Сейчас загружается

Вуліца ў гонар партызана

ЗаставкаНазвы нашых вуліц не вызначаюцца арыгінальнасцю. У кожным горадзе ёсць Савецкая, Першамайская, Перамогі і г.д. Досыць стандартны і пералік асобаў, у гонар якіх называлі тую ці іншую вуліцу, – партыйныя і савецкія дзеячы, палкаводцы, пісьменнікі і паэты. Рэдка ў гэтай кагорце сустрэнеш малавядомае прозвішча. Але часам трапляецца і такое. У Зубках адна з вуліц носіць імя Мікалая Анохіна. А што мы ведаем пра гэтага чалавека? Чым ён заслужыў такі гонар?
Сціслы адказ можна змясціць у некалькі радкоў. Мікалай Анохін – партызан атрада імя Катоўскага, брыгады імя Варашылава. Камандзір дыверсійнай групы. Загінуў падчас правядзення баявой аперацыі. Пахаваны ў Зубках. А калі больш уважліва прыглядзецца да гэтай постаці? Зрабіць такое няпроста. Ужо няма сярод жывых яго партызанскіх таварышаў. Радкі архіўных дакументаў вельмі скупыя і сухія. На шчасце, паспеў надрукаваць свае мемуары былы камісар атрада Павел Валожын. У іх Мікалаю Анохіну прысвечана шмат добрых слоў.
А пазнаёміліся яны пры незвычайных абставінах. З пачаткам вайны П.Валожын – былы камсамольскі работнік, вярнуўся з Магілёва ў родную вёску Нізок, што на Уздзеншчыне. Неўзабаве ўвайшоў у склад падпольнай групы, а пасля ўладкаваўся кіраўніком гаспадаркі "Наднёман". Пад яго кіраўніцтвам гаспадарка ператварылася ў сховішча для моладзі, якой пагражаў вываз у Германію. Тут жа патаемна збіралі зброю, нарыхтоўвалі прадукты для адпраўкі ў лес. Натуральна, пра гэта ведалі толькі самыя блізкія і надзейныя людзі. Для большасці ж аднавяскоўцаў учарашні камсамолец ператварыўся ў паслугача акупантаў. І вось аднойчы: «Партызаны Мікалай Анохін і Іван Матвееў па ўласнай ініцыятыве з'явіліся ў гаспадарцы, каб прыкончыць "нямецкага гада", г.зн. мяне, – піша П.Валожын. – Коля Анохін, увесь абвешаны зброяй, размахваў пісталетам і страшэнна лаяўся. Але я адчуваў, штосьці стрымлівае гэтага юнака ад жадання зрабіць стрэл. Потым аказалася, што яны папярэдне пагутарылі з маімі хлопцамі. Спачатку Анохін не верыў, што я падпольшчык. Вось і шумеў, разлічваў, што я сябе выдам. Праз паўгадзіны ўсё стала на свае месцы, і ў знак згоды Коля падарыў мне пісталет". У далейшым Валожын і Анохін былі побач у шэрагу баявых аперацый і добра ведалі адзін другога.
Мікалай Анохін стаў партызанам вясной 1942 г. А да таго – у многім тыповая савецкая біяграфія. Нарадзіўся ў шматдзетнай сям'і, скончыў сямігодку ў родным Таганрогу, працаваў на заводзе, быў прызваны ў армію. Калі пачалася вайна, яму не было і дваццаці. Баі, акружэнне. Верагодна, быў і палон. Дакументальнага пацвярджэння гэтаму я не знайшоў. А потым – партызанскі атрад. Ужо цяжка сказаць, як і калі нарадзіўся міф, што Анохін быў кадравым афіцэрам Чырвонай Арміі, перакінутым з-за лініі фронту для арганізацыі партызанскага руху. Некаторыя нават называлі яго маёрам. І гэта ў 20 гадоў?! А вось што расказвала ў свой час Надзея Хільтова: "Ніякі Анохін не маёр. Ён служыў у Лідзе шараговым салдатам. Але гэта была асоба! Яго ўсе любілі. За ім і ў агонь, і ў ваду ішлі". Сведчанне Н.Хільтовай заслугоўвае ўвагі. Партызаны часта спыняліся ў доме яе бацькі – святара Блячынскай царквы айца Мікалая. Коля Анохін блізка сябраваў з Надзеяй. Бацюшка ставіўся да яго, як да сына, і нават называў сваім будучым зяцем. Ці то жартам, ці то ўсур'ёз. Так што ў маладых людзей не было сакрэтаў.
Аднак вернемся да ўспамінаў П.Валожына. "Коля Анохін – прыгажун-хлопец, не ведаў, што такое страх. Від у яго быў вельмі каларытны: хадзіў у нейкім кажушку з казінай скуры незразумелага колеру. Перапаясаны папругамі, узброены да зубоў. Ды і астатнія хлопцы, як на падбор: вясёлыя, смелыя, апошнім гатовыя падзяліцца. Такіх таварышаў яшчэ пашукаць трэба". Баявымі паплечнікамі Анохіна былі такія ж маладыя і зухаватыя Міша Шарстнёў, Грыша Трус, Рыгор Драздоў і іншыя.
Хлопцы любілі жыццё і ўмелі радавацца кожнай яго хвіліне. А смерць была зусім побач. У верасні 1942 г. М.Анохін у складзе дыверсійнай групы вяртаўся з задання. Аперацыя прайшла паспяхова. Аддзел захапіў прадукты ў Быхаўшчыне, заклаў міны на чыгунцы недалёка ад Вялікай Ліпы. А паблізу Зубкоў натрапіў на паліцэйскую засаду. Толькі цудам у той раз абышлося без ахвяр. Партызаны галопам імчалі на конях, ніяк не хаваючыся. Паліцаі спачатку нават не разабраліся, хто перад імі, а калі ўцямілі, было ўжо позна. Абмежаваліся некалькімі выстраламі наўздагон. Праз нейкі час, даставіўшы лістоўкі на млын в.Астравок (Капыльскі раён), Анохін з Валожыным зноў сутыкнуліся з паліцыяй. Перастрэлка, адступленне, але – жывыя. Ніводнай драпіны.
Неўзабаве Анохіна прызначылі камандзірам дыверсійна-падрыўной групы. 18 снежня 1942 г. яго байцы пусцілі пад адхон цягнік на перагоне Баранавічы-Пагарэльцы. Быў знішчаны паравоз і чатыры вагоны. А праз два дні Мікалай выйшаў на сваю апошнюю аперацыю. 20 снежня партызаны атакавалі гарнізон у маёнтку Наруцэвічы, недалёка ад Нясвіжа. У перастрэлцы Анохіна цяжка паранілі. Таварышы вынеслі яго з-пад варожага агню і даставілі ў дом Хільтовых, у вёску Блячын. Была надзея, што тут, у цёплай хаце, пры належным доглядзе, сярод блізкіх людзей, малады арганізм пераможа смерць. Аднак, цуда не адбылося. 23 снежня 1942 г. Мікалай Анохін памёр. Праз некалькі дзён яму павінен быў споўніцца 21 год.
Былая сувязная партызанскага атрада Ніла Роўба пісала мне: "Я добра ведала Колю Анохіна. Яго, параненага ў перастрэлцы з паліцаямі, прывезлі ў дом айца Мікалая. З Клецка выклікалі доктара Крашэўскага, але ён ужо не мог нічым дапамагчы. У той час не было ніякай магчымасці арганізаваць пахаванне, і труна з целам Анохіна ўсю зіму прастаяла ў стагу сена ў бацюшкіным садзе. Вясной 1943 г., у чысты чацвер, ноччу цела Анохіна ў труне пахавалі насупраць уваходу ў царкву (тут недакладнасць, яго пахавалі за царквой паблізу агароджы – А.Б.). Немцы здагадваліся, што ў магіле ляжыць партызан, але выкопваць не сталі, баяліся, што закладзена міна".
А міфы вакол партызана ствараліся нават пасля смерці. Распавядалі, што камандзір падрыўной групы, не паспеўшы паставіць міну, са звязкай толу кінуўся пад колы цягніка. Сам загінуў, але заданне выканаў. Відаць, некаторым людзям наканавана станавіцца легендай.
Ужо пасля вызвалення Беларусі, 15 жніўня 1944 г., выйшаў Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, паводле якога Анохін Мікалай Андрэевіч, 1921 г. нар., рускі: "…за адвагу і мужнасць, праяўленыя ў партызанскай барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і асаблівыя заслугі ў разгортванні партызанскага руху" быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. І толькі на пачатку 1945 г. у далёкім Таганрогу Алена Сысоеўна Анохіна атрымала "пахаванку" на сына. Невядома, ці змагла яна пабываць на яго магіле. Пахаванне даглядала Надзея Хільтова. Яна ж адшукала ў Расіі сястру Мікалая Анохіна, доўгі час ліставалася з ёю, атрымала ў падарунак фотакартку, зробленую яшчэ да вайны. А ў 1975 г., напярэдадні святкавання 30-годдзя Перамогі, рэшткі партызана былі перапахаваны ў Зубках.

Андрэй Блінец, пазаштатны карэспандэнт газеты, г.Клецк.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили