Сейчас загружается

Бяздомны народ

Лагер бежанцаў у СлуцкуЦі можа такое быць, каб цэлы народ – сотні тысяч людзей – супраць сваёй волі пакінуў родны кут, гаспадарку, нажытую маёмасць і рушыў у невядомасць? Ні на што не разлічваючы і нічога добрага не чакаючы. На жаль, так. Можа, калі гэты народ пазбаўлены дзяржаўнасці, калі на яго зямлі вядзецца вайна за чужыя інтарэсы, а яму адводзіцца толькі роля пешкі ў вялікай гульні. У такім становішчы і апынуліся беларусы падчас Першай сусветнай.
Напэўна, любая вайна ідзе не так, як плануюць генералы ў штабах. Першая сусветная не была выключэннем. Усе краіны, якія ўступілі ў яе летам 1914 г., разлічвалі на хуткую – да зімовых халадоў – перамогу. А замест гэтага былі вымушаны прыстасоўвацца да зацяжной вайны. Рускай жа арміі ўвогуле замест таго, каб гнаць ворага да Берліна і Вены, давялося адступаць, пакідаючы Польшчу, Літву і Заходнюю Беларусь.
Адступленне суправаджалася эвакуа- цыяй прадпрыемстваў (што зразумела) і прымусовым высяленнем цывільнага насельніцтва, у якім, па вялікаму рахунку, не было ніякага сэнсу. Аднак улады імперыі мроілі пра аднаўленне “атмасферы 1812 года”, заклікаючы пакінуць перад непрыяцелем “выпаленую зямлю”. Згодна загаду, тэрыторыя, якую пакідала руская армія, “павінна быць ператворана ў пустыню, г.зн. – ачышчана як ад насельніцтва, так і ад усяго, што можа складаць каштоўнасць для ворага”.
У першую чаргу эвакуіравалі мужчын ва ўзросце ад 15 да 45 гадоў, каб пазбавіць немцаў працоўных рук. Афіцыйная прапаганда ўнушала, што заставацца “пад германцам” – непатрыятычна, распаўсюджвала чуткі аб надзвычайнай жорсткасці праціўніка. Калі ж прапаганда не дапамагала, выкарыстоўвалі іншыя сродкі. Вёску або мястэчка акружалі казакі. На зборы давалі гадзіну, пасля чаго пагражалі паліць дамы. Людзі паспявалі забраць толькі самае неабходнае і неарганізаванымі калонамі рушыць на ўсход. Пры гэтым не існавала ніякіх планаў эвакуацыі! Для ўцекачоў не рыхтаваліся ні харчовыя, ні санітарныя пункты, не былі вызначаны канечныя напрамкі маршрутаў. У выніку летам-восенню 1915 г. Цэнтральная і Усходняя Беларусь ператварылася ў сапраўдны бежанскі лагер. Вось тыповае апісанне адной з дарог таго часу: “Шаша была шчыльна запоўнена павозкамі бежанцаў, адна каляіна заставалася свабоднай для руху войск. На вазах сядзелі бабы і дзеці, мужчыны ішлі побач, на ўзбочынах ляжалі хворыя і паміралі знямоглыя. Калі нейкі воз ламаўся, умешваліся казакі і скідвалі яго на ўзбочыну. Абапал дарогі, дзе гэта дазваляла мясцовасць, утвараліся цэлыя табары з павозак”. Такім чынам, замест патрыятычнага ўздыму, улады дабіліся толькі таго, што ўсе дарогі ў глыб краіны былі перапоўнены няшчаснымі людзьмі, якія ішлі, не ведаючы куды, і часта нават не разумелі, за што іх выгналі з дамоў свае ж салдаты.
Толькі ў ліпені 1915 г. была створана спецыяльная Асобая нарада пры міністры ўнутраных спраў, якая мусіла займацца лёсам бежанцаў. Дапамогу ім аказвалі і некаторыя грамадскія арганізацыі. У прыватнасці – камітэт вялікай княжны Таццяны Мікалаеўны (Таццянінскі камітэт), узніклі і нацыянальныя – беларускі, польскі, яўрэйскі – камітэты дапамогі бежанцам. Нарэшце былі вызначаны і галоўныя напрамкі руху цывільнага насельніцтва. Адзін з іх, у Мінскай губерніі, праходзіў праз Брэст-Маскоўскую шашу, па маршруце Сіняўка – Слуцк – Старыя Дарогі – Рагачоў. Што ўяўляла сабою гэтая дарога, можна прачытаць ва ўспамінах Гаўрылы Здановіча, ураджэнца в.Крывошын, будучага генерал-маёра і Героя Савецкага Саюза, а на той час – 15-гадовага сялянскага хлапчука. “Калі пачалі набліжацца немцы, жыхарам нашай вёскі прапанавалі эвакуіравацца. Куды, на які тэрмін, ці браць з сабой скаціну – нічога не казалі. Прыехалі салдаты і пачалі ўсіх выганяць. Спачатку мы думалі, што выязджаем ненадоўга і недалёка. Узялі тое-сёе з адзежы, крыху прадуктаў, вёдры, міскі. Селі мы, 8 чалавек. на павозку і са слязьмі на вачах выехалі на шашу Брэст – Слуцк. Па адным баку адступалі вялікія калоны войск з абозам і артылерыяй, па другім – ехалі, ішлі бежанцы. Ззаду чулася артылерыйская стральба.
Ехалі мы многа дзён. Здавалася, дарозе не будзе канца. Зрэдку над намі праляталі самалёты. Спачатку мы іх баяліся, але паколькі яны нас не чапалі, мы перасталі хавацца. Але вось аднойчы бачым, як ад самалёта адарвалася нейкае палена і з моцным гукам узарвалася метрах у 50 ад шашы. Усе перапалохаліся і імгненна кінуліся ў бакі да ўзлеску. Калодзежаў уздоўж дарогі было мала, ды і з іх вычэрпвалі ваду тыя, хто ішоў наперадзе. Большасць бежанцаў бралі брудную рудавата-белую вадкасць з ручаёў і балот. Спыняліся мы днём, каб пакарміць каня, і на ноч, каб зварыць кашу ў вядры і крыху паспаць. Па дарозе былі адчынены харчавальныя пункты, у якіх мы часам бралі на 8 чалавек паўвядра супу і міску кашы. Так, амаль бесперапыннай калонай бежанцы праходзілі за дзень 25-30 кіламетраў”.
Харчавальныя пункты, якія паспелі адкрыць у Слуцкім і Бабруйскім паветах, не маглі забяспечыць патрэбы ўсёй масы ўцекачоў. Таму, на нарадзе з удзелам мінскага губернатара, 28 ліпеня 1915 г., было вырашана адкрыць дадаткова 7 такіх пунктаў. Два з іх ствараліся на Клеччыне – у Сіняўцы і Лубянцы (так называўся фальварак і паштовая станцыя недалёка ад Нагорнага). Некалькі пазней было вырашана адкрыць у Лубянцы на сродкі Таццянінскага камітэта чайную з выдачай гарачага харчавання і хлеба. Сіняўка ж увогуле стала перавалачнай базай для дзясяткаў тысяч чалавек. Тут акрамя іншага знаходзіліся: санітарны барак, лазня і земскі ўрачэбны пункт, карысці з якога, аднак, было няшмат.
Становішча ў гэтым мястэчку летам 1915 г. адлюстравана ў рапарце мінскаму губернатару паліцмейстара Ф.Арлова, які загадваў аховай шашы Брэст – Масква ў межах губерніі. “Бежанцы ідуць бесперапыннай масай. Па падліку праз Сіняўскі пункт да 10 жніўня іх прайшло 62000. Лічу пагрозлівым для губерніі востра-страўнікавыя захворванні сярод бежанцаў. На 10 жніўня ў Сіняўцы памерла 41, з іх 29 – у бараку. На дадзены момант у бараку 31 хворы. Безумоўна, халера. Неабходна ўсталяваць медыцынскі кантроль у Мілавідах і збудаваць там халерны барак. Да нас трапляюць хворыя з-за слабой сарціроўкі ў Мілавідах. Пасля Сіняўкі захворванні адзінкавыя. Мне здаецца, ёсць патрэба арганізаваць у Сіняўцы моцны ўрачэбна-санітарны пункт, не падобны на агульна-земскі, дзе і 10 жніўня не было ні абсталявання, ні медыкаментаў”. Эпідэмія халеры ахапіла паўднёвыя паветы губерніі – Пінскі, Мазырскі, Рэчыцкі. Распаўсюджванне хваробы ў нашай мясцовасці на пачатку восені ўдалося спыніць. Праўда, некаторыя скептыкі адзначалі, што адбылося гэта “хутчэй па волі Божай, чым у выніку мер, прынятых уладамі”.
Нягледзячы на гэта, смяротнасць сярод бежанцаў была надзвычай высокай. Іх шлях, у літаральным сэнсе, быў пазначаны магіламі. Сведкі адзначалі, пакуль у мясцовых людзей былі запасы дошак, для памерлых бежанцаў рабілі труны, потым трупы пачалі хаваць без іх, а то і проста пакідалі пры дарозе, злёгку прысыпаўшы зямлёй. Па некаторых звестках у ліпені-жніўні 1915 г. каля Сіняўскай Свята-Мікалаеўскай царквы было пахавана 103 бежанцы, якія сканалі ў мястэчку. І гэта толькі за два месяцы, і толькі ў адным месцы! Ці ўдасца калі-небудзь высветліць іх імёны і адшукаць магілы?
У вышэйзгаданым рапарце Ф.Арлова ёсць радкі, якія нельга чытаць без хвалявання: “У Сіняўцы я заспеў трох сірот. Бацька пакліканы па мабілізацыі, а маці з дачкою памерлі ў Сіняўцы ад халеры. Я загадаў вытрымаць сірот пад медыцынскім наглядам, звадзіць у лазню, даць новую вопратку і адправіць у Мінскі прытулак. Такія выпадкі могуць паўтарыцца”. Гэтым траім пашанцавала. А колькі сірот не трапілі на вочы высокаму начальству. А колькі дзяцей згубілі бацькоў па дарозе і больш ніколі не ўз’ядналіся з сем’ямі.
На пачатку бежанскага руху афіцыйныя данясенні адзначалі “самае спачувальнае, гуманнае стаўленне да ўцекачоў” з боку мясцовага насельніцтва. Аднак з часам стасункі паміж уцекачамі і мясцовым людам сталі набываць адкрыта варожы характар. Вось што пісаў буйны землеўладальнік Эдвард Вайніловіч, землі якога знаходзіліся на мяжы сённяшняга Клецкага і Капыльскага раёнаў: “У нашай мясцовасці страты, якія нанеслі бежанцы, былі вельмі істотнымі. Яны вытаптывалі нясжатыя нівы і з нейкім зларадствам знішчалі ўсё, што трапляла пад руку, заяўляючы: “Мы не столькі згубілі”. Двары і фальваркі з жахам сустракалі доўгія абозы, якія складаліся з вазоў, крытых брэзентам і палатном, з характэрнымі дугамі на аглоблях. Такія абозы хаатычна рухаліся на ўсход, спыняліся там, дзе яшчэ можна было нешта здабыць і, нібы саранча, пакідалі пасля сябе пустыню. Так, з 600 вазоў сена ў маім хляву засталося на зіму толькі 2-3. Збожжа ў снапах было расцягнута, калодзезны “журавель” спалены на кастры, а салома з даху пайшла на абсмальванне забітых кабаноў… У сувязі з адсутнасцю сродкаў на асабістыя патрэбы і бандыцкімі паводзінамі бежанцаў прапала ўсякае жаданне дапамагаць ім і збіраць ахвяраванні”.
Зважаючы на скаргі сялян, у якіх уцекачы кралі сена, збожжа і бульбу, паліцыя, эвакуіраваная з Польшчы, ужо на пачатку жніўня 1915 г. узяла пад ахову участак шашы ад Мілавідаў да Кіявічаў. Гэта некалькі суцішыла памеры рабункаў, але не вырашыла праблему. Напрыклад, бежанцамі была цалкам разрабавана школа ў Грыцэвічах, заняткі ў якой спыніліся з-за набліжэння фронту. Падручнікі і наглядныя дапаможнікі былі раскрадзены, хлеў і гаспадарчыя пабудовы – разабраны і спалены, класы – разбураны. Зрэшты, адназначна абвінавачваць людзей, якія не па сваёй волі сталі беспрытульнымі зладзеямі, неяк не хочацца.
Са стабілізацыяй лініі фронту ў кастрычніку 1915 г. бежанскі рух прыпыніўся, хаця камандаванне па-ранейшаму настойвала на высяленні ўсіх цывільных з прыфрантавой паласы “як у баявых мэтах, так і па санітарных меркаваннях”. Але цяпер гэта былі ўжо асобныя ручайкі, а не хвалі ўцекачоў. Больш за ўсё беларускіх перасяленцаў асела ў Тамбоўскай, Самарскай, Калужскай, Саратаўскай губернях, ва Усходняй Украіне, у Башкірыі і Татарстане, а таксама – у Петраградзе і Маскве.
Прымусовае бежанства закранула і Клеччыну. Хоць фронт спыніўся недзе за 35-40 км на захад ад Клецка, многія сем’і былі выселены. Як правіла, адмаўляліся выязджаць старыя людзі, якім ужо не было чаго губляць, а моладзь вымушана падпарадкоўвалася загадам. Быў эвакуіраваны шэраг навучальных устаноў, царкоўная і дзяржаўная маёмасць. Пытанне эвакуацыі і бежанства з Клеччыны яшчэ патрабуе сур’ёзнага і глыбокага вывучэння.
Могуць запярэчыць, маўляў, у бежанства выпраўлялі не толькі беларусаў. Гэтай долі не пазбеглі палякі, літоўцы, яўрэі, нямецкія-каланісты. Усё так, але менавіта для нашага народа наступствы бежанскай эпапеі былі найбольш цяжкімі. Да пачатку 1917 г. Беларусь пакінула, па розных ацэнках, 1130 – 1320 тысяч чалавек. Некаторыя крыніцы называюць лічбу ў 1700 тысяч. Гэта прыблізна пятая-шостая частка насельніцтва. Сюды ж трэба дадаць сотні тысяч мабілізаваных, якіх накіроўвалі на Румынскі, Каўказскі і іншыя франты. Замест іх тут з’явіліся прышлыя людзі, для якіх край быў чужым: уцекачы з Польшчы і Прыбалтыкі, рабочыя ваенных майстэрняў і службоўцы тылавых устаноў з вялікарускіх губерній, нарэшце – велізарныя арміі абодвух ваюючых бакоў. Такім чынам, была разбурана цэласнасць этнічнай тэрыторыі, што праз некалькі гадоў адыграла негатыўную ролю ў нашай гісторыі. Калі ўскраіны былой імперыі абудзіліся да нацыянальнага жыцця, нямала дзейных беларусаў, якія хацелі і маглі працаваць на карысць Бацькаўшчыны, апынулася па-за яе межамі. А лёс гэтай зямлі ізноў вырашалі чужынцы.

Андрэй Блінец, пазаштатны карэспандэнт газеты.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили