Сейчас загружается

Ян Радзівіл – герой клецкай бітвы

Ян Радзівіл БарадатыТакое часам здараецца: памяць пра падзею жыве, а пра людзей, якія рабілі гісторыю, з гадамі забываюць. Напэўна, усе кляччане ведаюць пра перамогу над татарамі, якая адбылася 5 жніўня 1506 г. А хто можа назваць імёны ўдзельнікаў той далёкай бітвы? У лепшым выпадку згадаюць Міхаіла Глінскага – камандзіра харугваў Вялікага Княства. А астатнія? Што мы ведаем пра братоў Няміравічаў, шляхціча Рачку, Судзівоя Чарнкоўскага? Каб хоць трохі запоўніць прабел, згадаем аднаго з герояў той бітвы – князя Яна Радзівіла.
Пра ўдзел Радзівіла ў клецкай бітве пісаў у “Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі” Мацей Стрыйкоўскі. Аднак, назваўшы прозвішча, ён не згадаў імя прадстаўніка гэтага славутага роду. А паколькі ўжо на пачатку XVI ст. нямала Радзівілаў адзначылася на ваенным попрышчы, гісторыкі прапанавалі аж некалькі “кандыдатаў” на ўдзельніка пераможнай бітвы з татарамі. Адны лічаць, што тут змагаўся Мікалай Радзівіл – прадстаўнік старэйшай галіны роду, які першым атрымаў тытул князя Свяшчэннай Рымскай імперыі “на Ганязі і Мядзеле”. На думку іншых, пад Клецкам вызначыўся Юрый Радзівіл – будучы славуты палкаводзец, на рахунку якога каля 30 пераможных бітваў. Ні першая, ні другая версіі не адпавядаюць сапраўднасці.
Захаваўся ўнікальны альбом партрэтаў Радзівілаў, выдадзены ў Нясвіжы ў 1758, дзе змешчаны выявы 165 прадстаўнікоў роду. Пад кожным – сціслая інфармацыя пра чалавека з пералікам яго асноўных дасягненняў. Паводле гэтага альбома ў 1506 г. з крымскімі татарамі біўся Ян ІІ Радзівіл па мянушцы Барадаты. Яго ўдзел у клецкай бітве падцвярджаюць і сямейныя хронікі. Такія аргументы дазваляюць адкінуць усе астатнія версіі.
Ян Радзівіл нарадзіўся ў 1474 г. і пражыў 48 гадоў. Яшчэ ў юнацтве ён пачаў адрошчваць бараду, з-за чаго і атрымаў сваю мянушку. Паходжанне і неабы-якія асабістыя здольнасці трывала забяспечылі яму месца сярод эліты старабеларускай дзяржавы. У 18-гадовым узросце ён прысутнічаў на каранацыі новага вялікага князя Аляксандра. А ў далейшым стаў адным з галоўных яго дарадцаў і паплечнікаў. Менавіта Ян Радзівіл разам з Альбрыхтам Гаштальдам ездзіў у Маскву, каб пасватаць за Аляксандра Алену Іванаўну – дачку маскоўскага ўладара. Адначасова са сватаўством вырашаліся і важныя палітычныя пытанні. У ходзе вайны з Масковіяй Вялікае Княства страціла значныя абшары, шанцаў на перамогу не было. Шлюб даваў магчымасць спыніць вайну і атрымаць перадышку, каб сабрацца з сіламі. Хаця Яну быў толькі 21 год, ён бліскуча выканаў сваё даручэнне. Пакуль усходняя пагроза была прыпынена, Радзівіл прыняў удзел у наладжванні стасункаў з заходнім суседам – Польскім каралеўствам. Будучы прыхільнікам саюза з Польшчай Ян Барадаты пільна сачыў, каб інтарэсы яго радзімы не былі парушаны і саюз не ператварыўся ў дамінаванне польскага боку.
Паводле сямейнай хронікі князь здзейсніў вандроўку ў Рым, дзе пакланіўся труне святых апосталаў Пятра і Паўла. А па вяртанні на радзіму ўзяў у рукі зброю. Гэта быў 1506 г. Цяжка хворы вялікі князь Аляксандр дажываў апошнія дні. На сойме ў Лідзе вырашалася пытанне аб тым, каму дастанецца трон. І ў гэты момант прыйшла вестка пра чарговае ўварванне крымчакоў на нашы землі. Татарскія атрады рабавалі ваколіцы Наваградка, Ліды, Ваўкавыска, Гародні. Да гонару шляхты, усе спрэчкі былі забыты. Для абароны ад ворага спешна збіралася войска. У яго шэрагі са сваім аддзелам стаў і Ян Радзівіл.
Невядома колькі вершнікаў ён павёў на Клецк, але ёсць вельмі важная згадка. На ўзбраенні радзівілаўскага аддзела знаходзілася палявая гармата (ў “Хроніцы…” яна названа “ручніцай”). Яшчэ адну гармату вёз у сваім атрадзе шляхціч Рачка. На самым пачатку бітвы артылерыя адыграла немалую ролю. Пазіцыі бакоў падзяляла рака, якая цякла ў балоцістай нізіне. Перад тым, як атакаваць праціўніка, трэба было навесці пераправы, а для гэтага патрабавалася адагнаць татар ад супрацьлеглага берага. Некалькі гадзін войскі “біліся праз раку”. Татары асыпалі нашых ваяроў градам стрэл, але самі сутыкнуліся са знішчальным агнём агняпальнай зброі. Паводле “Хронікі…” Стрыйкоўскага гарматы наносілі ворагу вялікія страты: “Мы з ручніцаў (іх колькі ў войску нашым мелі) / Як пульнулі ў паганцаў – і млелі й дрыжэлі… / З тых ручніцаў паганцаў да ракі загналі, / Самі следам за імі мужна паспяшалі… / Набівае раз-пораз і, як толькі гакне, – / Млее нехрысць-паганец, упадзе і не вякне…”. Паводле сямейнай хронікі Радзівілаў, толькі дзякуючы трапнаму агню артылерыі, якой камандаваў Ян, удалося адагнаць непрыяцеля і распачаць пераправу конніцы. Упершыню ў гісторыі наша войска здабыло поўную перамогу над татарамі. Быў вернуты ўвесь палон і захоплена багатая здабыча. Той жа Стрыйкоўскі пісаў, што Радзівіл з Рачкам: “Толькі двое з дзвюх стрэльбаў прэч татар пагналі / Нам на сотню гарматаў грошай адабралі…”.
Клецкая перамога стала першай у ваеннай кар’еры Яна Радзівіла Барадатага. У далейшым яму даводзілася ваяваць і супраць татар, і супраць маскавітаў. Разам з братам Юрыем ён змагаўся пад Оршай 8 верасня 1514 г., дзе было разбіта намнога большае войска маскоўскага цара. За заслугі на ваенным і дыпламатычным полі (некалькі разоў узначальваў пасольства ў Маскву) Ян Радзівіл атрымаў значныя пажалаванні. Ён валодаў Нягневічамі каля Наваградка, Здзітавам і Лахвай на Берасцейшчыне, Уздой на Міншчыне, Алыкай на Валыні. У 1513 г. у якасці пасагу ад жонкі яму перайшло маленькае паселішча Нясвіж, якое з часам стала своеасаблівай сталіцай роду. Праз 45 гадоў сын Яна Радзівіла Мікалай далучыў да сваіх уладанняў Клецк – месца, дзе выспявала ратная слава яго бацькі. Кола гісторыі пэўным чынам замкнулася.

Андрэй Блінец, пазаштатны аўтар.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили