Сейчас загружается

«Калыску талентаў» принимала Клетчина

IMG_9087Абласное свята-конкурс дзіцячай творчасці «Калыска талентаў», які ўпершыню быў праведзены ў рамках абласной праграмы «Традыцыйная культура і дзеці» ў Клецку, вырашае і сёння тыя ж задачы: садзейнічае развіццю традыцыйнай творчасці дзяцей і моладзі, адраджае і захоўвае лепшыя ўзоры дзіцячага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, падтрымлівае і папулярызуе дзейнасць фальклорных калектываў. І ў чарговы раз месцам правядзення  стаў Клецк.

“Дзіцячым” свята называецца па той прычыне, што да ўдзелу ў ім запрашаюцца тыя, каму яшчэ не споўнілася 18 гадоў, да даго ж рабяты з’яўляюцца навучэнцамі дзіцячых школаў мастацтваў, студый і гурткоў, а таксама ўдзельнікамі фальклорных калектываў і калектываў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва клубных і пазашкольных устаноў.

Само надвор’е ў той майскі дзень спрыяла добраму настрою на конкурс, таму пасля ўрачыстага яго адкрыцця, на якім натхняючыя словы выказалі ўсім удзельнікам старшыня Клецкага райвыканкама Генадзь Міхайлавіч Салавей і старшыня журы Любоў Еўдакімаўна Раманенка, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, член праўлення грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз майстроў народнай творчасці", рабяты дружна накіраваліся да сваіх рабочых месцаў. Конкурс складаўся з двух частак: вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і выступленняў фальклорных калектываў.

На працягу трох гадзін юныя культуратворцы (як дзяўчынак і хлопцаў з замілаваннем назвала Л.Е.Раманенка) павінны былі зрабіць той прадмет дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выставу якога яны ўжо падрыхтавалі загадзя і прывезлі да ўдзелу ў фестывалі.

І якіх толькі цуда-рэчаў не давялося нам пабачыць у той дзень у гарадскім скверы! Вы толькі ўявіце, што разам у адным месцы сабраліся практычна 400 юных таленавітых дзяцей з 18-ці раёнаў Міншчыны.  Яны прадэманстравалі дзівосныя вырабы з матэрыялаў, якія мы кожны дзень бачым, але не звяртаем на іх ўвагі. Фантастычныя мастацкія творы былі прадстаўлены жыхарам і гасцям Клецка з паперы, бісеру, саломы, лазы, дрэва. Тканыя габелены, паясы, зробленыя дзіцячымі рукамі лялькі, лапці з лазы. А якія шыкоўныя карціны, напісаныя па шкле і тканіне. Не праходзілі без затрымкі каля дзяўчынак і хлапчукоў, якія спрытна ўпраўляліся з глінаю: некаторыя нават перапытвалі, ці гэта не пластылін!?

Рабочым месцам ткачоў з’яўляліся нават дрэвы ў скверы: многія маглі стаць сведкамі ткацтва сапраўдных старадаўніх беларускіх паясоў. Шчырае захапленне выклікалі юныя майстры, якія тут жа, на пляцоўцы пад адкрытым небам, ткалі на станках ходнікі. А якая прыгожая вышыўка на ручніках, вопратцы! І ў кожнага рэгіёна яна свая, непаўторная!

Немагчыма прайсці ўздоўж радоў з цудоўнымі работамі, за якімі сядзяць і маленькія дзеці, і падлеткі. Я спецыяльна не звяртала ўвагу на шыльды, каб не выдзяляць з вялікай колькасці ўдзельнікаў прадстаўнікоў са свайго раёна, а аддаваць перавагу тым, хто заварожвае нечым незвычайным. Якім жа непадробным было здзіўленне, калі на развітанне спыталася, адкуль такія майстры? Аказалася… з Зубкоў! Так, нашы! І вось аб чым расказала Ала Валянцінаўна Кадзевіч, загадчыца філіяла Клецкай дзіцячай школы мастацтваў аграгарадка Зубкі:

– Займаецца ў  нас 25 чалавек. Напрамкаў шмат: вышыўка, саломапляценне, пляценне паясоў, роспіс па дрэве і шкле, а таксама прадмет па выбару – арыгамі. Школа працуе пяць гадоў, ужо ёсць такія выпускнікі, якія прадоўжылі юнацкае захапленне і вучацца зараз па тых жа напрамках, што некалі лічылі толькі баўленнем вольнага часу. Мы - пастаянныя ўдзельнікі рэгіянальных і абласных фестываляў і таксама неаднаразовыя пераможцы многіх з іх. У прыватнасці – па вышыўцы, пляценні паясоў, роспісу па дрэве.

А на конкурс 28 мая рабяты з Зубкоў прывезлі свае вышыўкі на палатне і на канве (Ангеліна Валодзька, вучаніца 3 класа, атрымала Дыплом II ступені па вышыўцы, а Маргарыта Вастрова, вучаніца 5 класа, Дыплом I ступені). Пляценнем паясоў займаюцца тут Валерыя Мікуліч (Дыплом II ступені за творчы падыход да выканання беларускага пояса), Валерыя Філько адзначана Дыпломам за ўдзел ў свяце-конкурсе, Сабіна Шчыгель – Дыплом III ступені. Роспісам па дрэве вынікова захапляецца Сабіна Вастрова  (Дыплом II ступені ў гэтай намінацыі), а саломапляценнем - Яна Кейзерава (Дыплом II ступені). Цудоўныя арыгамі вырабіла Насця Кулік, потым стала вядома, што гэтая дзяўчынка не засталася без заслужанага дыплома, з чым хочацца шчыра павіншаваць.

Прыцягнулі маю ўвагу майстры з Капыльшчыны. Тут, пад скронямі дрэў, разгарнуўся цэлы ткацкі комплекс! Ужо пры падвядзенні вынікаў высветлілася, што 16 рабят былі адзначаны дыпломамі, і восем з іх – не толькі за актыўны ўдзел. Так, Дыплом I ступені “За захаванне і развіццё традыцыйнай спадчыны свайго рэгіёну, лепшую калекцыю хатніх работ на III абласным свяце-конкурсе дзіцячай творчасці “Калыска талентаў” па праву атрымалі 12-гадовая Дар’я Драко (мастацкая апрацоўка скуры) і васьмігадовы Раман Волкаў (бісерапляценне), Дыплом III ступені ў вобласці ткацтва – Мікалай Шчоткін, а Дыплом II ступені – Алёша Бірук. Таксама Дыпломамі II ступені за выкананне паясоў узнагароджаны Данііл Сафронаў і Кацярына Бубніковіч, Дыпломам III ступені па кераміцы - Ксенія Скамароха, атрымала Дыплом II ступені за дэкор бутэляк Ангеліна Голец. Што тут яшчэ можна дадаць: таленавітыя дзеткі!

Уразілі прыгажосцю і яшчэ адны нашы суседзі - нясвіжане. Нельга было прайсці міма вялікіх саламяных пеўняў і ўсяго іншага, што заварожвала і прыцягвала, быццам магнітам.

Як зазначыла Наталля Мікалаеўна Леўшына, вядучы спецыяліст Нясвіжскага раённага цэнтра народнай творчасці, сёлета на Клеччыну яны прывезлі лялькі і саломку. Ганна Аляксандраўна Міхайлік вучыць дзяцей ператвараць звычаўную салому ў самыя неверагодныя рэчы. Апантанасць педагога пераймаюць спрытныя дзяўчынкі, і іх захапленне было дастойна ацэнена кампетэнтным журы. Сем х іх сталі Дыпламантамі свята-конкурсу, прычым трое – Дзіна Мялехіна, Ангеліна Яўсейчык і Анастасія Бубен – III ступені за лепшую калекцыю хатніх работ. Вось такія дзіўныя майстрыхі падрастаюць на Нясвіжскай зямлі!

Лапці з лыка… Вы бачылі сапраўдны старадаўні абутак беларусаў, той, у якім хадзілі вашы продкі? Каб яго патрымаць у руках, трэба зараз ехаць дзесьці ў музей. А вось на дзіцячым фестывалі ў Клецку іх плялі… хлапчукі з Любанскага раёна. Як расказала Алена Васільеўна Яскевіч, дырэктар Камунараўскага СДК Любанскага раёна, гурток “Лапаточкі” ў іх працуе ўжо тры гады. Гэтам незвычайным рамяством займаюцца чатыры хлопчыкі. Самі нарыхтоўваюць лыка з лазы, прыводзяць яго да належнага стану. А пачалося ўсё з таго, што захаваліся ў Алены Васільеўны бацькоўскія лапці, і іх яна прынесла ў ДК. Зацікавіліся дзеці, захапіліся гэтай справай. Цяпер і майстар-класы праводзяць, і на іх ідуць дзеці і дарослыя з задавальненнем. А яшчэ любанцы робяць цудоўныя лялькі, ткуць адмысловыя ходнікі і выдатна шыюць на сучаснай швейнай машынцы. Вось вам і сучасная моладзь, апантаная камп’ютарамі. Калі хто да гэтага часу і сумняваўся ў нашых юнаках і дзяўчатах, дык завітаўшы у клецкі парк у тую майскую суботу, зрабіў іншыя высновы.

Загадчыца аддзялення дэкаратыўна-прыкладной творчасці цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна Святлана Уладзіміраўна Бурак з задавальненнем пазнаёміла са сваімі выхаванцамі і іх шыкоўнымі работамі. Свой раён на яны прадстаўлялі 16-цю ўдзельнікамі, якія прадэманстравалі роспіс па шкле, мастацкі роспіс тканіны, саломапляценне, фларыстыку, кераміку, мастацкую цацку. Беларускі непаўторны стыль і старадаўняя  тэхніка выканання – гэта на колькі прыгожа, на столькі і складана. Тым не менш, рабяты паспяхова справіліся з пастаўленымі перад імі задачамі. Больш таго, іх намаганні і праца заслужылі высокай адзнакі журы: усе атрымалі адпаведныя Дыпломы! А Марыя Хаміцэвіч стала ўвогуле ўладальніцай двух Дыпломаў: I ступені “За захаванне і развіццё традыцый спадчыны свайго рэгіёну, лепшую калекцыю хатніх работ” і III ступені – “За ўклад у развіццё традыцый спадчыны і творчы падыход у выкананні твора дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва”. Дыпломамі I ступені таксама адзначаны работы Іллі Навумовіча, Паўла Кудраўца і Марыны Жабенка; Дыпломамі II ступені за саломапляценне – Уладзіслаў Жабенка і Дар’я Гарох; Дыпломам II ступені Паліна Малашкевіч (фларыстыка); няма роўных у вырабе лялек (Дыплом I ступені) Дар’і Курловіч; Дыплом III ступені па роспісу па шкле ў Віялеты Наўмік; і пераможца фестывалю ў саломапляценні – Вера Аніськова!

Работы ўсіх дзяцей былі цудоўнымі, праз кожнага з іх можна гаварыць доўга-доўга. Аднак лепшых з іх трэба назваць абавязкова (акрамя тых, пра каго ўжо напісана!). Такім чынам, атрымалі Дыпломы I ступені: па вырабу твораў з керамікі – Ангеліна Кулеш (Салігорскі раён), па лазапляценні – Мікалай Самойленка (Смалявіцкі раён), бісерапляценні – Мікіта Кухарчык (Клецкі раён), беларускі пояс – Крысціна Забела (Валожынскі раён), тэхніка ткацтва – Надзея Бароўская (Любанскі раён), разьба па дрэве – Ціхан Ляскоўскі (Пухавіцкі раён).

Гран-Пры “За захаванне і развіццё традыцыйнай спадчыны і творчы пошук, мастацкую фантазію, адраджэнне рэгіянальных тэхнік вырабу твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва” атрымаў заслужана гурток “Ткачыкі” Валожынскага раёна.

Дыплом “Лепшаму настаўніку” ужо не першы раз прысуджаецца Мікалаю Пратасеню (Салігорскі раён).

Аб майстрах, што ствараюць цуд рукамі, расказалі, а зараз аб тых, хто абараняў сваю творчую дзейнасць на канцэртнай пляцоўцы.

Удзельнікі конкурсу фальклорных калектываў прадстаўлялі тэматычныя праграмы, створаныя на аснове мясцовага фальклорнага матэрыялу, у якіх дэманстравалі свае поспехі ў авалоданні тэхнікай выканання народных песень і танцаў. Шчыра скажу: здзівілі і ўзразілі! Калектываў было дзевяць, але тыя хвіліны, якія кожны з іх быў на сцэне, непаўторныя па сваёй самабытнасці, зместу і выкананні! Аднак на тое ён і конкурс, што выяўляе самых лепшых. Такім чынам пераможцамі ў намінацыях сталі: “За захаванне і развіццё рэгіянальных танцавальных традыцый” – дзіцячы фальклорны калектыў “Весялінка” Метчанскага СДК Барысаўскага раёна; “За развіццё рэгіянальных песенных традыцый” – узорны ансамбль народнай песні “Марачаначка” Морацкага СДК Клецкага раёна; “За развіццё інструментальнай музыкі” – дзіцячы гурт традыцыйнай смыковай музыкі Ракаўскага СДК Валожынскага раёна; “За сцэнічнае ўвасабленне традыцыйных форм культуры” – узорны ансамбль народнай песні “Смолачкі” Смалявіцкага раёна, і Гран-Пры фестывалю прысуджаны ўзорнаму фальклорнаму калектыву “Вянок” Валожынскага раёна!

Няхай не крыўдуюць зараз тыя, хто не прачытаў свае прозвішчы. Важна тое, што яны ёсць, актыўна і творча працуюць. І дай Бог, каб праз год-тры гэтае захапленне беларускай культурай, не адыйшло ў небыццё, а развівалася, прыцягваючы ўсіх, хто шануе і паважае свае карані. Без мінулага не будзе будучага. Гэту выснову добра разумеюць нашы дзеці, таму і жыве “Калыска талентаў” на Міншчыне, і з кожным годам сярод пераможцаў бачым новыя і новыя імёна. І няхай так будзе заўжды!

Валянціна Сянкевіч.

Фота аўтара.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили