Сейчас загружается

Сцежкамі Яна Булгака

1Постаць Яна Булгака (1876-1950) – майстра мастацкай фатаграфіі, літаратара, этнографа і краязнаўцы стала знакавай для ўсходнееўрапейскага рэгіёна. Выхаваны ў традыцыях польскай культуры, ён нарадзіўся і большую частку жыцця правёў у Беларусі. Булгак быў адным з апошніх прадстаўнікоў інтэлігенцыі, якія адчувалі сябе нашчадкамі агульнай Рэчы Паспалітай, не праводзячы выразнай мяжы паміж яе складовымі часткамі. На яго здымках адлюстраваны беларускія краявіды, помнікі архітэктуры, тыпы беларускіх сялян. Калі гавораць пра беларускія мясціны Булгака, то звычайна называюць месца яго нараджэння Асташын каля Навагрудка, маёнтак Пярэсека паблізу Мінска, дзе будучы майстар пачаў займацца фатаграфіяй. Згадваюць пра фальварак Отмыт у Мінскім павеце, дзе неаднаразова гасцяваў юнак, і вандроўкі Булгака па мясцінах, звязаных з жыццём Адама Міцкевіча, яго паездкі на возера Нарач. Але амаль не гаворыцца пра тое, што шляхі гэтай выдатнай асобы праходзілі праз Клеччыну.
Сам Ян Булгак у мемуарах "Край дзіцячых гадоў" прыводзіць звесткі пра паходжанне роду, згадваючы сваіх прапрапрадзедаў. Між іншым ён піша, што яшчэ ў 2-й палове XVII ст. Бенедыкт Булгак валодаў на Клеччыне фальваркам Навадворкі, маёнткам Чаркаўчызна і вёскай Даматканавічы. Па некаторых звестках ён жа з'яўляўся ўладальнікам Машукоўскай пушчы. Гэта інфармацыя некалькі супярэчыць вынікам даследванняў сучасных гісторыкаў. Але не трэба забывацца, што ўладальнікі населеных пунктаў у пэўныя перыяды маглі хутка мяняцца і не кожная такая змена трапіла ў поле зроку даследчыкаў. 2
У ХІХ ст. у маёнтку Міцькавічы, недалёка ад Клецка, жыў стрыечны дзед Яна Тамаш Булгак. З адмераных лёсам 94 гадоў ён больш чым чвэрць стагоддзя правёў у Сібіры і Паволжы, куды быў высланы за ўдзел у вызваленчым руху. Прычым высылалі яго двойчы. Першы раз за прыналежнасць да падпольнай арганізацыі пасля трохгадовага турэмнага зняволення. З Томска Тамаш вярнуўся, калі яму было 56 гадоў. Здавалася б – дажывай ціха свой век. Але ў 1863 г. уладальнік Міцькавічаў уваходзіць у камітэт дапамогі раненым паўстанцам і іх сем'ям. Новы арышт, новая высылка: Сібір, Казань, потым Варшава і толькі ў 1874 г. вяртанне на радзіму. Як пісаў Ян Булгак: "Чалавек вялікага розуму, ён быў славай і гордасцю ўсяго нашага роду… Карыстаўся вялікай павагай у грамадстве, як апошні прадстаўнік былых традыцый… і памёр (у 1895 г. – А.Б.) амаль стогадовым старцам".
Самому ж Яну давялося часта наведваць Клеччыну яшчэ ў маленстве. Яго дзядзька Антоній арандаваў у князя Радзівіла маёнтак Шчэпаўшчыну (Шчэпічы) і натуральна пляменнік неаднойчы гасцяваў у сваякоў. У мемуарах ён падрабязна апісаў дарогу да дзядзькі.
"Існавалі два галоўныя кірункі нашых тагачасных паездак: паўночна-усходні да Отмыта і паўднёва-усходні да Шчэпаўшчыны. Гэтыя дарогі разыходзіліся ў Далматоўшчыне, пачынаючы адтуль кожная набывала свой характар, ідучы адна праз бясплодныя наднёманскія пяскі, пустэчы і саснякі, а другая – праз урадлівыя, але плоскія гарадзейскія і клецка-ляхавіцкія раўніны…"3
Для сучаснага чытача варта ўдакладніць – ездзілі не на аўтамабілях і не на цягніках, а на конных брычках. Дарога займала значна больш часу ў параўнанні з цяперашнім, але гэта нікога не палохала. Наадварот, у людзях сядзеў моцны "падарожніцкі інстынкт", які спалучаўся з любоўю да коней і прагай мець добрую запрэжку "на выезд". Усвядоміўшы гэта, вернемся ў брычку да малога Яна і паглядзім на шлях праз Паланечку і Сноў яго вачыма:
"…[дарога] вяла па даволі манатонных раўнінах, якія, аднак, дзякуючы сваёй плоскасці, мелі пэўную выразнасць: позірк ішоў нястрымана ўдалячынь без усялякай перашкоды, апрача груш на межах і крылатых ветракоў, шматлікіх у тых бязводных краях, і губляўся ў смузе гарызонта, дзе зямля злівалася з небам. Калі міналі заможна пабудаваны двор у Наруцэвічах, пейзаж станавіўся яшчэ больш убогім, доўга ехалі па бязлюдных мясцінах, а потым праз так званыя "Ардзянскія кусты" – раскінутыя плоскія ўзвышшы, зарослыя нізкімі ляшчынамі, якія невядома чаму не церабілі, пакідаючы ўраджайныя землі ў стане пашавых пустэчаў… Самую блізкую вёску насялялі татары і яна да гэтага часу захавала назву Арда.
У канцы познім вечарам мы набліжаліся да Шчэпаўшчыны. Яе абвяшчалі ветракі, пастаўленыя па некалькі адразу, і іх крылы распасціраліся на небе, якое пачынала шарэць, нібыта крылы кажана…"
Вы, напэўна, заўважылі, што гэта не проста апісанне, а сваеасаблівы фотаздымак, прычым зроблены майстрам, чыё вока заўважае кожную дробязь. Як і належыць аб'ектыву, ён фіксуе наваколле такім, якое яно ёсць, без прыхарошвання і рэтушавання:
"Шчэпаўшчына была непрыгожая, запушчаная, амаль убогая. Домік (арандатара Антонія Булгака – А.Б.) быў невялікі, пакоі нізкія і больш чым сціпла абстаўленыя мэбляй, вокны і дзве малыя сцяны былі нічым не ўпрыгожаны, а ў садзе апрача жмені пладовых дрэў і парэчак расла толькі трава і зелле. У доме было брудна і неахайна, на вокнах і на сталах поўна гаспадарчага посуду і запасаў…
Грамадскага жыцця ў Шчэпаўшчыне не існавала, сыходзіліся толькі да стала, і то не заўсёды, а ў іншы час усе былі занятыя: жонка дзядзькі – на кухні, дзядзька – у полі ці фальварках".
Так, хаця Булгакі паходзілі са старажытнага шляхецкага роду, жыццё прымушала працаваць дзеля кавалка хлеба. На забавы часу не заставалася, а дзеці рана набывалі практычны вопыт. Сыны шчэпіцкага арандатара Мар'ян і Багдан яшчэ малымі хлапчукамі ведалі, што робіцца ў гаспадарцы, маглі вызначыць наколькі добра заарана поле, разважалі пра севазварот і ўраджайнасць. Для Яна гэта было чужым, што нямала засмучала бацьку, які хваліў зацікаўленасць "шчэпаўскіх хлопцаў" і са скрухай казаў пра свайго: "А мой Яначак ані блізка да гаспадаркі, толькі ф'ю-ф'ю ў галаве, блакітны міндаль і лядовыя замкі". Дзеля справядлівасці зададзімся пытаннем: калі б Ян Булгак пайшоў шляхам сваякоў ці мелі б мы такую выдатную постаць у айчыннай культуры?4
Праўда, і ў Шчэпічах часам здараліся ідылічныя сямейныя вечарыны:
"Памятаю адзін летні вечар, калі мы ўсе пайшлі на прагулку на луг, а дзядзька ўзяў з сабой скрыпку, на якой у маладосці часта іграў, пайшоў разам з намі і па-сяброўску размаўляў і жартаваў… Было ціха і цёпла, цямнела і з-за лесу ўставала чырвоная поўня месяца, на лузе адгукаліся дзеркачы, якія размерана скрыпелі, і жабы ў балоце квакалі жаласна і меладычна. Мы пачалі на чале з дзядзькам хорам спяваць "Па начной расе", дзядзька падыгрываў на скрыпцы, спяваючы мелодыю крыху ўзрушаным голасам. Было відаць, што яго захапілі ўспаміны і поўнасцю пераўтварылі, зрабілі добрым і мяккім, мілым і летуценным. Нам з ім было вельмі добра. Усё наўкола было такое рознае, як у той песні: рэха сапраўды падала, галасы гучна плылі ўдалечыню разам з плачам скрыпкі і іх рэха напеўна разыходзілася ў змярканні надыходзячай ночы. Хвіліна была сапраўды прыгожая, і такой яна засталася ў памяці, як нешта выключнае, што больш ніколі не паўтарылася".
Жывучы ў Шчэпічах, нельга было не завітаць у Клецк. Дарослым раз-пораз трэба было выпраўляцца ў мястэчка па сваіх справах, а дзеці былі радыя выехаць за межы арандатарскай гаспадаркі. Праўда, Клецк не надта ўражваў малога Яна:
"Мястэчка гэта было вядома па прычыне вялікай бітвы з татарамі і захавала высокія насыпаныя валы на лузе каля горада. Няшмат магло быць цікавага ў такім малым яўрэйскім мястэчку, бо пры расійскім кіраўніцтве край быў занядбаны і пакінуты ў стане беспарадку. Дарогі былі запушчаныя, масты – дзіравыя або гнілыя, мястэчка – небрукаванае, бедна забудаванае і пазбаўленае самых простых зручнасцей. Апанавана было яўрэямі, якія прадстаўлялі сабой карціну галечы і роспачы. Такім быў і Клецк, але нам яго выгляд увогуле не перашкаджаў, а наша зацікаўленасць скіроўвалася ў бок рынку, дзе былі магазіны з цукеркамі і іншымі ласункамі. Мы куплялі там "царскія" карамелькі, якімі потым усю зваротную дарогу хрумсцелі навыперадкі. Пры гэтым нас забаўлялі старыя яўрэйкі, прадаўшчыцы гэтых прысмакаў. Адну з іх называлі Элька Будка, а другую – Элька Смаркатая, і гэта былі не мянушкі, а сапраўдныя прозвішчы гэтых Макавеявых дачок. Трэба дадаць, што іх выгляд поўнасцю апраўдваў імёны, бо абедзьве былі і масіўныя, і брудныя".
Пасталеўшы, Ян Булгак жыў у Пярэсецы пад Мінскам, настаўнічаў і… не "знаходзіў" сябе. У 1905 г. жонка з нейкай аказіі атрымала ў падарунак фотаапарат. Дапамагаючы ёй рабіць здымкі, Ян настолькі захапіўся працэсам, што неўзабаве прысвяціў фатаграфіі ўсё сваё жыццё. Прынамсі, так гаворыць сямейная легенда. Спачатку стварыў спецыяльны "цёмны пакой", у якім выпрабоўваў розныя эфекты і тэхнікі. Праз некалькі год абсталяваў прафесійную лабараторыю.
У 1910 г. у часопісе "Квартальнік Літоўскі: выданне, прысвечанае помнікам мінуўшчыны, гісторыі, краязнаўству і этнаграфіі Літвы, Беларусі і Інфлянтаў", які выдаваўся ў Пецярбургу на польскай мове, з'явіліся яго фотаздымкі. У тым жа годзе пакуль яшчэ фотааматар атрымаў і сваю першую ўзнагароду за ўдзел у конкурсе – 20 рублёў прэміі. У 1912 г. Булгак удзельнічаў у фотавыставе ў Мінску, дзе яго работы былі адзначаны адмысловым бронзавым медалём. Здымкі, зробленыя Булгакам у гэты перыяд, сталі класікай фотамастацтва. Іх можна адшукаць і ў спецыялізаваных выданнях, і ў агульнадаступных публікацыях: "Беларус з-пад Клецка", "Беларуска з-пад Клецка ў народным самаробным строі", "Беларуская вёска (Шчэпаўшчына) пад Клецкам". Як бачым, сувязяў з нашымі краямі мастак не губляў.
У далейшым, будучы прызнаным майстрам фатаграфіі, ён неаднаразова наведваў Клецк і ваколіцы. Захаваліся зробленыя ім здымкі касцёла Святой Троіцы, гандлёвых радоў на Рыначнай плошчы, старадаўняга замчышча, шляхецкіх сядзіб і гаспадарчых пабудоў у ваколіцах горада. Ян Булгак працаваў, не ведаючы стомы, і толькі пачатак Другой сусветнай вайны спыніў яго дзейнасць. У 1944 г. падчас баёў за вызваленне Вільні згарэла шасціпакаёвая кватэра Булгака, а разам з ёй фотамайстэрня, бібліятэка, збор лістоў і рукапісаў, негатывы і альбомы з 10 000 фотаздымкаў. На шчасце, да таго часу многія работы былі растыражаваны, неаднойчы друкаваліся і перадрукоўваліся. Спадчына майстра не знікла бясследна.
А вось што прыкра, дык гэта тое, што Клеччына абсалютна выпала з "булгакаўскіх мясцін". Міжнародны фотапленэр "Спадчына Яна Булгака", які праходзіў у 2001 годзе, ахапіў Навагрудак, Мір, Заосье, Нясвіж, возера Свіцязь. І ніяк не закрануў наш рэгіён. Магчыма, у Год культуры і ў год 140-гадовага юбілею фотамастака сітуацыя выправіцца.

Андрэй Блінец, пазаштатны аўтар.
На фота: 1. Беларуская вёска (Шчэпаўшчына) пад Клецкам. 2. Беларус з-пад Клецка. 3. Дзяўчына-беларуска з-пад Клецка ў народным строі. 4. Беларуска з-пад Клецка ў народным самаробным строі.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили