Сейчас загружается

З пачынам, хлебароб!

дожинкиНішто так не люблю летняю парою, як мора – бяскрайняе, велізарнае, хвалюючае. А яшчэ больш ў бязмерным захапленні ад яшчэ аднаго мора – залацістай хлебнай нівы! Непаўторны водар спелай збажыны асабліва ўвечары, ужо схіленыя долу важкія калоссі, сям-там разбаўленыя вось-вось адцвітаючымі васількамі, рамонкі ўздоўж палетка – гэта малюнкі дзяцінства, гэта – сённяшні дзень, гэта – заўтрашні хлеб. У чацвер на ўзножскім полі               ААТ “Морач” хлебаробы Клеччыны зажыналі першы сноп, а марачанскія пекары частавілі іх духмяным караваем – неад’емным атрыбутам свята “Зажынак”. Раздзяліць урачыстасць мерапрыемства ў наш раён завіталі старшыні райвыканкамаў Міншчыны пад кіраўніцтвам губернатара вобласці С.Б.Шапіры, члены Мінаблвыканкама, старшыня  абласнога Савета дэпутатаў             І.Э Ліпніцкі, тым самым надаўшы “Зажынкам” на Клеччыне абласны статус.

– Ва ўраджай, які мы вырошчвалі амаль цэлы год, укладзена нямала старанняў. Вясной рыхтавалі палеткі, аралі, сеялі, уносілі сродкі аховы раслін, каб вырас хлеб. І ён стаіць неблагі, нягледзячы на пагодныя катаклізмы, – пачаў урачыстасць Сямён Барысавіч. – Мы чакаем сёлета намалот каля 2 млн тон хлеба, проста яго патрэбна якасна і своечасова ўбраць. Наш гонар – гэта чалавек працы. Гледзячы на хлопцаў, у якіх налічваецца за два дзясяткі сезонаў, а ў кагосьці – першы, упэўніваюся: усё ў нас атрымаецца. Нізкі паклон і падзяка за нялёгкую працу, якую вы здзяйсняеце на карысць краіны, каб Беларусь развівалася, была яшчэ больш прыгожай і багатай, каб быў на стале хлеб. А калі ён ёсць, то заўсёды ў краіне – мір. Гэта ўзаемазвязаныя рэчы. Віншую з “Зажынкамі”. Жніво ў многіх раёнах пачалося, а на вашых палетках стаяць вельмі прыгожыя, важкія нівы. Думаю, Клецкі раён, Нясвіжскі, Дзяржынскі будуць сёлета лідарамі па ўраджайнасці не толькі ў вобласці, але і па краіне.
Сапраўды, Клецкая зямля багатая на слаўных працавітых людзей, адсюль і дабрабыт краю, і яго гасціннасць. Гэтыя якасці нашы землякі дэманстравалі падчас сустрэчы гасцей на імправізаваных падворках, якія падрыхтавалі літаральна ўсе гаспадаркі раёна. Яны віталі гасцей хлебам-соллю, песнямі, прыказкамі і прымаўкамі, прыпеўкамі, частавалі прысмакамі беларускай народнай кухні, квасам, мёдам, пірагамі, налівалі чарку, дэманстравалі рэчы, створаныя ўласнымі рукамі, дарылі іх на памяць. Уражаныя добразычлівасцю і ветлівасцю кляччан, прысутныя ў адказ шчыра асыпалі іх падзячнымі словамі, кампліментамі, усмешкамі.
Так мясцовыя жыхары шануюць і сваіх мужоў, бацькоў, братоў, якія ў чацвер з хваляваннем і трапяткім сэрцам уздымаліся па прыступках камбайнаў за іх штурвалы, каб сабраць хлеб і забяспечыць і свае сем’і, і сваю краіну дабрабытам.
А для гэтага, як зазначыў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама Віталій Леанідавіч Грышанаў, на Міншчыне ёсць усе рэзервы:
– Сёння на раніцу (па стану на 23 ліпеня – аўт.) выбарачна да жніва прыступілі 15 раёнаў, а ў гэты момант мы атрымалі афіцыйны старт жніва. Тэхніка гатова на 93%: з 2,5 тыс. камбайнаў будзе ўдзельнічаць штодзень 2 350 машын. Парк адносна новы, на 60%, дзякуючы ўказам Кіраўніка дзяржавы, укамплектаваны гомельскімі камбайнамі. Калі весці гутарку пра тое, што чакаем атрымаць у выніку, то зазначу, што на палетках ніва неаднолькавая: паўночныя рэгіёны, хоць і не былі абдзелены пагоднымі ўмовамі – менш прадуктыўныя, складана і па паўднёвых – Старадарожскім, Любанскім, Салігорскім, часткова Пухавіцкім і Бярэзінскім. Надзея на намалот – традыцыйна Нясвіжскі, Слуцкі, Дзяржынскі, Мінскі, Смалявіцкі, ды і наогул – добрая палова Міншчыны, дзе стаіць багаты хлеб. Асноўная задача – якасна, своечасова і без страт яго сабраць. Заключныя лічбы патрэбны не для статыстыкі. Ёсць складаемыя неабходнасці таго самага хлеба: у першую чаргу, гэта дзяржзаказ – больш 300 тыс. т, якія мы павінны паставіць у засекі ў гэтым годзе, нарыхтаваць каля 180 тыс. т. насеннага матэрыялу. Асноўнае ж назначэння збожжа – кармавыя мэты: для гэтага патрэбна 1500 тыс. т. на корм жывёлы і птушкі, хаця маем пераходны фонд з мінулага года, дзякуючы таму, што вобласць стабільна прыбаўляла па валавым зборы збожжа. І лічба, да якой павінны імкнуцца мы ўсе разам, – 2 млн тон. Па нашых разліках гэты хлеб ёсць.
Гаворачы пра тэрміны правядзення жніва, Віталій Леанідавіч сказаў:
– Міншчына – гэта тэрыторыя ад Прыбалтыкі да Гомельскай вобласці, таму зойме уборка 17-18 дзён, а масавая – пачнецца дзесьці праз тыдзень.
“Зажынкі” ў Морачы прайшлі па ўсіх традыцыях гэтага свята, нягледзячы на тое, што суправаджаў іх спорны праліўны дождж. Гэта да багацця – супакойвалі мы сябе. А камбайнеры, якія разумелі, што гэта з’ява прыроды хоць і прыпыніць іх кампанію на паўдня-дзень, але паспрыяе, каб колас больш наліўся. Яны не хвалююцца, усё ж – разлічваюць свае сілы, упэўнены: справяцца з пастаўленай задачай – хлеб змалоцяць без страт і своечасова, бо гэта, як зазначалася вышэй, дабрабыт іх сям’і і краіны, у якой жыць іх дзецям, гадаваць унукаў, дзеля якіх, бадай, яны і жывуць. Асабіста для гаспадара палетка, дзе ладзілася абласное мерапрыемства, дырэктара ААТ “Морач” А.У.Філіпчанкі гэты дзень стаў адметным яшчэ па адной вельмі прыемнай і важнай прычыне – у яго нарадзіўся ўнук. І перапоўнены пачуццямі, разумеючы, што ўсё, што ён стварае і на зямлі таксама, робіць для тых, хто будзе прадаўжэннем яго роду, з характэрным для яго стану невялікім ад радасці дрыжаннем у голасе Аляксандр Уладзіміравіч просіць дазволу пачаць жніво:
– Паважаны Сямён Барысавіч, усё, што патрэбна для ўборкі збожжавых і зернебабовых культур, гатова. Дазвольце жніво-2015 Мінскай вобласці адкрыць і пачаць убіраць хлеб.
– Дазваляю, – чуецца у адказ.
… І нібы на водную роўнядзь, як тыя караблі, пускаюцца магутныя камбайны, жаткамі дакранаюцца да залацістай нівы, разразаючы яе на загонкі, у якія заходзяць адзін за другім. Упэўнена, разважна і павольна, разам з тым – зусім хутка заходзяць за далягляд. Яны вернуцца таксама зусім хутка. Толькі ўжо – з поўнымі бункерамі! Дзеля будучыні – дзяцей і ўнукаў!

Ірына Шаг.
Фота Аляксандра Абрагімовіча.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили