарадскія. Шматтыражкі выдаваліся ва ўсіх буйных навучальных установах, воінскіх частках, на прадпрыемствах. Не мог застацца без газеты цэлы раён! З моманту прыняцця пастановы ЦК да пачатку Вялікай Айчыннай вайны прайшло амаль 14 месяцаў. Дастаткова часу для выдання газеты.
Звярніце ўвагу на прыведзены тут здымак. Гэта "шапка" аднаго з нумароў газеты за 1959 г. Звыклая назва, над якой забыты цяпер лозунг "Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!", нумарацыя, дата, кошт. А над імі адзнака: "Год выдання ХХ"! У наступныя гады яна адпаведна змянялася: "Год выдання ХХІ, ХХІІ, ХХІІІ". Значыць, тагачасныя супрацоўнікі газеты ведалі, што яна "нарадзілася" не ў 1943, а на тры гады раней. З 1940 г. адлічвалі гісторыю раёнкі і ва Усесаюзнай кніжнай палаце СССР, – галоўнай установе, якая займалася ўлікам усёй друкаванай прадукцыі вялікай краіны.
А вось яшчэ адно сведчанне. У былым Партыйным архіве БССР захоўваўся спіс раённых газет Баранавіцкай вобласці за 1940 г. У графе "Клецкі раён" запісана "Да новых перамог". Прызнаюся – на ўласныя вочы я гэты дакумент не бачыў, чытаў выпіску. Ды і ніводнага асобніка той, даваеннай, газеты ніхто пакуль не выявіў. Але пагадзіцеся – фактаў занадта шмат, каб іх можна было ігнараваць.
Вяртаючыся да пошукаў У.Сазановіча… У 1986 г. адразу ў некалькіх лістах ён паведамляе прыблізна наступнае: "Нарэшце, праз дзесяць гадоў, у архівах і бібліятэках Масквы я знайшоў падцвярджэнне таго, што ў Клецку да вайны выдавалася газета. Хаця ўсе даведнікі сцвярджаюць, што ў 1939-1940 гг. раёнка ў Клецку не выходзіла". Ведаючы стыль работы гэтага краязнаўца, можна сцвярджаць: ён не стаў бы хваліцца інфармацыяй, каб былі хоць нейкія сумненні ў яе дакладнасці. А значыць, Сазановіч меў бяспрэчныя доказы існавання раённай газеты ў даваенны час. Але… Сярод матэрыялаў яго архіва, перададзеных у Клецк, іх не аказалася. Вынік дзесяцігадовага пошуку страчаны.
Аднак некаторыя папярэднія высновы падвесці можна. Хутчэй за ўсё, вясной-летам 1940 г. у Клецку пачала выходзіць раённая газета. Думаю, яна сапраўды называлася "Да новых перамог". Гэта назва надзвычай пасавала тагачаснай ідэалогіі, якая абвяшчала хуткую перамогу сацыялізма ва ўсім свеце. З пачаткам нямецкай акупацыі выданне спынілася. Газету-"партызанку" ў 1943 г. рабілі людзі, якія мала што ведалі аб жыцці раёна ў даваенны час. Таму і назву ўзялі новую, больш падобную на баявы заклік. Калі ж раён быў вызвалены, маглі вярнуцца і некаторыя даваенныя кіраўнікі. Ужо са студзеня 1945 г. газета зноў называлася "Да новых перамог". Да ліквідацыі Клецкага раёна – у 1962 г. – пра даваенную раёнку памяталі, магчыма, у райкамаўскім архіве захоўваліся яе асобныя нумары. Аб'яднанне раёна з Нясвіжскім, як і яго аднаўленне, суправаджаліся кадравымі перастаноўкамі, перафарміраваннем архіваў, пэўнай неразбярыхай і г.д. За ўсім гэтым памяць пра даваенную газету, як і яна сама, недзе згубілася.
Падкрэслю, усё выкладзенае ў папярэднім абзацы, – толькі аўтарская рэканструкцыя. Для канчатковага адказу трэба мець або дакументы, або нумары раённай газеты за 1940-1941 гг. Толькі тады можна будзе ўпэўнена адказаць на пытанне, вынесенае ў загаловак.
Андрэй Блінец, пазаштатны аўтар газеты.
Отправить комментарий