Сейчас загружается

Адкрыты дыялог з моладдзю

206551-01 1У Мінску 19-20 студзеня ў фармаце адкрытага дыялогу «Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня» адбыўся 42-і з’езд БРСМ. У маштабным форуме, які праходзіць раз у тры гады, прынялі ўдзел             1 000 дэлегатаў з’езда з усёй краіны, а таксама госці і запрошаныя – усяго каля 3 тыс. чалавек. У заключны дзень форуму ў яго рабоце прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У сваім выступленні ён даў ацэнку дзейнасці БРСМ, закрануў асноўныя праблемы, якія хвалююць сучасную моладзь. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў рэспубліканскі патрыятычны праект «Кветкі Вялікай Перамогі!» і ўручыў пераходны сцяг, заснаваны ўказам Прэзідэнта, студэнцкаму будаўнічаму атраду «Дзвіна» імя Героя Савецкага Саюза В.І.Яронькі, які прызнаны лепшым па выніках 2014 года.

Дзяржава зробiць усё для рэалiзацыi мер па паляпшэннi становiшча моладзi
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць таго, што моладзь адкрыта, у шырокім складзе намячае стратэгію дзеянняў БРСМ, ацэньвае работу кіраўніцтва арганізацыі і актыву.
«Нашы з вамі рэгулярныя стасункі – гэта добры прыклад таго, як павінны будавацца адносіны дзяржавы і грамадскіх арганізацый», – адзначыў Прэзідэнт.
«Гэта рэальная магчымасць выказаць сваю пазіцыю па актуальных пытаннях жыцця, данесці ад імя моладзі прапановы і быць пачутымі. А для дзяржавы – гэта добрая пляцоўка, каб разумець, чым жыве моладзь, і знаходзіць найлепшыя формы ўзаемадзеяння на карысць нашай Радзімы», – сказаў ён.
Цікава пачуць, як мысліць моладзь, што лічыць важным і карысным для краіны. «І калі ў нас дыялог, то важна, каб і вы мяне не толькі паслухалі, але і пачулі, аб’ектыўна ацанілі ўсё тое, што робіцца ў нашай маладой суверэннай дзяржаве для вас, для паспяховага сучаснага і ўпэўненай будучыні», – сказаў Прэзідэнт.
Ён таксама падкрэсліў, што сёння ва ўсім свеце, Беларусь не з’яўляецца выключэннем, запатрабаваны моцныя, самастойныя, мэтанакіраваныя людзі. Яны патрэбны ўсюды – на вытворчасці і ў палітыцы, у бізнесе і ў навуцы, у адукацыі і дзяржкіраванні. Гэта рухавік прагрэсу, ад энергіі і моцы якога залежыць дынаміка развіцця грамадства.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Беларусь – адна з нямногіх дзяржаў, дзе маладзёжнаму руху ўдзяляецца асаблівая ўвага. Як кіраўнік дзяржавы я стаўлю ў шэраг першарадных стратэгічных задач фарміраванне такога маладога пакалення, якое складала б ядро нашай працавітай, адукаванай і здаровай нацыі».
На думку Прэзідэнта, адказнасць, самастойнасць, ініцыятыва павінны стаць галоўнымі рысамі пакалення моладзі, а разам з ім – і ўсёй краіны. У сваю чаргу дзяржава, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, не здымае з сябе задачы стварэння неабходных умоў для самарэалізацыі і адукацыі моладзі: «Дзяржава па-ранейшаму будзе стаяць на яе абароне, дапамагаць у адаптацыі да сучасных умоў, каб мы ўсе разам змаглі пайсці далей, да больш высокай якасці жыцця».
Падтрымка маладых сем’яў застанецца адным з прыярытэтаў палiтыкi
«Трэба сумленна прызнаць, што ў нечым з гэтымі прыярытэтамі мы нават перагнулі палку, імкнучыся, можа, залішне папярэдзіць, падстрахаваць або засцерагчы ад цяжкасцей маладога чалавека, які ўступае ў дарослае і самастойнае жыццё. А жыццё не падманеш. Калі не прывучыць сябе да пераадолення меншых цяжкасцей, з вялікімі ніколі не справішся», – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў рэгіёнах будзе нарошчвацца будаўніцтва жылля, а ў Мінску скарачацца. «Менавіта з наяўнасцю жылля сямейная моладзь часта звязвае рашэнне мець дзяцей. Нехта з асуджэннем скажа, што гэта вельмі прагматычна. Я адкажу: так, прагматычна. Але і патрыятычна таксама, паколькі гэта залог таго, што дзеці будуць абаронены ад бытавой неўладкаванасці, забяспечаны ўмовамі для нармальнага росту і развіцця», – лічыць Прэзідэнт.
«Згодна з сацыялагічнымі апытаннямі, дзеля будучага сваёй сям’і і дзяцей моладзь гатова да ўнутранай міграцыі. Гэта вельмі добры знак, – адзначыў кіраўнік дзяржавы. – Прыход у Беларусь новых тэхналогій прымушае ацаніць тыя перавагі, якія з’яўляюцца ў маладых людзей у рэгіёнах пры наяўнасці там дастойнай і цікавай работы. Здаровая экалогія, крокавая даступнасць работы і сацыяльных аб’ектаў. А самае галоўнае – магчымасць хутчэй вырашыць жыллёвае пытанне».
Маладзёжныя групы патрыятычнай накiраванасцi – рэальныя партнеры дзяржавы ў захаваннi стабiльнасцi
«Ва ўмовах, калі супраць суверэнных дзяржаў пачынаюць выкарыстоўвацца розныя паліттэхналогіі з апорай на раздзіманне пратэстнага руху, агрэсіўнага нацыяналізму, мы бачым рэальнымі партнёрамі дзяржавы ў захаванні яе стабільнасці менавіта маладзёжныя групы патрыятычнай накіраванасці, якія не прымаюць дэструктыўныя паводзіны», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі беражліва і настойліва выбудоўваецца сістэма ўзаемадзеяння дзяржавы і моладзі: «Цяпер адносіны ўлады да моладзі нагадваюць час, калі дзеці выходзяць з-пад бацькоўскага крыла. Кожны з бацькоў, я ў гэтым упэўнены, жадае, каб яго сын ці дачка дабіліся ў жыцці поспеху. Не важна, у якой сферы і на якой пасадзе, галоўнае – адбыцца як прафесіянал і як чалавек. Тое ж самае і ў краіне. Ёй аднолькава неабходны інжынеры і ўрачы, рабочыя і бізнесмены, аграномы і механізатары, ваенныя і артысты. Дрэнны той, хто нічога не робіць або робіць у абход закону».
Прэзідэнт сказаў, што засмуціць нядобразычліўцаў:
«Не спадзявайцеся – развіццё нашага падрастаючага пакалення мы ні ў якім выпадку не пусцім на самацёк, не зробім яго беспрытульным. Мы бачым на прыкладзе іншых дзяржаў, што можа адбыцца, калі не займацца развіццём і вольным часам моладзі».
Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, Беларусь, перш за ўсё вуснамі маладога пакалення, павінна дакладна і зразумела сказаць усім замежным тэатралам ад палітыкі: «Ваша драматургія на вуліцах і плошчах гарадоў свету – штучна створаны і запушчаны сцэнарый. У Беларусі ў гэтым пераканаліся. Мэта нашых нядобразычліўцаў – зрабіць моладзь той разбуральнай сляпой сілай, якая дапаможа прарвацца да ўлады замежным стаўленікам і пажывіцца за кошт будучых пакаленняў, за кошт абрабавання краіны. Гэтыя выклікі і пагрозы трэба не проста бачыць, але і рашуча ім процістаяць».
«Адна з важнейшых задач моладзі – гатоўнасць да абароны сваёй Радзімы. Гэта не пафасная фраза, а патрабаванне жыцця, – канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. – Тое, што адбываецца ў свеце і ўжо ў непасрэднай блізкасці ад нашых граніц, практычна ля парога нашага дома, прымушае ўспомніць урокі гісторыі і запаветы пакалення пераможцаў аб неабходнасці як зрэнку вока берагчы Айчыну, ахоўваць свет і спакой на роднай зямлі».
Прэзідэнт адзначыў, што маладзёжныя праекты, у тым ліку па захаванні памяці аб подзвігу ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, сёння як ніколі важныя. Ён звярнуў увагу, што ў зале прысутнічаюць маладыя людзі ў пагонах: «Яны выбралі адну з самых небяспечных і самых патрэбных прафесій, без якой не можа быць нармальнага жыцця, нармальных умоў для працы і развіцця ні ў адной дзяржаве. І гэта таксама праяўленне патрыятызму – рыхтаваць сябе да барацьбы за сваю зямлю, за сваіх дзяцей, за свае сем’і».
Няма неабходнасцi ехаць за мяжу, каб дабiцца поспеху
Кіраўнік дзяржавы ў сваім выступленні закрануў тэмы адукацыі і кадравай палітыкі. «Сённяшні тэхналагічны ўклад робіць свет даступным і ў пэўным сэнсе аднолькавым. Выраўноўваюцца магчымасці атрымання адукацыі і арганізацыі вытворчасці, укаранення найноўшых спосабаў лячэння і доступаў інфармацыі, правядзення даследаванняў і арганізацыі гандлю, – сказаў Прэзідэнт. – Таму, каб дабіцца камерцыйнага поспеху, навуковага прызнання, нарэшце, проста сямейнага дабрабыту, няма неабходнасці ехаць за акіян. Для гэтага не трэба нават пераязджаць з глыбінкі ў сталіцу. Усюды патрабуецца максімальнае ўкладанне ўласнай працы і настойлівасць у дасягненні мэты. Важна, каб кожны з вас як мага раней зразумеў і прыняў гэту простую ісціну».
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ён ні ў якім разе не адгаворвае моладзь ад уласцівага юнацтву жадання пабачыць свет. «Паедзьце і паглядзіце, вучыцеся, калі гатовы, асвойвайце новае, пераймайце карыснае. Але наўрад ці вас чакаюць там з распасцёртымі абдымкамі. Там даўно прывыклі лічыць грошы і проста так нічога не робяць», – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт канстатаваў, што змяняецца і роля дзяржавы ў сістэме адукацыі: «Мы павінны прадаставіць і забяспечыць кожнаму маладому чалавеку якасную базавую адукацыю, а таксама выхаванне – тое, што стане фундаментам яго асобаснай сталасці. Далей – персанальны выбар і індывідуальны шлях развіцця, шлях да вашага дабрабыту і шчасця. Ужо сёння наймальнік глядзіць не толькі на дыплом, але і на дадатковыя веды і вопыт, якія выпускнік набыў, працуючы над сабой: курсы, трэнінгі, школы, стажыроўка, навуковыя даследаванні, самастойная работа”.
Здавалася б, да такой сістэмы адукацыі маладое пакаленне гатова лепш, чым папярэдняе. У той жа час маладыя людзі ва ўзросце да 30 гадоў складаюць трэцюю частку беспрацоўных, зарэгістраваных у органах службы занятасці, а гэта больш за 55 тыс. чалавек. «У чым прычына – у недахопе ведаў або ў завышаных патрабаваннях кіраўнікоў?» – задаў пытанне Кіраўнік дзяржавы. Ён думае, што ў неапраўданых запатрабаваннях саіскальнікаў. Работы ў краіне хапае, вось толькі «зялёныя» выпускнікі ВНУ хочуць усё і адразу. Напрыклад, малады юрыст не хоча разумець, якія страты можа панесці кампанія, калі складаць шматмільённы кантракт будзе ён, а не яго больш вопытны калега. Юны інжынер хоча адразу атрымліваць зарплату генеральнага дырэктара, але не задумваецца, колькі таму давялося пераадолець цяжкіх прыступак на шляху да кіраўніцтва прадпрыемствам.
«Нічога нікому не даецца адразу, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Нельга выехаць на шырокую дарогу, не пераадолеўшы старту, не разагнаўшы аўтамабіль, недзе нават не забуксаваўшы».
Пра ўзровень кадравага забеспячэння маладзежнай палiтыкi
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адна з важных задач БРСМ – знаходзіць і выхоўваць такіх лідараў, якія змогуць павесці беларускую моладзь да важных для ўсяго грамадства і дзяржавы спраў. Кампетэнтнасць, ініцыятыўнасць, самастойнасць і, галоўнае, сацыяльная адказнасць за будучае краіны – менавіта гэтыя якасці трэба фарміраваць у маладых грамадзян.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, ключавое значэнне ў гэтым працэсе належыць настаўнікам, куратарскай дзейнасці, да якой павінны прыцягвацца лепшыя вучоныя і практыкі. Аднак у Беларусі гэты інстытут незаслужана забыты органамі дзяржкіравання і арганізацыямі, хоць менавіта настаўніцтва з’яўляецца ўнікальным метадам аказання падтрымкі ў працэсе вучобы і службовага росту работніка. Настаўніцтва ў большай ступені паскарае прафесійнае станаўленне маладых работнікаў, садзейнічае іх прафесійнай адаптацыі, фарміруе з’яднаны калектыў.
«У нас дагэтуль няма выразнай сістэмы каардынацыі маладзёжнай палітыкі з іншымі сферамі дзяржаўнай дзейнасці, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Нягледзячы на шматлікія праграмы, асобныя рэзервісты з перспектыўнага кадравага рэзерву не атрымліваюць рэальнага росту па дзяржаўнай службе». Напрыклад, дзяржслужачыя ў Беларусі ва ўзросце да 29 гадоў у 2013 годзе складалі менш як 16 працэнтаў. У заканадаўчых органах працуюць толькі 3 працэнты маладых спецыялістаў, а ў мясцовых органах выканаўчай улады – крыху больш за 11 працэнтаў.
Прэзідэнт заявіў, што стаўка на амаладжэнне кадраў – гэта не проста словы, а сучасная палітыка, якая павінна ахапіць усе сферы дзейнасці.
Будучыя кiраунiкi фармiруюцца ў студатрадах
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Ужо не першы раз мы з вамі ўзнімаем тэму студатрадаў, і маю пазіцыю ў гэтым пытанні вы ведаеце. Я заўсёды буду падтрымліваць гэты напрамак, таму што студатрады – гэта не толькі добрая школа для моладзі, але і сур’ёзны кадравы рэзерв».
Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час была пастаўлена задача аднавіць студатрадаўскі рух, і сумесна ўдалося гэта зрабіць. За тры гады студатрадаўскі рух ахапіў сотні тысяч юнакоў і дзяўчат у Беларусі.На думку кіраўніка дзяржавы, у студатрадах фарміруюцца будучыя кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый.І для студатрадаў БРСМ наймальнікі, кіраўнікі рэгіёнаў павінны ствараць неабходныя ўмовы. Прыклад для пераймання ёсць – работа атрадаў на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Прэзідэнт падтрымаў прапанову моладзі, каб у гэтым годзе ў кожным рэгіёне сфарміраваць студатрадаўскі рух і стварыць хаця б адзін студэнцкі атрад.
На аснове прапаноу 42-га з’езда БРСМ будзе распрацаваны план мерапрыемствау
Прэзідэнт падкрэсліў, што ўнесеныя на з’ездзе прапановы «не маюць патрэбы ў дадатковай прапрацоўцы, каб іх падтрымаць». Таму Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта ўсе прапановы, якія прагучалі на з’ездзе, сабраць і, сур’ёзна прааналізаваўшы, выбудаваць план рэалізацыі гэтых мерапрыемстваў.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што БРСМ стаў «арганізацыяй, якая не проста парадна шуміць, бурна дэманструючы, што яна ёсць». «Вы адчуваеце сваю адказнасць. Уносячы прапановы, адчуваецца, што вы іх выпакутавалі. Гэта сведчыць аб вашай сталасці», – прадоўжыў Прэзідэнт.
Закранаючы прапанову БРСМ сфарміраваць кансалідаваны маладзёжны бюджэт, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Мяне здзівіла тое, што дагэтуль дзяржаўныя органы не прынялі прапановы маладзёжнай арганізацыі, каб кансалідаваць сродкі і накіраваць туды, куды трэба. Гэта была разумная прапанова, гэта трэба было зрабіць даўно».
Бюджэт на бягучы год ужо зацверджаны. Прэзідэнт гатовы разгледзець прапанову БРСМ з мэтай кансалідацыі фінансавых сродкаў: «А калі трэба і дабавіць, нягледзячы на тое, што ў нас лішніх сродкаў няма, для таго каб разумныя, творчыя, ужо апрабаваныя рэчы былі рэалізаваны ў нашай дзяржаве».

БелТА.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили