Сейчас загружается

Князь Ямант Тулунтавіч

Застаўка сакавікXIV стагоддзе – адно з самых загадкавых у гісторыі нашага горада. Скупыя звесткі, якімі сёння валодаюць гісторыкі, не дазваляюць адказаць на пытанне: якім быў тагачасны Клецк? Колькі чалавек тут жыло і чым яны займаліся? Хто валодаў горадам? Якія падзеі разгортваліся ў яго ваколіцах? І толькі ў самым канцы стагоддзя на старонках актавых дакументаў і летапісаў з’яўляецца імя клецкага князя Яманта Тулунтавіча. З’яўляецца і… хутка знікае.
Пра гэтага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага вядома няшмат. Ён паходзіў са старажытнага роду ўдзельных князёў-язычнікаў. На пэўным этапе сваёй дзейнасці адмовіўся ад веры продкаў і прыняў праваслаўе. У хрышчэнні атрымаў імя Васіль. Першая згадка пра яго ў беларускіх летапісах датавана 1395 г.
У верасні таго года вялікі князь Вітаўт здзейсніў паход на Смаленск, каб далучыць горад да сваіх уладанняў. Аднак, сапраўдная мэта выправы трымалася ў сакрэце. Замест гэтага Вітаўт распаўсюджваў чуткі, што яго войска ідзе ваяваць з татарамі. Спыніўшыся каля Смаленска, ён запрасіў да сябе ўсіх князёў, нібыта для таго, каб разабраць спрэчкі і памірыць іх паміж сабою. Калі ж тыя, не прадчуваючы бяды, з’явіліся ў лагер Вітаўта, апошні захапіў іх у палон і лёгка падначаліў горад, які застаўся без улады. “И тако все княжение Смоленское взял за себе, и наместника своего посади, князя Ямонта” – паведамляе летапіс.
Натуральна, што прадстаўніком вялікага князя на новадалучаных землях, якія меліся стаць сваеасаблівым шчытом дзяржавы на ўсходзе, мог быць толькі надзейны і правераны чалавек. Не ведаю, ці гарантавала тагачасная пасада смаленскага намесніка высокі прыбытак, але тое, што яна спрыяла безлічы клопатаў, дык гэта дакладна. Невыпадкова Вітаўт не абмежаваўся адным намеснікам. Разам з Ямантам гэту пасаду займаў баярын Васіль Барэйкавіч. Можна меркаваць, што Ямант заслужыў давер Вітаўта, падтрымаўшы яго ў працяглай міжусобнай барацьбе, праз якую апошні і прыйшоў да ўлады.
У 1398 г. Ямант Тулунтавіч зноў быў сярод бліжэйшых паплечнікаў Вітаўта. На гэты раз ён у ліку іншых прадстаўнікоў знаці ВКЛ удзельнічаў у падпісанні мірнага дагавора з Тэўтонскім ордэнам. Цікава, што ў тэксце дагавора ён названы менавіта клецкім князем (dukes Jamunt de Kletzke), а не смаленскім намеснікам. На жаль, нельга дакладна адказаць на пытанне: калі ён атрымаў у валоданне наш горад? У 1398 г. ці раней? У гэтым жа годзе Ямант, выконваючы даручэнне Вітаўта, ездзіў з пасольствам у Маскву. А неўзабаве прымаў у Смаленску вялікую княгіню маскоўскую Соф’ю. Разам з дзецьмі і баярамі яна правяла тут два тыдні. Дарэчы, Соф’я, якая паходзіла з роду смаленскіх князёў, шмат зрабіла для ўсталявання міру паміж Вялікім Княствам і Маскоўскай дзяржавай.
Дата нараджэння клецкага князя і смаленскага намесніка невядома нават прыблізна. А вось дзень смерці вызначаны дакладна – 12 жніўня 1399 г. Трагічная дата нашай гісторыі.
Летам 1399 г. Вітаўт рушыў у паход супраць хана Залатой Арды. Выправа павінна была забяспечыць гаспадару беларуска-літоўскай дзяржавы панаванне над усёй Усходняй Еўропай. У войску былі аддзелы польскіх і тэўтонскіх рыцараў, валашскія атрады, а таксама каля 15 тысяч ваяроў з беларускіх і літоўскіх земляў. Разам са сваім аддзелам рушыў у паход і Ямант Тулунтавіч. Аднак выправа скончылася вялікім паражэннем на рацэ Ворскле (на тым самым месцы, дзе ў 1709 г. адбылася Палтаўская бітва). Спачатку татары зацягвалі час перамовамі. А потым, калі падышлі іх асноўныя сілы, і была дасягнута колькасная перавага, уступілі ў бітву. Ліцвіны мужна бараніліся і нават прымусілі непрыяцеля адступіць на галоўным напрамку. Аднак нічога не змаглі зрабіць, калі татарская конніца выйшла ім у тыл. Жудасная бойня працягвалася да позняй ночы. Пераможцы секлі шаблямі, калолі коп’ямі, тапталі коньмі або бралі ў палон сотні людзей. Ледзьве траціна войска здолела ўратавацца. На полі бою засталіся ляжаць дзясяткі славутых ваяроў, для якіх бітва на Ворскле стала апошняй. Не вярнуўся з яе берагоў і Ямант.
Ён меў дваіх сыноў – Сямёна і Міхаіла. Першы, як і бацька, аддана служыў Вітаўту, займаў даволі высокае месца пры двары. Удзельнічаў у славутай Грунвальдскай бітве і заключэнні міру з крыжакамі. Дарэчы, як і бацька, ён быў смаленскім намеснікам, а вось Клецк, чамусьці, не атрымаў. Некалькі сёлаў у нашых ваколіцах належалі Міхаілу Ямантавічу, але ён нічым асаблівым у гісторыі не вызначыўся. Апошнім прадстаўніком роду быў Сямён – унук Міхаіла. Праўда, з Клеччынай ён ніяк не звязаны. Валодаў маёнткам Падбярэззе каля Друцка, трымаў Азярышчанскую і Ўсвяцкую воласці. У 1528 г. выстаўляў у войска ВКЛ 19 коннікаў. Памёр бяздзетным.

Андрэй Блінец, пазаштатны аўтар.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили