Гісторыя гэта адбылася сто два гады таму. Неяк, летнім днём 1912 г. у Грыцэвічах – валасным цэнтры Слуцкага павета Мінскай губерніі – з’явіўся незвычайны чалавек гадоў сарака, якога раней ніхто тут не бачыў. Незнаёмец вельмі ўважліва прыглядаўся да людзей і да іх жытла. Хаты, пуні, хлявы разглядаў з усіх бакоў і так старанна, нібыта не сустракаў нічога цікавейшага. Нават каровы, што мірна пасвіліся на выгане, нечым прыцягнулі яго ўвагу. Але гэта яшчэ паўбяды. У руках незнаёмца была драўляная скрынка. Яна расцягвалася нібыта гармонік, але ў баку гэтага “гармоніка” было… вока! І яго дзівак раз-пораз наводзіў на людзей! Мясцовая ўлада ў асобе валаснога пісара Феафана Ганчарэнкі вырашыла разабрацца з чужаком…
Асобай, якая парушыла звыклы лад вясковага жыцця, быў настаўнік 2-га Мінскага гарадскога вучылішча Ісак Абрамавіч Сербаў. Выпускнік Полацкай настаўніцкай семінарыі даўно цікавіўся этнаграфіяй беларусаў, удзельнічаў у стварэнні Мінскага царкоўна-археалагічнага музея. Будучы перадавым чалавекам, Ісак Абрамавіч добра разумеў выгоды, якія давала навукоўцу фатаграфія, усё больш уваходзячая ў моду. Ён стаў першым, хто прапанаваў Паўночна-заходняму аддзелу Імператарскага рускага геаграфічнага таварыства праект этнаграфічнай экскурсіі дзеля фотафіксацыі побыту насельніцтва найбольш цікавых куткоў Мінскай губерніі. Фотаапарат лепш, чым любое апісанне, дазваляў захаваць для нашчадкаў аблічча тагачасных людзей, іх строі, асаблівасці вясковай забудовы, традыцыйныя сялянскія заняткі. Заяўка была падтрымана, і ў 1911 г. на летніх канікулах настаўнік выправіўся ў сваю першую экспедыцыю. Летам наступнага года шляхі этнографа прайшлі па Бабруйскім, Мазырскім і Слуцкім паветах. Вандроўка пачалася 8 чэрвеня і скончылася 12 жніўня. Пройдзены шлях склаў каля 1 800 вёрст. Недзе пасярэдзіне дарогі аказаліся Грыцэвічы.
Чытач напэўна здагадаўся, што таямнічай скрынкай, якая так напалохала вяскоўцаў, быў фотаапарат. Канкрэтна – “кодак”, верны спадарожнік этнографа. Рэч для тых часоў рэдкая і ў глыбінцы незнаёмая. Невыпадкова валасны пісар прыняў яе, ні больш ні менш, за… шпіёнскую тэхніку, а яе ўладальніка – за вельмі небяспечнага выведніка з чужой краіны. Ён уважліва вывучыў паперы і дакументы І.Сербава, потым учыніў яму сапраўдны допыт і, незадаволены пачутым (“шпіён” ні ў чым не прызнаўся), абвясціў, што затрымлівае незнаёмца да высвятлення ўсіх абставін. Адначасова Ганчарэнка адправіў пасыльнага ў мястэчка Ганцавічы да земскага начальніка, каб той неадкладна з’явіўся на месца здарэння. Ад бяды фатографа пазбавіў мясцовы бацюшка Іосіф Герасімовіч. Ён супакоіў звышпільнага пісара ды прыняў вандроўніка пад сваю апеку.
Той расказаў айцу Іосіфу пра цяжкасці этнаграфічнай працы. Паведаміў, як на самым пачатку даследванняў спрабаваў рухацца на веласіпедзе – і хутка, і зручна. Але двухколая машына выклікала смех у сялян. Яны проста не верылі, што чалавек на такім транспарце можа займацца сур’ёзнай справай, і не ішлі з ім ні на які кантакт. Расказаў і пра тое, як складана было ўпрошваць людзей пазіраваць перад фотаапаратам. Пры гэтым моладзь ставілася да фатаграфавання нават больш падазрона, чым старыя. А дзеянні валаснога пісара былі дзіцячай забавай перад учынкам пільнага кандуктара і жандара Смаленскай чыгуначнай станцыі. Яны ніяк не хацелі пусціць чалавека з “кодакам” у пасажырскі вагон і прымусілі здаць яго разам з шклянымі пласцінкамі у багажнае аддзяленне. Калі ж у Оршы даследчык атрымаў багаж назад, апарат быў зламаны, а замест соцень негатываў у кошыку ляжаў шкляны друз.
У Грыцэвічах Ісак Сербаў правёў чатыры дні. Зрабіў фотаздымкі і запісаў 12 народных песень. У сваёй справаздачы ён адзначыў: “У Грыцэвічах жыве каля 10 двароў шляхты. Амаль усе яны праваслаўныя, размаўляюць на мясцовай гаворцы і літаральна нічым не адрозніваюцца ад навакольнага насельніцтва, калі не лічыць некаторых дробязей. Так, напрыклад, мужчыны ў іх голяцца і запраўляюць сарочку ў парты. У змяшаных вёсках адразу магчыма вызначыць прыналежнасць дома, а менавіта – сяляне ставяць на даху канькі з высокімі казламі, а шляхта прыладжвае на свае хаты закрыліны і канькі без рагавін, гладкія.
Паўсюдна і ва ўсім тут бачна чысціня і ахайнасць, як асноўная рыса насельніцтва. Нават на працу выходзяць добра і чыста апранутыя. Асабліва выдзяляюцца сваёй стракатасцю жаночыя строі з нязменным чырвоным дзятлам ці каптуром, які надае своеасаблівы каларыт усёй вобласці Палёў”.
На вялікі жаль, спадчына І.Сербава не захавалася ў поўным аб’ёме. За тры гады вандровак (у 1913 г. даследчык наведаў Пінскае Палессе) ім было зроблена каля 2100 фотаздымкаў – сапраўдная фотаэнцыклапедыя тагачаснай Беларусі. На сённяшні дзень у аддзеле рукапісаў бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта знаходзіцца толькі 442 карткі. Астатнія бясследна зніклі. З грыцэвіцкіх фотаздымкаў захаваліся тры. На адным – мясцовыя сялянкі Мар’я Крыцкая і Прузына Стрэльчык у традыцыйных уборах з каптурамі на галовах. На другім – сялянская хата з рагавінамі на даху. На трэцім – каровы на выпасе каля рэчкі. Апошні здымак тут не прыводзіцца. Ахвочых адсылаю да альбома “Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава”, які ўбачыў свет у пазамінулым годзе ў выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя”.
У савецкі час І.Сербаў працягваў актыўную навуковую, педагагічную і грамадскую дзейнасць. Працаваў у Акадэміі навук Беларусі, выкладаў у БДУ, стаў кандыдатам гістарычных навук. Пільнага Феафана Ганчарэнку ў 1913 г. змяніў на пасадзе Іван Філюк. Сляды Іосіфа Герасімовіча губляюцца ў часы Першай сусветнай. У 1916 г. ён яшчэ служыў у Грыцэвічах. А вось як склаліся лёсы Мар’і Крыцкай і Прузыны Стрэльчык гісторыя маўчыць. Можа, нехта з мясцовых адгукнецца. Прайшло ж усяго 102 гады!
Андрэй Блінец, пазаштатны аўтар газеты.
Отправить комментарий